Наш край вачыма Аляксандра Ельскага

Аляксандр Ельскі з дачкой Алесяй

Аляксандр Ельскі з дачкой Алесяй

Аляксандр Ельскi (1834—1916) — вельмi цiкавая постаць нашай мiнуўшчыны: гiсто­рык, этнограф, краязнаўца, пiсьменнiк. Паходзiць са старажытнага шляхецкага роду Мiнскага ваяводства, гербу «Пелеш». Нарадзiўся ў маёнтку Дудзiчы на Пцiчы (зараз Пухавiцкi раён Мiнскай вобласцi ). Вучыўся ў гiмназii ў Мiнску, потым у Вiленскiм унiверсiтэце. Сябра Акадэмii ведаў у Кракаве. Гаспадарыў у маёнтку Замосце (зараз у Пухавiцкiм раёне), дзе сабраў архiў старажытных рукапiсаў, калекцыю манет, збор археалагiчных знаходак, галерэю карцiн. Меў публiкацыi па традыцыйнай гаспадарцы i эканамiчнаму жыццю, мовазнаўству (беларуская мова), ад­зiн са складальнiкаў шматтомнага «Слоўнiка геаграфiчнага каралеўства польскага i iншых краёў славянскiх», для якога ён напiсаў каля 10000 артыкулаў. Найбольш шырока i разнастайна асвятлiў ён на старонках «Слоўнiка…» жыццё сваёй роднай Iгуменшчыны. У той час землі Бярэзiнскага, Пухавіцкага, Чэрвенскага, Уздзенскага, а таксама часткі сучасных Асіповіцкага, Жлобінскага, Клічаўскага, Старадароскага раёнаў уваходзiлі ў Iгуменскi павет. Прапануем чытачу ў скарочаным перак­ладзе некаторыя артыкулы нашага славутага земляка. Звяртаем увагу на тое, што напiсанне назваў у Х1Х стагоддзi адрознiваецца ад сучаснага. Таму калi назва ў “Слоўнiку” адронiваецца ад сучаснай (якая бралася перакладчыкам са «Слоўнiка назваў населеных пунктаў. Мiнская вобласць»), то сучасная назва даецца наперадзе, але пiшацца ў дужках. У дужках таксама даюцца заўвагi перакладчыка Юрыя Клеванца.

 

  1. Iгуменскi павет.

Павет Iгуменскi быу не­калi часткаю павету Мiнскага ў ваяводстве Мiнскiм, аж да 1793 года, а потым, па ўказу Кацярыны ад 12 красавiка (таго ж года—Ю. К.) Iгумен зрабiўся местам павятовым у намеснiцтве Мiнскiм. 3-га мая 1795 года быў атрыманы загад правесцi выбары дваранскага галавы i на той час быў абраны Станiслаў Ельскi, палкоўнiк Пяцiгорскi, былы камiсар скар­бу ВКЛ. Як толькi ў 1796 годзе намеснiцтва Мiнскае па ўказу Паўла 1 ад 12 снежаня заменена на Мiнскую губернiю, то адбылiся тэрытарыяль­ныя змены, а потым i яшчэ раз змянiлiся межы ў 1842 годзе. Геаграфiчнае становiшча: даўгата памiж 44 i 48 град., шырата памiж 53 i 54 град. Павет мяжуе з Магiлёўскiм, Бабруйскiм, Старабыхаўскiм, Барысаў­скiм, Слуцкiм паветамi. Усяго 183 квадр. мiлi, або 8961 квадр. вярс­та. Зямлi пад дамамi, агародамi прыкладна 14000 маргоў, палёў 250000 маргоў, лугоў i сенажацяў каля 90000 маргоў, лесу 970000 маргоў, ба­лот 42000 маргоў, пяскоў, вады i шляхоў каля 7500 маргоў. Дзяржаве належыць 84000 маргоў, у тым лiку лясоў, канфiскаваных пасля 1863 года 12000 маргоў. Канфiскаваныя палi i сенажацi на 7,5 тысяч мар­гоў. Валашчане ўвогуле маюць зямлi на 311 тыс. маргоў. Праваслаўныя святары маюць 3800 маргоў, каталiцкiя 175 маргоў. У буйных маёнткаў 892 тыс. маргоў, дробныя валодаюць 214500 маргоў. 386 уласнiкаў-пра­васлаўных валодаюць 136 тыс. маргоў зямлi, а 788 палякаў валодаюць 665 тыс. маргоў зямлi, 6 пратэстантау валодаюць 111 тыс. маргоў зям­лi, 2 мусульманiна маюць 1200 маргоў зямлi, а 6 яўрэяў—50 маргоў. (Для нашага сучаснiка-чытача пералiк нейкiх там «маргоў» бадай нiчо­га не гаворыць, але ж гэтыя лiчбы цiкавыя тым, што Ельскi пiсаў свой нарыс амаль праз 20 год пасля адмены прыгону. Атрымлiваецца, што ў гэты час адносна невялiкая колькасць буйных уладальнiкауў мела ва ўла­снасцi ў чатыры разы болей зямлi, чым дробныя памешчыкi, якiх у кож­ным павеце было у 5-10 разоў болей, чым буйных. Сялян-валашчан на той час было яшчэ ў прыкладна у 10 разоў болей, чым усiх памешчыкаў— i дробных i буйных разам узятых. А зямлi у iх было, па Ельскаму, ба­дай у тры разы меней, чым у буйных памешчыкау. Таму пералiк экзаты­чных зараз «маргоў» наводзiць успамiн пра малюнак у падручнiку гiс­торы: вялiкi селянiн у лапцях стаiць на адной назе на сваiм малень­кiм агародзiку—Ю. К.)

