Археалагічныя помнікі

Селішча ля вёскі Вялікае Поле

Селішча Здаравец

Селішча Здаравец

Мясцовыя жыхары называюць гэта ўрочышча Здаравец. Знаходзіцца яно за 1 км ад вёскі, на левым беразе ракі Свіслачы. Памер 1000 х 100 м, вышыня над поплавам ракі 6 м. Адкрыў і даследаваў у 1965 г. археолаг
Л. Побаль. Культурны пласт цьмяна-шэрай афарбоўкі. Знойдзена грубая гладкасценная і з расчосамі кераміка, у паўночна-ўсходняй частцы — ганчарная кераміка. Адносіцца селішча да позняга этапу зарубінецкай культуры (ІІ-V ст. н. э.) і эпохі Кіеўскай Русі.

У 2001 г. мы з дзецьмі аглядалі і даследавалі Здаравец. Поле гэта залужана, таму мы шукалі кераміку ў краціных грудках. Трапілася шмат кавалкаў ХІ-ХІІ стст., а сведчанняў зарубінецкай культуры мы не знайшлі.

Гарадзішча ля вёскі Блужскі Бор

Выгляд на Свіслач з гарадзішча Блужскі Бор

Выгляд на Свіслач з гарадзішча Блужскі Бор

Знаходзіцца за 1,5 км на поўдзень ад вёскі, на левым беразе ракі Свіслач. Пляцоўка памерам 50 м х 20 м, вышыня над летнім узроўнем вады ў рацэ 7 м. Умацавана з боку поля двума дугападобнымі валамі вышынёй каля 2 м. Пры даследаванні знойдзены абпаленыя камяні, рэшткі посуду са штрыхаванай паверхняй, гладкасценная кераміка, блізкая да мілаградскай, зарубінецкай культур. Абследаваў Л. Побаль.

Мы з вучнямі знайшлі гэта гарадзішча. Жыхарка вёскі Блужскі Бор Соф’я Капанец расказала нам, што ў вайну партызаны зрабілі на гарадзішчы бліндаж. Сапраўды, слаі перамяшаныя, на паверхні аказаўся жоўты пясок. Думаю, як археалагічны помнік гарадзішча Блужскі Бор страчана для навукі назаўсёды.

Замачак

У паход на Замачак

У паход на Замачак

Знаходзіцца гарадзішча на паўднёвы захад ад вёскі, на правым беразе ракі Талі, на ўскрайку лесу, ва ўрочышчы Гарадок ці Замачак. Вышыня над узроўнем вады 4 — 5 м. Пляцоўка авальная, выцягнута з усходу на захад, памерам 40 х 50 м. Па краі ўмацавана трыма радамі валоў вышынёй 1-2,5 м. Раскопкі не праводзіліся. Адкрыў і абследаваў у 1930 г. А. Ранейскі.

Праязджаем паварот на яшчэ адну знікаючую вёску — Шэлехаў — і праз 5-6 км па пясчанай дарозе пад’едзем да валоў гарадзішча Замачак. Усе нашы субяседнікі з Суціна, каго мы распытвалі пра Замачак, упэўнівалі нас, што гэта былі ўмацаванні ў вайну з французамі ці шведамі — гэта значыць XVIII-XIX стст. Канечне ж, гэта не так. Часта курганы і гарадзішчы на Беларусі называюць французскімі ці шведскімі магіламі — гэта такая памылковая традыцыя. На самой справе, і курганы, і гарадзішчы — гэта помнікі нашмат даўнейшых часоў. Павярхоўны агляд Замачка, знаходкі проста на паверхні кавалкаў керамікі, крыцы, 2 абломкаў глінянага праселка ля ямы (відаць, тут ужо пабывалі шукальнікі скарбаў — на гарадзішчы вырыта неглыбокая яма) пераканалі нас, што гэта археалагічны помнік культуры штрыхаванай керамікі. Гэта археалагічная культура балцкіх плямён, што жылі ў сярэдняй Беларусі ў VII-VI стст. да н.э. — IV-V стст. н. э. Іх гліняны посуд з тоўстымі сценкамі пакрыты характэрнымі штрыхамі, таму па ім лёгка вызначыць прыналежнасць гэтых археалагічных помнікаў.

