Гісторыя Мацеевiчаў

Таццяна Радзюк шмат расказала пра Мацеевічы

Таццяна Радзюк шмат расказала пра Мацеевічы

Мацеевічы маюць даўнюю і цікавую гісторыю. Тут знойдзены крямянёвыя сякеры, недалёка, на беразе Талі, знаходзіцца гарадзішча Гарадок (Замачак) — значыць, тут людзі жылі ўжо ў каменным і раннім жалезным веку. Шмат і пісьмовых архіўных крыніц пра гэту вёску. У XVII-XIX стст. тут існавалі панскі маёнтак, царква, а значыць, быў асяродак культуры і асветы. У 1762 г. уладальнікі Мацеевіч Бенядзікта і Казімір Янішэўскія заснавалі ў лесе недалёка ад вёскі каталіцкі касцёл і кляштар. Гэта ўвогуле карэнным чынам змяніла культурную прастору нашага краю. Прасочым асноўныя этапы гісторыі гэтай вёскі па пісьмовых крыніцах, што знойдзены намі ў НГАБ. Канечне ж, гэтыя нататкі не прэтэндуюць на паўнату і паслядоўнасць.

14 верасня 1647 г. маёнтак Мацеевічы быў аддадзены ў «вечнае карыстанне» Данілу Скіндэру, 15 кастрычніка гэтага года быў складзены інвентар (гэта значыць апісанне) маёнтка. Склаў яго шляхціц Самуіл Булгак. У інвентары пералічваюцца 28 гаспадароў: Фёдар Кнайка, Сідар Весняловіч, Зміцер Грыц, Янка Мельнік, Пракоп Копач, Давід Шчурок, Ціт Падвойскі, Сідар Каліта, [?] Кургановіч, Антон Севасцей, Сямён Церашковіч і інш. У Фёдара Кнайкі ў гаспадарцы 2 валы, кабыла з жарабём, карова з падцёлкам, авечак 3, свіней 3. У астатніх гаспадароў прыкладна тое ж. (НГАБ, ф.160, воп.1, спр.17, арк.19-20 З усіх гэтых прозвішчаў на сёння ў нашай мясцовасці захаваліся толькі два — Падвойскія і Кургановічы.

У 1733 г. браты Скіндэры падзялілі мацеевіцкія землі. Старэйшаму Міхаілу адышлі Мацеевічы, астатнія браты — Юзаф, Станіслаў, Іван і Браніслаў узялі сабе Арэшкавічы і Слабодку. .(Тамсама, спр.354, арк.28)

28 лютага 1736 г. Скіндэры прадалі палову Мацеевіч Раману Манціцкаму, а той яе прадаў падстолім Янішэўскім. З гэтымі людзьмі звязаны найлепшыя старонкі гісторыі Мацеевіч. Яны ўсю сваю маёмасць фундавалі на заснаванне касцёла на Сарафінавай гары і на Мацеевіцкую уніяцкую царкву.

У Нацыянальным гістарычным архіве захаваўся дакумент аб раздзеле маёнтка Мацеевічы паміж Янішэўскімі і Скіндэрамі, складзены 22 лістапада 1748 г. (Тамасама, арк. 132) У гэтым дакуменце шмат цікавых звестак пра Мацеевічы таго часу.

