Археалагічныя раскопкі

Сябры краязнаўчага гуртка з археолагам Алай Уладзіміраўнай Ільюцік у раскопе,  2002 год

Сябры краязнаўчага гуртка з археолагам Алай Уладзіміраўнай Ільюцік у раскопе,
2002 год

Арэшкавічы — вёска на левым беразе р. Свіслачы. Людзі тут жылі даўно. Пра гэта сведчаць знаходкі крамянёвых прылад працы, мноства археалагічных помнікаў вакол вёскі — курган ля Кіпячкі, селішча ля Церабутаў, гарадзішча ля в. Блужскі Бор.

Археалагічныя раскопкі ў Арэшкавічах былі праведзены летам 2002 г. Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Кіравала раскопкамі навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі жалезнага веку Інстытута гісторыі Ільюцік Ала Уладзіміраўна, а дапамагалі ёй вучні Талькаўскай школы, сябры краязнаўчага гуртка.

Арэшкаўскія дзеці часта прыносяць у школьны краязнаўчы музей кавалкі керамікі, кафлі, каменныя прылады працы, якія яны знаходзяць на агародах. У музеі ўжо назбірана цэлая калекцыя такіх знаходак. Ала Уладзіміраўна зацікавілася гэтай калекцыяй. Было вырашана правесці раскопкі ў Арэшкавічах.

Усяго было зроблена 2 раскопы. 1-шы раскоп быў закладзены на левым беразе Свіслачы насупраць будынка школы на задзярнованым полі памерам 40 м2 (10х4). Культурны слой тут быў таўшчынёй 40 см. Разбіралі яго рыдлёўкамі, а перабіралі рукамі па слаях таўшчынёй 20 см. Тут знайшлі 818 кавалкаў ганчарнай керамікі, 60 кавалкаў крэменю і некалькі індывідуальных знаходак. Коля Сацура, вучань 7 класа, знайшоў брусок для наточвання, а Прахарэнка Марына шкляную пацерку. Таксама тут быў знойдзены грузік гліняны для рыбнай лоўлі бачонкападобнай формы, трубка для курэння. Археолагі датуюць археалагічны помнік па кераміцы. Кераміка раскопа датуецца X-XV стст. 2 кавалкі керамікі археолаг Язэпенка аднёс да эпохі бронзавага веку — ІІ тысячагоддзе да н. э.

2-гі раскоп быў закладзены на агародзе дома № 70, на поўнач ад дома, памер яго 6х2 м (12 м2).Магутнасць культурнага слоя 30-40 см. У ім знойдзена 389 фрагментаў ганчарнай керамікі, 33 кавалкі кафлі, 1 кавалак крэмню. Такая вялікая колькасць кафлі сведчыць, што тут быў шляхецкі фальварак, бо печы кафляю абкладвалі толькі ў шляхецкіх маёнтках. Кафля ўпрыгожана раслінным арнаментам у выглядзе лісця, кветак і галінак. Знойдзеныя кавалкі керамікі прадстаўлены гаршкамі, накрыўкамі, талеркамі, 2 ручкі-пятлі. Кераміка ўпрыгожана лінейным арнаментам, хваляй. 3 індывідуальныя знаходкі: напарстак металічны, шкляныя бутэлечкі (для парфумы ці лекаў), абломкі старадаўняга аконнага шкла круглага, светла-зялёнага, таўшчынёй 1,5 мм.

Кераміка з 2-га раскопу датуецца наступным чынам: адзін венчык — канец Х — першая палова ХІ ст., адзінкі — XIII-XIV стст., шмат венчыкаў XVI-XVIII ст. Значыць, на гэтым месцы людзі жылі з Х ст., а найбольш інтэнсіўным жыццё тут было ў познім сярэднявеччы. Напэўна, у XVI-XVIII стст., непадалёку быў панскі маёнтак (кафля, шкло, бутэлечкі).

Наша кіраўніца Ала Уладзіміраўна для сваёй навуковай працы шукала археалагічны помнік ранняга жалезнага веку — V ст. да н. э. Раскапаныя ж намі селішчы больш познія, таму для яе навуковай працы гэта было ў нейкім сэнсе расчараваннем. Але не для нас. Усе знойдзеныя рэчы акадэмія перадала на захаванне ў школьны музей, у нас з’явіўся яшчэ адзін раздзел — археалагічны. А помнік ранняга жалезнага веку, а можа, і стаянку каменнага веку ў Арэшкавічах, мы яшчэ знойдзем.

 

У раскопе, 2002 год

У раскопе, 2002 год

Кафля з Арэшкавічаў, 2003 год

Кафля з Арэшкавічаў,
2003 год


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>