Юрый Клеванец. Памяць пра род Дараганаў у Асіповічах

У асіповіцкім раённым краязнаўчым музеі адкрылася мемарыяльная зала Дараганаў, былых уладальнікаў маёнтка Дараганава (зараз—станцыя чыгункі і аграгарадок у Асіповіцкім раёне), а таксама вялікіх зямельных абшараў у суседнім Старадарожскім раёне.

Хто такія Дараганы? Род Дараганаў выходзіць з Палтаўшчыны. Сярод дакументаў, звязаных з казацкім войскам на Ўкраіне, ёсць і звесткі аб тым, што адзін з продкаў гэтай фаміліі даслужыўся да чыну палкоўніка—гэта высокі статус.

Потым, калі Ўсходняя Ўкраіна ўвайшла ў склад Расіі, статус Дараганаў трохі панізіўся: у вялікай краіне было шмат палкоўнікаў і да стварэння Пятром І сапраўднай арміі. Да таго ж Дараганы не маглі мець прэтэнзіі  на  верхнія прыступкі феадальнай лесвіцы ў Расіі, якія ўжо былі занятыя князямі, баярамі, акольнічымі. Такім чынам, род быў багаты, з пэўнымі каранямі, але ж вядомы і статусны толькі ў межах сваёй Палтаўскай губерні. Дараганы па традыцыі служылі ў войску, на флоце, ці былі штатскімі чыноўнікамі не самага малога, але ж і не найвялікшага рангу.

Ідэя набыць землі, якія пасля смерці расійскага падданага князя Пятра Вітгенштэйна не мелі прамога ўласніка (бо ў Вітгенштэйна не было дзяцей, а ягоныя сваякі па сястры, герцагі Гагенлоэ, былі грамадзянамі Германіі, і таму не мелі правоў на зямельную нерухомасць у Расіі), прыйшла да Восіпа Дарагана, які займаў значную пасаду ў Міністэрстве шляхоў зносін імперыі, калі было вырашана пракладаць Лібава-Роменскую чыгунку. Увогуле, развіццё чыгуначнага транспарту ў той вялікай краіне заўсёды выклікала ажыўленне зямельна-маёмасных адносін у тых мясцінах, дзе павінна была прайсці чыгуначная лінія. Чыноўнікі, якія загадзя мелі інфармацыю аб будаўніцтве, ці іхнія сваякі заўсёды імкнуліся купляць там участкі, бо кошт гэтых зямель з цягам часу значна павышаўся.

Вось так, дзякуючы вялікім чынам і прадпрымальніцкім якасцям аднаго са старэйшых прадстаўнікоў клана, сям`я  Дараганаў набыла значную частку маёмасці Вітгенштэйна, а раней—Радзівілаў. У сучасным Асіповіцкім раёне гэта былі маёнткі Жыцін, Крынка, Майсеевічы, Пратасевічы, Радуцічы. Усяго больш за 30 тысяч дзесяцін зямлі.

Трэба заўважыць, што на погляд чалавека ХVІІІ, ці нават першай паловы ХІХ стагоддзя гэтыя лясныя ці балотныя абшары не маглі лічыцца вельмі прывабнымі, бо толькі каля 10% з іх былі разараны. Але ж пасля будаўніцтва чыгункі ўсё мянялася. А таму новыя ўладальнікі завялі лясную гаспадарку з адмысловай вартай, арганізавалі пракладку просек так, каб падзяліць кожную з “дач” з дзелавой драўнінай на 80 частак і потым высякаць па адной кожны год.

Паралельна па дамоўленасці з кіраўніцтвам чыгункі за кошт уладальнікаў зямель вялося будаўніцтва чыгуначнай веткі са станцыі Асіповічы на Старыя Дарогі даўжынёй каля 40 кіламетраў з мастамі, станцыямі Старыя Дарогі і Дараганава, раз`ездамі. Пры гэтым места для Дараганава было выбрана проста сярод лесу.

Праз 9 месяцаў работы былі скончаны. Дзяржава выкупіла новую чыгунку ў сваю ўласнасць. Пачаўся вываз лесу, гандаль прывазнымі таварамі, пры станцыях выраслі паселішчы лесарубаў з яўрэйскімі крамамі. Усё гэта—адна з ілюстрацыяў развіцця капіталізма ў Расіі, калі маёмасць ад вытанчаных, але непрактычных транжыраў, нашчадкаў старых феадальных фамілій пераходзіла да хцівых і няўрымслівых прадпрымальнікаў.

