Юрый Клеванец. Сярпы жалезнага веку з Сярэдняй i нiжняй Свiслачы.

Iзноў я запрашаю чытача да экскурсii ў глыбiню стагоддзяў. Падставай для гэтага паслужылi жалезныя рэчы, якiя за­хоўваюцца ў фондах раённых музеяў у Блоні Пухавiцкага раёна i ў Асiпо­вiчах. Лiчу, што калi добра разгледзець гэтыя прадметы, то можна зра­бiць пэўныя высновы пра гiстарычныя падзеi тых часоў, калi яшчэ не бы­ло нiякага пiсьменства. I ўвогуле—пра жыццё на тэрыторыi Сярэдняй Бе­ларусi амаль дзве тысячы год таму.

Сярпы з Дукоры

Сярпы з Дукоры

Сер

Серп з Жужлянкі

Вось перад чытачом малюнкi чатырох сярпоў. Трэба напачатку сказаць, што вынаходнiцтва сярпа адбылося вельмi даўно, дзесьцi на памежжы меза­лiта i неалiта, верагодней за ўсё на Блiжнiм Усходзе, дзе ў той час ра­слi ў дзiкай прыродзе продкi сучасных збожжавых культур. На той зямлi дзiкае збожжа дазволiла з`явiцца трывалым паселiшчам амаль дзесяць ты­сяч год таму. Паступова збiральнiкi зерня прыйшлi да думкi, што нажом з крывым лезiвам лягчэй адразаць калоссе, чым звычайным нажом. Але ж крывое лезiва нельга ўжываць у iншых справах, акрамя збору збожжа. Та­кiм чынам i з`явiлася спецыялiзаваная прылада працы—серп. Збiранне зер­ня дзiкiх злакаў з цягам часу перарасло ў важную вытворчую дзейнасць ча­лавека—земляробства.

Разам з земляробствам сярпы (яшчэ каменныя) распаўсюдзiлiся па ўсёй тагачаснай Айкумене. Сустракаюцца такiя прылады працы i на тэрыторыi Бе­ларусi.

Выкарыстанне жалеза, як вядома, прывяло да новага этапу развiцця i гаспадаркi, i грамадства ўвогуле. Сярпы ў гэты час, як i iншыя прылады, сталi павялiчвацца ў памерах i рабiцца больш дасканалымi.

А цяпер звернем увагу на прадстаўленыя малюнкi. Тры экземпляры сярпоў з Пухавiцкага раённага музея у Блонi, па словах служачых музея, прынёс да iх каля сарака год таму школьны настаўнiк з Дукоры. Ён разам са сваiмi вучням правёў самастойныя незаконныя раскопкi на гарадзiшчы непада­лёку ад школы, падчас якiх i былi знойдзены гэтыя рэчы, а таксама яшчэ шмат чаго iншага.

Аўтар гэтых радкоў правёў пэўны пошук слядоў старажытнага паселiшча ў Дукоры па старонках археалагiчнай лiтаратуры. У «Зборы помнiкау…» i ў «Археологической карте Белоруссии. Железный век» пра помнiк у Дукоры цi паблiзу ад яе не гаворыцца нiводнага слова. Нейкiя цьмяныя звесткi пра прадмет майго iнтарэсу я знайшоу толькi у зборнiках Л. Д. Побаля 1974 i 1983 гадоў. Але ж, як бачна, адно паселiшча, пра якое згадвае Л. Д. По­баль, знаходзiцца на процiлеглым ад Дукоры правым беразе Свiслачы i вы­шэй па цячэннi, каля паселішча Свiслач (справу заблытвае фраза «Там, дзе iдзе дарога з Дукоры на Чэрвень», бо  пас.Свiслач Пухавiцкага раёна ляжыць на пра­вым беразе аднайменнай ракi, а Дукора разам з Чэрвеням—на левым). Дру­гое старажытнае паселiшча месцiлася, па думцы аўтара, нiжэй Дукоры, каля вёскi Жораўка. Такiм чынам, зрабiць выснову пра месца знаходжання сярпоў з музея ў Блонi без дасканалага вывучэння мясцовасцi немагчыма.