Раздзел зямлі паміж оўруцкімі падстолімі мужам і жонкай Янішэўскімі, з аднаго боку, і Дамінікам і Антоніем Скіндэрамі, роднымі братамі, старадубскімі вайсковічамі, з другога боку, ажыццявіў Самуіл Яленскі, мазырскі гараднічы. Была праведзена мяжа, устаноўлены межавыя знакі, кожны з іх апісаны ў дакуменце. «З усходу ад урочышча Данілаў вугал пры гэтым балоце першы межавы знак загадаў я высыпаць. Ад 1-га межавага знака, ідучы проста лесам да елкі, на якой выразана лічба «1748 год», пакідаючы на правы бок да балота зараснікі, лясы, сенажаці і ўгноеныя палі на частку Янішэўскіх, адмерыўшы ў даўжыню 10 шнуроў, другі межавы знак ля той елкі зроблены. Ідучы праз зараснікі прама, адмерыўшы 5 шнуроў у даўжыню, 3-ці знак на Шчуравым полі насыпаны». Пры апісанні мяжы згадваюцца наступныя ўрочышчы і мясціны: Заполле, Царква і могілкі ля яе, вёска Скіндэраў, урочышча Коўшык, хата Васіля Новіка, Запруддзе, мацеевіцкі млын, суцінская дарога. На суцінскай дарозе мацеевіцкую камісію чакалі людзі са Смілавіч. Смілавіцкае графства тады належала жонцы маршалка двара ВКЛ Марцыбеліі Завішынай (з Агінскіх). Павел Рашэвіч, адміністратар смілавіцкага маёнтка, а таксама Павел Бялецкі, генерал яго каралеўскай вялікасці, шмат узброеных баяр і сялян са Смілавіч чакалі мацеевіцкую камісію, каб заявіць, што тут, на суцінскай дарозе, пачынаюцца землі Смілавіцкага графства. Яны прапанавалі зрабіць новыя насекі на дрэвах з кляймом ZJS, што азначала б Z — Завішаў, J — Янішэўскіх, S — Скіндэраў. Весці далейшую мяжу смілавічане забаранілі і прапанавалі сустрэцца для лепшага ўдакладнення праз некалькі дзён — 12 лістапада. У назначаны дзень смілавіцкі адміністратар з вялікай колькасцю баяр і сялян Смілавіцкага графства, узброеных ўсякімі стрэльбамі, абвясціў, што Янішэўскія і Скіндэры смілавіцкія землі да ўладанняў мацеевіцкіх прысвоілі — і размежаванне забараніў. Пры гэтым ён аспрэчваў землі ад Спічнога ўрочышча, астравоў Копыш, Жорнава, Аснова, Доўгага, Дзістава, а таксама лугоў, балот, рэчак, што знаходзяцца паміж гэтымі астравамі, абвясціўшы, што ад пані сваёй, жонкі маршалка ВКЛ Завішынай, мае ён загад сілаю процістаяць гэтаму размежаванню.

У той жа момант ля гэтага межавога знака пры суцінскай дарозе з’явіліся арэндныя ўладальнікі з Суціна — Васіль Панятоўскі, Андрэй дэ Бамеці-Шандрон (цяпер каля Суціна ёсць урочышча — Шандронава паляна), Іван Канцэвіч, Аляксандр Метрыковіч, Мартын Корбут і Міхал Казарын. Яны пацвердзілі, што вышэйапісаны межавы знак пры суцінскай дарозе ёсць знак, што аддзяляе суцінскія землі ад уладанняў Смілавіч і ад уладанняў Мацеевіч, што Скіндэры і Янішэўскія занялі суцінскія землі, у прыватнасці, востраў Чэлехаў (Шэлехаў?). Самуіл Яленскі, што ўзначальваў межавую камісію, спыніў раздзел урочышча Запруддзе і прапанаваў Скіндэрам і Янішэўскім скончыць спрэчку з жонкай маршалка як трэба па закону — у судзе.

Іншыя землі, што цягнуцца ад крыжыка і моста да блужскага межавога знака — 72 валокі і 2 моргі — Яленскі падзяліў. Апісваючы мяжу, ён згадвае Слабодку (вёсачка ля Талькі?), Лысую гару (сёння так называецца поле паміж Талькаю і лесам Барсукі), Вялікае балота, раку Таль, урочышча Ваўкі, Задава (на правы бок да Вялікага балота — частка Скіндэраў, а на левы бок да ракі Талі — частка Янішэўскіх), урочышча Слаўчоўка, Задарожжа, Шыбеніца, Шаптуноў бор, Пелі, Верхалессе, Броды, Крутавіца, поле Драмінкі, Масцічнае, Лаўроўскі мост. Па мяжы было ўстаноўлена 32 межавыя знакі, кожны з іх падрабязна апісаны ў межавым дакуменце. Па згодзе бакоў без размежавання мазырскі гараднічы выдзеліў Янішэўскім урочышча Зазер’е ля мацеевіцкай сажалкі і палі паміж сажалкаю і Лаўроўскім мостам, а Скіндэрам — урочышча Выдрыш і поле з балотам, што прылягае да двара Скіндэраў. Паміж зямлёй Скіндэраў і Янішэўскіх мяжою — Турэцкае капішча (цікавая назва — адкуль яна?).

