Гісторыя Суцiна

 

Суцін — вялікая старажытная вёска на самым поўдні Пухавіцкага раёна. Раскінулася яна на балотах паміж рэкамі Таль і Пціч.

У красавіку 1863 г. у Суціне было месца збору некалькіх паўстанцкіх атрадаў — з Багушэвіч, Ігумена, Мінска і Слуцка.Тут Станіслаў Ляскоўскі аб’яднаў іх у адзін, а потым падзяліў яго на баявыя адзінкі. Атрад царскіх казакаў, што прыйшоў у Суцін праз дзень пасля паўстанцаў, абрабаваў суцінцаў — узяў маёмасць на 12 тысяч рублёў серабром. За ўдзел у паўстанні 22 сям’і з Суціна былі сасланыя ў Томскую губерню.

Чаму менавіта суцінцы пайшлі ў паўстанне і актыўна садзейнічалі яму? Як сёння жывуць нашчадкі паўстанцаў 1863 г.? На гэтыя пытанні мы шукалі адказы, даследуючы гісторыю Суціна ў пісьмовых крыніцах і сустракаючыся з яго жыхарамі. Высветлілася, што ў Суціне і сёння жывуць людзі, якія ведаюць пра паўстанне не з кніжак і газет, а з жывых аповедаў сваіх дзядоў.

 Першая пісьмовая згадка пра Суцін

Першую пісьмовую згадку пра Суцін знаходзім у «Інвентарным апісанні маёнтка Свіслач» 1560 г. (НГАБ, ф. 694, воп.7, спр.936, арк.2)

Свіслач цяпер — вёска ў Асіповіцкім раёне, там, дзе рака Свіслач упадае ў раку Бярэзіну. У сярэднявеччы Свіслач была цэнтрам княства, а потым Свіслацкай воласці. У сярэдзіне XVI ст. Свіслацкая воласць належала дзяржаве, ёю распараджаўся вялікі князь літоўскі. Суцінскія землі некалі таксама ўваходзілі ў склад Свіслацкай воласці, але к 1560 г. ужо былі перададзены вялікім князем свайму васалу — шляхціцу Ярашу Рыншыну (Рыкшыну). У згаданым інвентары гаворыцца пра рамонт умацаванняў Свіслацкага замка. Частку замкавай сцяны (гарадню) ля другой вежы робяць людзі пана Мікалая Служкі сяла Арэшкавічы і пана Яраша Рыншына з Суціна. Відаць, рамонт замкавай сцяны — гэта павіннасць, якая засталася з тых часоў, калі Суцін яшчэ ўваходзіў у склад Свіслацкага павета. «Інвентар Свіслачы» ў Нацыянальным гістарычным архіве РБ прачытаў асіповіцкі краязнавец Юрый Клеванец і ласкава перадаў нам гэтыя звесткі.

Адкуль у Суціне палякі?

Суцінцы. Фота даваеннае. Сем'і Ігната Панятоўскага і Юльяна Скіндэра.

Суцінцы. Фота даваеннае. Сем’і Ігната Панятоўскага і Юльяна Скіндэра.

Могілкі на Сарафінавай гары называюць польскімі, частка жыхароў Суціна і сёння называюцца палякамі. Адкуль жа тут, у цэнтры Беларусі, палякі? Тут, як і ў Весалове, Арэшкавічах і іншых мясцінах Беларусі жыла беларуская шляхта каталіцкага веравызнання. Адбываецца памылковае атаясамленне веры з нацыянальнай прыналежнасцю: католік — значыць, паляк, праваслаўны — значыць, рускі. Суцінскія палякі — гэта нашчадкі той беларускай шляхты, што ў пэўных гістарычных умовах акаталічылася, прыняла польскую культуру і мову. Шляхта — гэта саслоўе воінаў. На Беларусі гэтае саслоўе было вельмі шматлікім — 10-12% ад усяго насельніцтва (для параўнання, у Расіі дваране складалі 1% насельніцтва). Такая шматлікасць беларускай шляхты тлумачыцца асаблівым геапалітычным становішчам нашай краіны, якая знаходзіцца на шляхах — з захаду на ўсход, з поўначы на поўдзень. Гэтае становішча патрабавала шмат воінаў для абароны ад ваяўнічых суседзяў. Шляхта — гэта вольныя людзі з пачуццём уласнай годнасці, незалежным характарам. Гэтае ваяўнічае свабодалюбівае саслоўе ў сярэднявечнай беларускай дзяржаве Вялікім княстве Літоўскім удзельнічала ў сеймах, сейміках, нават выбірала караля. Так гістарычна склалася, што паступова, калі ВКЛ утварыла з Польшчай агульную дзяржаву Рэч Паспалітую, беларуская шляхта пераняла польскую веру — каталіцкую, а таксама мову і культуру. Так беларускі народ як бы раскалоўся на дзве часткі — «простыя» людзі засталіся праваслаўнымі (у XVII-XVIII стст. уніятамі), а шляхта — стала каталіцкай.