Цяпер звернем увагу на самi прылады. Прадстаўленыя ў Пухавiцкiм раён­ным музеi прадметы (№№ 1,2,3) маюць аднолькавую форму i розныя памеры. Захаванасць iх таксама розная. Лепшы выгляд мае самы вялiкi па памерах серп, ён амаль не пашкоджаны карозiяй. Значная яго частка захавала харак­тэрны сiнявата-чорны колер тэрмаапрацаванага металу. Магчыма, гэты серп ляжаў увесь час у вадзе. З аднолькавай верагоднасцю можна сказаць i так: нiколi за тыя стагоддзi, што гэтая прылада ляжала ў зямлi, яна не даты­калася да вiльгацi.

Два другiя сярпы на 100% сваёй паверхнi пакрытыя карозiяй. Аднак, ве­даючы прыблiзна, колькi часу яны прабылi ў зямлi, трэба пагадзiцца з тым, што стан захаванасцi гэтых дзвюх прылад таксама вельмi добры.

Такiм чынам, можна прыйсцi да першай высновы: настаўнiк i вучнi з Ду­корскай школы знайшлi не проста прадметы, якiя па нейкiх абставiнах былi страчаны гаспадарамi. Не, верагодней за ўсё тры гэтыя сярпы з`яўляюцца адзiным скарбам. Яны былi зроблены ў адной майстэрнi а потым наўмысна за­капаны ў зямлю з тым разлiкам, што калiсьцi iх адкапаюць i iзноў пачнуць ужываць. Канешне, цяпер ужо нiхто не скажа—цi былi знойдзены ў час не­дазволеных раскопак рэшткi тары цi абкрутак, у якiх захоўвалiся знаход­кi.

Вельмi цiкава, што добрая захаванасць вялiкага сярпа (N3) дае нам магчымасць уявiць сябе тэхналогiю яго вырабу.

Як на «спiнцы» сярпа, так i на лезiве бачны сляды пракоўкi. Здаецца, што старажытны каваль вырабiў, па-першае, роўнае лезiва клiнападобнага сячэння, такое ж, як звычайны нож. Потым ударамi молата па «спiнцы» ся­рпа ён атрымау патрэбную для гэтай прылады крывiзну.

Сляды ўдараў на лезiве маюць iншы выгляд. Дадатковая пракоўка востр­ага края зроблена, як бачна, з асобнай мэтай, а менавiта—каб атрымаць на лезiве «зубцы», якiя мы можам бачыць i на больш сучасных сярпах.

Можна таксама сказаць, што хоць паверхня дзвюх астатнiх (№№ 1, 2) сярпоў i пакрыта карозiяй, але ж яны, верагодней за ўсё, былi зроблены тым жа спосабам, як i вялiкi серп.

Звяртае на сябе ўвагу той факт, што «шып» у сярпоў з Дукоры не востры. Ён мае ў сячэннi i ў плане выгляд прамавугольніка. Гэта сведчыць аб тым, што жалезнае лезiва не заганялi ў драўляную ручку пры дапамозе малатка, як на больш пазнейшых падобных прыладах, а ўмацоўвалi ў расшчэп ручкi i потым абкручвалi вяроўкай цi сухажыллем па традыцыi ўмацавання прылад больш старажытных каменнага i бронзавага вякоу.

А цяпер разгледзiм серп з Асiповiцкага раёну (№4). Ён быў знойдзены на гарадзiшчы Жужлянка падчас раскопак 1963-64 гадоў, дзе кiраўнiком быў Ю. Драгун. Больш за тры дзесяцiгоддзi гэты серп праляжаў у скляпеннi Iнсты­тута гiсторыi АН Беларусi, пасля чаго былы дырэктар Асiповiцкага музея А. Торбiн па дамове вывез яго разам з iншымi матэрыяламi раскопак Дра­гуна ў свой музей.

