Першыя звесткі

Першыя пісьмовыя звесткі пра Арэшкавічы

Першая вядомая нам пісьмовая згадка пра Арэшкавічы — 1560 г. У гэтым годзе было складзена»Інвентарнае апісанне Свіслачы»(НГАБ, ф.694, воп.7, спр.936, арк.2). Свіслач (цяпер вёска ў Асіповіцкім раёне) у сярэднявеччы была цэнтрам Свіслацкага княства, а потым воласці. У інвентары апісваецца, што ля другой вежы гарадню (гэта значыць кавалак сцяны ад вежы да вежы) будуюць людзі з Арэшкавіч пана Мікалая Служкі і людзі з Суціна пана Яраша Рыншына (ці Рыкшына). Што гэта азначае? Чаму арэшкаўцы павінны былі будаваць сцяну ў свіслацкім замку? Справа ў тым, што Арэшкавічы раней уваходзілі ў склад Свіслацкага княства, а потым воласці. Але да 1560 г. вёска ўжо была перададзена вялікім князем літоўскім шляхціцу Служку ў прыватнае ўладанне. Павіннасць жа будаваць і рамантаваць кавалак замкавай сцяны па традыцыі яшчэ засталася за арэшкавіцкімі людзьмі.

«Інвентар Свіслачы» 1560 г. прачытаў асіповіцкі краязнавец Юрый Клеванец і даў нам гэтыя звесткі пра Арэшкавічы і Суцін.

Служкі (Слушкі) — вядомы шляхецкі род у ВКЛ, карыстаўся гербам Астоя. Напэўна, Служка атрымаў такую мянушку за выкананне службы ў вялікага князя, а потым мянушка стала прозвішчам. Мікалай Служка (? — каля 1583) валодаў Арэшкавічамі і займаў пасаду старасты крычаўскага. Ад Мікалая Служкі Арэшкавічы перайшлі да яго сына Крыштафа (? — 1619), які быў падсудкам мінскім у 1602 г., ваяводам вендэнскім з 1609 г.

27 верасня 1599 г. быў складзены інвентар маёнтка Арэшкавічы з той нагоды, што Крыштаф Служка перадаваў маёнтак Адаму Храбтовічу, падкамораму новагародскаму на год для збору павіннасцяў, а потым аж да поўнага выкупу сяла (АВАК, Вільня, 1886 г., т.14, с.635).

У той час у Арэшкавічах было 25 аселых валок зямлі. У інвентары пералічваюцца ўсе сялянскія гаспадаркі, колькі кожная з іх мае зямлі ў карыстанні, якую жывёлу маюць сяляне. Таксама ў інвентары запісана, якія павіннасці абавязаны несці сяляне за карыстанне гэтай зямлёю. «Прысада таго сяла над ракой Свіслаччу: Антон Губіч, валок тры часткі, сыноў мае трох: Нікіпар, Агей ды Курэн. Янка, валокі тры часткі, мае каня. Мікіта, валокі тры часткі, сына мае аднаго, валоў 2, конь 1. Сямён Юшковіч, валока з зяцем Хілімонам, мае коней 2, валоў 2. Цішка Супруновіч, паўвалокі, вол 1. Іван Александровіч, поп рускі, валока» і да т. п.

Сялянскі двор часцей за ўсё быў надзелены паўвалокай (трохі болей за 10 га) зямлі. За адну валоку трэба было плаціць па 50 грошаў, мёду прэснага па 2 камені (каля 30 кг), жыта па бочцы, аўса па 2 бочкі, па 2 гусі, 4 куры, ялавіц (цялят) дзве да кухні панскай (з усёй вёскі).

Як бачым, паншчыны арэшкаўскія сяляне не адпрацоўвалі, гэта значыць, што пан сваёй гаспадаркі не вёў, уся зямля 25 валок была падзелена паміж сялянамі.