Свiслач, буйны прыток Бярэзiны, у нiжняй частцы суднаходная. Такса­ма ёсць Пцiч, прыток Прыпяцi i Неман, якi у гэтым павеце бярэ свой пачатак непадалёк ад засценку Гушчын i таксама суднаходны. На iм на працягу 54-х вёрст налiчваецца дзве прыстанi ля мястэчкау Пясочна i Магiльна. Невялiкiя рэкi i рэчкi мы пералiчым у алфавiтным парадку (пералiк тут i далей вядзецца ў адпаведнасцi з польскiм алфавiтам—Ю. К.). Гэта Банеўка, Берчукоўка, Бабiнка, Брусенка, Бышынка, Бала­чанка, Белiца, Брусята, Цалянка, Цiтаўка, Чарняўка, Хочанка, Харчо­ўка, Чарнiца, Дулеба, Далжанка, Дый, Дубровiца, Дабравода, Градзеч­на, Грэнiца, Галавiшча, Гаць, Гутнёўка, Гусачок, Ганутка, Iгуменка, Янчэнка, Ясна, Курынка, Каменка, Кiкаўка, Клява, Кавалёўка, Крывiца, Кланеўка, Каржанец, Клявiца, Клубча, Крапiўнiца, Лiпаўка, Ляшчынка, Лоша, Лашынец, Млынок, Мытва, Мiла, Мясрэда, Мяна, Міжрэчча, Нясета, Нясвяча, Нерчай, Асока, Ачыжа, Вольса, Альхоўка, Асова, Аўсiшча, Па­цеха, Перакоп, Пянтрыца, Паплаўка, Паложа, Падвалошка, Рыца, Суцiн, Суша, Шытайлаўка, Шача, Шчанеўка, Шчанка, Слаўсць, Таўстуха, Талька, Церабелька, Тураметка, Тур»я, Уша, Уса Неманская, Уса Бярэзiнская, Вужанка цi Вушонка, Вядзерка, Выня, Вора, Валатоўка, Волма, Вожа, За­добра, Жэсць, Жужлянка, Жарноўка.

