Суцінскія недасекі

Гэта новы артыкул і ў той жа час працяг эсэ «Мае Панятоўскія» Віктара Крэса. Аўтар расказвае пра лёс суцінскай шляхты ў ХІХ і ХХ стагоддзях. Нашчадак суцінскай шляхты па драбінках сабраў успаміны жывых суцінцаў пра падзеі апошняга стагоддзя, дадаў матэрыялы з архіваў, прыправіў неабыякавасцю, хваляваннем сваёй душы. Атрымалася памяць пра святых дзядоў.

Суцінскія недасекі

Год за годам павольна цячэ жыццё на сялянскіх падворках. Кароткія зімовыя дні са святочным Раством і Калядамі змяняюць вясновыя, з абуджанымі палеткамі, сонейкам, якое ўсё больш і больш радуе вока людское. Простыя чалавечыя радасці такія, здаецца, адвечныя, як гэты свет навокал нас. Калі гляджу на гэту ідылію, раз-пораз паўстае пытанне: а чаго не хапае людзям нашым, з-за чаго здараюцца войны, рэвалюцыі, з-за чаго ўзнікае варожасць паміж намі? З-за вызнання іншай рэлігіі, з-за іншага сацыяльнага паходжання, нацыянальнасці? У звязку з гэтым хачу распавесці адну гісторыю.

Ёсць на Беларусі такая вёска — Суцін. На першы погляд, такая ж, як і сотні іншых вёсак. Але толькі на першы. Даведаўшыся пра яе гісторыю, немагчыма не напісаць пра яе, на жаль, ужо былых жыхароў. Пра лёс мужных і гордых людзей, перажыўшых цяжкія выпрабаванні.

Аколіца Суцін, менавіта як аколіца, — паселішча дробнай шляхты — з’явілася ў сярэдзіне 18 стагоддзя. Да гэтага вёску Суцін набывалі і прадавалі неаднаразова. Апошнім пакупніком і ўладаром вёскі быў Стэфан Дамінік Панятоўскі, стражны Мсціслаўскага ваяводства, набыў яе ў 1700 годзе за 14 000 польскіх злотых у харунжага Менскага ваяводства Амброзія Краеўскага. Гэтая вёска з 7 дымамі, ці гаспадаркамі па-нашаму, была не адзіным яго ўладаннем. Акрамя яе яму належалі вёскі Любуж каля Магілёва, Вародзькаў, частка Шумячаў і Панятоўкі ў Мціслаўскім ваяводстве. Хутка пасля набыцця Суціна, у 1703 годзе, з прычыны цяжкай хваробы Стэфан адыходзіць у іншы свет, пакінуўшы Суцін свайму маленькаму сыну Базылю, ці па-нашаму, Васілю Панятоўскаму.

Час ідзе, Васіль падрастае, жэніцца, і ў яго нараджаюцца трое сыноў: Дамінік, Ян і Міхаіл. І яны, мяркуючы па дакументах, пасля 1725 года стала асядаюць у сваей вячыстай маёмасці Суцін. Дарэчы будзе сказаць, што Васіль, падпісваючы тагачасныя справавыя паперы, так і піша: Basil z Sucina Poniаtowski, Васіль з Суціна Панятоўскі па-нашаму. Подпіс, канечне, гучны, але справы, відаць, ідуць не так, як тое было пажадана. Таму пачынае Васіль прадаваць свой Суцін па частках, па некалькі валок зямлі. Вось такім чынам і ўзнікае аколіца Суцін: месца, дзе маюць зямлю і жывуць людзі шляхетнага стану, аколічная ці дробная шляхта. Дзякуючы гэтаму і з’явіліся тутака паны Вернікоўскія, Гурскія, Татуры, Корзюкі. Хто праз шлюб, ідучы да мужа ці да жонкі, хто набыўшы кавалак суцінскай зямлі. А людзі гэтыя былі ой якія ганарлівыя! У якой краіне такое было магчыма, каб на соймах і сойміках ваяводскіх і павятовых голас любога, напрыклад, суцінскага шляхціца, быў роўны голасу караля і вялікага князя літоўскага? Ох гэтыя вольнасці… Як кажуць, вязе на палетак уласны шляхціц гной, а ў ім шабля тырчыць, каб не замінала працы і ў патрэбную гадзіну прыдалася для абароны гонару шляхецкага. Вось такія людзі жылі ў суцінскай аколіцы. Натуральна, што яны косткай ў горле сталі расейскай уладзе, што прыбрала гэтыя землі да сябе ў 1793 годзе. Цяжка ўявіць, што ў 42 хатах, шчыльна прыціснутых адна ля адной на выспе сярод балотаў, жылі, адпаведна 42 двараніны, ці ўжо пацверджаных Пецярбургскім Сенатам, ці гадамі чакаючых пацверджання свайго шляхецкага, па-руску кажучы, дваранскага стану.

