Юрый Клеванец «Злачынства і пакаранне ў сямнаццатым стагоддзі»

Крымінальнага чытва зараз зашмат, можна сказаць, што чытач ім нават і перакормлены. Але ж я рызыкну звярнуць увагу нашых сучаснікаў на тое, як праводзілася разгледжанне судовай справы ў старажытнасці. Дзеля гэтага прапаную пераляцець на машыне часу ў сямнаццатае стагоддзе, каб стаць сведкамі разбору злачынства ў Мінскім гродскім судзе. А падставаю дзеля гэтага будзе гістарычны дакумент (Справа аб забойстве Карловіча, АВАК, т. 18, справа 198, сакавік 1607 года, усяго 19 старонак). Увесь тэкст падаць у артыкуле немагчыма, ды і не патрэбна, тут даецца скарочаны пераказ. Але ж аўтар імкнуўся прывесці як можна болей цытат, каб у чытача склалася свае ўяўленне наконт мовы, на якой быў напісаны дакумент—сваеасаблівым “вiнегрэце” з польскай і “рускай мовы” ВКЛ, на якой пісалі ў папярэднія стагоддзі. Між іншым, тэкст напісаны кірыліцай.

Справа была ў наступным. Перад судом паўстала Марына Карловічава (Дастаеўская), уладальніца сел Дурынічы (зараз, верагодней за ўсё Леніна Бабруйскага раёна) і Татаркавічы (зараз Татаркавічы і Асяродак Асіповіцкага раёна). Яна была другой жонкай пана Станіслава Карловіча і абвінавачвалася ў забойстве мужа з мэтай завалодаць маёнткам.

Пераказ запісу пасяджэння  суда ад 6 сакавіка 1607 года.

Даклад Андрэя Станкевіча, старасты мінскага, старшыні судовай камісіі.

27 снежня 1606 года ён з узброеным атрадам, сведкамі і памочнікамі выехаў з Мінска каб расследаваць справу аб забойстве Карловіча, па дарозе распытваючы ўсех сустрэчных. Першы прыпынак зрабілі ў Дукоры, сяле пана Завішы, там былі дапытаны старац сяла Цішка Мазаўчыч, а таксама падданыя сяляне Еска Паповіч, Сцяпан Мазоўка і “иншые мужы, суседи их”. Яны расказалі, што нядаўна Марына ехала з целам мужа, каб пахаваць яго ў Мінску, аднак, не даехаўшы да Дукоры, кінула цела ў лесе, а з Марынай быў “нейкись Тур”. Таксама сказалі, што па словах сястры Марыны, яна тры дні ўтойвала смерць мужа.

28 снежня стараста з атрадам пераехаў у Смілавічы, якія таксама належалі пану Завішы і ягонай жонцы Вацлаве Шэметавай. Там быў наладжаны допыт войту сяла Андрэю Лучко і іншым сялянам. Яны паказалі: “…Мы то слышели, же пана Карловича, идучи з лазни, хтось пострелил”… .У Смілавічах жа папаўся насустрач  Марцін Дашковіч, які ехаў ад свайго пана рэчыцкага ў Блонь. І ён быў распытаны, паказаўшы: “…В Толужы (магчыма—у Блужы—Ю. К,) слышал,” што жонка пана Карловіча “до лазни абы шол” прымушала свайго мужа, а калі ён вяртаўся, “там же дей его хтось з ручницы (стрэльбы) пострелил”.

