Юры Клеванец: “Археалагічныя знаходкі са школьнага музея ў мястэчку Талька”

Юрый Клеванец

Юрый Клеванец

Аўтар –  краязнаўца, пісьменнік, літаратурны крытык Юрый Клеванец з Асіповічаў. Па адукацыі і прафесіі інжынер-канструктар, але інтарэсы Юрыя намнога шырэйшыя за вобласць тэхнікі. Адна з яго ўлюбёных дзялянак – археалогія. Ён даследаваў археалагічныя помнікі Асіповіччыны і Пухавіччыны, апісаў свае адкрыцці ў дзясятках артыкулаў у “Краязнаўчай газеце”, “Асіповіцкі Край”, кнізе “Памяць. Асіповіцкі раён” і інш.. У гэтым артыкуле Юрый Васільевіч зрабіў замалёўкі і фота 19 археалагічных экспанатаў калекцыі школьнага музея ў мястэчку Талька.

Школьны музей у вёсцы Талька Пухавіцкага раёна існуе ўжо каля 30 год. Збор экспанатаў для яго пачала  настаўніца гісторыі Сідаровіч Валянціна Майсееўна, працягнула Іллініч Наталля Валянцінаўна, якая ў той час атрымала размеркаванне ў Тальку пасля заканчэння гістфака БДУ. Зараз за музей адказвае Багдзевіч Данута Міхайлаўна.

Пад музей быў адведзены асобны пакой у школе. Як гэта вядзецца, экспанаты збіраліся ў самой Тальцы і па бліжэйшых вёсках. Іх знаходзіла самі настаўнікі, прыносілі вучні, іх бацькі і знаёмыя. Экспазіцыя адразу была падзелена на 4 часткі. Адна распавядае пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны ў гэтай мясцовасці, другая—пра гісторыю вёсак і этнаграфію, трэцяя прысвечана жыццю ў Тальцы Якуба Коласа, чацьвёртая—археалогіі.   Пра апошнюю мы зараз і павядзем размову.

Усе вёскі ў наваколлі Талькі маюць глыбокія гістарычныя карані. Як і іншыя старажытныя паселішчы, яны месцяцца на берагах рэк і рачулак, паблізу ад гістарычных і археалагічных помнікаў, або нават проста на іх. У выніку гэтага археалагічная экспазіцыя музея папаўнялася кожны год падчас вясновых палявых работ або у сезон збору ўраджаю. Асобна трэба вылучыць калекцыю прадметаў, якія былі знойдзены ўлетку 2002 года, калі ў вёсцы Арэшкавічы праводзіліся “афіцыйныя” раскопкі, кіраўніком якіх была супрацоўніца Інстытута гісторыі НАН Беларусі Ала Ўладзіміраўна Іллюцік. Там таксама ёсць знаходкі, якія загадчыца музея прывезла з з берагоў возера Сялява ў Крупскім раёне, дзе яна разам з дачкой удзельнічала ў раскопках старажытнага паселішча днепра-дзвінскай культуры жалезнага веку. Таксама ёсць некалькі адломкаў  керамікі з паселішча Жужлянка Асіповіцкага раёна, якія адносяцца да культуры штрыхаванай керамікі, культур трэцяй чвэрці першага тысячагоддзя нашай эры і Кіеўскай Русі.

У гэтым артыкуле мы будзем разглядаць у асноўным тыя прадметы, якія былі выпадкова знойдзены ў самой Тальцы або ў яе наваколлях. Яны адносяцца да каменнага веку,  бронзавага і жалезнага вякоў, а таксама да эпохі Старажытнай Русі. Самая вялікая частка з іх—каменныя сякеры, крамянёвыя прылады працы, адшчэпы, нуклеусы.

Аўтар гэтага артыкула лічыць, што ў кожным пэўным мікрарэгіёне, дзе мы бачым скапленне помнікаў эпохі каменю і бронзы, быў хаця б адзін выхад вапнякоў з адпаведнымі канкрэцыямі крэменю. Напрыклад, у Асіповіцкім раёне такіх месцаў два: урочышчы “Краснік” каля вёсак Дрычын і Крамок і “Чырвоны ізвестняк” (так!) каля вёскі Дубролева. Каб зразумець, чаму так шмат знаходак каменных прылад у наваколлі Талькі, трэба звярнуць увагу на ўрочышча “Хімы” каля вёскі Арэшкавічы (“хімас”—мох па-літоўску). Зараз гэта асушанае поле, дзе падчас вясновых работ знаходзяць шмат акамянеласцяў.

Пяройдзем да больш падрабязнага апісання знаходак. Малюнкі зроблены аўтарам з улікам патрабаванняў да тэхнічнага малявання: даецца галоўны від, від злева, пры неабходнасці—від зверху.