А продкі ўсіх гэтых 42 суцінскіх дваран у жыцці сваім, толькі і рабілі, што сваю Радзіму ад Маскоўскай дзяржавы баранілі ў шматлікіх войнах. І аколіца нагадвала добраўмацаваны замак сярод лясоў і балот, з прыхаванай зброяй і літвінскім патрыятызмам у галовах жыхароў. Менавіта таму царскія ўлады адпаведна і ставіліся да суцінскіх месцічаў: за падтрымку паўстання Кастуся Каліноўскага палову суцінскай шляхты адправілі ў Сібір у 1864 годзе, перад гэтым поўнасцю абрабаваўшы жыхароў аколіцы, а пакінутых паставілі пад нагляд суцінскіх праваслаўных сялян.

Здаецца, ну што вам гэты Суцін, прадавайце зямлю і хутчэй на захад, бліжэй да Польшчы, да братоў-каталікоў. Але не, не толькі засталіся, а і сасланыя ў Сібір марылі аб вяртанні і вярталіся на сваю малую радзіму. Вярталіся, набывалі землю, і зноў расквітнела аколіца. Як вынік: па попісу землеўладальнікаў Менскай губерні, праведзенаму ў 1889 годзе, суцінцаў і жыхароў бліжэйшых засценкаў налічвалася 40 чалавек.

Другая хваля ўтрасенняў прыйшла з Савецкай уладай, ды такая хваля, што царскія рэпрэсіі здаліся дзіцячай гульнёй. Большасць жыхароў аколіцы запісваліся ў дакументах як палякі, не ведаючы, што ў новых умовах гэта уласнаручны прысуд самому сабе. Першым гэта паказала так званая савецка-польская вайна 1920 года. Паўгода Суцін быў пад уладай польскай арміі, а калі гэтая армія пачала адыходзіць на захад перад наступаючай Чырвонай , разам з ёй пайшлі ў Польшчу і некаторыя суцінцы. Сярод іх былі і два мае стрыечныя дзяды: Браніслаў і Антон, сыны Ігнація Вікенцьевіча Панятоўскага. Бальшавікі, што прыйшлі, адразу пачалі наводзіць чырвоны парадак. Некалькі суцінцаў былі расстраляныя ў мястэчку Чэрвень, што на той час называўся Ігумен, за шпіянаж на карысць Польшчы, іх маёмасць была канфіскаваная. Далей ня лепш… З-за таго, што былыя шляхціцы і іх нашчадкі былі землеўладальнікамі, і большасць з іх засталіся пры новай уладзе так званымі аднаасобнікамі, ў 30-ыя гады яны станавіліся аўтаматычна ворагамі савецкай дзяржавы, як неаддаўшыя сваю зямлю ў створаныя калгасы. І зноў пакацілася хваля знішчэння па суцінскіх семьях… Я зацікавіўся лёсам жыхароў аколіцы, прозвішчы якіх былі ў дарэвалюцыйным перапісе землеўладальнікаў Менскай губерні, і мне адкрылася жахлівая карціна: у вёсцы, якая налічвала 40-50 двароў, было растраляна 18 чалавек, амаль што кожны другі, усе мужчыны, чыесьці бацькі, дзяды, дзеці… Толькі Скіндзераў было забіта сем чалавек. Уразіў трагічны лёс трох родных братоў Татураў: Антона, Віктара, Язэпа, сыноў Марціна, адпаведна 1905, 1902, 1909 гадоў нараджэння, маладых, моцных мужчын. Яны былі расстраляныя ў адзін дзень у Бабруйску, 13 студзеня 1938 года. Стары Новы Год… У той жа дзень, у тым жа будынку бабруйскага НКУС, які месціўся ў былой гасцініцы «Бярэзіна», разам з братамі Татурамі, былі забіты тры аднавяскоўцы-суцінцы: Панятоўскі Іосіф Вікенцьевіч (1894-13.01. 1938 г.), Мітрыкевіч Іван Андрэевіч (1899-13.01.1938 г.), Скіндзер Станіслаў Дзянісавіч (1870-13.01.1938 г.). Расстрэл, забойства ў адзін дзень шасці аднавяскоўцаў, целы якіх былі зарытыя недзе пад Бабруйскам, неяк не ўкладваецца ў галаве, не паддаецца асэнсаванню. Да гэтага часу ўлады адмаўляюцца назваць месцы пахаванняў нявінна забітых людзей, да гэтага часу іх родныя не могут пакласці кветкі на іх магілы, паставіць крыжы. Забівалі суцінцаў і далёка ад родных хат. Сумны прыклад: бацька і сын, Антон Францавіч і Альберт Антонавіч Скіндзеры, былі расстраляныя 15 лютага 1938 года на Поўначы, ў Пермскай вобласці.

