1920-30-ыя гады

Пасля ўзрушэнняў, войн, рэвалюцый, акупацый Талька апынулася ў складзе БССР, абвешчанай 31 ліпеня 1920 г. У БССР на той час уваходзіла толькі 6 паветаў Мінскай губерні, у якіх пражывала 1,6 мільёна чалавек.

У 1921 г. урад згарнуў харчразвёрстку і перайшоў да новай эканамічнай палітыкі (нэп). Гэта прывяло да эканамічнага пад’ёму Талькі.

У Тальцы пачало развівацца прадпрымальніцтва. З’явілася шмат маленькіх прадпрыемстваў, якія перапрацоўвалі скуру, воўну, малако, мяса, ягады ў прадукты і тавары народнага спажывання.

План Талькі ў 20—30-х гадах ХХ ст.

 

 

План Талькі ў 1920-30 гг.

План Талькі ў 1920-30 гг.

Тлумачэнні да плана дала Тужык Ларыса Аляксандраўна.

Тлумачэнні да плана Талькі

  1. Магазін для чыгуначнікаў. Пачаў працаваць у сярэдзіне 30-х гг. Загадчыкам магазіна быў Аляксандр Пятровіч Доўнар.
  2. Яўрэйская хата. Некаторы час тут была школа. Замара Н. Ю. памятае, што вучылася ў ёй.
  3. Хата была пабудавана для рабочых леспрамгаса. Жыў у ёй рабочы Дубавец з сям’ёй.
  4. Рудэнка Б. І. успамінае, што ў сярэдзіне 30-х гг. прыблізна на гэтым месцы быў будынак сельсавета. Напярэдадні вайны старшынёй сельсавета быў Савіч.
  5. У гэтай хаце жыў М. Навасад з сям’ёй.
  6. Вялікі будынак на дзве палавіны. У левай палавіне знаходзіўся магазін, у правай — маслабойня. У час вайны магазін падарвалі. Маслабойня засталася. Пасля вайны тут працаваў малочны завод.
  7. У гэтай хаце да вайны і некаторы час пасля вайны жыў Балаш.
  8. У гэтым будынку размяшчалася сталовая леспрамгаса.
  9. Высветліць, каму з яўрэяў належала гэта хата, не ўдалося.
  10. Вяндлярня.
  11. Хата на дзве палавіны. Жылі тут дзве яўрэйскія сям’і — Зубаравы і Левіны.
  12. Дом належаў сям’і Івінскіх.

13, 17, 19, 31. Яўрэйскія хаты. Каму яны належалі, не высветлена.

  1. У гэтай хаце жыў Абрам Рашал.
  2. Хата Розіна.
  3. Перад вайной і доўгі час пасля вайны тут быў сельсавет.
  4. Хата каваля Лёкіма Стронгіна. Нейкі час у правай палавіне хаты працавала яўрэйская школа. А ў хаце Сермана ў 20-я гады працавала польская школа.
  5. Новы будынак сельсавета, быў пабудаваны перад вайной. Але пачалася вайна, і перайсці ў яго сельсавет не паспеў. У час вайны тут жыў начальнік паліцыі.
  6. У гэтай хаце жыў Севасцьян Размысловіч з сям’ёй. Ля хаты былі пабудаваны свірны. Размысловіч купляў у сялян свіней і здаваў іх яўрэям у перапрацоўку. У 50-я гг. у левай палавіне хаты быў буфет.
  7. Тут жыў Грышановіч з сям’ёй.
  8. Хата належала Рашалу. У час вайны тут была паліцыя. А ў амбарах, што былі прыбудаваны да хаты, фашысты трымалі арыштаваных падпольшчыкаў.
  9. Будынак шавецкай майстэрні. Непадалёку знаходзілася аптэка. У адной палавіне хаты жыў правізар Сегель. Пасля вайны акрамя аптэкі тут быў і кабінет зубнога ўрача.
  10. Дом належаў сям’і яўрэя Капелевіча.
  11. У гэтай хаце жыў яўрэй Мазін з сям’ёй.
  12. Яўрэйская хата. Пасля вайны тут жыла сям’я рэпрэсаванага настаўніка Байчыка.
  13. Дом належаў сям’і Цывіна.
  14. У гэтай хаце жыў яўрэй Сёмка з сям’ёй.
  15. Дом быў пабудаваны на дзве палавіны. У адной знаходзілася лясніцтва, у другой жыў ляснік Гаўрыіл Хайчанка з сям’ёй. У час вайны Хайчанка быў у Чырвонай Арміі, а сям’ю немцы выселілі. Тут размяшчалася нямецкая ваенная камендатура.
  16. У гэтай хаце жыла Шынгеліха з сям’ёй.
  17. Невялікая хата належала яўрэйцы Мошчысе, яна была шкляром.
  18. Хата Лейбы Цывіна.
  19. Яўрэйская хата на дзве палавіны. Жылі Пейсаховічы і Гершманы.
  20. У гэтай хаце жыў яўрэй Ара Дрэйзін з сям’ёй.
  21. Хата належала яўрэю Ахейму. Тут яўрэі пяклі мацу.