Гэтае мноства вады характарызуе тапаграфiчны стан краю i разам з тым сведчыць аб яго эканамiчным стане. Бо там, дзе шмат вады, шмат i лугоў, прырода добразычлiва, ёсць сродкi дзеля перавозкi i прамысло­васцi. Аднак павет Iгуменскi не выдаецца нi земляробствам, анi прамы­словасцю, за нейкiмi выключэннямi.  Увогуле павет займае перадапошняе места, знаходзячыся толькi вышэй за Бабруйскi. Гаспадаркi, выдатныя сваiм развiццём, цi нейкiмi дасягненнямi, знаходзяцца ў Пухаве, Ма­лахоўшчыне, Ануфраве—паноў Ёдкаў, Кухцiчах —Завiшаў. Целякове—Гар­цiнга, Самуэлеве Мацея Ярмунта (цяпер у казны), У Зазерцы i Гарадзiшчы—Ваньковiчаў, у Раванiчах i Драхчы—Слатвiнскiх, у Дукоры—Гарцiн­га, у Таўкачэвiчах—Грабоўскага, у Цеплені—Унiхоўскага, у Калужычах —Ваньковiча, у Рудні—Асоўскага, у Прыслонку—Мiркоўскага, у Свiта­йлаўцы—Няцецкага, i некалькiх iншых. Найвялiкшы маёнтак у павеце на­лежыць Мацею Ярманту, якi гадуе там добрае быдла швейцарскае пароды. Агароды ў Кухцiчах, Таўкачэвiчах, Малахаўшчызне, Пухаве, Цяпленнi, Смiлавiчах, Раванiчах заслугоўваюць увагi. Прамысловасць зводзiцца да некалькiх майстэран, першае местца—у фабрыцы сукна Людвiга Слут­вiнскага ў Раванiчах. Астатнiя не такiя буйныя, напрыклад: паравая фабрыка гонтаў у аколiцы Чорная Рудня—Карказевiча i дэталяў абутку Слатвiнскага ў Драхчы. Малых гарбаран тры, смалакуран 12, пiваваран 5, шкiпiнар вырабляюць 7 майстэрань.

Сума агульнага вырабу каля 300 тысяч рублёу ў год. У павет з поўдня (гэта значыць, з Украiны—Ю. К.) прывозяць тавару на 40 тыс. руб. З павету вывозяць прадуктаў на 30 тыс. руб., у тым лiку лес. Быдла у павеце 180 тыс. галоў: коней 17 тыс., рагатага быдла 45 тыс., астат­нiя—авечкi, козы, свiннi. Апошнiх вельмi шмат, гэта iстотны прадукт харчавання. Рацыянальная абработка глебы ў сувязi са зменлiвым ха­рактарам клiмату не заўсёды выкарыстоўваецца, у асноўным—у горнай палове павету, затое ў палескай валашчане маюць шмат пчол у калодах. Мёд атрымлiваюць першабытным спосабам, аднак гэта iстотны сродак хар­чавання ў адносна неспрыяльным клiмаце. Мёдам мала гандлююць. Увогу­ле ў павеце каля 11 тысяч вулляў, але ж на базары мёду няшмат. Кошт 6 руб. за пуд. Воск не вельмi каштоўны, iм гандлююць па 20 руб./пуд.

Клiмат зменлiвы, вельмi ветраны, у годзе прыкладна 300 дзён з вет­рам. Напрамак пераважна заходнi. Зiмы бываюць вельмi снежныя, мара­зы да 28 градусау Рэамюра. Летнiя тэмпературы да 26 град. Рэамюра (лiчыцца, што адзiн градус Рэамюра = 1,25 градусы Цэльсiя; такiм чы­нам, 26х1,25=32,5, 28х1,25=35—Ю. К.).

Вынiк знiшчэння лесу—змяненне клiмату. Раней пачыналi сеяць у пер­шай палове красавiка, быдла пасвiлi да канца лiстапада, цяперака маразы прыходзяць у кастрычнiку i цягнуцца да мая. У апошнiя гады былi маразы у чэрвенi i у лiпенi.

(Трэба адзначыць, што у канцы ХІХ стагоддзя пэўныя змены клiмату адбылiся па ўсей Еўразii, значную ролю у гэтым адыграла прыроднае ва­ганне тэмпературы i вiльготнасцi, чытач можа успомнiць, напрыклад, знакамiтую карцiну «Крестный ход в Курской губернии», а для тых, хто цiкавiцца гэтымi праблемамi—гл. «Эхо забытых бурь», шэраг артыкулаў у часопiсе «Наука и жизнь» сярэдзіны 80-гадоў мінулага стагоддзяi.- Ю. К.)