Пра гэта цяжка пісаць, але гэты сумны мартыралог павінен убачыць свет, таму, што паціху адыходзяць ад нас дзеці гэтых нявінна закатаваных людзей, а з імі, пакрысе, знікае і памяць аб іх. Вось спіс суцінцаў, закатаваных у 1920-1930 гады. Адзначу, што ён няпоўны, гэта толькі прозвішчы людзей і іх нашчадкаў, якія мелі ўласную зямлю ў Суціне да 1917 года і былі каталікамі па веравызнанні. Акрамя іх былі таксама і суцінскія праваслаўныя, і людзі, што прыехалі на сталае жыхарства ў Суцін пасля рэвалюцыі, і суцінскія габрэі. Нікога не абмінула гэтая страшэнная навала. Таму гэты сумны спіс, безумоўна, няпоўны. Акрамя закатаваных, шмат людзей, якім «пашанцавала»: 3, 5 і 10 год высылкі ў паўночныя выправіцельна-працоўныя лагеры здаваліся ня самым горшым на той час.

Расстраляныя суцінцы

Дата нараджэння ў Суціне — дата смерці. Месца пахавання. Крыніцы http://lists.memo.ru, Беларускі «Мемарыял», кнігі Памяці Пермскай і Арэнбургскай абласцей.

Панятоўскі Антон Антонавіч (1875-01.10.1920 г.) г.Чэрвень

Панятоўскі Іосіф Вікенцьевіч (1894-13.01.1938 г.) г.Бабруйск

Панятоўскі Казімір Каэтанавіч (?-01.10.1920 г.) г. Чэрвень

Панятоўскі Юльян Ігнацьевіч (1902-01.02.1938 г.) г. Мінск

Скіндзер Антон Францавіч (1880-21.02.1938 г.) п.Пугвін Мыс, Пермская вобласць

Скіндзер Альберт Антонавіч (1908-21.02.1938 г.) п.Пугвін Мыс, Пермская вобласць

Скіндзер Баляслаў Карлавіч (1910-31.08.1937 г.) г. Меднагорск, Арэнбургская вобласць

