Цэнзура па-пухавіцку

Газета Народная воля 19 жніўня 2016 г.

Аўтар — Вольга Грынявіцкая

– Ніяк не можам дамовіцца са старшынёй Пухавіцкай акруговай камісіі Дзянісам Матусевічам наконт тэксту біяграфічных звестак у плакаце, што будзе выдадзены на дзяржаўныя грошы і вісець на вызначаных месцах, – расказвае кандыдат у дэпутаты Наталля Ільініч. – Гэта самы масавы матэрыял і таму старшыня сказаў, што нельга, каб на фота быў лагатып Партыі БНФ і “Пагоня” – трэба, каб быў белы фон, як ва ўсіх. Сцёрлі “Пагоню”. Але потым ён заявіў, што нельга тэкст даваць на беларускай мове, толькі на рускай, як ва ўсіх.

Тут я ўжо не вытрымала – патэлефанавала ў ЦВК і паскардзілася. Адтуль патэлефанавалі ў Мар’іну Горку і парэкамендавалі дазволіць публікаваць біяграфію на беларускай мове. Па словах Наталлі, тэкст біяграфіі – 4 абзацы, фота яна даслала ў акруговую камісію яшчэ 11 жніўня. 17-га паехала ўзгадняць улётку і схапілася за галаву! З біяграфіі кандыдата камісія выкрасліла звесткі пра тое, што Наталля нарадзілася ў сям’і настаўнікаў, што яна – настаўнік вышэйшай катэгорыі, што зараз займаецца аграэкатурызмам, рэдакціруе настаўніцкі метадычны сайт aacenka.by і з’яўляецца сябрам Таварыства беларускай школы. Ну і што ўжо зусім незразумела – з плаката пасля правак камісіі знік сказ: “Пісьменніца Святлана Алексіевіч, лаўрэат Нобеля-2015, падтрымала маю кандыдатуру і ўвайшла ў ініцыятыўную групу”.

– Затое не забыліся пра маю судзімасць і самі пра гэты факт з маёй біяграфіі дапісалі, – кажа Наталля. – У 2007 годзе мяне судзілі за тое, што быццам бы я падстракала доктара даць фальшывую даведку для дачкі. Выгляд такой біяграфіі – жахлівы. Хочуць прадставіць мяне нікчэмнай маргіналкай. А я лічу, што выкрасленая інфармацыя важная, бо сведчыць, што пасля звальнення са школы за ўдзел у Плошчы 2010 года я не загінула, а здолела навучыцца зарабляць, знайсці прымяненне сваім сілам і рэалізавацца без дзяржавы. Гэта інфармацыя сведчыць пра салідарнасць у нашым раз’яднаным грамадстве і пра наяўнасць грамадскіх арганізацый. Актыўная ацэнка – паспяховы праект Таварыства беларускай школы, а сёння ўжо падхоплены і “Настаўніцкай газетай” і Міністэрствам адукацыі.

Наталля напісала скаргу ў абласную выбарчую камісію. – Сілы марную не на агітацыю, падрыхтоўку выступленняў, а на мышыную валтузню, – рэзюміруе кандыдат у дэпутаты. – Калі не даб’юся ўнясення звестак пра Алексіевіч і настаўніцкі метадычны сайт, то буду здымацца з гэтага спектакля пад назвай “выбары”. Дарэчы, 19 жніўня, у 19.15 Наталля Ільініч звернецца да сваіх выбаршчыкаў у эфіры тэлеканала СТВ, а 31 жніўня ў 7.15 будзе выступаць на радыё “Мінская хваля”.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>