Адносна звера ўпаляванага, то ён павінен належаць таму, хто яго ў сваёй пушчы падстрэліць. А што тычыцца вуллёў з пчоламі, няхай застаюцца там, дзе былі, і абодва бакі вольна карыстаюцца старымі борцямі. Новыя ж борці і вуллі кожны бок хай ставіць у пушчах уласных.

Мацеевіцкі млын на рацэ Тальцы, а таксама сажалку Яленскі падзяліў на дзве роўныя часткі. Свабодную лоўлю рыбы нератамі абодвум бакам прадаставіў. Разбураны млын было загадана Скіндэрам і Янішэўскім сумесна адрамантаваць, плаціну насыпаць і млынара ўтрымліваць, каб разам карыстацца млыном.

Мацеевіцкую пушчу, Баркі і Старжыну, што да Блужы цягнуцца, з-за сваёй велічыні змераны быць не могуць, вырашылі не дзяліць. Мазырскі гараднічы дазволіў свабоднае паляванне, бортніцтва, свабодную вырубку дрэва на будоўлю абодвум бакам. Мачтавае ж дрэва і іншыя лясныя тавары разам каб выраблялі і даход абодва бакі дзялілі пароўну.

У Бенядзікты і Казіміра Янішэўскіх не было сваіх дзяцей, таму яны ўсю сваю маёмасць аддалі на заснаванне кляштара і касцёла францысканцаў на Сарафінавай гары, а таксама на развіццё Мацеевіцкай уніяцкай царквы.

Фундуш на Сарафінскі кляштар быў падпісаны 11 лютага 1762 г., але быў ён пабудаваны і пачаў дзейнічаць, відаць, нашмат пазней. Так, з тастамента (завяшчання) Янішэўскага, напісанага ў 1776 г., ясна (Бенядзікта ўжо памерла), што францысканцы яшчэ не перабраліся ў касцёл, а знаходзяцца пакуль што ў Мацеевіцкай уніяцкай царкве. Сам жа касцёл і кляштар яшчэ будуюць.

«Адчуваю свой блізкі сыход, а шмат яшчэ чаго не зроблена для ўвядзення манахаў, няма прыстойнага жылля і пабудова хутка не можа быць завершана, таму вельмі прашу епіскапа Беларускага Фелікса Тавянскага, каб гэтую будоўлю ён апякаў і закончыў, а таксама прывёў у добры стан пабудовы ў Мацеевічах, Сарафіне і Слабадзе, увёў у Сарафін францысканцаў». (Тамсама, спр.17, арк. 135) Гэтыфундуш Янішэўскі пацвердзіў у 1778 г. а потым у 1783-м — апошні раз. Відаць, гэта і ёсць год смерці фундатара. Калі ж быў пабудаваны Сарафінскі касцёл, дакладна не вядома.

У НГАБ захавалася метрычная кніга Мацеевіцкай францысканскай царквы за 1770-1799 гг. У ёй запісана, хто нарадзіўся і хрысціўся, хто браў шлюб, хто памёр за гэты час у Мацеевічах, Суціне (уніяты, бо большасць насельнікаў Суціна тады былі шляхта — католікі) і Слабадзе. Кніга гэтая вялася на польскай мове.

Вось прыклад запісу аб хрышчэнні ў перакладзе на беларускую мову.