Па-першае, мы ўбачым, што тут мы маем не цэлы серп, а толькi ягоны адломак. Гэта  пацьвярждае думку, што прылады з Дукоры за­хавалiся таму, што былi наўмысна закапаны ў зямлю цi схаваны ў жыллi, напрыклад.

Па-другое, нягледзячы на дрэнную захаванасць, можна сказаць, што гэтая прылада была зроблена больш дасканала, чым яе аналагi з Пухавiц­кага раёна. Аб гэтым сведчыць больш круглая «спiнка» сярпа з Жужлянкі. Памеры гэтай прылады таксама павiнны быць даволi вялiкiмi.

Па-трэцяе, серп з Жужлянкі замацоўваўся да ручкі iншым чынам, чым ягоныя аналагi з Пухавiцкага раёна. Лезiва тут трымалася, верагодней за ўсё, жалезным калечкам, падобна на тое, як зараз умацоўваецца лезiва касы. Такi спосаб мацавання быў вынаходнiцтвам старажытных кельтаў больш за 2 тысячы гадоў таму. Кельцкiя сярпы разам з тымi ж косамi i яшчэ адным вынаходнiцтвам—бочкай, якая збiраецца з драўляных клепак на тых жа жалезных абручах, распаўсюдзiлiся i ў плямёнаў, якiя абкружалi магутны i вельмi цiкавы для гiсторыкаў кельцкi этнас.

Такiм чынам, можна сказаць, што серп з Жужлянкі быў выраблены люд­зьмi, якiя належалi да нейкай паўднёвай цi паўднёва-заходняй культуры, а сярпы з Дукоры былi зроблены прадстаўнiкамi больш «паўночных» плямё­наў. Што гэта былi за людзi?

Аб этнiчным паходжаннi тых, хто пакiнуў нам прадметы, якiя разгля­даюцца ў гэтым артыкуле, дазваляюць разважаць iншыя знаходкi, зробленыя падчас адзначаных вышэй раскопак—як «афiцыйных» (Жужлянка), так i не­законных (Дукора).

З помнiка каля Дукоры паходзяць шмат адломкаў керамiкi з шурпатай па­верхняй i тыповым «балцкiм» арнаментам ў выглядзе зашчыпаў i хаатычнай штрыхоўкі. На палiцах у тым жа Блонскiм музеi ляжаць таксама знойдзеныя разам з iмi керамiчныя грузiкi з вонкавым дыяметрам у мiлiметрах: 56 (вялiкi), 30 (малы), вышынёй 70 (вялiкi), i 38 (малы) i адтулiнай у цэ­нтры. Таму без залiшнiх разваг можна лiчыць, што сярпы з Дукоры былi зроблены кавалём з племенi так званай «культуры штрыхаванай керамiкi».

Адзначым таксама, хоць гэта i не датычыцца пытанняў, якiя мы тут ра­збiраем, што верхняя частка культурнага слою ў Дукоры належала, вераго­дней за ўсё, да эпохi Кiеўскай Русi. Яна прадстаўлена адломкамi вялiкiх па памерах ганчарных гаршкоў.

Гiсторыя Жужлянкі, як бачна па матэрыялах раскопак Ю. Драгуна i па назiраннях аўтара гэтага артыкула, больш складаная. На гэтым помнiку таксама шмат дрэнна апрацаванай керамiкi са штрыхоўкай. Але ж там ёсць нямала i iншых адломкау—больш гладкіх, больш дасканалых. Вучоныя Ю. Драгун i Л. Побаль лiчаць, што яны былi зроблены людзьмi паўднёвай «зарубiнецкай» культуры, у каторай, мiж iншым, i прасочваюцца сувязi са старажытнымi кельтамi. Такiм чынам, можна сказаць, што i серп з Жу­жлянкі быў зроблены якiм-небудзь «зарубiнцам».

Тут нашыя разважаннi патроху наблiзiлiся да больш шырокiх высноў. Справа  ў тым, што ўжо не адно пакаленне даследчыкаў iмкнецца прасачыць межы арэалаў археалагiчных культур железнага века. Варыянты распаўсюдж­вання этнакультурных супольнасцяў у тыя часы можна сустрэць у рознай ар­хеалагiчнай лiтаратуры—як у выключна навуковай, так i ў папулярнай.

