Віктар Крэс: «Лёсы паўстанцаў 1863 года з Ігуменшчыны»

У час, калі паўстанне 1863 года на Беларусі пацярпела паразу, па усіх абшарах Паўночна- заходняга краю запрацавалі суды, выносячы прысуды тысячам людзей, тым ці іншым чынам звязаным з удзелам у паўстанні і патрапіўшым у жорны расійскіх ваенных устаноў — шляхцічам, мяшчанам, сялянам, палякам, літвінам, габрэям, рускім. Як склаліся далейшыя лёсы ўдзельнікаў тых падзей? Вось адзін з тагачасных жыццёвых сюжэтаў.

28 верасня 1864 года ігуменскі павятовы суд асуджае ігуменскага мешчаніна  Берку Нахімавіча Суціна за тое, што “двойчы прымаў  мяцежнікаў у сваім доме і выдаваў ім харчаванне … да пазбаўлення ўсіх грамадзянскіх правоў і высылку на тры гады ў калужскую арыштанцкую роту”. Уся маёмасць, якая існуе і якая можа з’явіцца ў асуджанага па спадчыне ад бацькоў, канфіскуецца (1). Верагодна, гэты прысуд з’явіўся цяжкім ударам для падсуднага, ударам, пасля якога, простаму чалавеку даволі складана стаць на ногі, што ў тыя даўнія часы, што і  сёння, ў 21 стагоддзі. Але Берка Суцін, відаць, быў хлопец моцны духам. Прайшоў час, і мы бачым зусім іншага чалавека — Берка Нахімавіч Суцін, купец другой гільдыі, у 70- 80 гг. 19 стагоддзя валодаў вялізнымі ляснымі масівамі ў  ваколіцах Смалявічаў. Уваходзіў у дзясятку самых заможных лесапрамыслоўцаў тагачаснага Паўночна- заходняга краю. Фінансаваў працу пажарных каманд у Смалявічах, збудаваў у Смілавічах добраўладкаваную лазню. Таксама валодаў у Смалявічах лесапільным заводам і карчмой. Трымаў грошы ў французскіх банках. Па чутках, больш за 4 мільёны рублёў, якія так і засталіся незапатрабаванымі. Да гэтага яшчэ можна дадаць гасцініцу Беркі Суціна ў Менску, так званыя “ мэбляваныя пакоі Суціна ”, на былой вуліцы Преабражэнскай, сучаснай Інтэрнацыянальнай, 11, насупраць кінатэатра “ Перамога”, якая, дарэчы сёння адноўлена і мае назву гатэль “Гарні”(2). Не менш цікавая акалічнасць:  Берка Нахімавіч Суцін быў сваяком Хаіма  Суціна, будучага знакамітага мастака- экспрэсіяніста парыжскай школы, якому ў якасці дапамогі, калі той прыехаў са Смілавіч у Мінск, у 1907 годзе, даў працу рэтушора (3).

Вельмі верагодна, што прозвішча Суцін у гэтай вялікай яўрэйскай сям’і было атрымана на пачатку 19 стагодзя ад назвы вёскі Суцін. Пасля анэксіі зямель Рэчы Паспалітай, па загаду рускай царыцы Кацярыны ІІ, а потым яе сына імператара Паўла, яўрэі, якія разам з іншымі народамі апынуліся ў Расіі, павінны былі атрымаць прозвішчы, якіх да гэтага ў іх не было, яны мелі толькі імя і імя па бацьку. Мэтай гэтага дзяржаўнага патрабавання  быў кантроль і ўлік яўрэяў, якія ў вялікай колькасці з’явіліся ў Расійскай імперыі. Прозвішчы новым грамадзянам даваліся па розных крытэрыях, у тым ліку і па тапанамічных – гэта значыць, па месцы жыхарства. Прозвішча Суцін упершыню з’явілася ў Ігуменскім павеце ў сярэдзіне 19 стагодзя, дакладна ў 1850 годзе (4), у тагачасным мястэчку Пухавічы. Улічваючы вельмі рэдкі тапанонім, бадай што адзіны ва Ўсходняй Эўропе, назва вёскі- Суцін, вядомая ў дакументах і на гістарычных мапах з сярэдзіны 16 стагоддзя, як і тое што першыя яўрэі з’явіліся ў Суціне пасля апошняга падзела Рэчы Паспалітай  у  1795 годзе, да гэтага ваколіца Суцін была прыватнай шляхецкай ўласнасцю, а тагачасныя яўрэі на той час жылі ў кагалах мястэчак Смілавічы, Пухавічы, Ігумен, Дукора, Талька, з вялікай доляй верагоднасці можна меркаваць пра такі варыянт атрымання прозвішча радзіны Суцін (5).

А наш герой апавядання Берка Нахімавіч Суцін, былы ўдзельнік паўстання 1863 года, будучы міліьянер Расійскай імперыі, памёр да кастрычніцкай рэвалюцыі і быў пахаваны на смалявіцкіх яўрэйскіх могілках. Расстраляны падчас акупацыі, са шматлікімі слядамі аўтаматных чэргаў, магутны помнік дажыў да нашых часоў, як сведка заможнасці і ўплывовасці чалавека пад ім пахаванага.