«У 1770 годзе 11 лютага ахрысціў сына на імя Васіль, бацька Хама, маці Хрысціна Лукашовых з вёскі Мацеевічы. Кумамі […?] Шамак з Лукашоўнай. Хрышчанага баркатаваў. Хрысціў Ян Дылеўскі, ксёндз царквы Мацеевіцкай». (НГАБ, ф.136, воп.13,спр.1117, арк.1)

Відаць, прыхажан у царкве было няшмат, бо штогод хрысцілася ў сярэднім 8-14 дзяцей, а за 1770-1799 гг. усяго 230 чалавек. З 1770 да 1795 г. плябанам (гэта значыць святаром) Мацеевіцкай уніяцкай царквы служыў Ян Дылеўскі, а пасля яго Мартын Вержбаловіч. У Мацеевічах тады жылі Лукашонкі, Шамакі, Радзюкі.

У пачатку ХІХ ст. Мацеевічамі валодалі два ўладальнікі — Сарафінскі кляштар і памешчык Лісоўскі. Па рэвізіі 1811 г. састаяла за Лісоўскім 88 мужчынскіх душ, а за манастыром. Відаць, долю Скіндэраў у Мацеевічах набыў Лісоўскі. Арэшкаўскія Скіндэры таксама страцілі свае землі, іх набылі Іван і Міхайла Жангаловічы, Тадэвуш і Тэрэса Дамброўскія, Феліцыян і Анэля Грыбоўскія, Язэп Быхавец, Міхал, Язэп і Іван Сухадольскія, Сцяпан Быкоўскі, Міхаіл Грушвіцкі, Ануфрый і Тадэвуш Аземблоўскія, Пётр і Марцыяна Змечароўскія, Яніна Галіцкая, Леапольд і Вікторыя Глінскія. (Тамсама, ф.160, воп.1, спр.354, арк.31). Сёння ніводнага з гэтых прозвішчаў у Арэшкавічах няма. Вось так рэзка памяняліся ўладальнікі зямель у нашым краі. Відаць, род Скіндэраў змізарнеў і вырадзіўся. Янішэўскія ж, аддаўшы свае землі на кляштар і Мацеевіцкую уніяцкую царкву, хоць і не пакінулі нашчадкаў, назаўсёды абессмяроцілі сваё імя гэтай справай.

Крыж на мацеевіцкіх могілках

Крыж на мацеевіцкіх могілках

У пачатку ХІХ ст. Сарафінскі кляштар судзіўся з Лісоўскім.

Вось якія прэтэнзіі да свайго суседа мелі сарафінскія ксяндзы.

«Сарафінскі кляштар нясе фундушовыя страты і спусташэнні на 15 000 рублёў серабром ад памешчыка Лісоўскага. Вёску Антонава Слабада за 10 год ён зусім спустошыў, а жыхароў перасяліў да фальварка францысканскага Мацеевіч, пасяліў на агародах манастырскіх вакол кляштара і касцёла, а ворныя іх землі забраў у сваё ўладанне, даў ім на замену кавалкамі, нават забараніў ім уезд у кляштар».(Тамсама, арк. 34) З гэтага дакумента невядома, чым скончылася гэтая судовая справа. У Ігуменскім павятовым судзе шмат год цягнулася іншая судовая «Справа па іску святара царквы Мацеевіцкай Урбановіча да ксяндзоў-францысканцаў Сарафінскага кляштара аб фундушавай зямлі ад 27 жніўня 1825 — 10 лютага 1841 года». (Тамсама, спр.17)