Выгляд Замачка ўражвае. З трох бакоў гарадзішча абкружана двума валамі і равамі глыбінёй 2-3 м, а з боку ракі — высокім абрывістым берагам. Памер яго 59 метраў у шырыню і 92 метры ў даўжыню. Такія гарадзішчы нашыя продкі будавалі ў раннім жалезным веку, калі з’явілася маёмасная няроўнасць. Значыць, гэтаму археалагічнаму помніку 2 тысячы гадоў. З тых часоў, як «штрыхавікі» пакінулі гэтае месца, тут ніхто не жыў. Мы паспрабуем уявіць, як выглядала гэтае месца 2 тысячы гадоў назад. Людзі будавалі на такім гарадзішчы доўгія дамы слупавой канструкцыі, падзеленыя на некалькі жылых памяшканняў. Унутры кожнага размяшчаўся ачаг. Людзі гэтыя займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, палявалі, лавілі рыбу, збіралі мёд дзікіх пчол, ягады і грыбы па лясах, з балотнай руды рабілі жалезныя прылады працы.

Гарадзішча добра захавалася як археалагічны помнік па некалькіх прычынах. Па-першае таму, штопасля таго, як тыя людзі пакінулі гэтае месца недзе ў сярэдзіне 1 тысячагоддзя н. э, тут ніхто не жыў. Па-другое, лес пакрыў усю паверхню і сваімі каранямі надзейна схаваў таямніцы гісторыі для нашчадкаў. Па-трэцяе, месца гэтае глухое, размешчана далёка ад цяперашніх дарог. Нават вандалы-шукальнікі скарбаў рэдка даходяць сюды.

Чаму менавіта тут, у гэтай балоцістай глухмені, людзі пабудавалі такія велічныя сховы? Ад каго яны так адгароджваліся?

Чаму пакінулі гэтае месца?

Вось такія пытанні пра Замачак узніклі ў нас пасля наведвання гэтай мясціны.

Валерый Трыбіс: “Замачак” паміж неалітам і жалезным векам на Беларусі (прэзентацыя)

Аўтар – вучоны-прыродазнаўца, даследчык беларускіх балотаў Валерый Трыбіс. Сп. Валерый са сваімі вучнямі-калегамі, удзельнікамі секцыі касмічнай біялогіі Рэспубліканскага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і юнацтва, двойчы ажыццявілі вандроўкі- даследаванні нашай прыроды і мясцовасці каля гарадзішча Замачак. Вынікам сталі арыгінальныя назіранні пра прыроду ракі Таль, будову і размяшчэнне гарадзішча, загадкавы правал у рэчышчы. Да гэтага нашу мясцовасць даследавалі галоўным чынам гісторыкі, археолагі, этнографы, а гэты погляд цікавы нам як спроба прыродазнаўчага даследавання. Валерый Трыбіс з’яўляецца аўтарам навукова-папулярнай і адначасова паэтычнай кнігі “Слова пра балоты”.

Прэзентацыя пра Замачак

Гарадзішча ля вёскі Церабуты

Знаходзіцца на паўднёвай ускраіне вёскі, на правым беразе ракі Свіслачы. Пляцоўка круглая, дыяметр каля 80 м, вышыня над Свіслаччу 7-8 м, умацавана валамі і ровам.Знойдзена ляпная гладкасценная і штрыхаваная кераміка. Адносіцца да культуры штрыхаванай керамікі.

Так апісвалі Церабуцкае гарадзішча археолагі ў 60-х гг. ХХ ст. Сёння нічога гэтага вы не знойдзеце. У 80-я гг. на прыгожым высокім беразе Свіслачы на гарадзішчы была пабудавана турбаза «Ветразь». Хто будаваў, хто даваў дазвол на разбурэнне археалагічнага помніка — невукі ці злачынцы? За гэтыя гады некалькі разоў памяняліся гаспадары будыніны, ды ніхто не можа даць ёй рады — нерэнтабельнай аказалася гэта ўстанова. А можа, лёс гэтага будынка ёсць нам знакам ад продкаў: разбураючы памяць, не створыш нічога вартага, як ні пніся.

