Сарафінава гара і касцёл св. Антонія

Фэст на Сарафіне штогод адбываецца 13 чэрвеня - на дзень Святога Антонія.

Фэст на Сарафіне штогод адбываецца 13 чэрвеня — на дзень Святога Антонія.

Ад Талькі да Суціна 11 кіламетраў. Асфальтаваная дарога бяжыць спачатку полем, а потым прыгожым хваёвым лесам. У 1863 г. па гэтай дарозе з Французскай грэблі на Суцін ехалі інсургенты — на падводах і верхам на конях. Іх было чалавек 200. Праедзем і мы гэтай дарогаю. Праз кіламетраў восем справа мы ўбачым незвычайнае ў гэтай нізкай балоцістай мясцовасці ўзвышэнне. Гэта ўрочышча Сарафінава гара.

Да 1939 г. тут стаяў драўляны касцёл св. Антонія. У 30-я гг. ХХ ст. храм быў зачынены, потым па загаду ўладаў яго разбурылі, а бярвенні перавезлі ў Суцін. Меркавалі зрабіць з іх грамадскую лазню. Склалі зруб, але дах так і не зрабілі — пачалася вайна.

У нашы дні на месцы касцёла вернікі зладзілі драўляную паветку і лавы. Штогод 13 чэрвеня на свята св. Антонія ксёндз праводзіць імшу, спавядае вернікаў. З Суціна, Мар’інай Горкі, Талькі, Мінска з’язджаюцца да магіл дзядоў католікі. На могілках вакол касцёла хаваюць сваіх нябожчыкаў суцінскія «палякі», так іх называюць праваслаўныя. Канечне ж, ніякіх палякаў у Суціне зроду не было, проста даўней Суцін быў не звычайнай вёскай, а аколіцай, гэта значыць, паселішчам дробнай шляхты. Шляхта — саслоўе воінаў у Вялікім княстве Літоўскім — за прывілеі прыняла каталіцкую веру і польскую мову. Вось чаму іх сталі называць палякамі.

Як тут у лесе, сярод гразкіх балотаў, мог узнікнуць храм? Чаму менавіта тут? Хто яго заснаваў і калі? Доўгі час мы лічылі, што заснаваны Сарафінскі касцёл быў суцінскімі католікамі. Але нядаўна ў Нацыянальным гістарычным архіве быў знойдзены дакумент, які апавядае пра гэтую падзею зусім іначай.

11 лютага 1762 г. уладальнікі маёнтка Мацеевічы Казімір і Бенядзікта Янішэўскія падпісалі фундушавы запіс на заснаванне касцёла св. Антонія. «Мы, муж і жонка Янішэўскія, валодаючы вотчынным нашым маёнткам Мацеевічамі, ад Рамана Манціцкага набытым, што ляжыць у Мінскім ваяводстве, здаўна нашым уладаннем з’яўляецца, акрамя таго, значныя сумы і рухомую маёмасць з Боскаю дапамогаю намі набытыя, не маючы дзяцей і ўжо не спадзеючыся іх мець, просячы літасці ў Пана Бога за грахі нашыя і жадаючы, каб Хвала Яго Прасвятая распаўсюджвалася, не былі нікім угавораны і ні за якія ўзятыя грошы, але з чыстага імкнення да Хвалы Божай, выбраўшы для сябе апекуном Святога Антонія Падуанскага, аддаўшы сябе ў вечную абарону гэтаму Святому, пабудавалі мы ў згаданым маёнтку нашым Мацеевічах пад імем гэтага Святога драўляны касцёл і кляштар, у якім жадаем, каб вечныя часы былі тры святары са служкам чацвёртым і арганістам пятым, а таму маем мы намер зрабіць для іх фундуш». (НГАБ, ф.160, спр.354, арк.114)

