Як мы назіралі за выбарамі ў Мар’інай Горцы

Мы, Наталля Ільініч  і  Святлана Кургановіч, назіралі выбары   на ўчастку №53, што месціцца ў будынку Мар’інагорскай раённай гімназіі. Адметнасць участка ў тым, што гэта ваенны гарадок, тут жыве значная колькасць былых ваеннаслужачых —  адстаўнікоў-пенсіянераў, знаходзяцца 2  інтэрнаты для вайскоўцаў-кантрактнікаў.

Унесена ў спіс было 2699 выбаршчыкаў.

Прыйшлі на галасаванне  па падліках незалежных назіральнікаў – 1692 (62,68%),   па звестках пратакола ўчастковай камісіі – 1754 (64,98%), з іх 785 (29% ад агульнай колькасці) прагаласавалі  датэрмінова. З 2699 унесеных у спіс на выбары не прыйшло  1007 чалавек  (37,3%) .

У асноўны дзень галасавання ўчастковая камісія  прыпісала ў выніковы пратакол на 50 выбаршчыкаў больш, чым налічылі назіральнікі. Мяркуем, што гэта было зроблена, каб павысіць працэнт яўкі і працэнт за дзеючага прэзідэнта.

Вынікі галасавання:

За Гайдукевіча – 3,2% — 55

За Караткевіч –15,6 % -264

За Лукашэнку –70% -1179 па нашых падліках, 1229 па афіцыйнаму пратаколу

За Улаховіча –1,4% — 24

Супраць усіх –10% — 170 .

Высветліўся цікавы факт, што на гэтым участку Лукашэнка не мае падтрымкі большасці: з 2699 выбаршчыкаў за яго прагаласавалі 1179, што складае толькі 43,68% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў на ўчастку. Ён атрымаў 70% ад тых 62%, што прыйшлі на выбары. Калі б дэмакратычныя сілы здолелі вылучыць адзінага  кандыдата, то 1007 байкотчыкаў разам з тымі, хто галасаваў супраць усіх – 170 ды галасамі за дэмакратычнага кандыдата Т. Караткевіч -264,перамаглі б. Іх разам 1441, што складае 53% ад агульнай колькасці ўнесеных у спісы. Так што прыхільнікаў перамен у Мар’інай Горцы больш, чым тых, хто галасаваў за стабільнасць! 

Наколькі такія вынікі тыповыя для іншых участкаў? У Мар’інай Горцы незалежныя назіральнікі былі яшчэ на адным участку — №47, што ў будынку райсельгастэхнікі на вуліцы Андрэеўскай. Гэта іншы раён, пераважна прыватны сектар, больш тыповая для раённага горада забудова і людзі. Паказчыкі ж  падобныя з нашымі. У спісы ўнесены 1261 выбаршчык, прагаласавала 762 (60%) –яўка нават ніжэй, чым у ваенным гарадку.  Датэрмінова прагаласавала 325 (25,7% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў).  За Лукашэнку – 578 галасоў (75,85%), за Караткевіч –111 (14,56%), супраць усіх – 44 (5,77%).  І тут у Лукашэнкі няма большасці ад агульнай колькасці – толькі 45,8%. А ў прыхільнікаў дэмакратычных перамен (байкотчыкі (499) +галасы супраць усіх (44) +галасы за Караткевіч (111) больш і па абсалютным паказчыку (654), і ў працэнтах (51,86%).

Гэтыя паказчыкі значна адрозніваюцца ад афіцыйных лічбаў ЦВК па краіне і па Пухавіцкаму раёну.  У Пухавіцкім раёне, згодна звесткам ЦВК, яўка склала 91, 45%, з іх за Лукашэнку прагаласавалі  88, 74%, а за Караткевіч  толькі 5,5%. Як гэта можа быць – адрозненне па яўцы паміж участкамі, дзе былі назіральнікі і дзе іх не было, – каля 30%?  