У інвентары гаворыцца, што на рэчках Свіслачы і Талі знаходзяцца бабровыя гоны, што належаць арэшкавіцкаму маёнтку. Бабровыя гоны — месцы рассялення баброў, бабровыя калоніі. Яны былі ў прыватнай уласнасці тых асоб, на чыёй зямлі знаходзіліся. Здаўна за крадзеж бабра спаганяўся штраф. У Статуце ВКЛ 1529 г. за паляванне на бабра прадугледжваўся штраф (за карага бабра капа грошаў (60), за чорнага дзве капы). Статут ВКЛ 1588 г. павялічыў штраф удвая. Забаранялася абкошваць, абворваць і секчы лазу вакол бабровых гонаў на адлегласці кінутай палкі. Лоўляй баброў і наглядам за бабровымі гонамі займаліся баброўнікі. За работу баброўнік атрымліваў кожнага пятага бабра або падчарэўе ад кожнага злоўленага звера. Зямельны надзел баброўніка ў XVI ст. быў каля адной валокі (вызвалены ад усіх падаткаў). Так было на Беларусі да XVIII ст., калі бабры былі па-драпежніцку знішчаны і бабровы промысел страціў сваё эканамічнае значэнне.

У XVI ст. у Арэшкавічах бабровы промысел працвітаў. У інвентары 1599 г. гаворыцца, што арэшкаўскія гоны цягнуцца па Свіслачы ад рубяжа Блужскага да зямель князя Горскага сяла Цэлі і па Талі ажно да мяжы суцінскай да ўрочышча Слаўчолкі. Дарэчы, назва гэтага ўрочышча захавалася да сённяшняга дня, толькі цяпер мясцовы люд гаворыць Слаўчанка.

Усяго за год з Арэшкавічаў збіралася: грошаў літоўскіх васемнаццаць коп і сорак грошаў, мёду прэснага сорак каменяў (600 кг), жыта дваццаць бочак, аўса сорак бочак, гусей 40, кураў 80, ялавіц 2, сена дваццаць вазоў.

З інвентара відаць, што толькі ў якасці павіннасцяў з Арэшкавічаў вывозілася ў год 600 кг мёду. Значыць, тут на высокім узроўні знаходзіўся такі промысел, як бортніцтва. Бортніцтва — развядзенне і ўтрыманне лясных пчол-баровак у штучных дуплах-борцях. Бортніцтва давала нашым продкам мёд, воск, пропаліс. Мёд і воск былі галоўным відам экспарту ў ВКЛ.

Кожны гаспадар у Арэшкавічах быў яшчэ і бортнікам. Бортнікі рабілі новыя борці — штучныя або прыстасаваныя дуплы ў дрэве (хвоі, дубе, ліпе, асіне) — і засялялі іх, рыхтавалі прынаду для раёў, чысцілі борці, выбіралі мёд, ахоўвалі пчол ад неспрыяльнага надвор’я (дажджу, вільгаці, марозу), шкоднікаў (мядзведзяў, мурашак).

Бортнік ставіў на бортным дрэве свой знак, ці кляйно, бортны знак высякалі на ствале бортнага дрэва на ўзроўні вачэй. Гэта быў своеасаблівы сямейны герб — кампазіцыя з геаметрычных фігур: трохвугольнікаў, рысак, дужак і інш.

Акрамя борцяў у XVI ст. пчол разводзілі і ў калодах-вуллях, зробленых з суцэльнага кавалка дрэва. Такія вуллі-калоды ўстанаўлівалі ў лесе ці на ўласных сядзібах — так узнікалі сядзібныя пасекі. У XVI ст. калод яшчэ было мала, пераважалі борці.