Калі Беларусь была захоплена Расійскай імперыяй у канцы XVIII ст., шляхта стала галаўным болем для расійскага цара. У 1794, 1831, 1863 гг. на Беларусі і ў Польшчы выбухнулі паўстанні супраць Расійскай імперыі. Ва ўсіх гэтых выступленнях галоўнай сілай была шляхта.

Царызм пачаў вайну з гэтым саслоўем: пазбаўленне шляхецтва, высылка ў Сібір, нарэшце, «разбор шляхты». Гэта быў указ цара, каб шляхціцы даказалі сваё шляхецтва, прадаставіўшы прывілеі і граматы вялікіх князёў літоўскіх. У выніку гэтага разбору колькасць шляхты скарацілася да 3%, астатніх перавялі ў «аднадворцы», «недоказанные дворяне», «внесословные». Суцінская шляхта даказала сваё шляхецтва, але па свайму маёмаснаму становішчу яна набліжалася да сялян. Прыгонных такая шляхта не мела, абраблялі шляхціцы сваю зямлю самі, ды і зямлі той было няшмат. Так, у архіўным дакуменце «Выписка из свода сведений о землях Игуменского уезда на трёхлетие с 1875 года» (НГАБ, ф. 333, воп.1, спр. 3595) знаходзім спіс суцінскай шляхты — 37 двароў. З іх большасць гаспадароў маюць зямлі 15-20 дзесяцін. Самыя багатыя Дашкевіч Іван — 40 дзес., Захарэвіч Язэп — 35 дзес., Панятоўскі Адам — 33 дзес. А вось беднякі: Булгак Феліцыян — 5 дзес., Гансеўскі Ян — 3 дзес. З гэтай зямлі немагчыма пражыць. Таму суцінская шляхта мусіла арандаваць зямлю ў блужскіх памешчыкаў. Вось такая дробная шляхта жыла ў Суціне ў ХІХ ст. Называлася яна таксама засцянковай, ці ваколічнай, бо сялілася ў асобных паселішчах — аколіцах, засценках — на вольных землях. У Расійскай імперыі ўлады пазбавілі аколічную шляхту прывілеяў, абклалі грашовым падаткам і рэкруцкай павіннасцю. Вось чаму менавіта шляхта пайшла ў паўстанне супраць расійскага цара, вось чаму шляхецкая аколіца Суцін дала сваіх хлопцаў у атрад Ляскоўскага і ўсяляк дапамагала паўстанню.

Мост цераз рэчку Талька

 

Наша дарога на Суцін працягваецца. Скончыўся Сарафінскі лес, і перад намі ляжыць даліна Талі. Праўда, пасля асушэння суцінскіх балот, калі рэчышча ракі выраўнялі, яна стала больш падобная на роўную канаву. Як шкада! Той, хто бачыў прыгажуню Таль ля вёсак Слабодка, Талька, з цяжкасцю паверыць, што гэта тая самая цудоўная рачулка, так скалечыла яе асушэнне.

