Сустрэча з Ганнай Севярынец у Мар’інай Горцы

27 лістапада адбылася сустрэча сяброў ТБМ г. нашага горада з вядомай сучаснай пісьменніцай Ганнай Севярынец.

Пакуль чакалі ўсіх сяброў, Ганна пацікавілася нашым горадам, некаторымі гістарычнымі момантамі: ці захаваўся будынак пошты ў Мар’інай Горцы,  у якім стане знаходзіцца тая пабудова, дзе быў Дом пісьменнікаў у 1930-ыя гады? Аказваецца, паэт Анатоль Вольны (Ажгірэй) нарадзіўся на станцыі Пухавічы, значыць, у Мар’інай Горцы, а бацька яго быў тут начальнікам пошты. Сям’я Алеся Дудара (Дайлідовіча) таксама жыла ля станцыі Пухавічы, а бацька працаваў у чыгуначнай краме. У выніку сышліся, што абавязкова ў будучым запросім Ганну на экскурсію па нашаму гораду.

Ганна Севярынец у Мар'інай Горцы

Ганна Севярынец у Мар’інай Горцы

На сустрэчы наладзілі відэаканферэнцыю для тых, хто хварэе і не мог далучыцца да сустрэчы.

Пілі гарбату з аладкамі ды пірожнымі.

Калі ўсе сабраліся, пісьменніца пачала лекцыю. Яна выказала думку, што сённяшнія падзеі ў Беларусі – гэта не новая з’ява. На яе меркаванне ды і шматлікіх вучоных, грамадзянская непакорнасць  у Беларусі прачынаецца кожныя 30 гадоў, кожнае пакаленне. Спачатку гэта было паўстанне Касцюшкі 1794 г., за ім шляхецкае паўстанне 1831,  паўстанне Каліноўскага 1863, нацыянальнае адраджэнне пачатку 20 ст. – першая партыя БСГ, першая газета “Наша ніва”, БНР і беларусізацыя 1920-х , пісьменнікі 1960-ых гадоў – Быкаў, Караткевіч, Адамовіч, 1990 –ыя нацыянальны ўздым і нараджэнне незалежнай Беларусі.

І вось сення мы з вамі назіраем чарговую барацьбу беларусаў за права »людзьмі звацца».  »На гэты раз мы абавязкова пераможам», — сказала Ганна, патлумачыўшы гэта тым, што за нашымі плячыма вялікі вопыт і шчырая салідарнасць. Таксама заўважылі, што,  на жаль,  беларускае нацыянальнае крыло ніколі не мела шырокай падтрымкі народа. З-за гэтага і апыналіся пад імперыямі, бальшавікамі, у рэшце рэшт, пад лукашэнкаўскай дыктатурай. На сённяшні дзень нацыянальнае пытанне зноў не цікавіць большасць людзей і гэта, безумоўна, шкада. Але на думку Ганны, ды і слухачоў, будучы прэзідэнт не абавязаны адраджаць беларускую мову, дастаткова толькі, каб ён не быў супраць яе. Адраджэннем павінны заняцца Міністэрствы культуры і адукацыі. Ад прэзідэнта будзе дастаткова не супярэчыць гэтаму.

Пісьменніца з асаблівай цікавасцю вывучае літаратуру перыяду 1920-30-ых гадоў. Пра гэты час яна напісала кнігу “Гасцініца Бельгія”, што выйшла ў 2019 г.  Гэта вельмі важны і насычаны перыяд у беларускай гісторыі і літаратуры.  Ганна паведаміла нам, што ў Саюзе пісьменнікаў у ССРБ налічвалася 500 чалавек, найбольшая колькасць на савецкай прасторы.  Пры тым, што Беларусь была тады маленькая, разрабаваная войнамі і падзеламі. Дык гэта не проста 500 нейкіх там »пісьменнікаў», а 500 пісьменнікаў, якія актыўна публікаваліся і пісалі. І ўсіх  іх, разам з іх творчасцю  знішчыла савецкая ўлада. У 1937 годзе, 29 кастрычніка, за адну ноч у Курапатах было расстраляна 108 чалавек. Самая беларуская эліта, інтэлігенцыя.  »Па ўспамінах жыхароў Мінска, — распавяла нам Ганна, —  у двары КДБ пылала вогнішча з розных рукапісаў, кніг, нататнікаў, дакументаў асуджаных — 2 тыдні! Там гарэла наша з вамі душа». Нішчыць і таптаць нашу нацыю, нашу  эліту працягваюць дагэтуль. Беларускую літаратуру ператварылі ў нецікавую, шэрую белліт. Ганна прывяла прыклад: у школе праходяць тэму “ Прырода ў творчасці Уладзіміра Дубоўкі», у той час, як у яго творчасці былі адзінкі вершаў на тэму прыроды. Астатнія – грамадзянская лірыка, моцныя вершы. Беларускую нацыю мэтанакіравана знішчаюць, знішчаюць  і знішчаюць…