Адміністратар Мацеевіцкай уніяцкай царквы святар Сымон Урбановіч просіць абараніць уніятаў ад сарафінскіх францысканцаў. Яны забралі частку фундушнай зямлі Мацеевіцкай царквы, прыхажан-уніятаў ператвараюць у католікаў, некалькі год не плацілі Сымону Урбановічу ануата (працэнтаў з грошай, якія пакінулі для Мацеевіцкага святара Янішэўскія). За час судовай справы Урбановіч быццам бы панёс стратаў на 1839 рублёў 16 капеек серабром, просіць спагнаць гэтую суму з францысканцаў. Шмат гадоў цягнуліся суды, за гэты час многае змянілася. У 1832г. Сарафінскі кляштар быў ліквідаваны царскімі ўладамі, а землі ягоныя (падораныя навечна Янішэўскімі) былі забраныя дзяржавай. У 1839 г. улады ліквідавалі уніяцтва на Беларусі, а цэрквы і прыхажан гвалтоўна перавялі ў праваслаўе. Вось так, змагаючыся паміж сабою, уніяты і католікі аслабілі адно аднога. А хто ад гэтага выйграў? Расійская дзяржава. Ліквідаваўшы уніяцкую царкву, яна вярнула беларусаў у праваслаўе, — каб перарабіць у рускіх.

Ігуменскі павятовы суд вынес наступнае рашэнне:

1) Сарафінскія францысканцы зямлю царквы не забіралі, проста яшчэ ў часы Янішэўскіх зямлі далі менш, чым напісана ў фундушы і тастаменце. Загадана дадаць Мацеевіцкай царкве тую частку, што не хапае да 3 валок — 18 моргаў і 133 прэнты ва ўрочышчы Пелі.

2) Ануат Сарафінскі касцёл ужо выплаціў.

3) Што тычыцца стратаў, быццам бы панесеных Урбановічам на 1839 рублёў 16 капеек серабом у час судоў, то ён сам вінаваты, «сию претензию Урбановича оставить без уважения».

У лютым 1841 г. Сенат слухаў справу пра зямлю паміж Мацеевіцкай ужо праваслаўнай царквою і ліквідаваным францысканскім кляштарам. У адпаведнасці з законам, тэрмін, вызначаны для суда пра нерухомасць, 10 гадоў. Калі гэты тэрмін прайшоў, іск знішчаецца і справа абвяшчаецца забытаю. Такое сканчэнне тэрміну называецца земскаю даўнасцю. З-за таго што святары Мацеевіцкай царквы да 1817 г. іска не прад’яўлялі, прайшло некалькі земскіх даўнасцяў (з 1762 г.). Таму Сенат вызначыў пакінуць Мацеевіцкую царкву пры той колькасці зямлі, якая была ў яе ўладанні да пачатку гэтай справы.

У 1830-1850-я гг. уладальнікамі мацеевіцкіх зямель былі памешчык Тамаш Лісоўскі (яму належала частка Скіндэраў) і дзяржава (яна забрала землі кляштара, падораныя Янішэўскімі).

У НГАБ захаваўся інвентар маёнтка Мацеевічы памешчыка Тамаша Лісоўскага, сына Станіслава, складзены 30 кастрычніка 1844 г.(НГАБ, ф.142, воп.1, спр.581)

Вось хто жыў тады ў Мацеевічах.

  1. Амяльян Іванаў сын Шамак, жонка яго Хрысціна, дачка Параска.

Маюць валы — 2, каровы — 1, цялушка — 1, свіней — 3.

Колькасць зямлі — 1 валока.

  1. Амяльян Данілаў Гавішчын, жонка яго Агата, сыны Кузьма і Мартын, дочкі Арына і Ганна.
  2. Лук’ян Антонаў Лукашонак, жонка яго Аўдоцця, брат Лук’яна Сідар, жонка Параска, сын Сідара Адам, дачка Агата.
  3. Майсей Якубаў Гавішчын, жонка яго Марыся, маці Майсея Арына, сын Тамаш, дочкі Тэкля і Ева. Брат Майсея Халімон, жонка Марына, дачка Ганна.

Маюць 2 коней, 7 валоў, 6 кароў, 2 быкі, цялушак — 3, авечак — 10, свіней — 10.