29 снежня атрад прыбыў у Цэль—маёнтак, які быў у дзяржанні пана Рыгора Макаровіча, суддзі земскага Мінскага. (цяпер вёска Асіповіцкага раёна). Там быў распытаны ўраднік цэльскі пан Курапатва. Ён вызваў на допыт старца сяла Лук`яна (прозвішча ў дакуменце не бачна) і падданых цэльскіх. Дапытаныя паказалі, што калі ў іх быў дзяржаўцам князь Фёдар Горскі, яны чулі, што паміж мужам і жонкай Карловічамі «згоды межи ними в малжонстве (шлюбе—польск.,  Ю. К.) доброе не было, и завше, коли дей сама пани Карловичовая розгневала и до гневу лаяньем его, пана Карловича, побудила”, пасля чаго ад мужавага гневу “прочь было утекла, аж её в полмили догонил”. Пра забойства цэльскія жыхары распавялі, што пані Марына “прымушала” мужа ісці ў лазню, а калі ён, памыўшыся, выйшаў, яго “неякись Тур з ручницы пострелити мел». Акрамя гэтага са слоў дурыніцкіх падданых цэльскія сяляне сказалі, што Марына да забойства загадала выроты зачыніць і сабак пахаваць, а калі мужа прынеслі параненага, загадала кінуць яго ў свіран, а сама пайшла перабіраць паперы.

Тут жа быў дапытаны сын Станіслава Карловіча ад першай жонкі Крыштаф, які вяртаўся з Мінска, з пахавання бацькі і нагнаў атрад старасты ў Цэлі. Ён сведчыў, што ягоны бацька быў забіты па загаду мачахі. Крыштафа суправаджалі сяляне, якія таксама ў адзін голас сцьвярджалі, што забойства адбылося “з направы панее нашой”.

30 снежня атрад прыбыў у Татаркавічы і Дурынічы, якія былі падзелены паміж панам Янам Гарабурдой, уладальнікам Свіслачы (цяпер вёска Асіповіцкага раёна) і забітым панам Карловічам. “Там же, пры том селе его, пана Карловича, дворец…” У двары пана Карловіча мінскі стараста сабраў капу—усех сялян з вёсак, слуг і саміх паноў.

Пані Марына пры ўсіх распавяла: “…Же дей в субботу трафилося тое, же небощик, малжонок мой, казал по обеде лазню вытопить, и кгды се дей лазня зготовала, я-м, дей, с сестрою своею до лазни ишла уперод, и, змывшысе, вышодшы з лазни, мовила… до пана, чому не идеш до лазни», муж, пакуль ішоў, «напилсе трохи мёду», а я лягла спаць, наказаўшы “пасынку Крысю” замкнуць сені, аднак праз нейкі час пачула крыкі, што забілі пана, «а того ведати не могу, хто его забил». Падчарыца Марыны пані Кацярына паказала тое ж, што і мачаха. Пасынак Марыны Крыштаф пры ўсіх расказаў наступнае: « …Кгды есми почул, што з ручницы стрелено, я-м, дей, ускочил на плот и мовил есми: Степанку, не забивай ми отца»,—а ці былі пры тым зачынены вароты, не ведае.

Найміт дворны Малышка, які хадзіў у лазню разам з панам, казаў, што калі пан, памыўшыся, “сходил з кганку” лазні, на яго нехта напаў, стрэліў і «почал его, лежачого, рубаць” шабляй. Сам Малышка схаваўся ў лазні, “не выходил и не кричал для того, иж есми того боял, жебы и мене не забил». Мінскі стараста спытаў пры ўсіх у Малышкі: ці не прыяжджаў хто перад тым да ягонай пані? Малышка адказаў, што калі пан паехаў у Мінск, нейкі «повинный Тур» прыехаў да пані і «целую неделю у нее мешкал».

Другі найміт дворны, Логвін, расказаў:

«…Кгды есми услышал, же стрелено, ускочил на бровар и видел  есми то, же якись похолок (узброены слуга, зброеносец—польск., далей мы ўбачым, што Тур быў апрануты па-мужыцку—Ю. К.) шел через греблю з голою шаблею и з пулгаком». Затым ён паўтарыў паказанні Малышкі пра Тура.

Падданы пана, з якім ён заўсёды ездзіў у дарогу, Сцяпанка Нярожлін, сведчыў: пачуўшы стрэл, ён адразу ж пабег да двара з іншымі сялянамі. Яны паклалі яшчэ жывога пана на дошку і аднеслі ў пякарню; там пан і “сконал”. Пані ў гэты час стаяла перад варотамі.

Сялян спыталі, чаму яны не пагналіся за забойцам. Яны адказалі: «…Есьмо бояли, абы и нас не позабивал».

