Зямельная спрэчка

Зямельная спрэчка з блужскай уладальніцай

У 1866 г. разгарэлася зямельная спрэчка арэшкаўскіх сялян з Соф’яй Свентаржэцкай, уладальніцай блужскага маёнтка. У 1861 г. было адменена прыгоннае права, сяляне сталі вольнымі. А ў 1866 г.землямер праводзіў размежаванне з блужскімі ўладаннямі. Спачатку сялянам нарэзалі добрай зямлі, бо землямер, «увлекаясь чрезмерным желанием облагодетельствовать крестьян,. не стеснялся ничем для достижения этой цели и т. к. со стороны вотчинника при этом никого не было». (НГАБ, ф.1595, воп.2, спр. 1413, арк.13)

Справа ў тым, што ўладальніцай Блужы ў 1866 г. была маленькая дзяўчынка Соф’я Свентаржэцкая. Бацька яе — паўстанцкі камісар Мінскага ваяводства — у 1863 г. пасля разгрому паўстання эміграваў за мяжу, а маці памерла. Апекуном пры малой быў шляхціц Сцыпіян Быліновіч з Мінскага павета, а потым уладальнік Мацеевіч Юльян Булгак. Апякун пасля першага размежавання запатрабаваў перагледзець межы сялянскіх і панскіх земляў, бо самыя лепшыя землі маёнтка Блужа аддадзены сялянам несправядліва. Гэта прынесла вялікую шкоду малалетняй і маёнтку — лічыў апякун.

У 1868 г. землі перадзялілі наноў. Цяпер ужо незадаволенымі засталіся сяляне.

23 ліпеня 1870 г. сяляне Арэшкавіч (што раней былі прыгоннымі Завадскіх-Свентаржэцкіх)пішуць прашэнне ў «Минское по крестьянским делам присутствие». Яны скардзяцца, што:

— камісія павысіла штогадовыя выкупныя плацяжы з 7 рублёў 14 капеек да 10 рублёў;

— землі ім выдзелілі зусім бедныя, пясчаныя, усяго 1 зярнятка прыросту на пасеянае зярнятка;

— знаходзяцца выдзеленыя ім землі на адлегласці 5 вёрст ад вёскі;

— землі іх знаходзяцца ў вялікай цераспалосіцы з дробнымі памешчыкамі Арэшкавіч і пусткамі Свентаржэцкай, таму яны церпяць страты з-за патраў;

— ім забаронена сячы дровы ў зарасніках на сваіх надзелах, «так што нават не маем хворасту на мётлы»;

— ад іх запатрабавалі заплаціць нейкую нядоімку — па 120 рублёў з кожнага двара. Адкуль узялася раптам гэта нядоімка?

Гаспадары з Арэшкавіч просяць абароны начальства і распараджэння аб тым, каб засталася ранейшая ацэнка зямлі, аддаць ва ўладанне памешчыцы частку іхніх палёў, якія не прыносяць ніякай карысці. А наконт нядоімкі, то яны згодны яе плаціць, толькі малымі часткамі. Пад прашэннем падпісаліся: Канстанцін Астроўскі, Фама Прановіч, Сцяпан Траццякоў, Язэп Траццяковіч і шмат Марцінчыкаў. (Тамсама, арк. 76, 76 аб.)

Нарэшце ў 1870 г. было ажыццёўлена трэцяе размежаванне, якое, здаецца, задаволіла абодва бакі.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>