1-я пісьмовая згадка пра Тальку

Першая згадка пра Тальку, паходжанне назвы

 

Каменныя прылады працы са школьнага музея

Каменныя прылады працы са школьнага музея

 

Раней мы лічылі, што Талька ўзнікла ў другой палове ХІХ ст., калі тут прайшла чыгунка і была пабудавана станцыя. Але ў 2000 г. у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі быў знойдзены дакумент, які даказвае, што Талька існавала ўжо ў 1830г.

Дакумент гэты, 1833 г., называецца «Аб ліквідацыі Смілавіцкага місіянерскага рымска-каталіцкага манастыра». У ім расказваецца, як пасля паўстання 1830-1831 гг. расійскія ўлады, каб абмежаваць уплыў каталіцызму і пальшчызны, зачынілі францысканскі кляштар у Смілавічах. Маёмасць кляштара мінскі губернатар загадаў прадаць з адкрытага торга і грошы перадаць у казну. На торг з’ехаліся шляхта і купцы-яўрэі «из деревень Жицина Лейба и Берко, из Тальки Иосель Иоселевич, из Мацеевич Румер Елеович, Иохим Мовилович, Михелевич, из Сутина Хаим Изреелович и брат его Евгур». Пакуль што гэта першая пісьмовая згадка пра Тальку.

У 1873 годзе быў адкрыты рух на ўчастку Вілейка — Бабруйск Лібава-Роменскай чыгункі. Гэта чыгунка звязвае Балтыйскае мора з Украінай.

На левым беразе Талі яшчэ раней існавала вёсачка Слабодка. Яна ўпершыню згадваецца ў 1733 г. як уладанне Скіндэраў. У 1844 г. тут было ўсяго 8 двароў, з іх 7 — Кульбіцкіх, адна сям’я Ханасоўскіх. З прыходам чыгункі тое месца, дзе цяпер знаходзіцца Талька, апынулася на перакрыжаванні шляхоў: дарогі Суцін — Арэшкавічы і чыгункі Мар’іна Горка — Асіповічы. З гэтага часу пачынаецца новае жыццё краю.

Вакол станцыі селяцца рамеснікі, гандляры-яўрэі. У Расійскай імперыі законы забаранялі яўрэям валодаць зямлёй, займацца сельскай гаспадаркай. Адзінае, што ім заставалася, — рамёствы, гандаль, ліхвярства.

У кнізе «Міншчына ў легендах і паданнях», складзенай А. Ненадаўцом (Мн., 1998) ёсць легенда пра Тальку. Гулялі ў вёсцы вяселле: млынар аддаваў адзіную дачку-прыгажуню за добрага хлопца, таксама з заможнай сям’і, з працавітых сялян. Дзяўчыну звалі Гэлькай, а хлопца Мартынам клікалі. Кахаліся колькі гадоў Мартын з Гэлькай, бацькі не супраць былі. Ды і пасаг млынар за дачкою даваў не абы-які, а пару коней, гэтулькі ж валоў ды зямлі ворнай добрую ніву. Таму і спяваліся вясёлыя песні, уздымаліся келіхі, чуліся добрыя пажаданні маладым, танчылі ўсе, хто быў на вяселлі. Важны сват хадзіў між гасцей і вёў рэй. Добра павесяліўшыся, маладыя з іхнімі дружкамі і сватам паехалі да бліжэйшай царквы, дзе бацюшка абвянчаў жаніха і нявесту.

Вярнуліся дамоў, зноў сядалі за сталы і частаваліся, але ўжо ўсе ведалі, што хутка маладая пакіне бацькоўскую хату і паедзе ў гасподу да бацькоў Мартына.

Па камандзе свата пасля блаславення бацькамі дачкі сваёй усе селі на вазы, пабраўшы ўсё. Нехта нерашуча напомніў пра тое, што трэба было б, паводле завядзёнкі, са стрэльбы стрэліць, нячыстую сілу напалохаць, каб яна да маладых не чаплялася ды коней па дарозе не закружыла.

Але ці то сват быў п’янаваты, ці то верыў, што ўсё прадугледзеў, — праігнараваў народны звычай.

Паехалі-паімчалі вазы навыперадкі, ігралі музыкі, спявалі госці. Ці сіла нячыстая, ці ведзьмакі якія, ці коньмі, дзе сядзелі маладыя, п’яны фурман кіраваў, але збіліся яны з роўнага шляху і паляцелі па нейкіх узгорках і карчах. Так і ўляцелі ў дзікую балаціну і патанулі. Тое месца сталі называць таль, талька.

Пазней, непадалёку ад тае балаціны, стала вёска, яе і назвалі Талькай.

Іншыя навакольныя вёскі ля Талькі: Арэшкавічы, Суцін, Мацеевічы, Блужа — нашмат даўнейшыя. У школьным краязнаўчым музеі захоўваецца каменная сякера, знойдзеная ля в. Мацеевічы. Археолагі датавалі яе ІІ тысячагоддзем да н. э. Цэлая калекцыя крамянёвых прылад знойдзена ў Арэшкавічах.

 


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>