Здарэнне ў Тальцы, альбо З чаго пачалася выбарчая кампанія Наталлі Ільініч

Аўтар: Марыя Эйсмант

Газета Народная воля 26 ліпеня 2016

Наталля Ільініч

Наталля Ільініч

Былая настаўніца гісторыі з вёскі Талька Пухавіцкага раёна Наталля Ільініч зарэгістравала ініцыятыўную групу і пачала перадвыбарную кампанію за дэпутацтва. У групе Ільініч нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч! З такой падтрымкай, трэба думаць, праблем са зборам подпісаў, рэгістрацыяй у кандыдаты і агітацыяй быць не можа.

Але пачалася кампанія для Наталлі з прыкрага інцыдэнту.

Яе абвінавацілі ў аварыі, ДАІ наклала штраф у 1 мільён 50 тысяч недэнамінаваных рублёў і яшчэ патрабуюць 20 мільёнаў за рамонт пашкоджанага аўтамабіля.

– Не хацелася б казаць, што гэта правакацыя, рабіць нейкія паралелі, – кажа Наталля. – Але, мне падаецца, што ў ДАІ вельмі аднабока падышлі да разгляду гэтай справы. Заўважу, што балатавацца па нашай Пухавіцкай акрузе збіраецца дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў, міліцэйскі генерал Валерый Гайдукевіч.

Што ж здарылася?

2 ліпеня мы з суседкай і яе ўнучкай Машай гналі з поля карову з цялушкай. Я спецыяльна прашу суседзяў дапамагаць мне, бо ведаю, што паводзіны ў малога цяляці непрадказальныя. Мы жывём у вёсцы Талька на вуліцы Васільева. Гэта вуліца асфальтаваная, але не цэнтральная, вядзе ў лес і да вёсак Суцін, Каменка, Мацеевічы. Гэта край Пухавіцкага раёна, вялікіх населеных пунктаў там няма, і ў будныя дні машын на дарозе зусім мала, у выхадныя трохі больш, бо людзі едуць на лецішча, у лес.

Адным словам, мы перайшлі вуліцу на перакрыжаванні ў самым пачатку вёскі і ўвесь час рухаліся па ўзбочыне. Ужо дайшлі да майго дома, Маша пабегла крыху ўперад і адчыніла вароты, карова і цяля стаялі на мастку. І тут насупраць мастка з’ехаліся дзве машыны. Мы паказвалі жэстамі кіроўцу чырвонага аўтамабіля, што ехаў па бліжэйшай да нас паласе, каб ён спыніўся, пакуль карова і цяля зойдуць у двор. Ён бачыў перашкоду і спыніўся, але чамусьці ля самых жывёл даў рэзкі гукавы сігнал. Цяля ад рэзкага гуку шарахнулася, раптоўна выбегла на праезную частку і трапіла пад другую машыну, якая неслася па другой паласе. Цяля загінула, аўто атрымала пашкоджанне. Мяне зрабілі вінаватай, што не ўтрымала жывёлу, і ДАІ загадала мне аплаціць штраф у 5 базавых велічынь.

Не разумею: чаму мяне зрабілі вінаватай? Афіцэр ДАІ, які складаў пратакол, нават не збіраўся высвятляць хуткасць, з якой рухаўся вадзіцель пашкоджанага аўто: тармазнога следу, маўляў, няма. Чаму начальнік ДАІ апраўдвае кіроўцу, які не знізіў хуткасць, убачыўшы кароў з пагоншчыкамі на дарозе? Акрамя таго, самі даішнікі ў СМІ папярэджваюць, што рэзкі гукавы сігнал аўтамабіля – адна з галоўных прычын ДТЗ і ў населеных пунктах увогуле забаронена сігналіць. Сігнал можа давацца толькі ў адным выпадку – для папярэджання ДТЗ. Але ў нашай сітуацыі на дарожна-транспартнае здарэнне і намёку не было. Мы самі спынілі жэстамі чырвоны аўтамабіль.  І ён, спыніўшыся,  чамусьці прасігналіў проста на вуха жывёлам! Чаму ж пра гэта ў пастанове начальніка ДАІ нават не ўзгадваецца?