Дзве наймічкі дворныя, Ганулька і Настасся, расказалі: ведаюць, што пана застрэлілі, але не ведаюць, хто. А што тычыцца Тура, так ён быў у пані ўвёсну “без бытности пана”.

Іншыя падданыя з сяла Дурынічы паўтарылі словы Сцяпана Нярожліна, дабавіўшы, што Тур быў у “…пане лете без бытности панское».

Падданыя з Татаркавіч, што знаходзіцца ў мілі ад панскага двара, гаварылі: калі яны прыбеглі на панскі двор, пан ужо памёр, яны ля лазні паднялі шапку і «пончохи, водле бани лежачие». Кали ж пан стараста спытаў, чаму ж яны не сабралі капу адразу ж, то атрымаў адказ: не мелі загаду ад пані.

Пасля іх быў дапытаны ўраднік свіслацкі пан Шчасны Кулакоўскі і падданыя татаркавіцкія  і дурыніцкія пана Гарабурды. Па словах пана Кулакоўскага, калі да пана Гарабурды дайшлі весткі пра смерць Карловіча, то ён паслал яго, Кулакоўскага, да пані Карловічавай “навежаючы её и прыжалуваючы в такой жалости”. Кулакоўскі прыехаў і ўбачыў у варотах двара на зямлі кроў, якую лізалі сабакі; цела пана ляжала ў свіране, «мизерне на земле лежачы», прыкрытае  «обрусом старым»—хусткаю ці ручніком. Кулакоўскі  тады ж спытаў у Марыны, хто мог забіць яе мужа. Яна яму нічога не адказала і дапамогі ў лоўлі забойцы не прасіла, а павяла размову пра “суму пенезей, которая у его милости пана Глебовича яко бы се набардзей одыскати могла”. Выходзячы ад пані, ураднік даведаўся ад сялян, што гэта пані, паслаўшы мужа ў лазню, зачыніла за ім вароты і загадала пахаваць сабак.

Далей—паказанні старца сёл Дурынічы і Татаркавічы, падданага пана Гарабурды Савы Аксюціча і падвойскага (упраўляючага) Мікіты Кошчыча. Яны чулі ад Івана Няросліча, падданага Карловіча, што ён ведае, хто забіў пана Станіслава (далей у дакуменце тэкст сапсаваны—Ю. К.). А падданая Карловіча Агеевая Усціння расказала перад сходам: ішоўшы з поля перад забойствам Карловіча, на гумне ў селяніна Якава бачыла нейкага «дворанина», які еў з паўміскі. Яшчэ адзін падданы пана Гарабурды, селянін Аўсей, сведчыў: «…подданный пана Карловича Яков Селивонович перед забитьем пана своего неякого Тура у гумне своём…ховал». Астатнія падданыя Гарабурды паўтарылі паказанне, што пані Марына загадала зачыніць вароты і “псы поховать”.

Паказанні Агея, падданага Карловіча: калі сяляне прынеслі пана і сказалі Марыне пра смерць мужа, яна адказала: “…Не гонетесе, ну ж и вас кого забьёт, вам што з того”.

Далей зноўку паказанні падданых Гарабурды: пані Карловічава сваіх падданых Агея Селівановіча, Амялляна Прудніка і Андрэя (прозвішча не бачна—Ю. К.) на капу не прывяла, а таксама ёсць падазрэнне, што таго Тура перахаваў Мікіта Селівановіч.

Стараста звярнуўся да пані Марыны: чаму ж яна не вывела ўсіх сваіх сялян на капу? Яна адказала, што тых падданых у яе няма. Але ж “суседи прилеглые», сяляне пана Гарабурды, паўтарылі паказанне. Тады пані прызналася, што такія вяскоўцы ў яе ёсць, «але… их теперь тут ставити не могу, бом их на некоторые месца потребе разослала»: Мікіту Селівановіча—«до князя Горского, Омельяна до Глуска», «а третего меновала збитого и хворого».