  1. Карней Прохараў Снігір, жонка яго Хрысціна, сыны Хведар і Амельян. Маці Карнея Роза, сястра Карнея Юстына, брат Карнея Зміцер, жонка яго Марына.
  2. Іван Антонаў Шамак, жонка яго Агапа, сын Мартын, жонка Акуліна, сын Мартына Даніла, дочкі Наста і Хадора, сын Янкі Хведар, дачка Янкі Аўдоцця.
  3. Міхаіл Ігуменаў Шамак, жонка яго Параска, сыны 1. Даніла, жонка яго Палагея, 2. Ігнат, 3. Севасцей, дачка Хадора.
  4. Сцяпан Паўлюкоў Шамак, жонка яго Параска, сыны 1. Янка, жонка Янкі Ягнечыца, 2. Ілья, сын Янкі Васіль.

Маюць 9 коней, 22 валы, 16 кароў, 6 быкоў, 7 цялушак, 30 авечак, 25 свіней. (Гэта самая багатая сялянская гаспадарка ў Мацеевічах.)

  1. Ігнат Іванаў Шамак, жонка Таццяна, сын Лявон, дочкі Настасся, Арына, Анэля, Зося.
  2. Сцяпан Цімохаў Шамак, жонка яго Марыя, брат Паўлюк, сястра Хрысціна, дачка Сцяпана Уліна.
  3. Майсей Іванаў Малафееў, жонка яго Люся, сыны Якуб, Ілья, дочкі Пелагея, Марыся, Зеновія.
  4. Давыд Янкаў Шамак, жонка яго Агапа, сын Агапы Сцяпан, жонка яго Агрыпіна, сыны Кузьма і Андрэй, брат Сцяпана Кінік, сястра Сцяпана Ульяна.
  5. Рыгор Уласаў Іллюкоў, жонка Марыся, сын Сідар, дочкі Ганна, Вера, сын Веры Тарас, дачка Матруна.
  6. Іван Максімаў Іллюкоў, жонка яго Алена, сын Іван, здольнік Якуб Майсееў Іллюкоў.

Усяго 14 двароў, усе цяглыя.

Фальварак Мацеевічы дастаўся цяперашняму вотчынніку па спадчыне ад роднага брата Язэпа.

Зямлі тут каля 3000 дзесяцін.

Кожны сялянскі двор надзелены 1 (адной) валокай зямлі.

Павіннасці з кожнага двара за тую валоку — у тыдзень 3 дні мужчынскіх і 2 дні жаночых, 12 дзён згонаў у год з усякай душы.

Шарваркаў — па 2 дні вясною і 2 дні восенню.

Вясло лыка, 2 курыцы, 10 яек, грыбоў — 1 капа, 1 гарнец ягад. Сяляне маюць пчол, з якіх за воск і мёд атрымліваюць даходаў ад 10 да 30 рублёў серабром.

Акрамя таго, у зімовы час з ліпавай мачалы ткуць сяляне для купцоў рагожы (дзяругі), за што маюць даход 5-10 рублёў серабром, а таксама за нарыхтоўку таварнага лесу, а вясною за сплаў яго шмат зарабляюць. Аднак багатым маёнтак не назавеш.

У 1858 г. была праведзена люстрацыя (перапіс) казённага маёнтка Мацеевічы, той часткі, што да 1832 г. належала касцёлу і кляштару францысканцаў.

Вось што з гэтага перапісу мы можам даведацца.

Цяглыя сяляне:

  1. Казімір Васілёў Свідзінскі.
  2. Сцяпан Паўлаў Навасад.
  3. Васіль Кандратаў Навасад.
  4. Ананій Уласаў Радзюк.
  5. Мікалай Сцяпанаў Пархонька.
  6. Лявон Змітраў Пархонька.
  7. Дамінік Пятроў Бурачэўскі.
  8. Тодар Ананаў Радзюк.
  9. Фавар Фавараў Радзюк.
  10. […] Сямёнаў Свідзінскі.
  11. Сцяпан Пархонька.

Кожны цяглы двор надзелены зямлёй — 23,5 дзесяціны.

Агароднік — Язэп Давыдаў Радзюк надзелены зямлёй 0,5 дзесяціны. Павіннасцяў не нясе.

Усяго 12 двароў.

Падпісаў сельскі старшына Летуновіч з Лапіцкага сельскага ўпраўлення.

