3 кастрычніка на Коласавай паляне за ракой Тальлю сабраліся аматары беларускай музыкі і паэзіі.
Слухалі барда Андрэя Мельнікава, спявачку Патрыцыю Свіціну, паэтаў Уладзіміра Рунцэвіча, Славаміра Адамовіча, Сяргея Крачкоўскага, гурт Балцкі субстрат, танчылі пад дуду Міколы Дашыневіча. Ніна Багінская чытала вершы П. Севярынца, Н. Гілевіча і ўласныя.
Свае ўражанні і фота ад свята даслаў Сяргей Крачкоўскі:
«У гэту суботу, 3 кастрычніка, адбыўся чарговы Талькаўскі фэст. Дагэтуль я пра яго ніколі не чуў (аказваецца, гэта свята праходзіць ў мястэчку з 2002 года!), а ў гэтым годзе мне аб ім рассказала Наталля Ільініч, настаўніца з Талькі, якая з’яўляецца арганізатарам свята. Шчыры дзякуй ёй ад усіх удзельнікаў фэста і ад мяне! Я адразу загарэўся жаданнем туды трапіць і паклікаць іншых людзей. Але мы жывем у палоне стэрэатыпаў. Маўляў, беларускасць – гэта БНФ, нацыяналізм, а значыць – нешта небяспечнае. Таму я са знаёмых не запрашаў нікога.
Свята адбываецца ў лесе на Коласавай паляне, за ракой Таль. Дарэчы, на гэтай паляне стаяла хата лесніка Волеся Бранавіцкага, у якога ў 1935 г. жыў з сям’ёй Якуб Колас і напісаў тут некалькі вершаў, паэму “Міхасёвы прыгоды”, працаваў над аповесцю “Дрыгва”.
Чалавек было каля 30. Але якія! На мерапрыемстве была сама Ніна Багінская – легенда беларускага руху.
Пісьменнік Славамір Адамовіч, паэт Уладзімір Рунцэвіч, фольк-спявачка Патрыцыя Свіціна, якая адмовілася ад прэзідэнцкай стыпендыі па падтрымцы таленавітай моладзі. Дзяўчына сказала, што “не можа атрымліваць яе ад улады, якая калечыць і забівае людзей”. Быў бард Андрэй Мельнікаў, што славіцца сваімі ўласнымі песнямі.
Але пра ўсё па чарзе.
Пачалі мерапрыемства традыцыйна з песні »Магутны Божа» у выкананні Андрэя Мельнікава і ўсіх жадаючых. Мне падалося, што падчас спеву гэтай малітвы на хвілінку прарваліся прамяні сонца Надвор’е, шчыра кажучы, было хмарнае. Але вогнішча і гарбата дазвалялі сагрэцца, а вясёлая атмасфера адцягнула ўвагу ад пахмурнага надвор’я. Спявалі »Тры чарапахі». Наогул было шмат музыкаў. Быў і выдатны пазітыўны дудар Мікола Дашыневіч і яшчэ адзін гітарыст Васіль Хадневіч. Пазней пад’ехаў гурт “Балцкі субстрат”, падцягнулася группа моладзі.
Пад дуду танчылі і гулялі ў розныя народныя гульні. Разам спявалі »Купалінку» з таленавітай спявачкай, Юліяй Некраш, якая аказалася настаўніцай. На мой погляд, сапраўднай каштоўнасцю мерапрыемства стала выступленне маладой прыгожай дзяўчыны Патрыцыі Свіцінай. Яна спявала гучна, неверагодна прыгожа і чыста. Усе жадаючыя маглі прадэманстраваць свае навыкі спева ці валодання інструментамі. Зарадзіцца самому добрым настроем і зарадзіць іншых. Вось сутнасць беларускага фэста і беларускай натуры.
Музыка і танцы – не адзіная творчасць, што была на фэсце. Людзям давялося паслухаць і вершы. Як старога пакалення, так і малога. Першым свае вершы чытаў паэт Уладзімір Рунцэвіч. Вершы яго прысвечаныя вайне і яе вынікам ў наш час. А дакладней, пра дзяцей вайны і аб тым, як да іх ставіцца цяперашняя ўлада. Пазней выступіў таксама пісьменнік Славамір Адамовіч са сваімі вершамі, што былі прысвечаны падзеям у Беларусі ў гэтым годзе, прэзентаваў свае кнігі. Гучалі і вершы Якуба Коласа. Альбіна Евіліна прачытала верш паэта »Мне Загібелька лепш Парыжа…». Аказваецца, недалека ад гэтай паляны была да 1935 г. весачка з такой назвай, якую апеў класік.
Свае першыя вершы прачытаў я, Сяргей Крачкоўскі. Увечары, перад адыходам, Ніна Багінская падчас прамовы таксама прачытала свой уласны верш, які яна напісала, калі ў маладосці пакідала Беларусь і ехала на вучобу ва Украіну. Таксама яна прачытала вершы Паўла Севярынца і Ніла Гілевіча.
Было нямала дзяцей, і ім таксама не давялося сумаваць. Яны самастойна, як дарослыя, займаліся сваёй справай: будавалі будан.
На фэсце была магчымасць і падсілкавацца. Хтосьці смажыў смачнае сала і каўбаскі. Хтосьці прынёс з хаты ежу. А хтосьці частаваў усіх смачнай юшкай, ад якой усе былі ў захапленні. Былі і дыванкі, калі хтосьці хацеў, мог сесці ці легчы адпачыць. Мужчыны, хто адчуваў сябе загартаваным, хадзілі купацца ў рэчку Таль.
У палове на шостую гадзіну людзі пачалі ўжо разыходзіцца. Пайшоў і я ў гэты час, але мерапрыемства яшчэ працягвалася. Аматары вячэрняй лясной атмасферы ля вогнішча засталіся да самага позняга вечара.
Што я магу сказаць? Гэта выдатнае мерапрыемства. Яно выдатна не столькі сваёй беларускасцю, колькі сваёй атмасферай і сваім настроем. Такія мерапрыемствы даюць магымасць пазнаёміцца землякам адзін з адным, даведацца пра творчых асобаў нашага краю і проста адпачыць ад шэрага жыцця. Мерапрыемства, канешне, будзе і ў наступным годзе, а там, спадары, справа ваша – ехаць і стаць удзельнікам мясцовага цуда ці застацца дома.»