У красавіку 1863 г. паўстанцы рыхтаваліся да бою з урадавымі войскамі ў Суціне і зрабілі тут, ля моста, на беразе Талі, умацаванне. Вось што даносіў у сваім рапарце камандзір 6-й сотні Данскога казацкага 33-га палка Цітоў 26 красавіка 1863 г. з Суціна:

«С этой стороны Сутина я нашёл мост разбросанным и сложено из брёвен и мостовой настилки нечто вроде реданта, а на самом берегу речки насыпан вал с целью обстреливания.., вообще крепкая болотная местность до того усилилась расположением настоящих прикрытий, что взять её одной пехотой без значительной потери было невозможно». (НГАБ, ф.295, воп. 1, спр.1578, арк. 5)

Гэты ваяка меў звесткі, што ля Суціна сабраліся каля 500 інсургентаў, таму прасіў у свайго начальства падмацавання і, дачакаўшыся яго ў Навасёлках, пайшоў на Сарафін і на Суцін. Ён збіраўся атакаваць паўстанцаў, але іх у Суціне ўжо не было. Чаму яны пакінулі ўмацаванне і не прынялі бою ў Суціне? Мы не можам дакладна адказаць на гэтае пытанне. Магчыма, такое пазбяганне бою было часткай агульнай тактыкі паўстанцаў: унікаць вялікіх баёў, бо сілы былі няроўныя, а дзейнічаць у малых сутычках, нечакана нападаючы на ворага, партызанскімі метадамі.

Паслухаем далей камандзіра казакоў Цітова, што ён піша ў сваім рапарце пра Суцін: «Сутин населён большею частию шляхтою, которые при приближении нас разбежались. При обыске селения в редком доме не было найдено пороха, свинца, патронов и прочих принадлежностей огнестрельного оружия, кроме того 1 ружьё, 1 пистолет и пистолетный ствол; вообще здешнее население неприязненно настроены против правительства, вспомоществуя своими детьми, находящимися ныне в их шайке и вообще всем для них полезным». «Шайкай» казацкі камандзір Цітоў называе атрад паўстанцаў пад кіраўніцтвам Станіслава Ляскоўскага.

Замачак

Замачак, ці Гарадок — так называюць суцінцы старажытнае гарадзішча на правым беразе Талі. Пераедзем мост, ля якога паўстанцы зрабілі ўмацаванне ў красавіку 1863 г., павернем управа і рушым уздоўж Талі па грунтавой дарозе. Хутка мы мінем урочышча Руды — яшчэ адно сведчанне таго, што ў даліне Талі былі месцы, дзе здабывалі балотную жалезную руду. Тут яшчэ ў 60-70-я гг. ХХ ст. была вёсачка Руды, а цяпер ад яе нічога не засталося, апрача некалькіх здзічэлых яблынь і груш.

Праязджаем паварот на яшчэ адну знікаючую вёску — Шэлехаў — і праз 5-6 км па пясчанай дарозе пад’едзем да валоў гарадзішча Замачак. Усе нашы субяседнікі з Суціна, каго мы распытвалі пра Замачак, упэўнівалі нас, што гэта былі ўмацаванні ў вайну з французамі ці шведамі — гэта значыць XVIII-XIX стст. Канечне ж, гэта не так. Часта курганы і гарадзішчы на Беларусі называюць французскімі ці шведскімі магіламі — гэта такая памылковая традыцыя. На самой справе, і курганы, і гарадзішчы — гэта помнікі нашмат даўнейшых часоў. Павярхоўны агляд Замачка, знаходкі проста на паверхні кавалкаў керамікі, крыцы, 2 абломкаў глінянага праселка ля ямы (відаць, тут ужо пабывалі шукальнікі скарбаў — на гарадзішчы вырыта неглыбокая яма) пераканалі нас, што гэта археалагічны помнік культуры штрыхаванай керамікі. Гэта археалагічная культура балцкіх плямён, што жылі ў сярэдняй Беларусі ў VII-VI стст. да н.э. — IV-V стст. н. э. Іх гліняны посуд з тоўстымі сценкамі пакрыты характэрнымі штрыхамі, таму па ім лёгка вызначыць прыналежнасць гэтых археалагічных помнікаў.