Пан стараста дадае: калі ён паехаў да пана Гарабурды ў Свіслач (Міхаіл Гарабурда, бацька гэтага пана, першы ўладальнік Свіслачы, памёр у 1586 годзе—ПСРЛ, т. 32, с. 176—Ю. К.), то Гарабурда расказаў: «…небощик пан Карлович перед забитьем и смертью своею, недель за две, был у мене у Свислочу,… ревно плачучи, споминал, же дей мене мають забить и просил о том мене, иж кгды…буду забиты, абых на него памятал и городна в замку Свислоцком на спроваженье маетности его…пильно просил» (такім чынам мы ведаем, што сцяна Свіслацкага замка у ХV11 стагоддзі, як і ў папарэднім, была пабудавана з гародняў, якія былі пустыя унутры і выкарыстоўваліся ў якасці складаў ці свіранаў—Ю. К.).

Стараста вярнуўся ў Мінск і там апытаў пана Яна Янішэўскага, які прысутнічаў на пахаванні Карловіча. Пан Ян сказаў, што бачыў на жалобнай цырымоніі, як нейкі Ян Тур вядзе пані Крловічаву пад руку. Калі ж Янішэўскі пачаў распытваць у людзей, ці не той гэта Тур, пра якога кажуць, што ён (усім ўжо ўсё вядома!—Ю. К.) забіў Карловіча, то Тур, пачуўшы гэта, «почал лядунки робить» (збірацца) і тою ж ноччу з Мінска паехаў.

Усе паказанні запісаны і прыкладаюцца. Пад дакументам—дзевяць пячатак і подпісы Андрэя Станкевіча, старасты, Адама Салагуба, падстарасты, Крыстафа Рэкуця, суддзі, Вомчыча Рэкуця, Пятра Казлоўскага, вознага. У завяршэнні прамовы стараста зрабіў выснову: «небощик пан Станислав Карлович с направы и ведомости жоны небощиковое Марыны Достоевское через неякого-сь Тура забит», пані Марыне і яе бацьку  пану Стэфану Дастаеўскаму высланы два “позова” ў суд (далей тэкст сапсаваны—Ю. К.).

 Прамова прадстаўніка Марыны Дастаеўскай (імя яго не называецца).

“Позовы” у суд пасланы не па законе («не згодне с правом посполитым»), старасце трэба было паслаць дэкрэт. Акрамя таго, ён не меў права праводзіць расследаванне на месцы, згодна «артыкулу двадцать шостого з розделу одинадцатого»  расследванне вядзецца, калі чалавек невядомы і забіты на дарозе, «а небощик дей, пан Карлович, был человек рожаю тутошнего, сплодил дей детки з двема жонами, с першою жоною—с панею Кгудеевскою, а з другою—с пани Достоевскою».

            Адказ упаўнаважанага ўрада (старасты).

«…Яко в речи крвавой видечы, иж жона мужобойцы мужа своего не искала, щого се значыть, же сама прычыною того забитья его была…», дзецям ад першай жонкі таксама не дазволіла ўчыніць дазнанне, а сына Карловіча Крыштафа трымала пад вартай “аж ледво здоровье своё перед ними унёс и до его милости пана Гарабурды утек». Улічваючы ўсё гэта, дазнанне (“шкрутыния») на месцы праводзілася правільна. Больш за тое, сын Карловіча Крыштаф «протестацыю… на мачоху и на того Тура учынил» і прызваў мачаху з Турам на суд. Стараста зачытвае гэту “протестацыю”, у якой сказана, што 14 кастрычніка 1606 года Марына Дастаеўская падгаварыла Яна Тура, Якава і Андрэя Селівановічаў, Амелляна Прудніка  і Фёдара Васілевіча забіць бацьку Крыштафа і свайго мужа Станіслава Карловіча. Да суда Крыштаф «мусел дей до сего ж часу молчати, не будучи безпечен от неё ж, мачохи своее”. Акрамя таго, “она ж, Марына Достоевская, …тестамент дей фальшывый справила…” (тэкст сапсаваны—Ю. К.), забрала сабе пазыковыя распіскі (“обликги») пана Мікалая Глебавіча, падстолея яго каралеўскай міласці на 18 тысяч злотых польскіх, «а иных обликгов на долги немало”, а да таго ж “грошей готовых (наяўных –Ю. К.)—килька тысечей коп” у золаце і срэбры. Далей стараста зачытвае “позовы” на мачаху і на Тура.