Далей фундатары пералічваюць, якую маёмасць яны перадаюць манахам-францысканцам. «Аддаём у поўнае ўладанне цераз пасрэдніка Вознага з усімі пабудовамі, коньмі, быдлам, хатняю птушкаю, пасевам у полі, яравым хлебам у клецях, з хатнім начыннем і посудам, з вёскаю і сялянамі, што жывуць у ёй і ва ўцёках зараз знаходзяцца, з прадстаўленнем права адшукваць і пасяляць іх дзе заўгодна, з жонкамі, дзецьмі абодвух палоў, з аранымі і неаранымі палямі, угноенымі і худымі землямі, нагорнымі (мурожнымі) і балотнымі сенажацямі, рэкамі, рэчкамі, з сажалкаю, садкамі, млыном, з пушчаю, гаямі сасновымі, лясамі, хмызнякамі, з борцямі, вуллямі з пчоламі, адным словам, з усім блізкім і дальнім начыннем… згодна з ранейшым і цяперашнім абмежаваннем…»

Што ж гэта за абмежаванне? Справа ў тым, што мацеевіцкія землі былі падзеленыя ў 1748 г. паміж Янішэўскімі і братамі Скіндэрамі. Дык вось Янішэўскія фундавалі на касцёл, канечне ж, толькі сваю частку мацеевіцкіх земляў. Гэта было адно абмежаванне. Другое ж заключалася ў наступным. З маёнтка «выключаем для сябе толькі для нас абодвух двор з пабудовамі дворнымі і гужаннымі, Клянаўшчыну і Заазер’е з сенажацямі, з землямі і лясамі, з рэчкаю Дубавіцаю і садком у адной акружнасці». Пасля смерці Янішэўскіх гэтая маёмасць таксама перадавалася манахам «на вечныя часы бесперашкодна». Акрамя маёмасці фундатары мелі яшчэ «ў старой сярэбранай тынфавай і шастаковай манеце 37 тысяч польскіх злотых». З гэтай сумы Янішэўскія назначылі для касцёла і Мацеевіцкага кляштара 24 тысячы польскіх злотых, на мацеевіцкую плябань (прыход) 2 тысячы, на шпіталь і трох старых, што будуць у тым шпіталі знаходзіцца, 2 тысячы. Акрамя таго, адмысловым фундушам 2 тысячы польскіх злотых было назначана мацеевіцкаму пробашчу (ксёндз, кіраўнік плябані). За гэта пробашч мусіў штотыдзень вечныя часы служыць імшу са спевамі адну ў Мацеевіцкім касцёле ці ў Мацеевіцкай уніяцкай царкве ў буднія дні за нябожчыкаў Казіміра і Бенядзікту. Яшчэ некалькі гадоў таму Янішэўскія перадалі 2 тысячы злотых Блонскай місіі. За гэта блонскія місіянеры абавязаны былі прысылаць служыць імшу і гаварыць казань аднаго святара з Блоні ў Мацеевічы на вечныя часы 4 разы на год — на Вялікдзень адзін раз, у дзень св. Антонія другі раз, на свята св. Францыска трэці раз, у дзень беззаганнага зачацця Прасвятой Багародзіццы 4-ты раз. «Абавязваем яшчэ мацеевіцкіх манахаў-францысканцаў, каб працэнтамі ад 2 тысяч злотых, якія былі запісаны на карысць трох старых, што будуць жыць пры касцёле ў шпіталі, рамантаваць шпіталь, а калі разбурыцца ці згарыць, пабудаваць новы». Загадвалася даваць тром старым прыстойнае адзенне і ежу з кухні кляштара штодзённа. Старыя ж абавязаны былі прыслужваць пры Мацеевіцкім касцёле, штодзённа спраўляць у ім ружанец.

