Школьніцтва

Талькаўская школа

Суцінская школа

Мацеевіцкая школа

Школа ў Арэшкавічах

Пачаткі школьніцтва

\

Першая школа ў нашай мясцовасці адкрылася ў 1869 г. пры Блужскай Успенскай царкве. Багацейшыя сяляне з Арэшкавічаў, Суціна, Слабодкі аддавалі cвaix хлопчыкаў у гэтую школу.

У 1875г. у Блужскім народным вучылішчы было 24 хлопчыкі i 1 дзяўчынка. Вучыла ix настаўніца Аляксандра Халявінская, а Закон Божы выкладаў святар Іосіф Віторскі.

У 1900г. у Блужскім вучылішчы займалася 43 хлопчыкі і 2 дзяўчынкі. Настаўнікам быў Васіль Макарэня, веры праваслаўнай, на гэтай працы з 1897 г., атрымліваў 240 руб. Закону Божаму вучыў Канстанцін Шчарбінскі, атрымліваў за гэта 25 руб.

У 1913г. у Блужскім аднакласным 3-гадовым народным вучылішчы працавалі настаўніцы Любоў Лісіцкая i Аляксандра Шымко, а святаром быў Уладзімір Яльцоў. Акрамя граматы i арыфметыкі дзеці вучылі малітвы, зубрылі катэхізіс, гісторыю Старога i Новага Запаветаў. Працягнуць сваю адукацыю дзеці маглі ў двухкласных народных вучылішчах з пяцігадовым курсам навучання (3 гады ў першым класе i 2 у другім) у Блоні, Дукоры, Пярэжыры, Цітве.

Талька ў тыя часы была пераважна яўрэйскім мястэчкам. Дзяцей сваіх яўрэі вучылі ў школцы пры Талькаўскай сінагозе, што стаяла насупраць цяперашняй Талькаўскай аптэкі.

У Суціне жылі пераважна католікі-шляхта. Многія з ix былі пісьменнымі. Напэўна, дзетак-католікаў вучыў ксёндз пры касцёле св. Антонія на Сарафіне.

У 1873г. праз нашую лясную балоцістую мясцовасць прайшла Лібава-Роменская чыгунка. Гэта спрыяла росту гаспадаркі i культуры краю. У 1911г. на Беларусі нарэшце была праведзена земская рэформа — створаны органы мясцовага самакіравання — земствы, якія адкрывалі на свае сродкі школы, бальніцы. Ужо ў 1912г. у нашай мясцовасці земства адкрывае 4 новыя школы — у Арэшкавічах, Слабодцы, Спічніку i Суціне.

У «Памятнай кніжцы Мінскай губерні на 1913г.» спіс школ нашага краю выглядае наступным чынам: Блужскае аднакласнае народнае вучылішча — Любоў Лісіцкая, Аляксандра Шымко; Арэшкавіцкае — Алена Русава; Слабода-Талькаўскае — Аляксандра Ржэцкая; Спічнікоўска-Сталыпінскае — Амвросій Рудкоўскі; Суцінскае — Аляксандра Бяляева.

 

Ярмакі

 

Ярмак Яўген Лявонавіч з жонкай. Фота 1913 года.

Ярмак Яўген Лявонавіч з жонкай. Фота 1913 года.

Пяць настаўнікаў з такім прозвішчам працавалі ў школах нашага краю ў першай палове XX ст.

Наталля Васільеўна Ярмак — маці Мікалая, Яўгена, Людмілы i Сцяпана. Нарадзілася яна ў 1856 г. у вёсцы Тонеж Мазырскага павета Мінскай губерні. Закончыла 6-класнае духоўнае жаночае вучылішча ў Парычах Бабруйскага павета ў 1874 г. Вядома, што ў 1912 г. яна працавала ў Пухавіцкім народным вучылішчы, а з 1913 г. у Суціне разам са сваім сынам Мікалаем. У 1922 г. яны абодва згадваюцца ў дакументах як шкрабы (школьныя работнікі) Суцінскай школы.

Мікалай Лявонавіч Ярмак, 1887 года нараджэння, скончыў у 1907 г. Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. З гэтага часу працаваў настаўнікам — у 1912 г. у вёсцы Угалец, у 1913-1926 гг. у Суціне, а з 1926 да 1946 г. жыў i працаваў у Арэшкавічах. Цяпер у нашай школе вучацца прапраўнукі Мікалая Ярмака — Алікавы Алег, Маша i Насця, Кінзякееў Сяргей.