Упаўнаважаны пані Марыны не пагадзіўся:

—Пан Крыштаф непаўналетні, і таму не можа падаваць ні на каго “позовы”. Упаўнаважаны спаслаўся на завяшчанне (“тэстамент”) бацькі Крыштафа, дзе сын называецца “недорослым”, аднак, паколькі гэты дакумент канфіскаваны старастам, прывесці яго суду нельга, але ж можна затое прад`явіць выпіску з кніг земскіх Мінскіх, у якой згадваецца, што дзеці Карловічаў “суть недорослые”—выпіска прад`яўляецца і цытуюцца адпаведныя артыкулы Статута Літоўскага. Крыштаф, акрамя таго, дзейнічае без згоды братоў і сясцёр.

                       Прамова ўпаўнаважанага з боку Крыштафа пана Дзям`яна Гаўронтавіча        (“Кгравронтовича”).

“…Тому вжо лет шестьнадцать, як небощик пан Станислав Карлович теперешнею малжонку свою пани Марыну Достоевскую в стан малжонский взял, а удавцом… час не малый был, а ещё теж перед смертью жона его умерлая за две лете того сына своего, по которым ещё дочку свою, Катерину, которая вжо и тепер есть жыва, сплодила, то вжо не только лета водле статуту осмнадцать лет, але ж и девятнадцать он, Криштоф Карлович, себе признавает” (гэта значыць, што ўзрост Крыштафа дастатковы для абароны сваіх правоў у судзе). А што старана пані Марына зазначае, быццам Крыштаф дзейнічае без згоды братоў і сясцёр, то ад першай жонкі ў пана Станіслава Карловіча было двое дзяцей: сын Крыштаф і дачка Кацярына, “которая девка и теперь у неё, у мачохи своей, як у неволи будучы…”, а дзеці, якія народжаны самой Марынай, сапраўды малалетнія. Такім чынам, і ў гэтым праўда Крыштафа.

                        Прамова старасты.

“Я, староста, прыхиляючы се до справедлівости светое, … лета ему, Карловичу, прызнал и далей в право сторонам поступовати наказал”.

Упаўнаважаны Марыны запатрабаваў  апеляцыі да Вярхоўнага трыбунала.

Стараста апеляцыю адхіліў: “Апеляции допустити есми не мог”.

Зноў прамова упаўнаважанага Крыштафа, “стороны поводовой”.

Пані Марына не прызнала, што “Тур на дому её был”, да таго ж хаўруснікаў забойцы паадсылала ў розныя месцы, “абы на неё правды не высветчыли”, але ж Крыштаф з дапамогаю вознага, пасланага да яго  мінскім старастам, злавіў двух з іх, што скрываліся ад правасуддзя—Якава Селівановіча і Амялляна Гваздзевіча Прудніка, якія разам з возным і са шляхтаю-сведкамі адпраўлены ў Мінскі замак. На допыце Якаў паказаў, што Ян Тур жыў у яго два тыдні, з панскага двара яму прыносілі ежу—іншы раз прыносіла сястра пані Марыны, Раіна Дастаеўская, а калі яму трэба было пагуляць, ён апранаў сярмягу і абуваў лапці. А пры сябе Ян меў “ручницу и шаблю”. Пані забараніла каму-небудзь расказваць пра Тура—“под горлом заказала” (г. зн. прыгразіла павесіць). У час забойства пана Тура на гумне не было, а пасля здарэння Марына паслала Якава да свайго брата Яраша Дастаеўскага ў Мазыр, і калі Якаў пераяжджаў праз мост (напэўна, праз рэчку Ваўчанку—Ю. К.), то ў драбіны да яго ўскочыў Тур і загадаў ехаць ў Слуцк. Паказанні Якава запісаны і прыкладаюцца для разгляду.