Mогільнікi і курганы

Курган ля Кіпячкі

Курган ля Кіпячкі

Ёсць у краі некалькі могільнікаў і курганаў:

  1. Ля в. Арэшкавічы, на левым беразе ракі Свіслачы, ва ўрочышчы Кіпячка.Кіпячка — гэта невялікая крынічка, што б’е з-пад высокага берага Свіслачы. Калі глядзіш на гэты ключ, то здаецца, што вада кіпіць.Пра Кіпячку расказваюць вось такую легенду.Многа-многа гадоў, а можа, і стагоддзяў назад, калі яшчэ па рацэ Свіслачы плавалі на суднах — вялікіх ладдзях, на яе высокім беразе стаяла царква. Была яна белая, высокая, з вострымі вежачкамі наверсе. Кажуць, злыя людзі пачалі бурыць царкву. Тады зямля раскалолася і царква правалілася скрозь зямлю. Зямля схавала яе. А на месцы царквы стала біць крынічка. Вада «кіпіць» і невялічкім ручайком сцякае ў Свіслач. Вада празрыстая, чыстая, вельмі смачная. Яна доўга захоўваецца дома.

Людзі лічаць гэтае месца святым і ахоўваюць яго. Існуе звычай: хто ўпершыню наведвае Кіпячку, павінен кінуць у яе манетку на шчасце.

Запісала гэтую легенду ў Арэшкавічах Валянціна Мурашка. Такія легенды пра горад, замак, царкву, што праваліліся, пра закапаныя скарбы ёсць сведчанне таго, што тут некалі жылі людзі і побач знаходзіцца гарадзішча, селішча ці курганны могільнік. Даследчыкі-археолагі, пачуўшы падобную легенду, ведаюць: побач з гэтым месцам можна шукаць археалагічны помнік. Сапраўды, ля самай Кіпячкі знаходзіцца курган, а ля вёскі Вялікае Поле — селішча.

  1. Ля в. Блужскі Бор, за 1,2 км на поўдзень ад вёскі, на левым беразе ракі Свіслач, ва ўрочышчы Гарадзішча.Гэты курган разбураны, а шыльду трактарысты калгаса імя Кірава, «каб не замінала араць», перанеслі і прытулілі да дуба.
  2. Ля в. Талька, на паўднёва-ўсходняй ускраіне, на левым беразе р. Талі.Мясцовыя назвы Турэцкія магілы, Французскія магілы. Цяпер застаўся толькі адзін курган з гэтай групы. Ёнзнаходзіцца ў агародзе Надзеі Міхайлаўны Пікулік. Выглядае цэлым. Нават дубы, якія растуць на кургане і вакол яго, ніхто не чапае.

Археолагі вызначылі, што засяленне нашага краю пачалося ў бронзавым веку (ІІ тысячагоддзе да н. э.). Усе пералічаныя археалагічныя помнікі адносяцца да ранняга жалезнага веку (VІІ ст. да н. э. — V ст. н. э.).

З далёкіх часоў паходзяць і назвы вёсак Рудня, Руды, што знаходзяцца на берагах Талі. Відаць, тутэйшыя жыхары выплаўлялі жалеза з балотнай руды, і цяпер на балоце вада мае рыжы колер, буйна на такіх балотах расце капытнік.

З VII-VIII стст. на абшарах Беларусі рассяляюцца славяне. Нашымі продкамі былі дрыгавічы. Яны жылі на лясной і балоцістай раўніне ад Прыпяці да Менска.

У ІХ ст. тут узнікла Тураўскае княства.

З ХІІІ-ХІV стст. наш край увайшоў у склад магутнай сярэднявечнай дзяржавы — Вялікае княства Літоўскае, быў у складзе Менскага ваяводства.

  1. Ля санаторыя «Чыгуначнік» на правым беразе р. Талі  таксама захаваўся курган.
    Ля кургана выраслі грыбы

    Ля кургана выраслі грыбы

    Юрий Клеванец

    Археологическая карта Осиповичского района


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>