У той жа судовай справе ігуменскага павятовага суда ад 28 верасня 1864 года выносіцца прысуд іншаму ўдзельніку паўстання, двараніну Ігуменскага павета Ігнацію Сцяпанавічу Вернікоўскаму (насамрэч Стэфанавічу, бо ў расійскіх юрыдычных дакументах каталіцкія імёны перакладаліся на адпаведныя праваслаўныя). У прысудзе агучаны вырак: пазбавіць дваранскага звання і саслаць у Сібір. Пазбавіць усяго, азначала для Ігнація Вернікоўскага продаж з публічных таргоў усёй яго рухомай і нерухомай маёмасці і за атрыманы кошт папаўненне дзяржаўных выдаткаў па яго перасяленні ў Томскую губерню. Выклікае цікавасць, што ж належала двараніну- паўстанцу, чым ён ахвяраваў пры магчымай паразе паўстання, у рэшце рэшт, наколькі заможнай была тая наша ігуменская шляхта.

На таргі была выстаўлена частка зямель з маёмасцю ў ваколіцы Ганутава, якая знаходзілася і знаходзіцца зараз каля Ігумена, сучаснага Чэрвеня, і якая належала Ігнацію Сцяпанавічу (Стэфанавічу) Вернікоўскаму з жонкай Агатай, дачкой Марціна Антонавіча Бранявіцкага, а таксама братам Ігнація: Івану, Іллі, Міхалу і сястры Вользе. Агульная плошча гэтых зямель у ваколіцы Ганутава складала 14,83 дзесяціны, прыкладна 15 гектараў, на якой стаялі пабудовы, ў пераліку: хата з сасновых бярвенняў 5 на 4 сажэняў, у сучасным памеры 10 на 8 метраў, крытая саломай, з трыма акенцамі і дзвюма дзвярамі, выстаўленая на продаж за 10 рублёў, чатыры старых хлявы і гумно за 8 рублёў. Уся гэтая маёмасць разам з зямлёй была выстаўлена на продаж, у якім, паміж іншымі прэтэндэнтамі на канфіскат, удзельнічаў святар Мацвей Кірынеўскі, і была прададзена з таргоў 23 сакавіка 1872 года  за 232 рублі мешчаніну Андрэю Баранаву. Частка Ігнація Вернікоўскага была канфіскавана, а частка яго братоў і сястры выдадзена ім на рукі. Ацэнку першапачатковага кошту маёмасці паўстанца праводзілі дваране Іосіф Кавецкі, Міхал Жыдовіч і Антон Татур, за іх непісьменных падпісаўся Іван (Ян) Малішэўскі. Сведкі: Андрэй Мількевіч і Вікенці (Вінцэнт) Татур, за іх непісьменных паставіў подпіс Іван (Ян) Мількевіч, таксама за непісьменных сведкаў распісаўся дваранін Іван (Ян) Скіндзер.

Па гэтай жа справе праходзілі: дваранін Мінскага павету Апалінары Уладзіслаў Свентаржэцкі.  Вырак: пазбавіць шляхецкага звання і саслаць у Сібір, маёмасць канфіскаваць.

Дваранін Слуцкага павету Аляксандр Іванаў Грудзінскі.

Адстаўны юнкер з дваран Навагрудскага павету Вандалін Казіміраў Чэрнік: выслаць на катаржную працу на заводах на 8 гадоў.

 

Ну а як жа наша суцінская шляхта?

Якія лёсы былі ёй наканаваныя пасля паразы паўстання?

У 1866 годзе  Ігуменскім павятовым судом па справе аб продажы участка зямлі ў аколіцы Суцін, належачай удзельніку паўстання 1863 года Казіміру Захарэвічу, быў вынесены вердыкт: узысканне 10% у дзяржаўную казну з даходаў належачых:

Антону Вікенцевічу Ўмінскаму са 170 дзесяцін зямлі ў аколіцы Суцін.

Двараніну Татуру Гілярыю Захар’евічу з 40 дзесяцін зямлі ў аколіцы Суцін.

Окалаву Францу Іванаву, з ¾ дзесяцін зямлі ў аколіцы Суцін.

Корзюку Іосіфу Антонаву, з 20 дзесяцін зямлі ў аколіцы Суцін.

Лёс двараніна Захарэвіча Казіміра Феліцыянава быў нешчаслівым: 40 дзесяцін зямлі ў аколіцы Суцін было загадана прадаць з публічных таргоў і за гэтыя грошы перасяліць яго ў Сібір (6).

Вось так “бездакорна” з тэхнічнага пункту гледжання, вырашаўся далейшы лёс паўстанцаў і так папаўнялася казна Расійскай Імперыі.

Крыніцы

  1. Па справе НГАБ, ф.160, в.1., с. 778
  2. http://shtetle.co.il/shtetls_minsk/smolevichi/gen.html
  3. http://www.ctv.by/novosti-minska-i-minskoy-oblasti/sborovaya-preobrazhenskaya-volockaya-a-nyne-internacionalnaya
  4. Фамилии, основы родословных евреев Минской губернии в XVIII — начале XX веков.Э.Е. Рабинович, Книга №1 Минск 2010 год, с.136-137
  5. Архіварыус №1, Мінск 2001, Р.С. Жаўнярэвіч Радавод Хаіма Суціна с.37-38

 

Віктар Крэсс[i]                   kressviktor@tut.by


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>