У архіве захаваўся дакумент «Вопіс бортнага дрэва сялян арэшкаўскага маёнтка Мікалая Служкі», складзены ў 1599 г. (Тамсама, с. 644) Вось што там напісана: «Селівон Старац на два камені дрэва бортнага мае сосен 90, дубоў 15, бчол 2 (бчолы — калоды-вуллі). Кузьма Зубовіч на сем бязменаў дрэва бортнага сосен 24, дуб адзін, бчол 2. Іван Прыйма на два пуды сосен 62, дубоў 3, бчол 4. Яўсей Шчабятовіч на восем бязменаў 55 сосен, бчол 5. Максім Праскурнічыч 38 сосен» і да т. п.

Усяго ў Арэшкавічах было 1002 дрэва бортнага і 94 дуба.

Нам нават цяжка гэта ўявіць — 1096 борцяў, сотні кілаграмаў мёду! Гэта колькі павінна было быць лесу вакол вёскі, каб у ім магло памясціцца больш за тысячу бортных дрэў. Дарэчы, участак лесу, на якім размяшчалася 60 борцяў, называўся бор. Звычайна бор меў плошчу 30-35 кв. вёрст. Борці размяшчаліся на адлегласці 1-1,5 вярсты адна ад адной. Відаць, бортніцтва ў Арэшкавічах было вельмі распаўсюджана, бо вакол было шмат лясоў. Калі лясы сталі масава высякаць, гэты занятак страціў значэнне.

У 1647 г. Арэшкавічы і Мацеевічы перайшлі ва ўладанне Скіндэраў. Пісьмовых дакументаў таго часу нам вядома няшмат. Захавалася скарга мяшчан горада Глуска 1728 г. князям Радзівілам (яны валодалі Глускам) на злога арэшкаўскага пана Юзафа Скіндэра. (Белоруссия в эпоху феодализма: Сб. документов и материалов: в 4-х т. Мн., 1959. Т. 1) Гэты шляхціц, п’яны, разам з п’янымі сялянамі напаў на глускіх мяшчан Паўла Рабуху і Яську Лапця ў вёсцы Блужа і біў іх. Павел Рабуха ад гэтых здзекаў памёр, а Яська Лапаць ледзь жывы, — пішуць сваім уладальнікам Радзівілам глусчане. Справа ў тым, што Яська Лапаць і Павел Рабуха пазычылі ў гэтых глускіх мяшчан значную суму грошай. Хто цяпер будзе аддаваць доўг? Крэдыторы звяртаюцца да Радзівілаў, спадзеючыся, што яны заставяць Скіндэра заплаціць доўг за забітага ім Рабуху і знявечанага Лапця. Чым скончылася гэта справа, на жаль, невядома.

26 красавіка 1733 г. браты Міхаіл, Юзаф, Станіслаў, Іван і Браніслаў Скіндэры падзялілі землі — Мацеевічы аддалі Міхаілу, а астатнія браты ўзялі маёнтак Арэшкавічы і Слабодку (НГАБ, ф.160, воп.1, спр.354, арк.28). Дарэчы, гэта першая вядомая нам пісьмовая згадка пра Слабодку — 1733 г. К канцу XVIII ст. род Скіндэраў збяднеў і звёўся, яго зямельныя ўладанні перайшлі да іншых прыватнікаў.

У Мацеевічах ужо было два ўладары — пан Лісоўскі і Сарафінскі францысканскі манастыр. У Арэшкавічах жа з’явілася шмат дробнай шляхты: Іван і Міхайла Жангаловічы, Тадэвуш і Тарэса Дамброўскія, Феліцыян і Анэля Грыбоўскія, Юзаф Быхавец, Міхайла, Юзаф і Іван Сухадольскія, Сцяпан Быкоўскі, Міхайла Грушвіцкі, Ануфрый і Тадэвуш Аземблоўскія, Пётр і Марцыяна Змечароўскія, Яніна і Леапольд Галіцкія, Вікторыя Глінская.(Тамсама, арк.31).

Сёння ў нашых вёсках гэтых прозвішчаў няма ніводнага.