 

Прыйшлося напісаць 4 скаргі з-за парушэння камісіяй заканадаўства.

Першая скарга была напісана з-за таго, што  назіральнікаў пасадзілі на калідоры. Выбарчая камісія чамусьці знаходзілася ў маленькім пакойчыку, дзе выдавалі бюлетэні і стаяла скрыня для папярэдняга галасавання. Ролю кабіны для галасавання выконвала вялікая танцавальная зала побач з гэтым пакоем.  Выбаршчык заходзіў у пакойчык, атрымліваў бюлетэнь, павінен быў выйсці на калідор, зайсці ў вялізную пустую залу – зрабіць там паметку ў бюлетэні, выйсці на калідор, а потым вярнуцца назад у пакойчык, каб апусціць бюлетэнь у скрыню, што стаяла там. Людзі пастаянна блыталіся. Відавочна, што трэба было камісію, скрыню, кабіну для галасавання і назіральнікаў перамясціць у адну залу. Аднак просьба-прапанова  назіральнікаў была праігнаравана старшынёй. Толькі пасля нашай скаргі ў тэрытарыяльную камісію і пракуратуру праца камісіі была перанесена ў гэтую вялікую залу. Тут ужо добра размясціліся ўсе  ў адным памяшканні, усё было бачна і чутна.

Другая скарга была напісана з-за таго, што памяшканне са скрыняй на ноч і на абедзенны перапынак не апячатавалася, проста побач са скрыняй заставаўся міліцыянер. Мы прасілі зрабіць так, каб міліцыянер ахоўваў не скрыню, а апячатанае памяшканне, у якім стаяла скрыня. Да нашай скаргі-просьбы прыслухаліся, памяшканне сталі апячатаваць. Але ўсё гэта апячатаванне смешнымі пластылінавымі пячаткамі і ўвогуле працэдура датэрміновага галасавання не выклікае даверу.

Трэцюю скаргу давялося пісаць з-за таго, што ў асноўны дзень галасавання ўчастковая камісія  прыпісала ў пратакол на 50 выбаршчыкаў больш, чым налічылі мы, назіральнікі. Памыліцца на такую лічбу мы не маглі, бо выконвалі свае абавязкі няспынна і старанна, усе 6 дзён лічылі кожнага, хто апускаў бюлетэнь. Яшчэ адным доказам махлярства стала тое, што перад пачаткам падліку былі пагашаны нявыкарыстаныя бюлетэні і аб’яўлена ўголас лічба – 990. У выніковым жа пратаколе пагашаных ужо стала менш  на 32. Пратакол мы чакалі вельмі доўга, лічбы “не сыходзіліся”.  З аднаго боку, мы былі задаволеныя – бюлетэні расклалі перад намі, мы бачылі, што іх лічылі. Праўда не так, як мы прасілі – уголас, паказваючы кожны бюлетэнь, а ціхенька, але лічбы былі падобныя на рэальныя. Калі ж пратакол нарэшце”атрымаўся”, высветлілася, што лічба прагаласаваўшых у асноўны дзень галасвання большая за нашу на 50, а колькасць пагашаных паменшылася на 32. Як вы думаеце, на чыю карысць былі залічаны гэтыя ўкрадзеныя галасы?

Перад пачаткам назірання мы, як і ўсе назіральнікі ад кампаніі “Права выбару”, звярнуліся ў камісію з просьбай лічыць галасы адкрыта, асобна па кожнай скрыні. Пры падліку галасоў назіральнікаў дапусцілі на блізкую адлегласць да стала, на якім члены камісіі разбіралі бюлетэні і клалі іх у стосы. Мы маглі рэальна бачыць галачкі насупраць прозвішчаў. Гэты факт быў успрыняты намі з вялікай радасцю: з 2001 г. удзельнічалі ў назіранні, але бачылі пры падліку толькі спіны сяброў камісіі.