А вось паказанні старца татаркавіцкага Кандраша Канцэвіча. Калі сяляне з абедзьвух вёсак збегліся ў двор да Карловічаў, то сталі крычаць, каб пані загадала сабраць “копу”—правесці расследаванне. Пані адказала: “Чы того хочете, што б и вас позабивал?” А калі ён, старац, стаў распытваць слуг, то яны ўсе гаварылі, што пані загадала зачыніць вароты і пахаваць сабак, а калі пан быў забіты, то забойца абабег вакол агароджы, прайшоў у двор з чорнага ходу, і  яго замкнула “у коморы” пані Марына. Гэтыя паказанні запісаны і таксама прад`яўляюцца суду.

Таксама прад`яўляюцца паказанні пана Мікалая Глебавіча з Дуброўны, падстолея Вялікага княства Літоўскага, якія былі дадзены 26 лістапада 1606 года. Пан Глебавіч быў вінен Карловічу і да аддачы доўга перадаў яму “в держанье” маёнтак Ілю ў Мінскам павеце. Аднак пасля забойства Карловіча яго жонка паслала для кіравання “…неяких двух особ, меновіте Яна Буцовицкого и Давида Хойнацкого” з фальшывымі дакументамі, у якіх, быццам бы, пан Карловіч “маетность свою лежачую и рухомую, грошы готовые  и сумы пеняжные на всих должникох” перадае пані Марыне, за выключэннем тысячы коп грошаў, якія ён, быццам бы, дзеліць паміж дзецьмі ад першага шлюбу. Гэты дакумент быў “справлен” у Крэве ў мясцовых “печатаров”.

Завяшчанне было паказана Крыштафу, і той сцвярджае, што яно фальшывае, пісанае рукой Раіны Дастаеўскай, сястры Марыны, а сам Крыштаф у той час, калі быў састаўлены дакумент, ездзіў разам з бацькам у Вільню, і ў Крэва яны пры гэтым не заяжджалі, ды і навошта—такую паперу можна было б скласці і ў Вільні (далей тэкст саплаваны—Ю. К.). Крыштаф прад`явіў суду паперы, пісаныя ягоным бацькам, а таксама лісты Раіны Дастаеўскай для параўнання почыркаў.

Працяг прамовы. Больш за тое, расследаванне на месцы (“шкрутыния”) паказала, што пані Марына раней, яшчэ “за жывота матки своее о здоровье его (свайго мужа) через чары              старалася” (абвінавачванне ў вядзьмарстве—адно з самых страшных у той час—Ю. К.).

За ўсе пералічаныя вышэй учынкі пан Дзям`ян Гаўронтавіч, “умоцованы Крыштафа Карловича” лічыць вартымі кары згодна “артыкулу шостого и сёмого з розделу одинадцатого…тая мачоха Марына Достоевская и вси помочники её строкгою смертью”. Тур не прыведзены на суд—таму ягоная справа павінна перадацца каралю, а за “самый учынок” ён варты смерці—“на горло”. “Фальшивый тестамент” павінен быць “скасованы”, а ўсю маёмасць трэба перадаць Крыштафу Карловічу, як і  апеку над “недорослыми” дзецьмі, бо ён застаецца старэйшым. Усе дакументы трэба таксама перадаць Крыштафу (канец прамовы не бачны—Ю. К.)

Слова “умоцованого пани”.

