Пісьмовыя крыніцы 16-19 ст. пра край

Пісьмовыя звесткі

Першая вядомая нам пісьмовая згадка пра вёскі нашага краю— 1560 г. У гэтым годзе было складзена «Інвентарнае апісанне Свіслачы»17). (НГАБ, ф. 694, воп. 7, спр.936, арк. 2). Свіслач (цяпер вёска ў Асіповіцкім раёне) у сярэднявеччы была цэнтрам Свіслацкага княства, а потым воласці. У інвентары апісваецца, што ля другой вежы гарадню (гэта значыць кавалак сцяны ад вежы да вежы) будуюць людзі з Арэшкавіч пана Мікалая Служкі і людзі з Суціна пана Яраша Рыншына (ці Рыкшына). Што гэта азначае? Чаму арэшкаўцы павінны былі будаваць сцяну ў свіслацкім замку? Справа ў тым, што Арэшкавічы раней уваходзілі ў склад Свіслацкага княства, а потым воласці. Але да 1560 г. вёска ўжо была перададзена вялікім князем літоўскім шляхціцу Служку ў прыватнае ўладанне. Павіннасць жа будаваць і рамантаваць кавалак замкавай сцяны па традыцыі яшчэ засталася за арэшкавіцкімі людзьмі.

«Інвентар Свіслачы» 1560 г. прачытаў асіповіцкі краязнавец Юрый Клеванец і даў нам гэтыя звесткі пра Арэшкавічы і Суцін.

Служкі (Слушкі) — вядомы шляхецкі род у ВКЛ, карыстаўся гербам Астоя. Напэўна, Служка атрымаў такую мянушку за выкананне службы ў вялікага князя, а потым мянушка стала прозвішчам. Мікалай Служка (? — каля 1583) валодаў Арэшкавічамі і займаў пасаду старасты крычаўскага. Ад Мікалая Служкі Арэшкавічы перайшлі да яго сына Крыштафа (? — 1619), які быў падсудкам мінскім у 1602 г., ваяводам вендэнскім з 1609 г.

27 верасня 1599 г. быў складзены інвентар маёнтка Арэшкавічы з той нагоды, што Крыштаф Служка перадаваў маёнтак Адаму Храбтовічу, падкамораму новагародскаму на год для збору павіннасцяў, а потым аж да поўнага выкупу сяла18.(АВАК, Вільня, 1886 г., т.14, с. 635)

У той час у Арэшкавічах было 25 аселых валок зямлі. У інвентары пералічваюцца ўсе сялянскія гаспадаркі, колькі кожная з іх мае зямлі ў карыстанні, якую жывёлу маюць сяляне. Таксама ў інвентары запісана, якія павіннасці абавязаны несці сяляне за карыстанне гэтай зямлёю. «Прысада таго сяла над ракой Свіслаччу: Антон Губіч, валок тры часткі, сыноў мае трох: Нікіпар, Агей ды Курэн. Янка, валокі тры часткі, мае каня. Мікіта, валокі тры часткі, сына мае аднаго, валоў 2, конь 1. Сямён Юшковіч, валока з зяцем Хілімонам, мае коней 2, валоў 2. Цішка Супруновіч, паўвалокі, вол 1. Іван Александровіч, поп рускі, валока» і да т. п.

Сялянскі двор часцей за ўсё быў надзелены паўвалокай (трохі болей за 10 га) зямлі. За адну валоку трэба было плаціць па 50 грошаў, мёду прэснага па 2 камені (каля 30 кг), жыта па бочцы, аўса па 2 бочкі, па 2 гусі, 4 куры, ялавіц (цялят) дзве да кухні панскай (з усёй вёскі).

Як бачым, паншчыны арэшкаўскія сяляне не адпрацоўвалі, гэта значыць, што пан сваёй гаспадаркі не вёў, уся зямля 25 валок была падзелена паміж сялянамі.

У інвентары гаворыцца, што на рэчках Свіслачы і Талі знаходзяцца бабровыя гоны, што належаць арэшкавіцкаму маёнтку. Бабровыя гоны — месцы рассялення баброў, бабровыя калоніі. Яны былі ў прыватнай уласнасці тых асоб, на чыёй зямлі знаходзіліся. Здаўна за кра­дзеж бабра спаганяўся штраф. У Статуце ВКЛ 1529 г. за паляванне на бабра прадугледжваўся штраф (за карага бабра капа грошаў (60), за чорнага дзве капы). Статут ВКЛ 1588 г. павялічыў штраф удвая. Забаранялася абкошваць, абворваць і секчы лазу вакол бабровых гонаў на адлегласці кінутай палкі. Лоўляй баброў і наглядам за бабровымі гонамі займаліся баброўнікі. За работу баброўнік атрымліваў кожнага пятага бабра або падчарэўе ад кожнага злоўленага звера. Зямельны надзел баброўніка ў XVI ст. быў каля адной валокі (вызвалены ад усіх падаткаў). Так было на Беларусі да XVIII ст., калі бабры былі па-драпежніцку знішчаны і бабровы промысел страціў сваё эканамічнае значэнне.