  1. Рэжучая пласціна (мал.1). Крэмень чорнага колеру, памеры 24х14х3 мм. Знойдзены ва ўрочышчы Капецкае Поле каля вёскі Дзям’янаўка.
  2. Адломак наканечніка стралы каменнага веку (раней за трэцяе тыс. да н. э.) (мал. 2). Крэмень цёмна-шэрага колеру, памеры 22х20х6,5 мм. Знойдзены ў Мацеевічах на агародзе.
  3. Рэжучая пласціна (мал.3). Крэмень цёмна-шэрага колеру, памеры 31х14х3 мм. Знойдзены на мехдвары ў вёсцы Арэшкавічы.
  4. Нуклеўс (?) (мал. 4). Крэмень чорнага колеру. Мае выгляд прызмы, аформленай шматлікімі сколамі. Памеры 73,5х18х16,5 мм. Знойдзены на ўсходняй ускраіне Арэшкавічаў на агародзе.
  5. Сякера-клiн (мал.5). Крэмень шэрага колеру з цёмнай паласой. Памеры 81х56х15 мм. Знойдзены на балоце Ваяціна, дзе Таль упадае ў Свіслач.
  6. Сякера-клiн (мал. 6). Камень дробназярністы, тыпу базальта, жоўтага колеру. Памеры 95х56х27. Знойдзены ў Тальцы, на агародзе.
  7. Сякера-клiн (мал.7). Крэмень жоўта-карычневы. Памеры 104,5х44,5х30 мм. Знойдзены ў вёсцы Мацеевічы.
  8. Нуклеус (?) (мал. 8). Крэмень карычневы, з цёмнымі плямамі. Адзін бок аформлены шматлікімі сколамі, другі—гладкі. Памеры 84,5х55х21 мм. Знойдзены ў Мацеевічах.
  9. Трохвугольны наканечнiк стралы (мал. 9), тыповы для культур пачатку эпохі бронзы. Крэмень цёмна-карычневы. Памеры 23х16х3 мм. Знойдзены ў вёсцы Блужа на агародзе.
  10. Крамянёвая прылада, верагодна свярдзел (мал.10). Рэжучая частка адламана. Памеры 41х30х4 мм. Колер шэры. Знойдзена ў Церабутах, на гарадзішчы.
  11. Крамянёвы адшчэп (мал. 11). Крэмень чорна-карычневы. Памеры 39х15х5 мм. Знойдзены ў вёсцы Арэшкавічы.
  12. Крамянёвы адшчэп (мал.12). Крэмень карычневы. Памеры 20х20х2,5 мм. Знойдзены ў Церабутах на агародзе.
  13. Нуклеус (?) (мал.13). Крэмень жоўта-карычневы. З дзвюх бакоў аформлены шматлікімі сколамі, якія загладжаны з цягам часу. Памеры 52х41х24 мм. Знойдзены у вёсцы Лявонаўка, на левым беразе Свіслачы
  14. Скрабок (мал.14). Крэмень шэрага колеру з белымі і цёмна-шэрымі плямамі. Памеры 73х40х10 мм. Знойдзены ў Мацеевічах.
  15. Маленькая сякера-клiн (мал. 15). Крэмень шэры, з цёмнымі плямамі. Памеры 44х28х14,5 мм. Знойдзена ў Арэшкавічах.
  16. Адломак глiнянага праселка(мал.16). Дыяметр прыкладна 35 мм, вышыня 10 мм. Знойдзены каля былога хутара Шэлехаў.
  17. Адломак глiнянага праселка (мал. 17). Дыяметр каля 33 мм, вышыня каля 11 мм. Знойдзены таксама каля хутара Шэлехаў. Абодва праселкі—тыповыя для культуры штрыхаванай керамікі жалезнага веку.
  18. Адломак ганчарнай керамiкi ХІ-ХІІ стагоддзяў (мал.18). Эпоха Кіеўскай Русі. Мае тыповы славянскі арнамент. Знойдзены ва ўрочышчы Слаўчанка каля былой вёскі Каменка. Памеры 63х60х9 мм.

Звяртае на сябе ўвагу комплекс знаходак, звычайных для позняга сярэнявечча: гліняныя люлькі  (мал. 19), фрагменты пячной кафлі, адломкі посуду. Усё гэта з вёскі Арэшкавічы. Адтуль жа паходзіць маленькая 8-гранная пацерка чырвонага шкла. Дыяметр 11,5 вышыня 8 мм.

Малюнкі археалагічных знаходак, выкананыя Ю. Клеванцом 

 

 


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>