Мацеевіцкая царква

Мацеевіцкая каплічка, 2010 г.

Мацеевіцкая каплічка, 2010 г.

Сёння на мацеевіцкіх могілках стаіць невялікая паўразбураная каплічка, асвечаная ў імя Ільі Прарока. Апошні раз тут былі службы, хрысцілі дзяцей, вянчалі, адпявалі нябожчыкаў у 50-я гады ХХ ст. Гэта рабіў святар Блужскай Успенскай царквы айцец Іван Рабіза. З таго часу яна стаіць закінутая, але ўсё яшчэ прыгожая і велічная. Па пісьмовых архіўных крыніцах вядома, што ў XVIII ст. гэта царква была уніяцкай. Лідскі мечнік, уладальнік Мацеевіч у першай трэці XVIII ст. Франц Скіндэр, падараваў царкве вялікі царкоўны звон. Але больш за ўсіх добрых спраў для гэтай царквы зрабілі ўладальнікі Мацеевіч Казімір і Бенядзікта Янішэўскія.

11 лютага 1762 г. яны далі фундуш на карысць Мацеевіцкай уніяцкай царквы і святара, а потым інвентар з абмежаваннем, які быў пацверджаны 31 ліпеня 1769 г. у Мінскім гродскім судзе.

У 1762 г. Янішэўскія заснавалі ў Мацеевічах каталіцкі касцёл і кляштар францысканцаў.Але будынак касцёла, відаць, яшчэ не быў закончаны, таму манахі-францысканцы і уніяцкі святар знаходзіліся ў будынку Мацеевіцкай уніяцкай царквы. Уніяты, такім чынам, далі прытулак францысканцам. Гэта зразумела з тэкста «Інвентара і абмежавання Мацеевіцкай царквы»: «Як будзе пабудавана ў Мацеевічах каменная царква ці другая драўляная, то мацеевіцкія францысканцы адразу ж пяройдуць з цяперашняй старой драўлянай царквы ў новапабудаваную з усім сваім царкоўным начыннем…, а цяперашнюю драўляную царкву тутэйшыя францысканцы павінны тутэйшаму уніяцкаму святару аддаць цераз вознага Мінскага ваяводства. Калі ж гэтая царква з часам састарэе і разбурыцца, то няхай нашым коштам будзе пабудавана новая пад назваю Святой Тройцы», — завяшчалі Янішэўскія.(НГАБ, ф.160, воп.1, спр.17)

У гэтай царкве яны прасілі зрабіць алтары: адзін вялікі і 2 вуглавыя, у якіх будуць наступныя абразы: у вялікім алтары абраз Св.Тройцы са срэбнымі каронамі, на правы бок — абраз Багародзіцы ў срэбнай рызе, на левы бок — абраз з двума святымі Казімірам і Бенядзіктаю. Янішэўскія абавязаліся перадаць у гэту царкву 5 пар драўляных фарбаваных падсвечнікаў, 3 пары малых сталовых падсвечнікаў з волава і жоўтай медзі, шаўковую рызу з арарыем, 3 абрусы, Евангелле, Трэбнік, алтар для хрэснага ходу, святы сасуд, скрыню на святыя дары з […] і крыжом, дараносіцу з прамянямі, лыжачку для святых тайнаў, кадзільніцу з жоўтай медзі, пасудзіну для святой вады, крыж для хрэснага ходу, а таксама плябань [гэта значыць дом] для мацеевіцкага плябана [святара]. Плябань павінна быць такая: пакой белы на 4 вялікія акны, 2 дзвярэй на петлях і круках з жалезнымі засаўкамі, печ з зялёнай кафлі, комін з цэглы, падлога з цэглы, насупраць людская з печчу, лавамі, сталом і трыма вокнамі з простага шкла. Пры плябані павінна быць пабудавана канюшня, хлеў, паветка, амбар, вароты з брамаю, на варотах жалезнае колца і вялікі крыж. Вакол плябані спераду плот, а ззаду пляцень, пры плябані сажалка і калодзеж, гумно і сенніца новая.