І усе-ж такі вы, пан стараста, як і вы, пан Карловіч, “актороми тое справы быти не могли” (г. зн. неправамоцныя—Ю. К.).  Я падам апеляцыю “водлуг права и артыкулу осьмдесять шостого з розделу одинадцатого”, бо  пані Марына, “не ведаючы, от кого был забиты” яе муж, “жалобу свою доносила”—дакумент ад 18 кастрычніка 1606 года, які быў тады ж пададзены ў суд, прыводзіцца. Акрамя таго, пані Карловіч апавесціла аб забойстве мужа ўсіх суседзяў-шляхцічаў. Яна таксама “во всём том краи и околицы, где тое имение Дурыничи лежать, опыт и копы суседей околичных збирала”. Паміж іншым, і вы, пан стараста, былі на адной такой капе, і ніхто вам там не сказаў, хто забіў пана Карловіча, а пры вас былі возныя Давід Рыгоравіч (Григорьевич) і Ян Туроўскі, і яны могуць пацвердзіць мае словы, аднак вы, пан стараста, іх на суд не выклікалі, на што “моя сторона…жалобу свою до книг Ошменских донесла”. Дакумент звяртання ў Ашмянскі суд прад`яўлены, а таксама паказанні сямі шляхцічаў, якія былі на двух копах і на трэцяй—разам з самім панам Станкевічам, і ўсе тыя тры копы не раскрылі, хто забіў Карловіча.

Працяг прамовы. А калі пан Карловіч “недорослый” прывёў сюды двух падданых з Дурыніч “в ланцугах” і старца, то яны па праве сведчыць супраць пані сваёй не могуць, “артыкул семдесят осмий з розделу четвёртого тое забороняет”. А тых падданых дапамого злавіць Крыштафу пан Гарабурда—і я магу выклікаць яго ў суд за гэта. А што тычыцца падробленых дакументаў, то гэтая справа ў крымінальным судзе не разглядаецца.

Прамова прадстаўніка Крыштофа.

Нягледзячы на тое, што старана пані Марыны настойвае на тым, што невядома, хто забіў Карловіча, следства ясна паказала, што яго забіў Тур, які хаваўся ў Якава Селівановіча па загадзе пані. А ліст, падпісаны зямянамі ваяводства Мінскага, што яны, быццам бы, прысутнічалі на копах—няправільны, згаданыя шэсць чалавек “не есть суседи околичные”, а  адны—баяры (цікавая акалічнасць: адны і тыя ж людзі названы у адным дакуменце і “шляхцічамі”, і “зямянамі”, і “баярамі”; гэта—прыклад таго, што сапраўдных феадальных адносін і адназначнай тэрміналогіі, з імі звязанай, у ВКЛ і Рэчы Паспалітай не склалася амаль да канца іх існавання—Ю. К.) Волменскія, а іншыя—Старынскія, і жывуць яны за 30 міль ад Татаркавіч, і на копах яны не былі, інакш даслалі б ў Мінск уласнаручныя даклады за той жа датай, калі яны былі на копах, і коп ніякіх не было—няхай гэта пацвердзяць возныя павету Мінскага.

Возныя ўсталі перад судом і сказалі, што на іншых копах, акрамя той, на якой быў і пан стараста, не былі.

Працяг прамовы. Упаўнаважаны Крыштафа запатрабаваў ад суда, каб довады мачахі былі адхілены, як і тое, што бок пані Марыны хоча даць прысягу ў сваёй праўдзе, так ”ино и кожный таковой, кто што злого учынить важытся, поготовю и прысегать не заборонится”.Старана Крыштафа ў другі раз патрабавала смяротнага пакарання для ўсіх удзельнікаў злачынства.

Далейшы разгляд справы быў перанесены на наступны дзень.

     Назаўтра перад судом ізноў сталі абодва бакі.

У сваёй прамове пан стараста паўтарыў усе акалічнасці справы, а потым зачытаў рашэнне суда: Марына Дастаеўская і Якаў Селівановіч “на горле смертью ганебною скараны быти мають”, на Тура адраўляецца папера да караля, што ж тычыцца фальшывага дакумента, то па ім старана мачахі выклікала пана старасту на суд Вярхоўнага трыбунала, і гэтая справа адкладзена.

Акрамя таго, пані Марына падала апеляцыю ў Вярхоўны трыбунал, а да яго рашэння была ўзята на парукі панам Іванам Быкоўскім і панам Марцінам Валадкевічам.

Рашенне трыбунала невядома.

Якаў Селівановіч падаць апеляцыю у трыбунал не мог і быў пакараны.

Такі вось трыумф правасуддзя.

 


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>