Ганна нам расказала пра 30 самых такіх яскравых пісьменнікаў таго часу. Вы можаце з некаторыміі азнаёміцца  па спасылцы: https://tuzinfm.by/nierasstralianyja/. Адзначу ў гэтым артыкуле  чатыры пісьменнікі – нашы землякі, з Пухавіччыны. Некаторыя слухачы пазналі іх усіх па партрэтах, некаторыя часткова. Я, напрыклад, ведаў толькі пра Міхася Чарота.

Першы талент Пухавіччыны 20-ых гадоў быў Анатоль Вольны  ( Ажгірэй) з Пухавічаў (Мар’інай Горкі).

Малады Алесь Дудар(Дайлідовіч) быў галоўным скандалістам у БССР. Тут артыкул Ганны пра Дудара: https://nn.by/?c=ar&i=188512 ).

Уладзімір Хадыка з Цітвы, вучыўся ў Дудзіцкай школе, працаваў сакратаром Дудзіцкага сельсавета, таксама быў рэпрэсаваны, сасланы ў Сібір, загінуў на будаўніцтве дарогі.

І нарэшце, Міхась Чарот. Пра Чарота Ганна расказала гісторыю, як ён у турме надрапаў на сцяне  апошні свой верш » Прысяга», які нам пісьменніца зачытала:

      Я не чакаў;

Я не гадаў,

Бо жыў з адкрытаю душою,

Што стрэне лютая бяда,

Падружыць з допытам,

З турмою.

Прадажных здрайцаў ліхвяры

Мяне заціснулі за краты.

Я прысягаю вам, сябры,

Мае палі,
Мае бары, -

Кажу вам – я не вінаваты!

Таксама застаўся ў памяці яшчэ  адзін таленавіты пісьменнік  — Юлі Таўбін. »Калі б яго не расстралялі, то Нобелеўскі лаўрэат у Беларусі з’явіўся б раней. Юлі мог бы стаць нашым нацыянальным геніем». У 21 год ён пачаў публікавацца, а ў 26 яго ўжо расстралялі.  Асабліва ўразіў яго верш »З нізкі »Смерць», які пачынаецца з радкоў:

Калі я буду паміраць

І рабіцца дакучным целам…

А я хачу, каб гэта было не хутка, —

Я цяпер хачу жыць, жыць -…

»Хто ведаў, што жыць яму засталося зусім няшмат», — сказала пасля верша Ганна.

Я быў вельмі натхнёны пасля гэтай сустрэчы.  Пачуцці годнасці і самоты пылалі перамешана ўнутры мяне. Пасля сустрэчы ў мяне напісаўся такі верш:

Сярод сарматаў ды вялікаросаў

Народ дзівосны нарадзіўся

За тры стагоддзі не забыўся

Ды не прагнуўся пад вар’ятаў!

Народ змагарскую натуру адшукаў.

Убачыў: ён спрадвечна адраджаўся!

І так за трыццаць год ён адсыпаўся –

На трыццаць першы волю здабываў!

Такі кругаварот прыроды вольны,

Які складае дух народны,

Які не знікне проста ў воду.

Вядзі кругаварот да волі!

І дух народны не забудзь прыроду!

І род знайдзі сваю шчасліву долю!

 

Сустрэча з пісьменніцай доўжылася дзесьці 3 гадзіны, 3 каштоўнейшыя гадзіны для кожнага слухача, бо ў гэты час мы  не толькі атрымалі  веды, але  і перажылі неверагодныя пачуцці.

Дзякуй Вам, паважаная Ганна Канстанцінаўна!

 

Крачкоўскі Сяргей


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>