За маёнтак Мацеевічы і 24 тысячы злотых «любоўю Пана Бога нашага абавязваем мацеевіцкіх ксяндзоў-францысканцаў, каб у нашым касцёле вечна выконваліся наступныя абавязкі. Па-першае, каб старанна ўзвышалі хвалу Прасвятой Тройцы, Усемагутнага Бога, Прасвятой Багародзіцы, Святога Антонія з Падуі і ўсіх Божых святых і прытым у простым народзе, што неадукаваны, расколаты і цёмны, выхоўваць імкненне да святога Серафінскага закону. Па-другое, каб штогод вечна ў касцёле кожны тыдзень у буднія дні спраўлялі тры чытаныя імшы ў гонар Прасвятой Тройцы за нас, нявартых, яшчэ жывых, а пасля смерці за душы нашы, бацькоў нашых, братоў, сясцёр, добразычліўцаў, сяброў і ворагаў… У пятых, ускладаем абавязак на святароў мацеевіцкіх, шчыра просім іх і ўсё духоўнае начальства, каб не забіралі ад мацеевіцкага касцёла маёнтак наш Мацеевічы і фундаваныя сумы, не змянялі ўмовы гэтага фундуша. Калі ж Пан Бог загадае нам перасяліцца з гэтага свету ў вечнасць, тады няхай мацеевіцкія святары-францысканцы пахаваюць целы нашы грэшныя пад парогам касцёла нашага, не ўнутры, а звонку касцёла, не ў трунах багатых, а ў зямлі ў дзяружных кашулях і ў рызах, як нявартых тэрцыяраў і прынятых да заслугаў Святога Сарафіна, Патрыярха нашага Ордэна, у трунах простых, бедных, без усялякай раскошы, катафалкаў, свечак, лямпаў, але згодна з абрадам рымска-каталіцкім, справіўшы імшу з усімі святарамі, колькі іх тады знойдзецца, а пасля пахавання накормяць і напояць усіх бедных і духоўных».

Для таго, каб ніхто не перашкаджаў мацеевіцкім ксяндзам валодаць падоранай маёмасцю, у фундушы ёсць закляцце, што на Страшны суд Пана Бога будзе прызваны ўсякі, хто парушыць гэты фундуш. На зямлі ж для назірання за гэтым фундатары прасілі князёў Радзівілаў, Салагубаў, добразычліўцаў сваіх, а таксама сваякоў — Янішэўскіх, Валкевічаў, Быкоўскіх, Оберскіх, Іваноўскіх, Гардзеіўскіх, Прашынскіх, Быхаўцоў, Яленскіх, Суйкоўскіх, Сямашкаў, Тышкевічаў, Ваньковічаў — тых, хто тады жылі, і іх спадчыннікаў.

Фундуш напісаны быў у Мацеевічах 11 лютага 1762 г., а сведкамі былі судовы стараста Рэчыцкага павета князь Альбрэхт Радзівіл, гродскі падстолій Мінскага ваяводства Язэп Прушынскі, Ігнат Янішэўскі.

А 16 лютага Казімір і Бенядзікта Янішэўскія, оўручскія падстоліі, з’явіліся ў Галоўны Трыбунал ВКЛ у Вільні і прысягнулі, што гэты фундуш сапраўдны. Рэгент (сакратар) ВКЛ Ігнат Пац зверыў фундуш з актамі ВКЛ 18 ліпеня 1763 г., а потым яго «бачыў, чытаў і ва ўсіх артыкулах зацвердзіў» віленскі біскуп Ігнат Масальскі.

Разбураны склеп, дзе былі  пахаваны фундатары касцела  Янішэўскія і ксяндзы, 2005 год

Разбураны склеп, дзе былі
пахаваны фундатары касцела
Янішэўскія і ксяндзы, 2005 год

