Паходжанне назваў

Спрадвечныя назвы нашай зямлі

І сёлаў імёны — як гукі цымбалаў…

Пятрусь Броўка

Тут была вёска Загібелька

Тут была вёска Загібелька

На Зямлі ўсё мае сваё імя. Назвы скрозь, яны вакол нас. Яны жывуць сваім асабістым і агульным з намі жыццём. Існуе навука пра назвы — анамастыка, а ў ёй вялікі раздзел тапанімікі. Тапаніміка — навука пра паходжанне геаграфічных назваў. Тапаніміку называюць мовай зямлі, бо геаграфічныя назвы апавядаюць нам пра характар народа, яго гісторыю, яго схільнасці і асаблівасці побыту. Толькі не ўсе чуюць гэты аповед. Каб пачуць і разгадаць яго, трэба старанная праца над картамі, кнігамі, дакументамі, уменне слухаць людзей, разважаць.

Большасць назваў вёсак нашага краю лёгка тлумачыцца асаблівасцямі прыродна-геаграфічных умоў, паходжаннем ад імёнаў людзей, асаблівасцямі гістарычнага развіцця.

Група назваў, што паходзяць ад асаблівасцяў

прыродна-геаграфічных умоў

Талька — гэта назва-характарыстыка паходзіць ад слова «талы». Так называюць незамярзаючыя ці позна замярзаючыя вадатокі, крынічкі, рэчкі, а таксама месцы рана адтаючых талых грунтаў16. Ад гэтага і назва нашай ракі — Таль, а ад назвы ракі паходзіць назва вёскі. Назвы з коранем «тал» шырока распаўсюджаны ў Беларусі. Таліца — рака, прыток Арэсы, сістэма Пцічы. Талуць — вёска ў Ваўкавыскім раёне. Талькаўшчына — вёска ў Слонімскім раёне.

Руды. У аснове гэтых назваў ляжыць слова «руда». На Беларусі каля 80 назваў з коранем «руд». Такая назва падказвае, што паселішча ўзнікла ў той мясціне, дзе некалі здабывалі ці выплаўлялі з балотнай руды жалеза. Ваколіцы такіх паселішчаў могуць быць зонай павышанай увагі геолагаў. У Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці, якраз у тых мясцінах, дзе знаходзіцца вёска Рудня, геолагі знайшлі жалезную руду. Напэўна, невыпадкова на берагах ракі Таль аж дзве вёскі з назвамі Рудня, Руды.

Каменка. Гэта назва паходзіць ад слова «камень». На палях той вёскі было многа камянёў-валуноў. Людзі штогод збіраюць іх, зносяць на ўскрай поля, але каменне ўсё роўна не меншае. Гэтыя валуны прынёс на Беларусь старажытны ледавік са Скандынаўскіх гор.

Арэшкавічы. Назва паходзіць ад слова «арэшнік». У наваколлях вёскі было, відаць, шмат арэшніку.

Каляюгі. У аснове кораня гэтай назвы ляжыць слова «каляіна, каляюга» — выбоіна на дарозе. Праз вёску ці каля яе праходзіла дарога, у якой утварыліся глыбокія каляіны.

На Малінавай градзе.

На Малінавай градзе.

 

Малінаўка, Калінаўка, Чароты, Вялікае Поле, Блужскі Бор. Усе гэтыя назвы выразна гавораць аб сваім паходжанні, лёгка тлумачацца прыроднымі асаблівасцямі мясцовасці.

Назвы, што вынікаюць з асаблівасцяў гісторыі мясцовасці

Слабодка. Так называліся паселішчы, жыхары якіх вызваляліся ад розных дзяржаўных або феадальных павіннасцяў (падаткаў). Насельніцтва такіх пасяленняў не ведала прыгону. Слабоды былі характэрны для Беларусі да XVIII ст. З XVIII ст. слабоды як спецыфічны тып пасяленняў знікаюць: яны ператвараюцца ў вёскі або мястэчкі. У шэрагу выпадкаў былыя агульныя назвы (слабада, слабодка) становяцца ўласнымі назоўнікамі. Са словам «слабада» або яго варыянтамі на Беларусі існуе больш за 150 назваў-тапонімаў. У Пухавіцкім раёне акрамя нашай Слабодкі ёсць вёска Зацітава Слабада, в. Слабада каля Шацка. Паходжанне слова «слабада» зразумелае: у аснову такіх найменняў пакладзены назоўнік «свабода», які ў народнай мове пераўтварыўся ў слова «слабода». Такім чынам, літаральна ў паселішчах-слабодах жылі свабодныя, самастойныя, незалежныя жыхары.

Назвы, што паходзяць ад імён, прозвішчаў ці мянушак

Яны паходзяць ад імён, прозвішчаў ці мянушак людзей, першапасяленцаў ці асоб, якім належала зямля, дзе ўзнікла паселішча. Такія назвы называюцца патранімічнымі.

