Свята адбылося 6 кастрычніка на Коласавай паляне.
Сёлета мы віталі Таццяну Барысік, Міхася Булавацкага, Алену Вайцяшонак, Аляксея Галіча, Міколу Дашыневіча, Змітра Захарэвіча, Змітра Крэса, Андрэя Мельнікава, Уладзіміра Рунцэвіча. Дзякуй, паважаныя сябры, што даехалі ў Тальку і парадавалі нас сваімі выступленнямі!
Адметнасцю гэтай сустрэчы стала прэзентацыя вельмі чаканай кнігі “ Ігуменская шляхта ў Сібіры”, якую напісала і прывезла да нас аўтарка Алена Кароўчанка.
Надвор’е, як і абяцалі, стаяла прахалоднае, але дажджу не было, а сонца раз-пораз выглядала з-за хмарак.
Мост праз Таль трохі парамантавалі, таму пераправа праз рэчку сёлета прайшла без прыгодаў. Затое на паляне нас чакаў непрыемны сюрпрыз. Першым, хто прыйшоў рыхтаваць вогнішча, адкрылася жудасная карціна: увесь лес вакол паляны зрэзаны, а ўтульная прастора палянкі закідана галлём. Цяжка было нават пазнаць мясцовасць. Алесь Сабалеўскі, Ігар Свірыд з сябрам Сяргеем, Уладзімір Рунцэвіч цэлую гадзіну прыбіралі галлё да прыходу асноўнай групы, каб расчысціць хаця б частку прасторы. Вельмі ўдзячная вам за гэта, паважаныя госці-удзельнікі! Калі прыйшла асноўная група, ўжо гарэла вогнішча, і мы ўсе далучыліся да працы па прыборцы.
Хто і навошта так па-драпежніцку здратаваў прыроду ў гэтым сакральным для беларускага сэрца месцы? Інфармацыю пра жыццё і творчасць паэта ў Тальцы можна прачытаць тут. Менавіта пра гэту мясціну Якуб Колас напісаў: “Мне Загібелька лепш Парыжа”… Што б ён напісаў сення, паглядзеўшы на гэту спляжаную тэрыторыю? Талькаўскі ляснічы Віктар Шулякоўскі заверыў мяне, што яны не секлі тут лес, бо гэта, маўляў, тэрыторыя Цэльскага лясніцтва, і ўвогуле яго сёлета ў нашай справе “не задействовалі”. На маё пытанне, чаму ж ён, калі гэта не іх тэрыторыя, у мінулыя гады ўстанаўліваў тут фотапастку перад фэстам і, апрануўшы мундзір, прыходзіў на паляну “папярэджваць” нас падчас свята, ён адказаў, што яго “папрасілі” гэта зрабіць важныя органы. Ды так настойліва “прасілі”, што мог страціць сваю працу.
У Цэльскім лясніцтве я мела размову з майстрам леса Уладзімірам Камароўскім. Ён пацвердзіў, што лес вакол Коласавай паляны зрэзалі яны, бо “напаў верхавінны жук.” Праведзена, маўляў, суцэльная высечка, бо іначай немагчыма перамагчы жука. Сказаў, што галлё будзе прыбранае да снежня 2019 г., а ў наступным годзе там пасадзяць новы лес. Проста “так супала”, што лес высеклі і не паспелі прыбраць да нашага мерапрыемства.
Фота і відэа зрабілі Надзея Бацілава, Яўген Батура, Алесь Сабалеўскі.
Вялікі дзякуй вам, сябры!
Спасылкі на фота- і віэаальбомы глядзіце ўнізе старонкі.

Паэт з Мар’інай Горкі Уладзімір Рунцэвіч — пастаянны госць Талькаўскага фэсту. Фота Алеся Сабалеўскага.
Алена па прафесіі біёлаг, але зацікавілася лёсам суцінскай шляхты, сасланай за ўдзел у паўстанні 1863 г. у Томскую губерню, таму што яе маці з роду Вернікоўскіх. Больш інфармацыі пра ўдзел нашых землякоў у паўстанні, спіс сасланых можна чытаць тут, на сайце талька-інфо. У кнізе адлюстраваны гісторыі сем’яў Татураў, Вернікоўскіх, Скіндэраў, Умінскіх, Нерэйтараў, Акаловых, Чарняўскіх, Пятроўскіх, Корзюкаў, Шпакоўскіх на працягу 200 год ад пачатку 19 ст. да нашага часу. Для гэтага Алена вывучала архіўныя дакументы, метрыкі касцёлаў, вяла перапіску з нашчадкамі суцінцаў. Атрымалася грунтоўнае і цікавае даследаванне.
Крэсы сёння жывуць у Мінску, але маюць карані ў Суціне, іх бабуля Марыя паходзіць ад родаў Панятоўскіх і Скіндэраў.

Алена Вайцяшонак чытае свой твор-успамін пра Суцін і свайго мужа Віктара Крэса, які пакінуў нас у 2016 годзе . Фота Надзеі Бацілавай.
Даследаванні Віктара Крэса пра Суцін можна прачытаць тут, на сайце талька-інфо.
Фотаальбом Алеся Сабалеўскага Талька 2019 на фэйсбуку
Фотаальбом Надзеі Бацілавай Талька-2019 на фэйсбуку
Фота- і відэаальбомы Яўгена Батуры на фэйсбуку 12 відэа