Як дзялілі мацеевіцкія лясы

Дом Булгакаў у Мацеевічах, 2010 г.

Дом Булгакаў у Мацеевічах, 2010 г.

Пра гэта расказваецца ў судовай справе «Аб размежаванні мацеевіцкіх лясоў, што знаходзяцца ва ўладанні спадчыннікаў памешчыка Лісоўскага і казённых сялян в. Мацеевічы. 1853-1869 гг.»(НГАБ, ф.160, воп.1, спр.354)

Справа гэтая была распачата Мінскай палатай дзяржаўных маёмасцяў па загаду Ляснога дэпартамента — гэта значыць дзяржавай — з-за таго, што пасля паўстання 1831 г. сарафінскі кляштар францысканцаў быў зачынены, а землі ягоныя, падараваныя Янішэўскімі, забраныя дзяржавай. Другою ж часткай Мацеевічаў валодаў Тамаш Лісоўскі, а ў 50-я гг. ХІХ ст. ужо яго малалетнія спадчыннікі, якія жылі ў Навагрудскім павеце.

Старая мяжа, праведзеная паміж Янішэўскімі і Скіндэрамі ў 1748 г. і апісаная ў раздзельным дакуменце, згубілася,межавыя знакі раскідаліся за 100 год. Акрамя таго, у 1748 г. межавая камісія пад кіраўніцтвам Яленскага не падзяліла з-за аб’яўленай спрэчкі з уладальніцай суседніх смілавіцкіх зямель Марцыбеліяй Завішанкай і суцінскаю шляхтаю землі, што знаходзіліся ў закладзе, — Запруддзе, Чэлехаў, Копыш, Жорнава, Аснова, Доўгі, Дзістаў. Не былі падзелены ў 1748 г., а пакінуты ў агульным карыстанні Скіндэраў і Янішэўскіх па агульнай згодзе вялізныя прасторы лесу над Блужаю — пушчы Баркі і Старына. Таму ў 1853 г. Мінская палата дзяржаўнай маёмасцяў звярнулася ў Ігуменскі павятовы суд з патрабаваннем размежаваць мацеевіцкія землі.

Зямлі ў маёнтку Мацеевічы налічвалася тады добрай, зручнай — 366,5 дзесяціны, няўдобіцы — 103 дзес., лесу — 1274,72 дзес. і ў агульным карыстанні з Лісоўскім 1565,69 дзес. Суд запатрабаваў дакументы, якія б даказвалі правы ўладальнікаў. Таму пры гэтай справе знаходзяцца вельмі цікавыя дакументы — фундуш на заснаванне Мацеевіцкага (Сарафінскага) кляштара францысканцаў, дадзены Янішэўскімі ў 1762 г., і размежаванне Мацеевіч паміж Янішэўскімі і Скіндэрамі 1748 г. Абодва дакументы былі адшуканы ў іншай судовай справе — па спрэчцы святара Мацеевіцкай уніяцкай царквы С. Урбановіча з сарафінскімі ксяндзамі-францысканцамі. Абодва гэтыя дакументы на польскай мове. Трэба дадаць, што да 1831 г. большасць дакументаў Ігуменскага павятовага суда пісаліся па-польску, а пасля паўстання 1831 г. — па-руску. Гэта вынік змены ўрадавай палітыкі ад паланізацыі да русіфікацыі.

У 1859 г. частку Мацеевіч Лісоўскіх купіў Юльян Булгак, і ўжо канчатковы падзел адбыўся паміж казною і Булгакам.

Праект размежавання быў складзены ў 1858 г., але Лясны дэпартамент не задаволіўся такім раздзелам. Чаму ж? 1) Напрамак галоўнай лініі раздзелу блужскай мяжы не быў абазначаны на самім плане і ў раздзельным акце не было падлічана, колькі лесу, якой якасці і ў якіх урочышчах павінна паступіць ва ўладанне казны. 2) Калі ў справе няма апісання і ацэнкі лясных угоддзяў, то без гэтага нельга зрабіць вывад, ці выгадна для казны такое размежаванне Мацеевіцкай лясной дачы. Таму Лясны дэпартамент прапанаваў вярнуць справу назад у Ігуменскі суд і дапоўніць яе ў адпаведнасці з гэтымі заўвагамі.

Канчатковае размежаванне мацеевіцкіх лясоў, што знаходзіліся ў агульным карыстанні казны і памешчыка Булгака, адбылося толькі 29 кастрычніка 1864 г.

Была праведзена лінія ад пункта Данілаў вугал да блужскай мяжы. На правы бок ад гэтай лініі ляжаць лясы, што аддаюцца казне, ва ўрочышчах Восіпава града, частка ўрочышча Мурашава, Данілаў вугал, Градка, Восіпаў вугал. Прастора казённых лясоў — удобных 664 дзес. 489 квадратных сажняў, няўдобіц — 137 дзес. 1654 кв. сажні — усяго 801 дзес. 2145 кв. сажняў.

У карыстанне ж памешчыка Булгака адыходзяць землі на левы бок ад лініі ва ўрочышчах Боркі, Язвіна, Старынка, Гарадзец, частка Мурашава і другі ўчастак, што знаходзіцца асобна, пад назваю Чэлехаў, Запруддзе і Зубель-Капец. Усяго ў абодвух участках памешчыку Булгаку ўдобіц — 600 дзес. 1 кв. сажань, няўдобіц — 116 дзес. 470 кв. сажняў, усяго 746 дзес. 2199 кв. сажняў.

Заключэнне рэвізора: «Паманастырская Мацеевіцкая дача мае хвалісты рэльеф, на поўдзень ад рэчкі Талькі значна паніжаецца, утвараючы балота. Глеба пясчаная. Пануючая парода сасна, змешана з елкаю, бярозаю і асінаю.

Пры падрабязным аглядзе ўчастак казны больш зручны і выгадны для гаспадарання. Ён знаходзіцца ў адной суцэльнай плошчы, таму за дачаю будзе лягчэй весці нагляд, бо ўвогуле рабіць гэта няпроста, асабліва ў паўднёвы бок, які аддзелены ракой Талькаю і непраходным балотам. Каб агледзець яго, акрамя зімняга часу, мясцовая лясная стража павінна абысці 10 вёрст. Паўночная частка не менш цяжкая для нагляду, бо ўваходзіць вузкаю паласою ў прыватныя дачы, аддзелена балотам і акружана прыватнымі паселішчамі. Каштоўнасць лясных матэрыялаў, што растуць на абодвух участках, амаль аднолькавая, і розніца кошту ў тым, што Булгаку дадзена лесу больш на 257 рублёў 47 капеек. Пры канчатковым размежаванні трэба гэтую частку спагнаць з памешчыка, і тады падзел будзе зусім справядлівы.

Лес казны ацэнены ў 7957 рублёў 66 капеек.

Лес Булгака — 8215 рублёў 13 капеек».(НГАБ, ф.160, воп.1, спр.354, арк.271).

Вось так лясны рэвізор ахарактарызаваў мацеевіцкія лясы.

У судовай справе апісаны падрабязна кожнае ўрочышча, якія пароды пераважалі, якая вышыня дрэў, таўшчыня. Асобна падлічаны будаўнічы лес, асобна дровы, калы, жэрдкі, — вось якую вялікую працу зрабілі землямеры і лясныя рэвізоры.

 


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>