Янішэўскія бралі на сябе абавязак даць уніяцкаму святару тузін новага алавянага посуду, па 6 відэльцаў, нажоў, лыжак, медную флягу з драўлянаю закруткаю на 3 гарнцы, вінакурны вялікі медны кацёл, новы чан на варыва, вядры 2, хлебную дзяжу 1, ночваў 2, рэшата, гаршкоў чорных 10, сякеру 1, касу 1, скобель 1, долата 1, калёсы адны, простыя сані, барану 1, раменны хамут, павозку на пару коней, хамутоў 2, тры калоды пчол, серп, нажніцы для вырабу карыт і ночваў, два валы цаною 10 талераў, каровы дзве цаною па 5 талераў, цялушак дзве па 2 талеры, кабылу цаною 6 талераў, свіней 3, індыкі 3, гусі 3, качкі 3, хлеба — жыта 2 бочкі, гароху, бобу, пшаніцы па 1/4 бочкі, грэчкі 1/2 бочкі, ячменю і аўса па 2 бочкі, сена мурожнага 10 вазоў. Землі для святара даваліся наступныя — пад яравы пасеў ва ўрочышчы Коўшык 1 валоку, пад азімы пасеў 2 валокі ва ўрочышчы Пелі. Пры апісанні межаў гэтых валок згадваюцца наступныя знакі: хата Свідзінскага і гумно Яські Гарбачэнкі, вёска Скіндэраў, малы цагляны завод, Барсуковы горы, Саколле балота, вялікі цагляны завод, рэчка Ялавіца (Талька).

Яшчэ мацеевіцкаму святару даваўся сенакос на Закорчы па абодва бакі рэчкі Ялавіцы, 10 вазоў, за Выдрычам на балоце, як ехаць на Сінчу зімняю дарогаю, можна ўзяць харошых зімніх 20 вазоў.

Мацеевіцкаму святару і пераемнікам яго дазвалялася малоць муку на мацеевіцкім млыне на свае патрэбы, у сваёй плябані мець вінакурню і ў ёй рабіць піва, варыць мёд, гнаць водку толькі на свае патрэбы, лавіць рыбу, але толькі там, дзе будуць лавіць мацеевіцкія сяляне, з мацеевіцкага лесу браць дрэва на паліва і пабудовы, дзерці луб, лыкі, сячы дрэва на тыны, абады, дугі толькі для ўласнай патрэбы, а не для продажу. Можна ў мацеевіцкіх лясах і на палях біць усякую дзічыну і птушку, пасвіць коней і быдла, дзе вясковы люд пасвіць, а таксама збіраць грыбы і ягады.

Мацеевіцкі прыход невялікі, даходы ад яго будуць бедныя святару, таму фундатары выдзелілі на патрэбы царквы і святара 2000 злотых добраю хадзячаю шастаковаю сярэбранаю манетаю наяўнымі грашыма. Грошы гэтыя яны пакінулі на захаванне мацеевіцкім францысканцам, каб тыя вечныя часы згаданаму мацеевіцкаму святару ад гэтай сумы штогод выплачвалі працэнты такою манетаю, якая тады будзе існаваць у Вялікім княстве Літоўскім. Мацеевіцкі ж святар на вечныя часы штотыдзень, у які пажадае несвяточны дзень, у царкве павінен служыць адну літургію на дабро для фундатараў, а пасля іх смерці — за спакой душаў іх.

Казімір і Бенядзікта, даючы гэты фундуш і інвентар з абмежаваннем Мацеевіцкай царкве ў 1769 г., не маглі ведаць, што праз 3 гады (1772 г.) адбудзецца першы падзел Рэчы Паспалітай, а праз 36 гадоў гэтай дзяржавы зусім не стане, — у 1795 г. у выніку 3-х падзелаў яна знікне з карты, а Беларусь будзе захоплена Расійскай імперыяй. Яны часта ўжываюць выраз «на вечныя часы», пагражаюць Страшным судом тым, хто будзе ігнараваць запаветы фундатараў, а таксама вельмі просяць аўтарытэтных асоб спрыяць выкананню згаданых дакументаў. Галоўным апекуном фундуша Янішэўскія прасілі быць Літоўскага і Беларускага правінцыяла ордэна Фелікса Тавянскага, а таксама святароў тутэйшага Сарафінскага манастыра. Сведкамі пры выдачы фундуша былі судовы стараста Рэчыцкага павета князь Альбрэхт Радзівіл, судовы падстараста Восіп Прашынскі, Оўруцкага ваяводства крайчы Ігнат Пятровін Янішэўскі.

«У вечныя часы, каб ні ў чым не было перамены, молім пад пагрозаю Страшнага суда, каб тое, што перададзена Мацеевіцкай плябані, было і існавала вечна, каб кожны мацеевіцкі святар, паміраючы ці пакідаючы мацеевіцкую плябань, усё пакідаў пераемніку свайму.

Няхай будзе абавязкам мацеевіцкіх уніяцкіх святароў, каб прыхажан сваіх вучылі малітвам і катэхізісу, а тых, хто не ўмее, не вянчалі».

