Як арэшкаўцы лес кралі

Пра гэта мы даведаліся з судовай справы Ігуменскага павятовага суда «Пра самавольную высечку сасновага дрэва ва ўрочышчы Хімы Цэльскай казённай дачы сялянамі в. Арэшкавічы» 1859-1866 гг.(НГАБ, ф.160, воп.1, спр.510)

Ігуменскі ляснічы 30 сакавіка 1859 г. данёс у Палату дзяржаўных маёмасцяў, што ў Цэльскай лясной дачы ва ўрочышчы Хімах нехта высек 44 сасновыя сырарастучыя дрэвы. Ёсць падазрэнне, што гэта зрабілі арэшкаўскія сяляне.

Пачалося следства. Палясоўшчыкі Цэльскай лясной дачы Каленнік Баешка і Янка Злобіч знайшлі ў арэшкаўца Іллюка Марцінчыка 17 пален на двары. Ён сказаў, што сек не адзін, з ім быў Сідар Кургановіч, а астатніх аб’явіць не згадзіўся.

У Арэшкавічы прыехалі з Ігумена паліцэйскі прыстаў і ляснічы, правялі допыт сялян і знайшлі:

1) Іллюк Марцінчык, 40 год, веры праваслаўнай, селянін маёнтка Арэшкавічы памешчыка Вікенція Аземблоўскага. Ён прызнаўся, што ссек толькі 3 сасновыя дрэвы. Там секлі таксама Сідар Янкаў Кургановіч, Васіль Ігнатаў Марцінчык, Лявон Кандратаў Кургановіч, Мартын Ярмолаў Траццяковіч, Васіль Мартынаў Кургановіч.

2) Сідар Кургановіч, 35 год, праваслаўны, непісьменны, селянін памешчыка Казіміра Гіліцкага, прызнаўся, што ссек толькі тры сасновыя дрэвы.

Усе астатнія дапытаныя, якіх назваў Іллюк Марцінчык, заявілі, што ва ўрочышчы Хімах ніякіх дрэў не секлі.

«Гаварыце, што хочаце, а мы будзем маўчаць», — так яны сказалі на вочнай стаўцы.

Ва ўсіх абвінавачваемых апісалі маёмасць.

Вопіс рухомай маёмасці сялян в. Арэшкавічы, што абвінавачаны ў самавольнай высечцы дрэў Цэльскай лясной дачы ва ўрочышчы Хімы, 22 верасня 1859 года.

У снежні 1860 г. зноў прыехалі ў Арэшкавічы паліцэйскія чыны і дапыталі сведкаў. Сяляне вёскі Арэшкавічы Мікіта Кургановіч, Ярмола Марцінчык, Даніла Кургановіч, Фама Траццяковіч, Андрэй Марцінчык бачылі, як Іллюк Марцінчык, Лявон Кургановіч, Марцін Траццяковіч, Васіль Кургановіч у сакавіку 1859 года вазілі аднекуль на свой двор дрэвы, але колькі хто іх высек, не ведаюць. Усе гэтыя сяляне паводзіны маюць добрыя.

У сакавіку 1860 г. Ігуменскі павятовы суд загадаў наступнае: сялян вёскі Арэшкавічы памешчыка Аземблоўскага Ілью Марцінчыка, 34-х гадоў, памешчыка Казіміра Гіліцкага Сідара Кургановіча, 40 гадоў, пакараць розгамі па 20 удараў, узяць з апісанай у іх маёмасці штрафу па 3 рублі з кожнага.

А сялян памешчыка Станіслава Аземблоўскага Васіля Марцінчыка, 23-х гадоў, памешчыка Іосіфа Абрамовіча Лявона Кургана, 34-х гадоў, памешчыцы Свентаржэцкай Марціна Траццяковіча, 21 года, і памешчыка Гераніма Змечароўскага Васіля Кургана, 40 гадоў, пакараць кожнага па 40 удараў розгамі і забраць з апісанай маёмасці па 9 рублёў 84 капейкі, значыць, 39 рублёў 36 капеек, а ўсяго 45 рублёў 36 капеек і гэтыя грошы перадаць у лясны даход. Такое адрозненне ў пакаранні суд патлумачыў тым, што першыя два абвінавачаныя павініліся самі.

 


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>