Мацеевічы — ад імя Мацей.

Дзям’янаўка — ад імя Дзям’ян.

Лявонаўка — ад імя Лявон.

Яноўка — ад імя Ян.

Суцін - паходзіць ад прозвішча (яўрэйскага?) Суцін. Існуе легенда, што даўно-даўно купец Суцін стаў распрацоўваць лес на продаж. А край наш быў лясны, балоцісты. Вось гэта месца, што было выцераблена Суціным, стала паселішчам з назваю Суцін.

Назвы, што паходзяць ад заняткаў людзей

Церабуты. Назва паходзіць ад слова «церабіць», гэта значыць высякаць, карчаваць лес, хмызняк. Вёска Церабуты ўзнікла на правым беразе р. Свіслач на выцерабленай ад лесу мясціне.

Насыцк (Насыцак). Паходзіць назва ад слова «насыціцца», значыць наесціся, быць сытым.

Весалоў (Весялова). Зразумела, што ў аснове гэтай назвы ляжыць слова «вясёлы».

Зніклыя вёскі:

Загібелька,

Руды,

Крачкоў,

Баршчоўка,

Яблаўка,

Рабіна,

Стаўпішча,

Галінаўка,

Рэпішча,

Паплавы,

Дзяроўцы,

Вярхі,

Купала,

Гарадзішча.

Напэўна, гэта яшчэ не поўны спіс. Гэта толькі тое, што змаглі ўспомніць сталыя людзі. Некаторыя з іх былі ці нават жылі ў адной з гэтых вёсак.

Напрыклад, Доўнар (у дзявоцтве Лабанок) Марыя Іосіфаўна цяпер жыве ў в. Блужа, а нарадзілася яна ў 1909 г. у вёсцы Крачкоў і жыла там да 1927 г., пакуль не выйшла замуж. Яна расказвае: «У Крачкове было 17 хат. Дужа прыгожая вёска была. Жылі заможна. Шмат працавалі на гаспадарцы: летам у полі, а зімой пралі, ткалі. Моладзь збіралася на вячоркі ў адной хаце. Дзяўчаты пралі, спявалі. На свята ездзілі ў Тальку на базар, у Блужу ў царкву.

У 30-я гады пачалася калектывізацыя, сталі рабіць ваенны палігон, і ўсе вёскі, хутары, што былі ў лесе за Таллю, пассялялі ў Тальку ці ў Слабодку».

Вёскі памерлі разам са сваімі садамі, вуліцамі, жыхарамі. Разам з усім пералічаным яны панеслі ў нябыт свае імёны, спрадвечныя імёны, у якія людзі ўклалі свае пачуцці, назіранні, уражанні. Паміраюць вёскі, знікаюць назвы, бяднее наша мова. Праўда, вёску Загібелька абессмяроціў Якуб Колас, напісаўшы пра яе некалькі вершаў.

Рэпішча. Так цяпер называюць ваенны палігон, утвораны ў лясным масіве. Засталася Крачкова грэбля. Ну, а астатнія?

Суцешымся хаця б тым, што ўзгаданы сышоўшыя ў нябыт назвы. А напісанае, кажуць, застаецца.

Назвы ўрочышчаў каля Талькі:

Малінавая града, Ласіныя ямы,

Мурашава балота, Ваяціна (балота),

Сарафінава гара, Паддуб’е (поле),

Слаўчаўкаў лес, Грымячае (возера),

Барсукі (лес), Шкуцішын хутар,

Яўсейчыкава паляна, Майсееўшчына (лес),

Крачкова грэбля, Лысая гара (поле).

Чайны дзедка (паляна),

каля Арэшкавіч

Курлясы, Ельнік,

Дзягцярня, Ніўка,

Хімы, Пралом,

Каменне, Кіпячка,

Зайкішча, Малабалонне.

каля Суціна

Язвіны, Зубель,

Слаўчолка, Галіны,

Сарафін, Арабіны,

Гарадок, Красная града.

Шандронава паляна,

каля Мацеевіч і Каменкі

Мурашава балота, Крутавіца (лес),

Кладкі (луг), Нусаў (балота, частка Мурашава),

Гаць, Забор’е (балота, частка Мурашава),

Кругліца (поле), Грабавец (балота, частка Мурашава),

Зарэчча (поле), Макавішча,

Градкі (лес), За брадамі,

Калодніца (лес), Жадын калодзеж,

Барок, Падкабэрда,

Падвалоб’е (лес), Дранінкі (лес),

Папоўшчына (поле), хутар Гурэцкага,

Маручкова імшарына, хвойнік Крэпскага,

Замена, Сарафін,

Барысоўшчына, Люштыкаў сахран,

Слабада, Чайны дзед (паляна)


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>