Выгляд Замачка ўражвае. З трох бакоў гарадзішча абкружана двума валамі і равамі глыбінёй 2-3 м, а з боку ракі — высокім абрывістым берагам. Памер яго 59 метраў у шырыню і 92 метры ў даўжыню. Такія гарадзішчы нашыя продкі будавалі ў раннім жалезным веку, калі з’явілася маёмасная няроўнасць. Значыць, гэтаму археалагічнаму помніку 2 тысячы гадоў. З тых часоў, як «штрыхавікі» пакінулі гэтае месца, тут ніхто не жыў. Мы паспрабуем уявіць, як выглядала гэтае месца 2 тысячы гадоў назад. Людзі будавалі на такім гарадзішчы доўгія дамы слупавой канструкцыі, падзеленыя на некалькі жылых памяшканняў. Унутры кожнага размяшчаўся ачаг. Людзі гэтыя займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, палявалі, лавілі рыбу, збіралі мёд дзікіх пчол, ягады і грыбы па лясах, з балотнай руды рабілі жалезныя прылады працы.

Гарадзішча добра захавалася як археалагічны помнік па некалькіх прычынах. Па-першае таму, штопасля таго, як тыя людзі пакінулі гэтае месца недзе ў сярэдзіне 1 тысячагоддзя н. э, тут ніхто не жыў. Па-другое, лес пакрыў усю паверхню і сваімі каранямі надзейна схаваў таямніцы гісторыі для нашчадкаў. Па-трэцяе, месца гэтае глухое, размешчана далёка ад цяперашніх дарог. Нават вандалы-шукальнікі скарбаў рэдка даходяць сюды.

Чаму менавіта тут, у гэтай балоцістай глухмені, людзі пабудавалі такія велічныя сховы? Ад каго яны так адгароджваліся?

Чаму пакінулі гэтае месца?

Вось такія пытанні пра Замачак узніклі ў нас пасля наведвання гэтай мясціны.

Хто жыў у Суціне

 

Легенду пра Суцін расказаў нам жыхар Суціна Ян Віктаравіч Корзюк. Некалі тут шумелі старадаўнія пушчы, цяклі чыстыя ручаі, спакойныя рэкі. Купец-яўрэй Шлёмка Суцін пачаў церабіць лес для продажу. Вось на гэтым месцы, выцерабленым Суціным, вырасла вёска з гэткай жа назвай. Такім чынам, заснаваў вёску купец-яўрэй.

У вёсцы Суцін жылі прыгонныя сяляне, а на аколіцы Суцін — дробная шляхта. Прыгонныя суцінскія сяляне ў 1844 г. належалі блужскаму маёнтку і працавалі на зямлі блужскай памешчыцы Тэафіліі Завадскай. У інвентары маёнтка Блужа, складзеным 20 снежня 1844 г. (НГАБ, ф.142, воп. 1, спр.485), гаворыцца, што пасля смерці Пятра Завадскага маёнтак Блужа перайшоў яго жонцы Тэафіліі і належаць да маёнтка сяло Падосава, вёскі Берлеж, Бабы, Арэшкавічы, Слабодка, Суцін. У Суціне жыло 15 сем’яў прыгонных сялян (Каліновічы, Палазнікі, Панкратовічы, Гайдучонкі) на 12 валоках панскай зямлі. Гэтыя 15 двароў маюць 13 коней, 43 валы, 24 каровы, 7 быкоў, 15 цялят, 60 авечак, 35 свіней, 70 курэй. За карыстанне зямлёй (кожны двор абрабляў каля 20 га) двор мусіў адпрацоўваць паншчыну па 2 дні мужчынскіх і 2 дні жаночых штотыдзень, 12 дзён згонаў у год у летні час. Акрамя таго, сяляне будавалі і рамантавалі масты, дарогі, плаціны, вартавалі маёнтак, давалі падводы, неслі даніну ў гаспадарчы двор (яйкі, грыбы, ягады, жалуды, арэхі). Грашовы чынш з двара быў невялікі — 45 кап. серабром у год.

Суцінская шляхта жыла на ўласнай зямлі, прыгонных не мела і ўласнаручна апрацоўвала гэтую зямлю. У 1863 г. у Суціне было 43 шляхецкія двары. Акрамя таго, у гэты час у Суціне жылі яўрэі — 14 сем’яў (у іншых дакументах — 17), што займаліся рамёствамі і гандлем, — валодаць зямлёю і працаваць на ёй яўрэям у Расійскай імперыі было забаронена.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>