На працягу трох тыдняў ва ўрочышчы Савінкова гара каля Ліпеня праводзіліся раскопкі старажытнага паселішча. Кіраваў работамі археолаг Алег Вараненка, кансультантам быў кандыдат гіст. навук Ігар Язэпенка. Па папярэдняй дамоўленасці з раённым аддзелам адукацыі ў працах прымалі ўдзел школьнікі з летняга лагера, які быў адкрыты ў ліпеньскай школе.
Раскопкі прайшлі ў адпаведнасці з планам, нягледзячы на спякоту. Былі знойдзеныя сляды паселішчаў і стаянак некалькіх эпох: мезалітычнай (не менш за пяць тысяч гадоў да нашай эры), бронзавага веку (тысяча — тры тысячы гадоў да н.э), жалезнага веку (мабыць, сярэдзіны-трэцяй чвэрці першага тысячагоддзя н.э) , эпохі феадалізму і аж да ХХ стагоддзя.
Сама Савінкова гара — гэта пакаты пагорак, схілам звернуты да ракі. Схіл разворваецца, як відаць, не адно стагоддзе. З прычыны гэтага нейкіх буйных прадметаў знайсці не ўдалося, культурны пласт апынуўся моцна перамяшаным і ў большай частцы асыпаецца да падножжа ўзгорка. Адпаведна і даціроўка знойдзеных шматлікіх прадметаў мае папярэдні характар. Аднак ужо ясна, што на месцы раскопу пражывалі (хай і непрацяглы час) людзі розных эпох, культур, моў. Трэба думаць, што на тым жа беразе можна знайсці і сляды падобных жа паселішчаў, на якія пераходзілі жыхары Савінковай гары, напрыклад, па меры збяднения падсечна-агнявых «ляд» альбо стаянкі больш ранніх качавых паляўнічых.
Каменны і бронзавы век прадстаўлены на Савінковай гары, па большай частцы, невялікімі крэмневымі прыладамі або іх абломкамі. Тут можна вылучыць разцы, скрабкі, праколкі. У гэтым жа месцы некалі вялася і апрацоўка крэмневай сыравіны — было знойдзена немалая колькасць нуклеусаў і маленькіх адшчэпаў.
Да позняга жалезнага веку адносіцца знойдзеная палова так званай «біканічнай» глінянай прасніцы, у якую нейкая пралля паўтары тысячы гадоў таму ўтыкала сваё верацяно.
Наогул, абломкі знойдзенай на раскопе глінянага посуду вельмі малыя, аднак можна зразумець, што яны калісьці былі часткамі альбо «кухонных» гаршкоў, у якіх варылася ежа, альбо «карчаг», якія выкарыстоўваліся замест бочак для захоўвання прадуктаў. Значная частка сасудаў мела, як кажуць археолагі, «слабапрафіляваную» форму, гэта значыць гаршкі былі падобныя на сучасныя адна- і двухлітровыя сучасныя слоікі. Такі посуд характэрны для старажытных балцкіх культур.
Аўтар гэтых радкоў пазнаёміўся і са школьнікамі, якія, на думку кіраўніка лагера, лепш за ўсіх паказалі сябе ў працы на раскопках. Гэта Брытаў Антон з трэцяй асіповіцкай школы, Прыходзька Іван са школы №1 і Алёна Мікуліч з гімназіі. Усе трое адрозніваюцца матэматычным складам розуму, у школе ім больш падабаюцца прыродазнаўчыя прадметы. Алёна дадаткова скончыла курс музычнай школы па танцах, Іван яшчэ вучыцца там па класе гітары і флейты, Антон захапляецца гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны. Чаму яны навучыліся ў лагеры? Аднагалосны адказ: навыкам працы на раскопках.
Аўтар тэксту і фота Юрый Клеванец, г. Асіповічы.