Як салдатам зямлю давалі

Як адстаўным салдатам у Суціне зямлю давалі

 

Адшумела, адгрымела паўстанне 1863 года на Беларусі, тагачасным заходнім краі Расійскай імперыі. Пераможцы ў асобе царскай адміністрацыі вырашалі лёс пераможаных. Жыхары аколіцы Суцін, падтрымаўшы паўстанцаў, на некалькі дзён даўшы прытулак і харчаванне атраду Станіслава Ляскоўскага і папоўніўшы мясцовай моладдзю яго шэрагі, апынуліся перад цяжкімі выпрабаваннямі. Па загаду губернатара Мураўёва 23 сям’і аколічнай суцінскай шляхты былі высланы ў Томскую губернію. Уся іх рухомая і нерухомая маёмасць была канфіскавана і перададзена дзяржаве. Што стала надалей з тымі вотчыннымі землямі сасланых суцінцаў?

Як выявілася, плошча канфіскаваных зямель у колькасці 28 участкаў склала 2939,81 дзесяцін, гэта прыкладна каля 3200 гектараў зямлі. Надзелы дасягалі 15 вёрстаў ад Суціна, аж за раку Пціч. Каля 20 гадоў зямля стаяла без гаспадара, неапрацаваная. І вось нарэшце ў 1884 гаду Дэпартамент Дзяржаўнай Маёмасці Расійскай імперыі вырашыў раздаць гэтыя землі адстаўным салдатам і іх сем’ям у разліку ад 1 да 10 дзесяцін на асобу. Патэнцыйным кандыдатам на гэты «падарунак» былі разасланы запрашэнні да ўдзелу ў размеркаванні, якое надалей адбывалася ў Суціне з удзелам Ляснічага Лапіцкага лясніцтва і Тытулярнага саветніка Брутана. Колькасць кандыдатаў склала 93 чалавека. Гэта былі ваенныя, адстаўныя ніжнія чыны — салдаты, яфрэйтары, рэкруты, аддаўшыя 15-25 гадоў службе ў царскай арміі ў часы кіравання Мікалая Першага, ваяваўшыя ў руска-турэцкай вайне 1853-1856 гг., і, як запісана ў дакументах, – “участвовавшие в усмирении польского мятежа 1863-1864 гг”. У асноўным яны жылі ў суседніх вёсках: Жыцін, Крамок, Маісеевічы, але былі людзі і з іншых куткоў Мінскай губерніі. Былі сярод прэтэндэнтаў і ўнтэр-афіцэры, якія пражывалі на той час у Мінску.

Гэтая раздача зямлі зацягнулася на доўгія гады. Адны адстаўнікі паміралі, замест іх станавіліся іх нашчадкі, нехта да канца не змог падаць неабходных дакументаў, нехта хварэў. У выніку, на 1902 год раздалі 772 дзесяціны на 80 чалавек. Такім чынам з’явіліся новыя суцінскія землеўладальнікі. Я пералічу некалькі прозвішчаў, магчыма гэта будзе цікава іх нашчадкам. Браты Мартын Мікалаевіч і Адам Мікалаевіч Гурскія, адпаведна маючыя ўзрост 57 і 69 гадоў у 1897 годзе, адстаўныя радавыя. Браты Мацвей Восіпавіч і Сямён Восіпавіч Гайдучонкі. Франц Міхайлавіч Сухоцкі, яфрэйтар 119 Каломенскага палка, у 1888 годзе меў 42 гады, пражываў у в. Слабодка Антон Іванавіч Ліннік, адстаўны радавы і іншыя.

Але дакументы сведчаць, што надзяленне гэтымі зямельнымі «падарункамі» ад дзяржавы не заўсёды праходзілі гладка. У гэтай сувязі выглядае цікавай гісторыя селяніна в. Лядцы Івана Андрэевіча Верамейчыка, якую ён распавёў у сваёй скарзе. Ягоны бацька Андрэй Верамейчык за службу імператару Мікалаю Паўлавічу атрымаў у аколіцы Суцін у 1888 годзе 2 і 3/4 дзесяціны зямлі, засеяў яе і памёр. Сыну было невядома, што бацька ўжо нябожчык, і тое, хто зняў ураджай. Будучы нашчадкам, у 1890 годзе ён прыехаў у Суцін, каб засеяць «сваю» зямлю. Але супраць яго выйшаў натоўп людзей, узброеных каламі і каменнямі. З натоўпу выйшлі два чалавека — мешчанін Язэп Міцкевіч і дваранін Антон Шпакоўскі, сказалі, што гэта зямля нашых продкаў, і што мы маем поўнае права яе засяваць. І паміж намі не павінны быць ні салдаты, ні іх сыны, таму што будзем век біцца і судзіцца, але нікому не паддадзімся, ні Сялянскай Прысутнасці, ні яго кіраўніцтву, каб яны намі валодалі. У скарзе гэтыя словы падкрэсліны алоўкам, як і тое, што гэтыя два чалавека былі рымска-каталіцкага веравызнання. Пасля гэтага селяніна Івана Верамейчыка выгналі з поля. Скаргу падпісалі жыхары в. Суцін: Мелахій Мікалаевіч Палазнік, Васіль Паўлавіч Каліновіч, Васіль Ігнатавіч Гайдучонак. Вось такое маёмаснае і рэлігійнае супрацьстаянне, падаграваемае царскай адміністрацыяй, адбывалася ў 19 стагоддзі. Менавіта тады, падчас і пасля паўстання, заклалася варожасць паміж каталіцкай аколіцай і праваслаўнай вёскай Суцін, якая крывавай рысай прайшла потым ў гады савецкай ўлады і фашысцкай акупацыі.

Але, як кажуць, вайна вайной, а жыццё працягваецца. Напрыканцы некалькі слоў пра суцінскіх габрэяў. У 1890 гаду габрэі Берка Фрыд, Іцка Сролявіч Фрыд і Гермен Шмулавіч Фукс узялі ў арэнду на 2 гады 2 надзелы зямлі ў адстаўных салдат Савацеева і Лісоўскага па 9 дзесяцін. Адпаведна плацілі па 18 і 11 рублей у год. Сведка Язэп Карлавіч Метрыкевіч, каталік, 60 гадоў узросту, падцвердзіў, што гэтыя габрэі жывуць у аколіцы Суцін з 1889 году. За непісьменнага сведку Метрыкевіча распісаўся дваранін Фларыян Вернікоўскі. Такім жа чынам хацеў трошкі разбагацець мінскі мешчанін Валерый Маркавіч Левановіч, праваслаўны, 50 гадоў узросту, што узяў ў адстаўнога салдата Міхайлава надзел зямлі да 1896 года, па 11 рублёў у год за арэнду. Але зразумеўшы, што не «пацягне», аддаў гэтую зямлю ў арэнду суцінскім габрэям. Усё як заўсёды ў нашым жыцці, у каго гора — канфіскацыя зямлі, у каго радасць — дараванне гэтай зямлі, а ў каго — прадпрымальніцтва ў выглядзе арэнды той жа самай зямлі.

Вось такі невялікі экскурс у наша мінулае, якое трэба ведаць, каб не наступаць каторы раз на гістарычныя «граблі».

Віктар Крэсс, kressviktor@tut.by

Крыніца: НГАБ Ф.276 воп.1 справа 13,14 «Наделение отставных солдат земельными участками в околице Сутин»


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>