Засценкі

Загібелька, Угодзін і іншыя засценкі

 

Раней на Беларусі акрамя гарадоў, мястэчак і вёсак былі яшчэ аколіцы і засценкі. Так называліся паселішчы дробнай шляхты. Аколіцы і засценкі сталі ўзнікаць падчас валочнай памеры — зямельнай рэформы XVI ст. Зямлю мералі на валокі (21,36 га), а тыя кавалкі, што заставаліся за мяжой валокі, «за сцяной», каля асноўных валок, арандавала дробная шляхта і сялілася там. Вось так і ўзнікалі засценкі і аколіцы. Суцін быў вялікай аколіцай — 43 двары ў сярэдзіне ХІХ ст., была аколіца і ля Арэшкавічаў, што складалася з некалькіх шляхецкіх двароў. Там жылі Аземблоўскія, Змечароўскія, Гіліцкія, Жыдовічы. Засценкі і аколіцы маглі складацца з аднаго двара ці некалькіх. Яны былі падобныя (з-за невялікай колькасці двароў) на хутары, але адрозніваліся ад іх саслоўнай прыналежнасцю жыхароў — гэта была шляхта, якую так і называлі, засцянковая ці аколічная.Засцянковая шляхта ў нашым краі актыўна ўдзельнічала ў паўстанні 1863 года, 7 чалавек з Суціна, 4 чалавекі з аколіцы Арэшкавічы пайшлі ў мяцеж. Паўстанцы знаходзілі ў засценках і аколіцах прытулак, іх там кармілі, хавалі, мылі іх бялізну. Таму многія шляхецкія засценкі былі абвінавачаны ўладамі, што ў іх «был притон для мяцежников». За такую правіну засцянковую шляхту высялялі, дзякуй Богу, не ў Сібір, а ў бліжэйшыя вёскі «под надзор сельского общества». На сялян накладвалася адказнасць сачыць за шляхтаю і даносіць пра яе паводзіны ўладам.

У нашай мясцовасці шляхецкія засценкі былі (акрамя Суціна і Арэшкавічаў) Загібелька — каля Слабодкі, Угодзін — каля Мацеевіч, Жадын (ці Жыдаў, Жадаў) Калодзеж — каля Суціна, Свінкі — каля Берлежа, Буйнічы — каля Чаротаў.

У спісе выселеных сем’яў з гэтых засценкаў знаходзім наступныя прозвішчы.

Трэба патлумачыць, хто такія аднадворцы, чаму большасць насельнікаў засценкаў у гэтым спісе называюць не шляхтаю, а аднадворцамі. Раней ужо згадвалася раней, у аповедзе пра Суцін, што царскія ўлады, далучыўшы Беларусь, павялі зацятую вайну са шляхтаю. Пасля паўстання 1830-1831 гг. з новай сілай пачаўся «разбор шляхты». Кожнай шляхецкай сям’і трэба было дакументамі даказаць сваё шляхецтва. Хто не здолеў гэтага зрабіць, былі пераведзены ў такія катэгорыі, як «сяляне-ўласнікі», «аднадворцы», «вольныя людзі». Аднадворцы былі асабіста вольнымі, але плацілі падаткі і давалі рэкрутаў. Хто жыў на ўласнай зямлі, плацілі падатак 3 рублі ў год, на панскай і дзяржаўнай — 2 рублі з гаспадаркі, рэкруцкая павіннасць для іх была 15 гадоў. Паводле закону 1868 г. аднадворцы як асобная катэгорыя сельскага насельніцтва перасталі існаваць, большасць іх зліліся з сялянствам. Па заможнасці аднадворцы займалі прамежкавае становішча паміж дробнай шляхтай і заможным сялянствам. У большасці аднадворцы былі католікі.

Як жа склаўся далейшы лёс засценкаў? Адны з іх ператварыліся ў вёскі. Так адбылося з засценкам Угодзін. Відаць, у час Сталыпінскай рэформы там сталі купляць зямлю ў Булгака сяляне з іншых мясцовасцяў — і маленькі шляхецкі засценак ператварыўся ў звычайную вёску. Праўда, к канцу ХХ ст. Угодзін ужо перастаў быць і вёскай, цяпер яго можна назваць хіба што дачным пасёлкам.Астатнія засценкі былі сселены ў час калектывізацыі. Так, у 20-я гг. у Загібельцы было 8 хат — Сухоцкія, Малішэўскія, Рабцэвічы. Чатыры гаспадаркі раскулачылі і выслалі ў Сібір, астатнія чатыры хаты згарэлі ў вайну, а людзі перасяліліся ў Слабодку і Тальку. У Буйнічах было 11 двароў — Татуры, Пілатовічы, Гіліцкія. Частку гаспадароў раскулачылі, а шчаслівейшыя перасяліліся ў іншыя вёскі.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>