Начальнік ДАІ гаворыць такімі ж словамі, як і кіроўца пашкоджанай  машыны Аляксандр Матус, што забіў цяля: маўляў, вы не маеце права ганяць жывёлу па дарозе, гэта дарога для аўтамабіляў. Ганяйце агародамі, сцежкамі ці трымайце ў хляве. Але ж мая хата стаіць на вясковай (!) вуліцы, мы тут жывём, трымаем падсобную гаспадарку. Гэта не аўтамабільная траса, дзе сапраўды забаронены рух жывёл!  Які закон забараняе нам хадзіць тут і ганяць сваю жывёлу? Раней у вёсцы  было шмат кароў, ганялі цэлы статак, і машыны спыняліся, прапускаючы кароў. І, між іншым, “пацярпелы” кіроўца  бачыў, што адбываецца на дарозе, бо яна добра праглядаецца, ніякіх перашкод няма. Ён бачыў, што насустрач яму рухаецца чырвоны аўтамабіль, а на мосце – жывёла, якая можа весці сябе непрадказальна, і таму павінен быў знізіць хуткасць, каб у выпадку чаго ўвогуле спыніцца. Чаму ён не зрабіў гэта? Цяпер ён заяўляе, што мае намер падаваць заяву ў суд, каб я кампенсавала яму рамонт аўто, які быццам бы каштуе 20 мільёнаў старымі грашыма. А тое, што загінула маё цяля, – хто мне кампенсуе страты?

Пагадзіцеся, сітуацыя неадназначная. Але вінаватая ў ДТЗ, паводле версіі ДАІ, толькі я. Кіроўца чырвонага аўтамабіля, што сігналіў ля жывёл, не вінаваты. Кіроўца  Матус, што бачыў карову з цялём і ляцеў па вясковай вуліцы, не сцішыўшы хуткасць, таксама невінаваты. А для мясцовых начальнікаў усё як найлепш складваецца: вырашыла Ільініч пайсці ў дэпутаты – дык яе штрафамі задушым.

– Вы нейкім чынам збіраецеся аспрэчваць рашэнне ДАІ?

– Канешне. Збіраюся пісаць скаргу супраць несправядлівай пастановы ДАІ ў суд і падаваць сустрэчную заяву ў суд на кіроўцу з патрабаваннем кампенсаваць страту цяляці.

На што яшчэ звяртаю ўвагу: назаўтра пасля ДТЗ на мой тэлефон было некалькі званкоў з нумара 8029-6014958. Гаварыў аўтаадказчык: “Ваш тэлефон праслухоўваецца. Усё, што вы скажаце, можа быць выкарыстана супраць вас”. Як гэта расцэньваць? Як псіхалагічны ціск.

Сярод маіх сяброў няма адназначнага меркавання, ці трэба ўдзельнічаць у гэтых выбарах. Мы шмат спрачаліся. Я раздумвала, што рабіць. Адступіць, не пачаўшы барацьбы? Ініцыятыўная група ўжо сабрана. Людзі далучыліся да мяне, а я ўцяку? Вырашыла: буду ўдзельнічаць, тым больш маючы падтрымку з боку самой  Святланы Алексіевіч! А гісторыі з ДТЗ хачу надаць галоснасць, каб яны ведалі, што ўсе іх рашэнні па гэтай справе будуць на грамадскім кантролі.

 

АСАБІСТАЯ СПРАВА

Наталля Ільініч – сябра Партыі БНФ. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2010 года збірала подпісы за кандыдатаў у прэзідэнты Рыгора Кастусёва і Алеся Міхалевіча, была на Плошчы 19 снежня 2010 года. А 27 студзеня2011 г. адміністрацыя Талькаўскай школы, дзе Наталля выкладала гісторыю і грамадазнаўства, не працягнула з ёю працоўны кантракт. Аднавіцца на працы Ільініч спрабавала праз суд. На судовым пасяджэнні на яе карысць сведчылі былыя вучні, бацькі, настаўнікі. Калегі сцвярджалі, што звальняць Ільініч нельга, бо яна –  прафесіянал, якіх у школе засталося няшмат. Тым не менш суд позву Ільініч не задаволіў. Больш за тое, нідзе ў Пухавіцкім раёне Наталля дагэтуль не можа знайсці працу ў школе.

Дырэктар Талькаўскай школы Наталля Меркуль, якая не працягнула з Ільініч працоўны кантракт, і суддзя Пухавіцкага раённага суда Святлана Акуліч, якая не аднавіла на працы Наталлю Ільініч, у 2011 годзе трапілі ў чорны спіс неўязных у Еўрасаюз. У 2014 годзе Акуліч, а ў 2015-м Меркуль з гэтага спісу выключылі.

Зараз Наталля Ільініч працуе рэпетытарам, займаецца краязнаўствам, аграэкатурызмам, праводзіць экскурсіі па краі. Удзельнічае ў праектах ГА “Таварыства беларускай школы”. Рэдактар настаўніцкага метадычнага сайта aacenka.by, ментар на курсах дыстанцыйнага навучання па актыўнай ацэнцы для настаўнікаў. Сааўтар кнігі “Актыўная ацэнка ў дзеянні: вопыт настаўнікаў Беларусі”.

 

 

 

 

 

 

 


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>