Напад на пікет у Мар’інай Горцы

Аўтар: Наталля Ільініч

Газета Народная воля 29 ліпеня 2016 г.

20 ліпеня на наш пікет ля магазіна “Чыгуначнік” у Мар’інай Горцы напаў чалавек, якога вы, шаноўныя чытачы, бачыце на здымку. Яму не спадабаўся наш бел-чырвона-белы сцяг. Гаварыў, што мы не маем права стаяць з такім сцягам. Што мы хочам Майдана, а ён не хоча, таму будзе нас біць.

Мы былі ўтраіх – Святлана Кургановіч, я і Мікалай Андрэевіч Усціменка. Планавалі правесці пікет з 15.30 да 17.30. Шмат людзей падыходзіла, ставілі подпісы, размаўлялі. Увогуле пікет быў спачатку вельмі пазітыўны, прыемны для нас.

Правакатар падышоў у самым пачатку, пастаяў, сказаў некалькі крыўдных слоў пра сцяг і сышоў. Увесь час з кімсьці размаўляў па тэлефоне. Калі наш час падыходзіў ужо да заканчэння, зноў падышоў і стаў паводзіць сябе агрэсіўна: зневажаць, крычаць і пагражаць. Міхаіла Усціменкі ў гэты момант з намі не было, адышоў на некалькі хвілін, і спачатку мы са Святланай спрабавалі супакоіць апанента, тлумачыць яму тое-сёе, але ён не хацеў нас слухаць. Стала ясна, што ён мае намер распачаць бойку. Тады Святлана патэлефанавала Мікалаю Андрэевічу, і ён прыбег на дапамогу. Таксама спрабаваў супакоіць хулігана, але той не супыняўся. Я патэлефанавала ў міліцыю ў 17.18 і прасіла абараніць, прыехаць як мага хутчэй. Міліцыя ж побач, на суседняй вуліцы, на адлегласці метраў трыста.

Дзяжурны сказаў, што ведае пра наш пікет, зараз прыедуць. Правакатар, пачуўшы, што я выклікаю міліцыю, сышоў. Нам трэба было бегчы на электрычку, а міліцыя ўсё не з’яўлялася. Мы планавалі завяршыць пікет у 17.30, бо Святлана спяшалася на работу на Мінск, а мне трэба было дабірацца ў Тальку. Таму мы міліцыі не дачакаліся, застаўся толькі Міхаіл Усціменка. Міліцыя прыехала праз 10 мінут аж 6 чалавек з аўтаматамі.

Аднак стражы правапарадку адмовіліся складаць пратакол: маўляў, прэтэндэнтка на кандыдатства ў дэпутаты адсутнічае, няма сведкаў. Але назаўтра я адвезла ў міліцыю здымак гэтага ці то хулігана, ці правакатара, напісала заяву. Нападнік не быў падобны на п’яніцу: нармальна апрануты, паголены. Мне падаецца, знайсці гэтага чалавека для нашых органаў не праблема. Калі захочуць, вядома ж. Праўда, сказалі, што будуць шукаць. У любым выпадку я буду працягваць сваю выбарчую кампанію.

З Пухавіцкага РАУС 01.08.16 прыйшоў адказ на маю заяву пра напад на пікет 20.07.16 у М.-Горцы: “установить лицо, которое устроило с Вами скандал вблизи магазина “Дорорс” не представилось возможным”. Начальнік аддзела Сечка Г. І. абяцае працягнуць пошукі.

Хуліган ці правакатар

Хуліган ці правакатар


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>