Мы бачылі, што стос за Лукашэнку нашмат большы за іншыя. Старшыня дазволіла нам паглядзець стосы, пераканацца ў тым, што  ўсё раскладзена правільна. Скрыні лічылі па чарзе, як патрабуе закон, а вось адкрытасці пры падліку не было.  Сябры камісіі бралі па стосіку кожны, лічылі ціхенька кожны сам сабе, запісвалі вынік на паперцы і перадавалі старшыні. Акрамя таго, вынікі галасавання з трэцяй скрыні, што ўтрымлівала бюлетэні за асноўны дзень галасавання 11 кастрычніка, асобна абвешчаны не былі. На наш погляд, адкрыты падлік толькі палепшыў бы ўражанне ад выбараў. Старшыня камісіі нічым не рызыкавала — за Лукашэнку была яўная большасць з тых, хто прыйшоў на выбары.

У скарзе пра тое, што камісія прыпісала ў выніковы пратакол 50 выбаршчыкаў у асноўны дзень галасавання, мы прасілі прызнаць вынікі падліку галасоў несапраўднымі, правесці паўторны падлік, паведаміць нам пра час і месца паўторнага падліку, прыцягнуць да адказнасці асоб, якія дапусцілі фальсіфікацыю выбараў. З ЦВК на гэту скаргу прыйшоў адказ, падпісаны Л. Ярмошынай, што яна разглядаецца ў Пухавіцкай раённай камісіі. А з Пухавіцкай раённай прыйшоў “супер-адказ”: “Социологический опрос, подсчёт избирателей принявших участие в голосовании  разрешён определённому перечню социологических служб аккредитованных Комиссией по вопросам общественного мнения при Национальной академии наук Беларуси, наблюдатели в данный перечень не входят.” Старшыня Пухавіцкай раённай выбарчай камісіі Матусевіч Д. А. змяшаў боб з гарохам . Праводзіць сацыялагічнае апытанне сапраўды па закону дазволена ў Беларусі толькі вызначаным арганізацыям, але пры чым тут падлік выбаршчыкаў, што апускаюць бюлетэнь у скрыню? Гэта ж не сацыялагічнае апытанне, а ўсяго толькі падлік людзей, што прагаласавалі.  Менавіта для гэтага назіральнікі і прыходзяць на выбары. Матусевіч Д. А.так  хацеў бы пазбавіць нас асноўнага права назіральнікаў, што нават новы закон прыдумаў? Напэўна, лічыць нас за дурняў?

 4- я скарга была пра выкарыстанне адміністрацыйны рэсурсу для загону на папярэдняе галасаванне. 6 – 7 кастрычніка некаторыя галасуючыя прасілі ў камісіі даведку пра тое, што яны прагаласавалі датэрмінова. На маё пытанне, навошта гэта папера, выбаршчыкі тлумачылі, што патрабуе начальства,  “у брыгаду”(мар’інагорская брыгада асобага назначэння), “у школу”. Вечарам 7-га мы абмеркавалі гэту з’яву з назіральніцай ад  прафсаюзнай  арганізацыі  газеты “Пухавіцкія навіны”– і 8-га даведкі зніклі. Сакратар камісіі не лічыць гэтыя даведкі парушэннем. Яна паказала мне загадзя надрукаваныя на лісце А4 даведкі і патлумачыла, што яна зрабіла гэта таму, што выбаршчыкі просяць выдаць такую даведку, бо на працы патрабуе начальнік. Прозвішчы некалькіх выбаршчыкаў і іх месца працы мы запісалі. Скарга пра выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу была накіраваная ў раённую выбарчую камісію, пракуратуру і Цэнтральную выбарчую камісію. Мы пісалі, што існуючая сістэма выдачы даведак пра датэрміновае галасаванне сведчыць аб тым, што людзей прымушаюць да датэрміновага галасавання. Гэтым парушаецца ўстаноўленая Канстытуцыяй і Выбарчым кодэксам свабода выбараў: выбаршчык сам вырашае, удзельнічаць яму ў выбарах ці не, за каго галасаваць.