Скіндзер Станіслаў Дзянісавіч (1870-13.01.1938 г.) г. Бабруйск

Скіндзер Ян Уладзіслававіч (1892 — 01.10.1920 г.) г. Чэрвень

Скіндзер Карл Францавіч (?-01.10.1920 г.) г. Чэрвень

Мітрыкевіч Іван Андрэевіч (1899-13.01.1938 г.) г. Бабруйск

Татур Антон Мартынавіч (1905-13.01.1938 г.) г. Бабруйск

Татур Віктар Мартынавіч (1902-13.01.1938 г.) г. Бабруйск

Татур Іосіф Мартынавіч (1909-13.01.1938 г.) г. Бабруйск

Булгак Геранім Станіслававіч (1855-01.10.1937 г.) г. Мінск

Гурскі Карл Ігнатавіч (?-01.10.1920 г.) г. Чэрвень

Гурскі Феліцыян Карлавіч (1884-01.10.1920 г.) г. Чэрвень

Леановіч Казімір Кіпрыянавіч (1908-21.02.1938 г.) п.Пугвін Мыс, Пермская вобласць

Спакой іх душам

Прайшло няшмат часу і пачалася Другая сусветная вайна, якая сабрала свoй сумны «ўраджай» жыццяў: загінуўшыя на франтах, забітыя пад час акупацыі з абодвух бакоў, памерлыя ад хвароб і нястачы ежы, як мая бабуля, Панятоўская Браніслава Юльянаўна з дому Скіндараў. Пасля вызвалення ад немцаў усе мужчыны прызыўнага ўзросту, якія не былі пад час акупацыі ў партызанах, былі прызваны ў савецкае войска і кінуты ў бой. Палова з іх засталася ляжаць у брацкіх магілах у Польшчы і Прусіі, як мой дзед, Панятоўскі Віктар Ігнацьевіч, ягоны брат Вікенцій, ды швагер дзеда, Скіндзер Антон Юльянавіч, загінуўшыя пры штурме вышыняў каля польскага гарадка Макув-Мазавецкі. Непадрыхтаваныя часці навабранцаў 102 і 413 стралковых дывізій кідалі ў атаку на нямецкія укрэпраёны, каб фіксаваць агнявыя кропкі ворага і далейшым артударам іх знішчаць. Гэта расказы аднавяскоўцаў, якія вярнуліся дадому з той вайны. Простая крывавая праўда вайны.

Здаецца ўсё, колькі можна трываць удары лёсу. Але ж чалавек такая істота, што глядзі ты, жыве, ды і нядрэнна жыве. Насамрэч жыццё бярэ сваё, ды, відаць і корні моцныя ў нашчадкаў суцінскай шляхты. Ніякая трасца іх не бярэ. І дзякуй Богу. Няхай яны будуць здаровыя на доўгія доўгія гады і абыйдуць іх бокам усялякія беды.

А чаму назва такая, суцінскія «недасекі»? — магчыма, спытаеце вы. Апошні ўладальнік Суціна, Стэфан Дамінік Панятоўскі, стражнік мсціслаўскі і ўся радзіна Панятоўскіх, жыла і займала розныя ўрадавыя пасады ў Мсціслаўскім ваяводстве на працягу больш за 150 гадоў, з пачатку 17 стагоддзя i да канца існавання Рэчы Паспалітай як дзяржавы ў 1795 годзе. Усходні сусед ніколі не пакідаў у спакоі гэта памежнае ваяводства. Падчас «патопу» — вайны 1654-1667 гадоў — пасля аблогі і захопу горада Мсціслава камандуючы рускім войскам князь Трубяцкой, загадаў забіць, высекчы ўсіх ацалелых абаронцаў замка мсціслаўскага. Застаўшыхся жывымі пачалі зваць «мсціслаўскія недасекі». Так што відаць гены бяруць сваё.

Віктар Крэсс, kressviktor@tut.by

Суцін-старажытная вёска ў Пухавіцкім раёне Менскай вобласці. Упершыню ў пісьмовых крыніцах згадваецца ў 1560 годзе ў інвентары маёнтка Свіслач. НГАБ, ф.694, в.7,спр.936, арк.2. Гэтую згадку ў архіве знайшоў асіповіцкі краязнаўца Юры Клеванец.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>