Па­спрабуем i мы выказаць на гэты конт свае меркаваннi.

Некалькi даследчыкаў лiчаць, што мяжа памiж «паўдневымi» i «паўночны­мi» плямёнамi праходзiла па сучаснаму Бабруйскаму раёну. Яны ўключаюць тэрыторыю сучаснага Асiповiцкага раёна разам з сучаснымi Пухавiцкiм, Чэр­веньскiм, Бярэзiнскiм раёнамi Мiнскай вобласцi ў арэал культуры штрыхава­най керамiкi. А ўсе матэр`ялы, якiя знаходзяцца на азначаных землях i ма­юць «паўднёвае» паходжанне, гэтыя навукоўцы адносяць да прадметаў мены цi гандлю.

Аднак з`яўляюцца пытаннi. Чаму матэрыялы зарубiнецкай культуры не пад­нiмаюцца па Пцiчы вышэй за Радуцiчы (Асiповiцкi раён)?

Чаму пераход ад змешанай «паўднёва-паўночнай» да выключна «паўночнай» керамiкi на Свiслачы адбываецца па археалагiчнай лiтаратуры i па назiран­нях аўтара гэтых радкоў значна вышэй: памiж Лапiчамi Асiповiцкага раёна i Церабутамi Пухавiцкага раёна з аднаго боку i Шэлехавым i Блужскiм Борам (Пухавiцкi раён)—з другога?

Чаму на Бярэзiне матэрыялы зарубiнецкай культуры трапляюцца яшчэ вы­шэй—на помнiках Бычын i Чыжаха ў Бярэзiнскiм раёне i нават у Бытчы Бары­саўскага раёна?

Па меркаваннях аўтара, да арэалаў культур жалезнага веку трэба падыхо­дзiць больш асцярожна. Здаецца, што больш шчыльнае i аднароднае ў этнiч­ным плане насельнiцтва месцiлася толькi ў нейкiх пэўных цэнтрах тагачас­ных этнакультурных супольнасцяў. А вось перыферыя была тэрыторыяй больш стракатай i спрэчнай, тэрыторыяй барацьбы. Трэба дадаць, што барацьба вя­лася ў тыя часы, па-першае, не за зямлю, а за ваду, дакладней—за водныя шляхi зносiн. Вакол вядомых геаграфiчных кропак (напрыклад, вусцяў ма­лых рэк у вялiкую) такiм чынам, круцiлiся ўсе думкi старажытных стратэгаў. Усе iншыя навакольныя тэрыторыi, магчыма, з варожым насельнiцтвам, iх не вельмi цiкавiлi, бо калi будзе захоплена «стратэгiчная кропка», то ўсё гэтае насельнiцтва мiмавольна падпарадкуецца заваёўнiку. Чым больш значны быў водны маршрут, тым болей ён прыцягваў увагу, тым больш кропак патраба­валася захапiць на iм для трывалага ўтрымання. Вось чаму помнiкi на Пцiчы, Свiслачы, Бярэзiне адрознiваюцца з пункту гледжання наяўнасцi матэрыялаў розных археалагiчных культур.

Здаецца, што калi б мы апусцiлiся па лесвiцы стагоддзяў на нейкай ма­шыне часу, то ўбачылi б павольнае, але бесперапыннае перасоўванне нейкiх адносна невялiкiх агрэсiўных груп, хаатычныя ўзброеныя сутыкненнi памiж iмi, больш-меньш удалыя спробы ўтрымацца ў вядомых гарадзiшчах, каб раба­ваць усіх слабейшых у наваколлi. Астатняе насельнiцтва напэўна, назiрала за гэтымi калiзiямi, займаючыся сваiмi надзённымi справамi i, верагодна, думала словамi класiка: «а, чума на абодва вашыя дамы».

Вось на такiя развагi падштурхнула аўтара параўнанне старажытных сяр­поў з Пухавiцкага i з Асiповiцкага раёнаў.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>