Нам даводзяць думку, што “ўдзел у выбарах — гэта грамадзянскі абавязак”. “Трэба выканаць свой грамадзянскі абавязак!” – гаворыць нам начальнік. Але ж гэта няпраўда. У Канстытуцыі пералічваюцца абавязкі грамадзян Беларусі, а такога абавязку там няма. Чаму? Бо гэта не абавязак, а права. Мы можам ісці на выбары ці не ісці – калі нашы галасы не лічаць, калі выбары без выбара. Не ісці на выбары несумленныя, непразрыстыя, фальшывыя – такое права ёсць у кожнага з нас. Гэта права выкарысталі 37,3% на ўчастку №53 і 40% на участку №47. Але частка выбаршчыкаў гэтага права была пазбаўлена – ім загадалі ісці на выбары і прынесці даведку пра датэрміновае галасаванне!

Адказ на гэту скаргу прыйшоў з Пухавіцкага РАУС: “Опрошенные по данному поводу граждане, а так же  их руководители, пояснили, что к участию в выборах Президента Республики Беларусь  их никто не принуждал, их волеизъявление было свободным и добровольным. …В ходе проверки не установлено фактов принуждения граждан к участию в выборах.  В возбуждении уголовного дела за отсутствием в деянии состава преступления отказать”. А для чаго тады выбаршчыкі  бралі даведку пра тое, што прагаласавалі датэрмінова?

У выбарчай камісіі “усе свае” – толькі ад прадзяржаўных арганізацый, не першы раз праводзяць выбары. Старшыня камісіі – Ала Ралькевіч, дырэктар Мар’інагорскай гімназіі, былы дэпутат Савета рэспублікі. Месца працы астатніх сяброў камісіі засталося таямніцай. Наша просьба да сакратара пра гэту інфармацыю не была  задаволена. Спачатку паабяцала спрасіць дазволу ў старшыні, а потым адмовіла: “Адкуль мы ведаем, навошта вам гэтыя звесткі”. Па размовах сяброў камісіі зразумела было, што гэта настаўнікі з гімназіі, падначаленыя старшыні, і служачыя з вайсковай часткі – брыгады спецыяльнага назначэння. Гэта “сакрэтнасць”, закрытасць  нават у дробязях  яскрава сведчыць пра непразрыстасць выбараў.

Адносіны да незалежных назіральнікаў  насцярожаныя — нават месца ім знайшлося толькі на калідоры. Для “нейтралізацыі” незалежных назіральнікаў выкарыстоўвалі назіральнікаў ад прадзяржаўных арганізацый. Заўвагі аб тым, што мы блізка падышлі да скрыні ці да стала з бюлетэнямі, нам рабіла не старшыня камісіі, а пенсіянер-адстаўнік — назіральнік ад саюза афіцэраў і рэдактар газеты “Пухавіцкія навіны”.

“Нічога нельга зрабіць”, “усё ўжо вызначана,”усё за нас вырашылі”, “важна не тое, як мы галасуем, а тое, як лічаць” – такія настроі пануюць у беларускім грамадстве наконт выбараў. Сапраўды, мы пераканаліся, што сістэма фальсіфікацый адладжана і працуе. Нават наша прысутнасць не перашкодзіла зрабіць прыпіску 50 выбаршчыкаў. Але лічбы, што зафіксавалі незалежныя назіральнікі на двух участках у Мар’інай Горцы, даюць надзею. Яны паказваюць, што большасць людзей у Беларусі не падтрымліваюць Лукашэнку і перамога яго сумнеўная. Перамога гэта  магчыма толькі таму, што прыхільнікі дэмакратычных змен  раз’яднаныя і не ведаюць, што яны ўжо — большасць.

Наталля Ільініч, Святлана Кургановіч —

назіральніцы ад кампаніі “Права выбару”

 

 

 

 


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>