Шмат лесу знiшчана па-варварску, а пра палепшэнне эканомiкi ад га­ндлю лесам i пытання не стаiць (яскравы аргумент у ацэнцы працэсу ра­звiцця капiталiзму ў тагачаснай Беларусi i ў Iмперыi ўвогуле—Ю. К.)

Па вiльготнасцi павет падобны да Паўднёвай Фiнляндыi i Санкт- Пецярбургу, па атмасфернаму цiску—да Ўфы i Пермi, па тэмпературы—да Мiтавы, Рыгi, Саратава. Гэта значыць, што клiмату не пераробiш, але ж значная колькасць лугоў i лясоў маглi б спрыяць  гас­падарцы краю. Сярэднi ўраджай азiмых 3 i 1/2 зярняцi, ярыны—да 4-ох, бульбы—6, агароднiны—да 4-ох.

Фаўна павету разнастайная, аднак звычаi насельнiцтва i невялiкая роля закона даюць вынiкi ў знiшчэннi сродкаў да яе харчавання. У па­веце палююць на баброў i на іншых звяроў, ловяць рыбу ўвесь год.

Збядненне фаўны можна пабачыць кожны год. Аднак яшчэ водзяцца мя­дзведзi, ласi, ваўкi, лiсы, зайцы шэрыя i белыя, бабры, кунiцы, ка­сулi, кабаны, выдры, рысi, расамахi, вавёркi. Птушкi: глушэц, цеця­рук, курапаткi, ястрабы, вялiкiя шэрыя арлы, а iншых i не ўспамя­неш. З рыб—шчупакi, акунi, лiнi, самы, мянтузы, плоткi, уюны, ка­расi, ляшчы, язi, галаўлi, сцерлядзь у невялiкай колькасцi, асятры i судакi у Бярэзiне. Ёсць рыба веразуб у Свiслачы. Абапiраючыся на тэ­ксты хронiк i на фальклёр насельнiцтва, трэба дадаць, што на Iгумен­шчыне калiсцi былi туры цi зубры.

Пасля 1863 года пачало падаць значэнне рамёстваў сярод заняткаў насельнiцтва. Шмат людзей павярнулiся да земляробства, а рамёствы ў заняпадзе. Аб гэтым пара задумацца i ўраду, i грамадству.

(Дадзiм каментарый. У вялiкiх панскiх гаспадарках часоў прыгону за­лежныя сяляне займалiся з пакалення у пакаленне адной нейкай спра­вай. Адсюль—цэлыя вёскi такароў, сталяроў, стэльмахаў i г. д. Про­дажам сваiх вырабаў такiя рамеснiкi часцей не займалiся, бо праца адбывалася ў форме натуральнай павiннасцi. Калi ж прыгонныя майст­ры атрымалi волю i добры кавалак зямлi, то яны закiнулi свае рамё­ствы, якiмi займалiся у значнай меры пад прымусам. З пункту глед­жання чалавечай псiхалогii iх зразумець можна. Да таго ж у той час у краiне пачалася масавая фабрычная прамысловасць, якая проста выцiс­кала рамеснiкаў з рынку—Ю. К.)

Iснуючыя па гэтай справе загады павятовай адмiнiстрацыi з’яўля­юцца мёртвымi лiтарамi, школы рамяства iснуюць толькi на паперы. Толькi адна школа адчынена у Мар»iнай Горцы (зараз—вiдавочна, тэх­нiкум—Ю. К.) на грошы папячыцеляў. Яна можа даць надзею на развiц­цё рамяства ў павеце. Гэтая справа ўсё ж увайшла ў грамадзскую свя­домасць, бо шляхта Мiнскай губернii сабрала на патрэбы адукацыii 40 тыс. рублёў, а сяляне —30 тыс. руб. Увогуле ў павеце рамеснiкаў, вырабляючых гаспадарчыя рэчы да 600, прадметы адзення—да 350, абу­тку—да 200.