У XVI ст. у Арэшкавічах бабровы промысел працвітаў. У інвентары 1599 г. гаворыцца, што арэшкаўскія гоны цягнуцца па Свіслачы ад рубяжа Блужскага да зямель князя Горскага сяла Цэлі і па Талі ажно да мяжы суцінскай да ўрочышча Слаўчолкі. Дарэчы, назва гэтага ўрочышча захавалася да сённяшняга дня, толькі цяпер мясцовы люд гаворыць Слаўчанка.

Усяго за год з Арэшкавічаў збіралася: грошаў літоўскіх васемнаццаць коп і сорак грошаў, мёду прэснага сорак каменяў (600 кг), жыта дваццаць бочак, аўса сорак бочак, гусей 40, кураў 80, ялавіц 2, сена дваццаць вазоў.

З інвентара відаць, што толькі ў якасці павіннасцяў з Арэшкавічаў вывозілася ў год 600 кг мёду. Значыць, тут на высокім узроўні знахо­дзіўся такі промысел, як бортніцтва. Бортніцтва — развядзенне і ўтрыманне лясных пчол-баровак у штучных дуплах-борцях. Бортніцтва давала нашым продкам мёд, воск, пропаліс. Мёд і воск былі галоўным відам экспарту ў ВКЛ.

Кожны гаспадар у Арэшкавічах быў яшчэ і бортнікам. Бортнікі рабілі новыя борці — штучныя або прыстасаваныя дуплы ў дрэве (хвоі, дубе, ліпе, асіне) — і засялялі іх, рыхтавалі прынаду для раёў, чысцілі борці, выбіралі мёд, ахоўвалі пчол ад неспрыяльнага надвор’я (дажджу, вільгаці, марозу), шкоднікаў (мядзведзяў, мурашак).

Бортнік ставіў на бортным дрэве свой знак, ці кляйно, бортны знак высякалі на ствале бортнага дрэва на ўзроўні вачэй. Гэта быў свое­асаблівы сямейны герб — кампазіцыя з геаметрычных фігур: трохвугольнікаў, рысак, дужак і інш.

Акрамя борцяў у XVI ст. пчол разводзілі і ў калодах-вуллях, зробленых з суцэльнага кавалка дрэва. Такія вуллі-калоды ўстанаўлівалі ў лесе ці на ўласных сядзібах — так узнікалі сядзібныя пасекі. У XVI ст. калод яшчэ было мала, пераважалі борці.

У архіве захаваўся дакумент «Вопіс бортнага дрэва сялян арэшкаўскага маёнтка Мікалая Служкі», складзены ў 1599 г.19( Тамсама, с. 644). Вось што там напісана: «Селівон Старац на два камені дрэва бортнага мае сосен 90, дубоў 15, бчол 2 (бчолы — калоды-вуллі). Кузьма Зубовіч на сем бязменаў дрэва бортнага сосен 24, дуб адзін, бчол 2. Іван Прыйма на два пуды сосен 62, дубоў 3, бчол 4. Яўсей Шчабятовіч на восем бязменаў 55 сосен, бчол 5. Максім Праскурнічыч 38 сосен» і да т. п.

Усяго ў Арэшкавічах было 1002 дрэва бортнага і 94 дуба.

Нам нават цяжка гэта ўявіць — 1096 борцяў, сотні кілаграмаў мёду! Гэта колькі павінна было быць лесу вакол вёскі, каб у ім магло памяс­ціцца больш за тысячу бортных дрэў. Дарэчы, участак лесу, на якім размяшчалася 60 борцяў, называўся бор. Звычайна бор меў плошчу 30—35 кв. вёрст. Борці размяшчаліся на адлегласці 1—1,5 вярсты адна ад адной. Відаць, бортніцтва ў Арэшкавічах было вельмі распаўсю­джана, бо вакол было шмат лясоў. Калі лясы сталі масава высякаць, гэты занятак страціў значэнне.

У 1647 г. Арэшкавічы і Мацеевічы перайшлі ва ўладанне Скіндэраў. Пісьмовых дакументаў таго часу нам вядома няшмат. Захавалася скарга мяшчан горада Глуска 1728 г. князям Радзівілам (яны валодалі Глускам) на злога арэшкаўскага пана Юзафа Скіндэра20.(Белоруссия в эпоху феодализма: Сб. документов и материалов в 4-х т. Мн., 1959. Т.1.).  Гэты шляхціц, п’яны, разам з п’янымі сялянамі напаў на глускіх мяшчан Паўла Рабуху і Яську Лапця ў вёсцы Блужа і біў іх. Павел Рабуха ад гэтых здзекаў памёр, а Яська Лапаць ледзь жывы, — пішуць сваім уладальнікам Ра­дзівілам глусчане. Справа ў тым, што Яська Лапаць і Павел Рабуха пазычылі ў гэтых глускіх мяшчан значную суму грошай. Хто цяпер будзе аддаваць доўг? Крэдыторы звяртаюцца да Радзівілаў, спадзеючыся, што яны заставяць Скіндэра заплаціць доўг за забітага ім Рабуху і знявечанага Лапця. Чым скончылася гэта справа, на жаль, невядома.