Людміла Лявонаўна Ярмак нарадзілася ў 1893 г. у Мінску, закончыла Мінскія 2-гадовыя педагагічныя курсы ў 1916 г. З 1918 г. працавала настаўніцай у Слабода-Талькаўскай школе. У 20-30-я гг. яе перавялі ў вёску Турын, i там яна працавала, напэўна, аж да самай пенсіі. Пасля вайны яна зноў пераязджае ў Тальку, напэўна, каб быць бліжэй да брата Мікалая, што жыў са сваёй вялікай сям’ёй у Арэшкавічах. Сваёй сям’і ў Людмілы Лявонаўны не было.

Яўген Лявонавіч Ярмак нарадзіўся ў 1892 г., закончыў Нясвіжскую семінарыю ў 1912 г. У 20-я гг. працаваў ва Угодзінскай школе, потым з’ехаў у Расію, там таксама працаваў настаўнікам.

Пра Сцяпана Ярмака вядома толькі тое, што ў 1925 г. ён працаваў настаўнікам у Капейніцкай школе Пухавіцкага раёна. Вось такая славутая сям’я Ярмакоў.

Наталля Ільініч

Блужскі настаўнік Аркадзь Заблоцкі

Сям'я Заблоцкіх у ссылцы ў Якуціі, г. Алдан, прыіск Верхнесталінскі, Аркадзь другі злева, 1934 г.

Сям’я Заблоцкіх у ссылцы ў Якуціі, г. Алдан, прыіск Верхнесталінскі,
Аркадзь другі злева, 1934 г.

З 1950г. жыве ў Блужы Аркадзь Канстанцінавіч Заблоцкі. 32 гады ён выкладаў у Блужскай школе англійскую мову, 10 гадоў быў дырэктарам. Жыццё яго — сведчанне трывучасці беларускага духу, які, пабыўшы ў пекле сталінскай ссылкі, у нечалавечых умовах не толькі выжыў фізічна ( што ўжо нямала!), але здолеў вывучыцца, стварыць добрую сям’ю i жыць без злосці на той свет, які так жорстка абышоўся з ім і яго роднымі.

Нарадзіўся Аркадзь Заблоцкі ў 1922г. у в. Савалуцк (цяпер Любанскі р-н) у сям’і земляробаў. Бацькі жылі на хутары, мелі 3 валокі зямлі. Гэта была сям’я сялян-сераднякоў.У 1930г. вялікую сям’ю Заблоцкіх (5сыноў, 2 дачкі) раскулачылi і выслалі ў Якуцію, у Алданскі р-н. За першы страшны год ссылкі памерлі бацька i маленькая сястрычка.На фатаграфіі 1934г. сям’я ўжо без ix.

Здаецца, усё гора свету свеціцца ў вачах маці — Міхаліны Мацвееўны. У 1940г. Аркадзь закончыў 10 класаў, атрымаў дазвол i паехаў вучыцца ў Томск, там закончыў на выдатна 1-гадовыя настаўніцкія курсы, факультэт англійскай мовы. Пасля заканчэння яго накіравалі ў Аляксандраўскую СШ Юргінскага р-на. Гэта быў 1941г., пачалася вайна. У 19 гадоў юнак прасіўся на фронт, але не ўзялі — «неблагонадёжный, сын кулака, врага народа». У кастрычніку 1942г. у армію сталі браць ycix (Сталінград!). Аркадзь тpaпiў на Курскую дугу. Быў паранены. Шпіталь у г. Стары Аскол, потым аперацыя ў г. Гур’еве, выдалілі асколак — рана зажыла. Па сканчэнні вайны выйшаў загад, каб ycix настаўнікаў тэрмінова накіравалі ў школы.