У вялiкiм павеце, плошчу якога можна параўнаць з невялiкай Еўра­пейскай дзяржавай, каля 120 тысяч жыхароу абодзвух палоу. Гэта пера­важна русiны крывiцкага тыпу i так званыя па-мясцоваму «райдуны» (тут i далей—вельмi цiкавыя этнаграфiчныя звесткi—Ю. К.). Цi гэта былыя нашчадкi радзiмiчау? Абодва тыпа ўжываюць беларускую мову, ма­юць падобныя адзiн да другога звычаi. Аднак райдуны жывуць у лясной частцы павету, яны падобны на рускi тып, апранаюцца ў белую свiту, часцей бландзiны добрага целаскладу, прыхiльнiкi ўтрымання старых звычаяў. Жанчыны ў iх апрануты маляўнiча i страката, ужываюць у аз­дабленнi вопраткi чыстыя колеры, напэўна, самыя яркiя ў акрузе. Уво­гуле ж народ не вельмi дбае пра патрэбы духоўнасцi.

Люд крывiчанскi жыве ў палях заходняй часткі павету. Ён цiхмяны, лагодны па характару, але каля мястэчак i гарадоў—ужо вельмi дэма­ралiзаваны i разбэшчаны з-за пэўных уплываў гарадскога жыцця. Насе­льнiцтва ўжо не пяе сваiх цiхмяных песень, а ўжывае эратычныя прыпеў­кi, якiя прыносяць з сабою салдаты, што вярнулiся з войска. Такiм чы­нам, агульная вайсковая павiннасць робiцца школай змены звыча­яў. Увогуле назiраецца ўпадак маралi, нягледзячы на распаўсюджванне школак вясковых.

(А. Ельскi, як чалавек ХІХ стагоддзя памыляецца, спяшаючыся знай­сцi прамыя сувязi памiж этнаграфiчнымi супольнасцямi насельнiцтва павету ў свой час i плямёнамi, пра якiя ён ведаў толькi з летапiсаў. На самой справе i «горныя» i «лясныя» людзi, якiя жылi на Iгуменшчы­не паўтара стагоддзя таму—гэта з»ява, якая не мае прамых вытокаў у эпосе рассялення па Беларусi аб’яднанняў славянскiх плямёнаў. Групы, якiя названы ў Ельскага «крывiчамi» або «райдунамi»—прадукт ужо часоў феадалiзму, калi з былых пляменаў складалiся феадальныя народ­насцi на падмурку сацыяльных i тэрытарыяльных, а не крэўных, як было раней, адносiн. Такiмi ж самымi элементамi феадальных народнасцяў бы­лi i вядомыя «мiнчукi», «пiнчукi», «лемкi», «сакуны» i iнш.—Ю. К.)

Палякаў у павеце каля 20 тысяч. (Трэба, напэўна, трэба было б казаць— «католiкаў», але ж вышэй сказана, што католiкаў 12354, а нiжэй—што католiкаў у павеце 23000. Значыць, калi А. Ельскi не памыляецца, то мы будзем лiчыць, што католiкаў у павеце 23000, з iх 12354 належыць да Iгуменскага дэканата, а 20000 размаўляюць па-польску—Ю. К.) Русiнскiх плямёнаў—да 84000, яурэяў каля 16 тысяч. У тым лiку шлях­ты каля 10000, мяшчан 8000, сялян 85000. Акрамя таго, зараз рас­паўсюджаны клас так званых аднадворцаў. Спачатку ў павеце было 46 валасцей, у якiх налiчвалася 340 старостваў i яшчэ 4 воласцi скарбавых (дзяржаўных) сялян да 1866 года. Цяпер валасцей устаноўлена 23 i 197 старостваў. Пералiчым воласцi.

Брадзецкая, Белiчанская, Цiтвянская, Дудзiцкая, Дукорская, Даўжанская, Грабёнская, Якшыцкая, Юрэвiцкая, Клiноцкая, Магiльнянская, Навасёлкаўская, Амельнянская, Пукаўская, Пухавiцкая, Пярэжырская, Пагосцкая, Пагарэльская, Смiлавiцкая, Сла­бада-Пырашаўская, Шацкая, Уздзенская, Верхменская.