26 красавіка 1733 г. браты Міхаіл, Юзаф, Станіслаў, Іван і Браніслаў Скіндэры падзялілі землі — Мацеевічы аддалі Міхаілу, а астатнія браты ўзялі маёнтак Арэшкавічы і Слабодку21 (НГ АБ, ф. 160, воп. 1, спр. 354, арк. 28). Дарэчы, гэта першая вядомая нам пісьмовая згадка пра Слабодку — 1733 г. К канцу XVIII ст. род Скіндэраў збяднеў і звёўся, яго зямельныя ўладанні перайшлі да іншых прыватнікаў.

У Мацеевічах ужо было два ўладары — пан Лісоўскі і Сарафінскі францысканскі манастыр. У Арэшкавічах жа з’явілася шмат дробнай шляхты: Іван і Міхайла Жангаловічы, Тадэвуш і Тарэса Дамброўскія, Феліцыян і Анэля Грыбоўскія, Юзаф Быхавец, Міхайла, Юзаф і Іван Сухадольскія, Сцяпан Быкоўскі, Міхайла Грушвіцкі, Ануфрый і Тадэвуш Аземблоўскія, Пётр і Марцыяна Змечароўскія, Яніна і Леапольд Галіцкія, Вікторыя Глінская22(Тамсама, арк. 31).

Сёння ў нашых вёсках гэтых прозвішчаў няма ніводнага.

У канцы XVIII ст. у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай Беларусь увайшла ў склад Расіі. Наш край стаў часткай Расійскай імперыі ў 1793г., у выніку другога падзелу. Талька і іншыя вёскі нашага краю ў ХІХ ст. уваходзілі ў склад Ігуменскага павета (цяпер ён Чэрвеньскі) Мінскай губерні.

У 1844г. у Слабодцы жыло 8 сялянскіх двароў, што належалі блужскай памешчыцы Тэафіліі Завадскай. Магчыма, тут жылі людзі іншых станаў — дробная шляхта, якія былі хоць і бедныя, але вольныя.

Кожны сялянскі двор быў надзелены 24 моргамі зямлі і павінен быў выконваць за гэта наступныя павіннасці:

паншчына: кожны тыдзень па 2 мужчынскія і 2 жаночыя дні;

згоны: у летні час, калі ўбіраюць хлеб, 12 дзён мужчынскіх і 12 жаночых у год;

чынш: 45 капеек серабром у год з кожнага двара;

падарашчызна: 1 руб. 80 кап.;

даніна прадуктамі:

куры — 2 шт., хмель — 10 фунтаў,

яйкі — 20 шт., мёд — 1 гарнец,

пеўні — 2 шт., ягады — 1 гарнец,

грыбы — 1 капа, арэхі — 1 гарнец,

дрань — 1 капа, жалуды — 8 гарцаў.

Дадатковыя павіннасці:

шарваркі (будаўнічыя работы) вясною і восенню па аднаму дню ў тыдзень з кожнага двара па чарзе;

варта — адзін мужчына і адна жанчына з двара па чарзе ахоўвалі маёнтак;

выраб нітак, палатна і сукна — кожны двор павінен здаць у гаспадарчы двор простага прадзіва 8 фунтаў, тонкага — 5 фунтаў.

Узрост рабочых ад 12 да 60 гадоў.

Пасля паўстання 1831г. цар падпісаў указ, паводле якога ўсе, хто называў сябе шляхтай, павінны былі прад’явіць дакументы аб шляхецкім паходжанні. Тыя, хто іх не меў, пераводзіліся ў аднадворцы, фактычна далучаліся да дзяржаўных сялян. Гэта называлася «разбор шляхты». Магчыма, што акрамя 8 сялянскіх прыгонных двароў у Слабодцы жылі і такія аднадворцы.

У час паўстання 1863г. ваенныя дзеянні адбываліся і ў нашай мясцовасці. У паўстанцкія атрады ўступала шляхта, навучэнцы, сяляне. За ўдзел у паўстанні 22 сям’і з Суціна царскія чыноўнікі выслалі ў Томскую губерню.

У кнізе «Описание церквей и приходов Минской епархии», выдадзенай у 1879 г., апісваюцца вёскі, што ўваходзілі ў склад прыхода Блужскай царквы імя Успення Божай Маці. «В состав прихода входят следующие селения: Блужа, Подосово, Бобы, Берлеж, Орешковичи, Слободка, Сутин, Каменка, Матеевичи и Угодино. Прихожан мужеского пола 752, а женского 790 душ, большинство крестьянского сословия; преимущественное занятие прихожан есть земледелие, но многие занимаются также вывозкою и продажею на железнодорожной станции лесного материала, плотничьими и бондарными ремёслами. Религиозно-нравственное состояние прихожан признавалось бы удовлетворительным, если бы менее развито было между ними пьянство; из молитвословий особенно употребительны крестные ходы по деревням, выдающихся суеверных обычаев нет. Грамотных между прихожанами не более 6%».

 


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>