Атрымаў гэты фундуш ад фундатара святар Мацеевіцкай царквы Ян Дылеўскі 27 ліпеня 1769 г. Ён засведчыў, што атрымаў ад фундатара ўсё, што пералічваецца ў інвентары і абмежаванні.

У НГАБ захавалася сапраўдная Метрычная кніга Мацеевіцкай францысканскай царквы пра народжаных, узяўшых шлюб і памерлых у 1770-1799 гг. Вёў яе святар Ян Дылеўскі на польскай мове. Здзіўляе назва царквы «францысканская» — для уніяцкага храма гэта нязвычна, бо св. Францыск — з каталіцкага пантэона. Чаму ж уніяцкі храм называецца францысканскім? Напэўна, гэта можна растлумачыць уплывам манахаў-францысканцаў. Янішэўскія заснавалі ў Мацеевічах (на Сарафінавай гары) касцёл і манастыр францысканцаў, але будынак для яго быў пабудаваны не адразу, таму манахі месціліся ва уніяцкай царкве, якая існавала ў Мацеевічах даўно. Магчыма, некаторыя вусныя традыцыі былі пераняты уніятамі ў католікаў.

1795 год — канец Рэчы Паспалітай, гэта не магло не паўплываць на лёс Мацеевіцкай царквы і Сарафінскага касцёла. Расійскія ўлады стрымана ставіліся да уніяцтва і каталіцтва, імкнуліся яго абмяжоўваць на карысць праваслаўя.

Янішэўскія ўжо памерлі. Як склаўся лёс апекуноў фундушаў Мацеевіцкай царквы і касцёла? Вядома, напрыклад, што князь Альбрэхт Радзівіл адмовіўся прысягнуць на вернасць расійскаму цару, а лёс такіх магнатаў быў незайздросны. Напэўна, ён павінен быў пакінуць краіну, а маёмасць яго (калі ён не паспеў прадаць яе ў кароткі тэрмін) забірала дзяржава. Карацей, умовы для развіцця і уніяцтва, і каталіцтва пагоршыліся. Таму невыпадкова, што будынак Мацеевіцкай царквы паступова разбураецца і прыходзіць у заняпад. Да 1795 г. у Мацеевіцкай царкве служыў святар Ян Дылеўскі, а потым на яго месца стаў Мартын Вержбаловіч.

27 студзеня 1813 г. Мацеевіцкая прыходская царква, разбураная з-за старасці, была зачынена, і ў ёй не выконвалася ніякая служба.

Унутранае начынне з разбуранай царквы было перададзена Блужскаму адміністратару, святару Тамашу Кулакоўскаму на захаванне.

У 1817 г. у Мацеевічы прыязджае новы уніяцкі святар — Сымон Урбановіч. Поўны сілаў, ён бярэцца за справу аднаўлення будынка, і ў 1820 г. у Мацеевічах ужо пабудаваны новы храм, асвечаны ў гонар св. Ільі Прарока. Прыход гэтай царквы тады ўключаў в. Мацеевічы — хат 26, Суцін — хат 18, Антонаву Слабаду — хат 5, а ў іх мужчын 122, жанчын 124, зямлі пры царкве налічвалася 1 валока 15 моргаў (а Янішэўскія давалі 3 валокі). Частка фундушавых рэчаў растрачана, састарэла і не была адноўлена. Сымон Урбановіч лічыў, што гэтыя растраты зрабіў першы адміністратар Ян Дылеўскі. Зусім разбураным знайшоў Урбановіч і дом святара. У 1817г. Урбановіч пачынае доўгі судовы працэс супраць сарафінскіх францысканцаў. Судовая справа налічвае 467 лістоў, і цягнулася да 1841 г. Усе сілы гэтая справа высмактала з Урбановіча ды і сарафінскім манахам-францысканцам нямала крыві папсавала. Былыя сябры сталі заклятымі ворагамі, а плёнам іх барацьбы скарысталіся ўлады. К 1841 г. уніяцкая царква была перароблена ў праваслаўную, а Сарафінскі кляштар францысканцаў пасля паўстання 1831 г. зачынены.

У кнізе «Описание церквей и приходов Минской губернии», выдадзенай у 1879 г. у Мінску, апісваецца Блужская прыходская царква, а таксама Мацеевіцкая капліца. Пры гэтым гаворыцца, што яны вельмі «ветхие», патрабуюць перабудовы. Відаць, пасля гэтагаў 80-90-я гг. ХІХ ст. коштам пана Юльяна Булгака, уладальніка Мацеевіч з 1859 г., Мацеевіцкая капліца была пабудавана наноў. Тое, што мы бачым сёння, гэта і ёсць пабудаваная каля 100 гадоў назад каплічка.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>