Сяляне тых валасцей маюць 1167 валок, у асноўным земляробы, але сялянская гаспадарка менш значная, чым у шляхты. Яўрэяў у павеце, як пiсалася вышэй, 16000, 139 з iх працуе на зямлi, яны засяваюць 40 бочак азiмага i 50—яравога збожжа. Частка займаецца дробным ганд­лем, рамяством, лiхвярствам (выданне пазык пад працэнты), шынкарс­твам. Раздрабненне зямельнай уласнасцi ў бягучым стагоддзi мае вя­лiкiя наступствы, бо не лiчачы ўласнасцi вольных сялян, у 1796 годзе пры выяўленнi зямельнай уласнасцi шляхты ў павеце было 60 фа­льваркаў i 24000 прыгонных, а зараз фальваркаў 383, у 268 фальвар­ках гаспадараць уладальнiкi, у 99—дзяржаўцы i арандатары, а ў 16— наемныя адмiнiстратары. Такiм чынам, у 1/3 фальваркаў уладальнiкi не бываюць, што дрэнна ўплывае на эканамiчныя вынiкi i на апрацоўку глебы.

Праваслаўная царква мае 80000 вернiкаў, больш за ўсiх, гэтыя вер­нiкi ў 1840 годзе былi выведзены з унii. Праваслаўных цэркваў у па­веце 146 драўляных i 2 цагляных. У тым лiку парафiяльных 54, астат­нiя прыпiсныя i каплiцы на могiлках. Кляштар у Лядзе пабазыльянскi (гэта значыць, раней ён належау манахам ордэна Св. Базыля, адзiнаму братству ва унiятаў—Ю. К.). Духавенства 240 чал.

Касцёл каталiцкi ў Iгуменшчыне ад 1870 году належыць да дыяцэзii Вiленскай, мае 7 парафiй, налiчвае 7 духоўных i 23000 вернiкаў. У Бя­рэзiнскай парафii такiх 2300, у Iгуменскай—2950, у Блонскай 2815, у Сарафiнскай 1345, Уздзенскай—5627, у Каралiшчэўскай—3777, у Аннапо­льскай—4000. Апошняя парафiя з»явiлася ў павеце 14 год таму, пасля касавання парафii Дукорскай (гэта значыць—пасля 1863 года—Ю. К.). Касцёл знаходзцца за мяжой павета Iгуменскага, у павеце Мiнскiм i на­лежыць да дэканату Мiнскага. У Iгуменскi ж дэканат уключаны ўвесь па­вет, апрача часткi парафii Аннапольскай, як сказана вышэй. Парафiя Ўздзенская прылiчана да дэканату Наднеманскага, якi знаходзiцца ў ме­жах Мiнскага павету. Апрача касцёлау парафiяльных у павеце знаходзiцца 1 фiлiя i 16 каплiц, у якiх час ад часу адбываюцца набажэнствы, а менавiта: у парафii Бярэзiнскай—Раванiцкая фiлiя,  таксама ў Бра­дцы, ў Гажылавiчах, у Асмалоўцы, у Перавозе. У парафii Iгуменскай: у Смiлавiчах i  Убелi. У парафii Блонскай— у Міжрэччы. У парафii Сарафiнскай—у Суцiне, У парафii Уздзенскай—ў Таўкачэвiчах, Кухцiчах, Уздзе, Падсацкiх (Podsackich, сучасная карта паказвае веску Па­дсадскiя, на рацэ Усе, кiламетрах у пяцi вышэй ад места сустрэчы яе з ракой Лошай, гэтыя рэчкi разам з Неманцом утвараюць Неман—Ю. К.), Рабiнаўцы i Старынках. У парафii Аннапольскай—у Шабунях. Увогуле стан святынь каталiцкiх вельмi няўпэунены i нетрывалы, напрыклад, у Дукоры i  Смiлавiчах мураваныя касцёлы перададзены у 1866 годзе пад цэрквы, астатнiя касцёлы будаваны з дрэва, яны нiкiм не падтры­мліваюцца, акрамя фiлiяльнага ў Раванiчах, фундацыi Слатвiнскiх i каплiцы ў Кухцiчах фундацыi Завiшаў. Яны абодва мураваныя i старанна упрыгожаныя.