Ураджайнасць у Мацеевічах — Слабадзе ў 1852-1857 гг. была 2 1/2 зярняты. Ва ўсіх гаспадароў рабочай жывёлы 28 галоў, іншага быдла 20, дробнай жывёлы — 72. Рэвізскіх душ па народных перапісах:

па 9-м — муж. — 37, жан. — 56.

па 10-м — муж. — 43, жан. — 51.

Агароднікаў — 1 сям’я, 7 душаў. Бабылёў — няма.

Ёсць запасныя і вакантныя землі пры вёсцы Мацеевічы — Слабада — 1 участак поўны, 1 агародны — 24 дзесяціны. Сарафіны — поўных 3 — 76,5 дзесяціны.

Сялян, якіх па беднасці і ўласнаму жаданню сельскае кіраўніцтва лічыла б неабходным перавесці ў ніжэйшыя разрады, няма.

Звесткі падпісаў старшына Летуновіч, пісар Гадлеўскі. (НГАБ, ф.27, воп.5, спр.834)

Калі параўнаць інвентары 2-х мацеевіцкіх маёнткаў — Лісоўскага і казённага, то можна заўважыць, што хаця колькасць двароў амаль аднолькавая (14-12), зямельныя надзелы таксама параўнальныя (21,36 га — 23,5 дзесяціны), але вёска Лісоўскага багацейшая, у сялян больш жывёлы. Дастаткова параўнаць гаспадарку аднаго толькі селяніна з вёскі Лісоўскага — Сцяпана Шамака з усёй маёмасцю сялян дзяржаўнай вёскі. Чаму так? Відаць, Лісоўскі лепш гаспадарыў, меншыя падаткі накладваў на сялян, а казённы маёнтак здаваўся ў арэнду розным выпадковым людзям, якія за «свой» час імкнуліся выціснуць з дзяржаўных сялян усё, што толькі можна.

У 1859 г. мацеевіцкі маёнтак набывае новы ўладальнік — Юльян Булгак. «Юльян Хрызастомаў Булгак купіў у 1859 годзе ў памешчыкаў Лісоўскіх Антона і Канстанціна маёнтак Каміонка, ці Мацеевічы з сялянамі па апошнім 10-м народным перапісу 41 душа мужчынскага полу і 47 душ жаночага полу».(НГАБ, ф.333, воп.5, спр.1114)

Гэты шляхціц, відаць, быў добрым гаспадаром. Праз некаторы час ён прыкупіў у Соф’і Прозар (з дому Свентаржэцкіх) маёнтак Блужа, якому тады належалі вёскі Падосава, Берлеж, Бабы, Арэшкавічы, Слабодка (тая, што ля Талькі), частка суцінскіх зямель. Пасля адмены прыгоннага права ў 1861 г. Юльян Булгак, а потым яго сыны вучыліся гаспадарыць па новаму, па-капіталістычнаму. Сяляне ўжо сталі свабоднымі і на паншчыну і згоны ўжо не хадзілі, аброк не неслі.

Булгакі сталі заводзіць у нашай мясцовасці прамысловыя прадпрыемствы — бровар быў у Мацеевічах, дзягцярны завод (адсюль і назва вёскі — Паддзягцярня), смалакурню, млыны. Булгакі былі ўладарамі нашых зямель да 1917 г., пакуль іх не змяла хваля рэвалюцыі.

У 2000 г. мы сустракалі ў Мацеевічах людзей, што помнілі пані Булгачыху: «Добрая была, за працу плаціла як трэба». Калі прыйшлі бальшавікі і забралі ўсю маёмасць, яна загадала спірт з бочак у мацеевіцкім бровары выліць у меліярацыйныя канавы. Мясцовы люд посудам вычэрпваў гэты спірт, «каб дабро не прапала». Пахавана Булгачыха была ў сямейным склепе на Мацеевіцкіх могілках. Цяпер гэты склеп разрабаваны і закіданы смеццем.

Выгляд дома Булгакаў, 2010 г.

Выгляд дома Булгакаў, 2010 г.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>