У Дараганава і каля Крынкі былі пабудавані драўляныя і мураваныя дамы новых уладальнікаў, але ж Дараганы былі на гэтай зямлі наездамі, часцей за ўсё—на лета. Сам сапраўдны стацкі саветнік Восіп Дараган з сям`ёй жыў па месту службы, то ў Варшаве, то ў Рызе, дзе кіраваў Рыжска-Арлоўскай чыгункай. Астатнія суродзічы—землеўладальнікі таксама займаліся кожны сваімі справамі. Адзін з сыноў старэйшага гаспадара, Восіп Восіпавіч, цікавіўся мясцовай этнаграфіяй, збіраў песні і казкі, фатаграфаваў мужыкоў. Чыгуначная лінія працавала спраўна, капіталы фаміліі раслі.

Але ж вось здарылася рэвалюцыя, сям`я Восіпа Дарагана пераехала з Рыгі праз заліў у Фінляндыю, дзе ў Дараганаў таксама была маёмасць. Прыйшлося некалькі “апрасціцца”, жыць сталі хоць і не бедна, па-ранейшаму мелі слуг, але ўжо не па-генеральску. Прыйшлося самім гадаваць трусоў і касіць сена. Новае пакаленне, як і ў іншых рускіх эмігрантаў першай хвалі, разляцелася па ўсяму свету.

Новая старонка нашага аповяда пачынаецца з мяжы 70-80 гадоў мінулага стагоддзя, калі французская вучоная-філолаг Надзін Маршан, праўнучка Восіпа Дарагана, прыехала ў Маскву на  навуковую канферэнцыю. Паміж справамі Надзін паехала ў Дараганава. Маёнтка каля Крынкі яна ўжо не ўбачыла: у ім у часы Другой Сусветнай вайны немцы зрабілі канцэнтрацыйны лагер для яўрэйскіх дзяцей, потым будынак зруйнавалі партызаны. Амаль ніякай памяці пра Дараганаў не засталося. Прыкладна праз 15 год пры школе ў Дараганаве намаганнямі былой настаўніцы Зінаіды Рыгораўны Верашчака быў створаны краязнаўчы музей. Работнікі музея не адзін год шукалі нашчадкаў Дараганаў, пісалі лісты да Надзін. Лісты яна атрымлівала, але ж адказваць не спяшалася. Аднак усе ж у 2010 годзе Асіповіччыну наведаў яшчэ адзін праўнук Восіпа Фёдаравіча, Андрэй Дараган з жонкай. Тады і было вырашана перадаць асіповіцкаму музею частку фамільных рэчаў былых землеўладальнікаў. У 2012 годзе адбылася яшчэ адна сустрэча, а у лютым наступнага года музей атрымаў асноўную частку калекцыі. Амаль год вялося мытнае афармленне, і толькі зімой 2013 зала Дараганаў была ўрачыста адчынена.

Зараз экспазіцыя Дараганаў займае тры пакоі. Першы з іх—“сталовая”. Тут сабрана мэбля пачатку мінулага стагоддзя, сталовыя сервізы, зробленыя болей за сто год таму. Самы стары экспанат—сапраўдны персідскі дыван, якому ўжо болей за 250 год.

У другім пакоі сабраны прадметы побыту сям`і Дараганаў: вопратка, парасоны, чамаданы, абутак і гэтак далей. Сучаснаму чалавеку цікава, напрыклад, убачыць на ўласныя вочы плашч з сапраўднага натуральнага каўчука, які вельмі добра захаваўся.

Трэці пакой—прылады працы з фінскага “гнязда” Дараганаў. Гэтыя фінскія рэчы знешне падобны да тых, што рабіліся і на Беларусі, але ж толькі знешне. Так напрыклад, у касы квадратнае ў сячэнні касавішча, сякеры маюць іншую форму ляза, вялікія штампаваныя са сталі сярпы маюць добра бачнае рабро, каб не гнуліся. Шмат розных па памерах паліваных металічных бідонаў—хутчэй за ўсё, для збору і перапрацоўкі малака.

Скончым гэтыя радкі запрашэннем да ўсіх наведаць экспазіцыю асіповіцкага краязнаўчага музея.

 


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>