Што датычыцца фундацыi касцёлаў парафiяльных i iх фундатараў, то адзначым, што касцёл у Беразiно найстаражытнейшы, збудаваны у 1641 годзе коштам канцлера Льва Сапегi. Касцёл Iгуменскi пабудаваны на

грошы вернiкаў у 1799 годзе. Касцел Блонскi вядомы з 1748 года, фун­дацыя Бакаў. Касцёл Сарафiнскi пабудаваны у 1768 годзе з фундацыi сям»i Янiшэўскiх, касцел Каралiшчавiцкi—у 1795 годзе, фундацыi Пру­шынскiх, касцёл Уздзенскi—у 1684 годзе, фундацыi Завiшаў.

Пратэстанцкае веравызнанне абслугоўвае старажытны паарыянскi (ары­яне, цi антытрынiтарыi—рэлiгiйная плынь у хрысцiянстве, якая адмаў­лялася ад траiстасцi бога, вытокi гэтага адмаўлення—у паганскiх пат­рыярхальных культах—Ю. К.) касцёл у прывабным стылі пабудаваны, а ў iм труны роду Грабоўскiх, а знаходзiцца касцел у iх дзедзiчным маён­тку Сямёнавiчах.

Невялiкая колькасць магаметан мае дзве мячэцi драўляныя, а яўрэi ходзяць у амаль 30 сiнагог, яшчэ ёсць малельныя дамы.

Справа адукацыi ў павеце пастаўлена слаба. Маецца акрамя 23 шко­лак валасных вучылiшча рамеснiцкае i агульнаадукацыйнае ў Мар»iнай Горцы i ў самiм Iгумене школа павятовая ў два класы, школа парафiя­льная двухкласная i жаночая двухкласная школы, а іншых устаноў ня­ма. У адмiнiстратыўным i ў судовым сэнсе павет падзяляецца на станы палiцэйскiя, якiх 4: Уздзенскi першы, Смiлавiцкi другi, Бярэiнскi трэцi, Пухавiцкi чацьвёрты. Акругоў судовых таксама 4 i вайсковых акругоў 4: Iгуменскi першы, Пухавiцкi другi, Шацкi трэцi, Бярэзiнскi чацьвёрты. Ёсць участкi ваенна-конныя, такiх 22. Да павiннасцi вай­сковай адзначым факт, што ў 1796 годзе, у час першага набору ўзята з павета 240 рэкрутаў, а ў 1867 г.—1268 i коней пабрана 284. Мястэ­чак у павеце 22, у асноўным яны заселеныя яўрэямi. Буйнейшыя з iх: Iгумен, Беразiно, Смiлавiчы, Пухавiчы, Узда, Дукора, Дудзiчы, Пясо­чна, Магiльна, Клiчаў. Ёсць населеныя пункты, якiя варта адзначыць з пункту гледжання гiсторыi i археалогii: Iгумен, Магiльна, Дудзiчы, Французкая Грэбля, Суцiн, Дулебы, Грэбень, Убель, Смiлавiчы, Дукора, Дубаўручы, Ляды, Блонь, Грэбенка, Сяргеевiчы, Варонiчы, Узляны, Ку­хцiчы, Бялькевiчы. Аб гэтых пунктах чытач знойдзе асобнае паведам­ленне ў гэтым слоўнiку.

Павет Iгуменскi ў розныя часы для навукi i мастацтва даў шмат лю­дзей, вядомых у краi. Тут нарадзiлiся, памерлi, паходзiлi адсюль цi працавалi на карысць грамадства наступныя людзi.

