20 стагоддзе, пачатак
У кнізе В. Сямёнава «Россия. Полное географическое описание нашего Отечества», том 9 «Верхнее Поднепровье и Белоруссия» (СПб., 1905) напісана: «В 19 верстах за Пуховичами (М.-Горкой) Либава-Роменская железная дорога достигает станции Талька, грузящей свыше 700 тысяч пудов лесных грузов».
Школы ў Тальцы яшчэ не было. Багацейшыя сяляне на зіму наймалі «дарэктараў» ці пасылалі сваіх дзяцей у Блужу. У 1869 г. было адкрыта Блужскае народнае вучылішча. У 1875 г. яно працавала ў грамадскім будынку. Настаўніцай была Аляксандра Іванаўна Халявінская. За сваю працу яна атрымлівала 150 рублёў у год і кватэру. Закон Божы выкладаў святар Успенскай царквы Іосіф Віторскі, за што атрымліваў 25 рублёў.
У 1900-1901 гг. у Бужскім народным вучылішчы навучалася 43 хлопчыкі і 2 дзяўчынкі. Магчыма, што тут былі дзеці з Арэшкавічаў, Слабодкі.
Школы ў вёсках Слабодка, Арэшкавічы, Суцін, Спічнік былі адкрыты ў 1912 г.Гэта былі аднагадовыя народныя вучылішчы, адкрытыя намаганнямі земстваў. Земствы на Беларусі былі створаны ў 1911 г. Дзякуючы ім ужо ў наступным годзе ў нашай мясцовасці пачалі працаваць школы.
У «Памятнай кніжцы Мінскай губерні на 1913 год чытаем:
Народные училища Учителя:
Блужское — Любовь Лисицкая, Александра Шимко;
Орешковичское — Елена Русова;
Слободо-Тальковское — Александра Ржецкая;
Спичниковско-Столыпинское — Амвросий Рудковский;
Сутинское — Александра Беляева;
Церебутское — Михаил Вержбицкий.
Праваслаўны святар Блужскага прыхода ў 1913 г. — Уладзімір Яльцоў.
Начальнік чыгуначнай станцыі Талька — Восіп Чарнецкі.
Ксёндз Сарафінскага касцёла — Антон Шылініс.
Бліжэйшыя да Талькі аптэкі знаходзіліся ў Лапічах (правізар Ісаак Іскольдскі) і ў Пухавічах (правізар Яфім Шахаратаў).
Бліжэйшыя паштова-тэлеграфічныя аддзяленні былі ў Мар’інай Горцы, Пухавічах.
Пасля заканчэння Слабодскай аднагадовай школы сялянскія дзеці маглі вучыцца ў Ігуменскім 2-класным ці 4-класным вучылішчах. Двухкласныя народныя вучылішчы былі ў Блоні, Дукоры, Пярэжыры, Цытве. У Мар’інай Горцы працавала сельскагаспадарчае вучылішча.
У 1914 годзе пачалася Першая сусветная вайна, якая прывяла Расію да Лютаўскай рэвалюцыі, а потым Кастрычніцкага перавароту 1917 г.
9 жніўня 1917 г. блужскі памешчык Ю. Булгак просіць губернскага камісара прыняць меры супраць сялян вёсак Блужа Пухавіцкай і Каменка Амяльнянскай валасцей, якія захапілі яго сенакосы ў фальварку Блужа і ў маёнтку Мацеевічы. Ён не ведаў, што праз некалькі месяцаў ён страціць усю сваю маёмасць і будзе вымушаны пакінуць свой дом.
Як адчувалі сябе жыхары Слабодкі, Талькі, Арэшкавічаў у той калатнечы? Нямецкая акупацыя ў 1918 г., польская акупацыя ў 1919-1920 гг., савецкая ўлада з харчразвёрсткай, — усё гэта не магло абмінуць гэты незаласканы Богам куток зямлі. Жыццё працягвалася.
Вось яскравы факт: у 1921 г. у Тальцы працуе 3 школы. Слабодская (Людміла Ярмак), Талькаўская польская (Алена Альшамоўская, Браніслава Тамашэўская), Талькаўская яўрэйская (Абрам Кантаровіч).
Акрамя таго, школы працавалі ў Дзям’янаўцы (Канстанцін Грамыка); у Суціне аж дзве школы: у адной з іх настаўнікамі былі Наталля Васільеўна Ярмак і яе сын Мікалай Ярмак, у польскай школе працаваў Эдуард Гарашэвіч. Былі школы ў Мацеевічах (Міліцыя Вярыга), у Каменцы (Аляксандр Гаўрык), ва Угодзіне (Яўген Ярмак), у Арэшкавічах (Мікіта Слуцкі), у Насыцку (Міхаіл Гулякевіч), у Церабутах (Іван Рагоцкі, Міхаіл Цвірка-Гадыцкі).