У кастрычніку 1945г. Аркадзь дэмібілізаваўся i вярнуўся ў Алдан, да маці. Яна жыла там са старэйшай дачкой Ефрасінняй. Усіх сыноў «ворагаў народа» Заблоцкіх Савецкая улада забрала на вайну, прыдаліся ў цяжкі час. Трое Заблоцкіх — Аляксандр, 1912г. н., Іван, 1914г., Мікалай, 1925г., — з фронту не вярнуліся, «выкупілі віну крывёю». Толькі якую віну? Mіхаліна Мацвееўна з горыччу, бывала, казала, што вось як выганялі з дома дзетак, марылі голадам, пякліхоладам у той Сібіры, то дзеці яе савецкай уладзе былі непатрэбныя, а калі вайна ўдарыла, дык спатрэбіліся і «кулакі».

Аркадзя накіравалі на працу ў СШ № 23 г.Алдана. Тут ён сустрэў Аню Краснапольскую, таксама з сям’і раскулачаных. Сям’я Краснапольскіх была выслана з Ельскага раёна Беларусі. «Як гэта вы знайшлі ў Якуціі беларуску?» — здзіўляемся мы. «Больш паловы жыхароў Якуціі тады былі беларусы», — адказвае Аркадзь Канстанцінавіч. Няма слоў. Во дзе расцярушаныя нашы сілы. А высылалі ў тую Ciбip лепшых ва ўсе часы — i пры царах, i пры Сталіне — самых разумных, працавітых, адукаваных, бо такія найбольш небяспечныя для ўлад. Можа, таму мы сёння такія рахманыя, няздольныя нават на паляпшэнне свайго жыцця?

Хутка Аркадзь з Ганнаю ажаніліся. Гэта было каханне i шчасце на ўсё жыццё. Мы бачым у пакоі Аркадзя Канстанцінавіча на самым відным месцы партрэт вельмі прыгожай маладой жанчыны.

У 1950г. дактары загадалі жонцы памяняць клімат з-за сардэчнай недастатковасці. Яны вярнуліся на Беларусь. У гэтым жа годзе Заблоцкага Пухавіцкае рана накіроўвае ў Блужу настаўнікам англійскай мовы. Аркадзь Канстанцінавіч успамінае, што тады школа працавала ў некалькіх прыстасаваных будынках ( адзін з ix — дзе цяпер лясніцтва). У 50-я гг. тут яшчэ стаяў дом пана Булгака, жылі там нейкія людзі. Hiхто не рамантаваў маёнтак, таму ён паціху разбураўся, а потым быў знесены. Сёння ад сядзібы Булгакаў засталіся толькі паграбы i ліпавыя прысады.

Электрычнасці ў 50-я гг. яшчэ не было, вучыліся пры газавых лямпах. Настаўнік Тышкевіч устанавіў у школе самаробны рухавік i падключыў да школы электрычнасць. Гэта было дзіва. У 1956г. Блужская школа стала 10-годкай, у 1970г. была пабудавана мураваная тыпавая школа. Жонка Аркадзя Канстанцінавіча працавала бібліятэкарам, потым загадчыцай СДК. Выгадавалі трох харошых дзяцей, шмат унукаў. Такой сям’ёю, такой працай можна ганарыцца. Нягледзячы на ўсе перашкоды, жыццё ўдалося.

Мы пытаем, ці прыйшлося калі, ужо жывучы на Беларусі, адчуць на сабе напамін пра ссылку? Канешне, i не раз. Напрыклад, калі бралі на працу ў Пухавіцкі раён, то чыноўнік рана ў паперцы знайшоў запіс i энергічна даводзіў, што бярэ на работу сына раскулачанага, гэта значыць, ворага народа, і таму той мусіць ведаць сваё месца. Нікому, акрамя родных, Аркадзь Канстанцінавіч, відаць, не расказваў пра гэты факт біяграфіі, бо вучні ягоныя 60-70-х гг. нічога пра блуканні па пакутах свайго настаўніка не ведалі. Вельмі здзіўляліся, пачуўшы гэта ад нас. Няма ўжо побач з Аркадзем Канстанцінавічам дарагой жонкі, трагічна загінуў у катастрофе сын — ці не занадта шмат выпрабаванняў для аднаго чалавека? Свецяцца розумам i дабрынёй вочы чалавека. Свецяцца вокны ў дагледжаным цагляным дамку, што недалёка ад школы. Дай Вам Божа, настаўнік, моцы, дужасці, здароўя i надалей. Вы патрэбныя нам, вашым дзецям і вучням.

Людміла Жышкевіч, Наталля Ільініч


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>