Дамiнiк Манюшка, вядомы фiлантроп, Казiмiр Манюшка, вучоны-юрыст, Аляксандр Манюшка, аматар мастацтва i народнiк (даслоўна—«прыяцель люду»—Ю. К.), Станiслау Манюшка, музыка i кампазiтар, Масальскi То­маш, аўтар «Падстолiцы», Масальскi Iосiф, паэт, слаўны вершамi пра негiбельную смерць (трэба думаць—пра тое, што цела памiрае, а душа —не—Ю. К.), Лойка Фелiкс, гiсторык i эканамiст, Букаты Францыск, дыпламат польскi, Iгнатовiч Ян, дзеяч Унii, Людвiк Ельскi, фiнансiст, Уладзiмiр Ельскi, фiлосаф i публiцыст, Мiхал Ельскi, скрыпач i кампа­зiтар, Канстанцiн Ельскi, натуралiст i падарожнiк, Адам Шэмеш, знаў­ца жывапiсу i сам мастак, Ева Феліньска, пiсьменнiца, жыла тут у ма­ладосцi, Шышка Мiхал, фiлолаг i пiсьменнiк, Клiмантовiч Стэфан, ма­тэматык i перакладчык, Аляксандр Здановiч, гiсторык, Генрых Татур, археолаг, Ян Завiша, археолаг, Крыштаф Завiша, пiсьменнiк, Бараноў­скi Юзаф, фiнансiст, тэхнiк i фiлолаг, якi i цяпер жыве, Бараноўскi Ян, энтамолаг, Прозар Iосiф, ваявода вiцебскi, Карзон Тадэвуш, гiс­торык, Леон Шчабровiч-Вечар, публiцыст i iнш.

Дзедзiчныя маёнткi, у якiх захавалiся кнiгазборы, калекцыi кар­цiн i архiвы: Дукора—Ашторпаў, а зараз Гартынгаў, Смiлавiчы i Шыняты—Манюшкаў, зараз Ваньковiчаў, Ляда, Замосце. Дудзiчы—Ельскiх, Кухцiчы—Завiшаў, Таўкачэвiчы—Грабоўскiх, Целякоў—Гартынгаў, Рава­нiчы—Слатвiнскiх, Пукаў—Ануфраў, Малахоўшчызна—Ёдкаў, Людвiнаў— Катовiча, Цiтва—Янiшэўскiх. Цiкавы факт: род Янiшэўскiх валодае Цiтвой чатыры стагоддзя. Такога доўгага валодання ў павеце адным ро­дам, напэўна, болей няма.

Медыцына ў павеце не адпавядае патрэбам, бо працуюць тры ўрачы, 14 фельчароў сельскiх, 4 акушэркi, 1 ветэрынар. Ёсць 4 шпiталі: адзiн у Iгумене, тры ў валасцях. Казённае ляснiцтва адно на ўвесь павет, у iм 77000 маргоў леса. Такое становiшча не садзейнiчае навуковаму выкары­станню леса, казённыя лясы рубяць бескантрольна, але ж яны ў лепшым стане, чым лясы прыватныя.

Буйнейшыя кiрмашы: Ляды: 29 чэрвеня, Беразiно—6 жнiўня, Пухавiчы —9 мая i 6 снежня. Акрамя гэтага адбываюцца святочныя i нядзельныя базары ў Дукоры, Смiлавiчах, Вiдзе, Шацку, Дудзiчах i інш. У Дудзiчах, як ужо адлюстравана ў лiтаратуры, у маладзiковую нядзелю сыходзяцца вялiкiя натоўпы люду.

Дарогi ў палявой частцы павета адносна нядрэнныя, а ў палескай— смяротна небяспечныя (даслоўны пераклад—Ю. К.). Шмат бродаў, дрэн­ныя грэблi. У 1873 годзе павет на працягу 100 верст падзялiла Лiба­ва-Ровенская чыгунка. З гэтага часу вялiкi тракт, якi звязвае Iгумен з Мiнскам i Бабруйскам, пачынае занепадаць, але зроблена новая даро­га на Мар»iну Горку, да станцыi. Ёсць дарога на Смiлавiчы, старая дарога на Беразiно. Вайсковыя дарогi iдуць праз Пухавiчы, Шацк i Па­рэчча на Палессе, а другая—з Iгумена на Дукору, Дудзiчы—i далей да Слуцка.

 

Артыкул Аляксандра Ельскага  пераклаў Юрый Клеванец

 


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>