У 1844 г. быў складзены інвентар маёнтка Блужа пані Тэафіліі Завадскай (народжанай Оштарп).Акрамя вёсак Падосава, Берлеж, Бабы, Слабодка, часткі Суціна блужскаму маёнтку належала частка зямель у Арэшкавічах і 16 сялянскіх двароў на гэтых землях. Прозвішчы сялян: Марцінчыкі — 4 сям’і і Траццяковічы — 5 сем’яў, Астроўскія. Кожны двор карыстаўся 24 моргамі зямлі (каля 17 га) і выконваў за гэта павіннасці.(НГАБ, ф.142, воп.1, спр.485).

У той час акрамя Завадскай арэшкавіцкімі землямі валодалі іншыя дробныя шляхціцы. Так, у 1845 г. пану Антону Гіліцкаму належала ўсяго 2 сялянскія двары — Янкі і Андрэя Кургановічаў, у якіх налічвалася пяцёра здольных да працы мужчын. У гэтых двух сялянскіх дварах была такая маёмасць: конь 1, валоў 8, кароў 3, авечак 15, свіней 10. На адзін сялянскі двор прыпадала зямлі сядзібнай і ворнай 20 дзесяцін, сенакоснай 6 1/2 дзесяціны. Зямля добрай урадлівасці, сярэдні ўраджай 5-6 зярнят з аднаго.

Павіннасці сялян: прыгона з канём 2 дні ў тыдзень, а ўсяго у год 104 дні па 15 капеек, усяго 15 рублёў 60 капеек. Прыгона пехатой, без каня, 2 дні ў тыдзень, 104 дні ў год па 10 капеек, усяго 10 рублёў 40 капеек. Згонаў з душы 12 дзён у год.(Тамсама, спр.601, арк.1,2).

У шляхціцаў Рамуальда і Апалінара Змечароўскіх таксама было толькі 2 цяглых двары: Маркі Кургановіча і Якуба Забаўчыка. Маёмасць сялян, надзяленне зямлёй такія ж, як і ў Гіліцкага, толькі працоўны дзень сялян цаніўся танней: з канём 12 капеек, без каня 6 капеек.(Тамсама, спр.602).

Трохі багацейшымі былі браты Вінцэсь і Іван Аземблоўскія — ім належала 3 сялянскія двары: Кандрата, Юркі, Васіля Кургановічаў.(Тамсама, спр.603).

А вось Ігнаці і Станіслаў Аземблоўскія мелі толькі 1 цяглы двор — Івана Марцінчыка. Затое на яго прыходзілася аж 30 дзесяцін зямлі. Відаць, нялёгка было апрацоўваць столькі зямлі сілаю толькі трох мужчын і 2 валоў.(Тамсама, спр.604)

Ігнацій і Станіслаў Аземблоўскія не ведалі граматы, таму за іх распісаўся ў інвентары Вінцэсь Аземблоўскі.

Праз некалькі год ( да 1861 г.) у Арэшкавічах набылі зямлю Іосіф Абрамовіч — аж 540 дзесяцін і 17 рэвізскіх душ сялян і Шушкевіч — 60 дзесяцін і 5 душ.

У 1875 г. у Арэшкавічах з’яўляюцца яшчэ дробныя шляхціцы, што купілі тут зямлю, — Радзіеўскія Антон і Палікарп, Сухоцкі Гілярый.(Тамасама, ф.333, воп.1, спр.3595).

Уся арэшкавіцкая шляхта — дробная. Шляхціцы самі працавалі на зямлі і, бывала, нават не ведалі граматы. Можна параўнаць іх уладанні з блужскім маёнткам — у ім налічвалася ў 1875 г. 3599 дзесяцін, а сялянскіх двароў 105. Блужскі маёнтак лічыўся сярэднім па велічыні.

З-за таго, што ў Арэшкавічах было шмат землеўладальнікаў-шляхціцаў, памяць у народзе пра «свайго» пана не захавалася.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>