Паслухаем аповеды пра Сарафін мясцовых жыхароў. Успамінае Іван Міхайлавіч Аляшкевіч — ураджэнец в. Весалоў, 1925 года нараджэння: «Бацька вазіў мяне да Сарафіна некалькі разоў, было мне год 5-7. Касцёл помню добра, як цяпер бачу. Быў ён драўляны, высокі, вельмі прыгожы. Унутры былі скульптуры, іконы, арган. Калі арганіст іграў, увесь лес поўніўся музыкай, чуваць было яе далёка, кіламетры за два.Былі пеўчыя, напэўна, з Суціна. Пелі так, што ў мяне, малога, аж казытала ў носе, хацелася плакаць. Вакол касцёла раслі акацыі, да яго вяла вузенькая алейка, абсаджаная акацыямі. Воддаль было 2-3 дамы, там жылі ксяндзы і служкі. Ля касцёла знаходзяцца могілкі, вельмі старыя, тут палякі хаваюць сваіх нябожчыкаў. Нават прывозяць з далёкіх мясцін — тых, хто родам адсюль і завяшчаў, каб пахавалі на Сарафіне.

Калодзеж быў там вельмі глыбокі, метраў 20 глыбінёй. Хто яго капаў, як — не ведаю. Ніколі ў жыцці больш такіх глыбокіх калодзежаў не бачыў. Калі касцёл разбурылі, то калодзеж закідалі смеццем. Цяпер вады на Сарафіне няма. Бурылі касцёл недзе ў канцы 30-х гг., дакладней не скажу. На тым месцы засталася толькі яма, бо пад храмам быў склеп. Але для людзей усё роўна гэта святое месца як было, так і засталося. Усе гады на Антонія (13 чэрвеня) сюды ідуць і едуць адусюль. Прыязджаюць ксяндзы з Мінска, ці з Бабруйска, ці з Асіповіч, людзі сыходзяць у гэтую яму, укленчваюць і моляцца».

Расказвае Ада Мікалаеўна Міхневіч (Аляшкевіч), ураджэнка вёскі Блужа, цяпер жыве ў Тальцы: «Мая бабуля хадзіла да касцёла на ахвяраванне. Трэба было абавязкова пешшу дайсці да Сарафіна, 3 разы на каленцах абыйсці вакол храма, потым ужо можна было ісці да споведзі.

Прырода дужа багатая ля Сарафіна: кветкі, зёлкі — такіх нідзе няма! — усякія ягады, грыбы ў наваколлі. На Антонія ксёндз свенціць кветкі.

У 60-70-я гг. начальства з Мар’інай Горкі прыязджала да касцёла, каб запісаць, хто з камсамольцаў ці парційных былі на фэсце. Пасля з імі разбіраліся. Нельга было маладым маліцца, праследавалі за гэта. Начальства загадала засыпаць яму, дзе быў касцёл. Напэўна, каб і месца людзі не знайшлі для імшы. Трактарыст з Суціна Шухаў — нікчэмны чалавек, п’яніца — згадзіўся. Нядоўга ён пражыў пасля гэтага, пакруціла яму рукі-ногі, і прапаў.

Людзі зноў ачысцілі месца, дзе быў касцёл. Едуць з усяго свету да Сарафіна — сустракаюцца, рассцілаюць абрусы — ядуць, выпіваюць. Але п’яных на фэсце не бывае».

Расказвае Ян Віктаравіч Корзюк, 1925 года нараджэння, жыхар вёскі Суцін: «Касцёл бурылі ў 1938 г. Я запомніў гэта таму, што ў той час некалькі падзей супала ў нашай вёсцы. Да 1938 г. у Суціне была польская школа, у 38-м яе зачынілі. А зачынілі з-за таго, што адбылася бойка ў час вяселля паміж суцінскімі і хлопцамі з саўгаса [у Суціне быў саўгас «Залог пяцігодкі» з 1929 г. — Н. І.]. Вяселле тое было ў школе. Многіх арыштавалі тады з-за гэтай бойкі і польскую школу закрылі. Вось тады і касцёл разбурылі. Перавезлі яго ў Суцін, на лазню быццам, склалі зруб, але чамусьці не накрылі. Так прастаяў гэты зруб без даху некаторы час, а тут і вайна пачалася. Не зрабілі лазню, людзі расцягалі бярвенні — і ўсё»


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>