Будынак пошты ўвесь час знаходзіцца на гэтым месцы. Ён вельмі стары. На ім стаіць дата 1812 г.

Клуб быў пабудаваны ў сярэдзіне 30-х гг. У час вайны тут быў лагер для ваеннапалонных. Пасля вайны знаходзіўся дзіцячы дом. Зараз размяшчаецца бальніца.

Пры пажарным дэпо было невялікае памяшканне для адпачынку. Тут наладжваліся танцы, местачковая моладзь удзельнічала ў рабоце драмгуртка, ставіліся спектаклі.

Розін у сваёй майстэрні шыў шапкі.

Тома шыў абутак, у асноўным боты.

Анкета  па Талькаўскай школе дае ўяўленне пра тое, якой яна была ў 1924 г.

 

Анкета персональная 27/ХІІ-1924 г.

  1. Название школы — Слободско-Тальковская.
  2. Фамилия, имя и отчество учителей — Ермалинский Феофил Зиновьевич, Лейчик Порфирий Моисеевич.
  3. Членом каких советских учреждений и организаций состоите — нет.
  4. Какую газету выписывали в декабре месяце — с/г «Крестьян­скую», «Учительскую».
  5. Какую собственную библиотеку имеете (приложите отдельный список книг) — нет.
  6. Сколько при школе земли (пашни, сенакоса, огорода, сада) — нет.
  7. Общее число в школе детей на сегодня — 144.
  8. Есть ли в школе беспризорные дети и сколько — нет.
  9. Бывают ли в школе собрания родителей учащихся и как часто бывают — в месяц один раз.
  10. Каких и сколько не хватает учебников — для другого года обучения 13 книг «Роднае слова», для третьего «Роднае слова» 25, часть вторая для 4-го года, сбор. «Сеятель» Свердлова 25 экз., для первого года (0 гр.) 5 лементарей.
  11. Сколько не хватает парт — 14.
  12. Есть ли в школе библиотека (кроме учебников) и сколько книг — нет.
  13. Сколько имеется лишних парт — нет.
  14. Собственное или наёмное школьное здание — здание отпущено комхозом.
  15. Была ли закрыта школа в первое полугодие, когда и по какой причине — не была.
  16. Неотложные мелкие нужды (мелкий ремонт, приобретение инвентаря и проч.) — приделка при входе в класс двери, штукатурка отдельных классов (местами), побелка стен и потолков.
  17. Сколько имеется в школе печей — 7.(Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці, ф. 15, воп. 1, спр. 2, арк. 28)

 

У 1925 г. у БССР пачалася беларусізацыя. Усе дакументы сельсавета, школ з гэтага часу напісаны па-беларуску, нават скаргі, заявы і ананімныя паведамленні ў міліцыю.

У 1930 г. Талькаўская пачатковая школа пачала пераход да сямігодкі.

 

Частка насельніцтва Талькі і ваколіц у 20—30 гг. была пазбаўлена выбарчага права. У гэтым спісе 49 чалавек. Сярод іх Сухоцкі Янка (Загібелька), Рашал Гершун і Хава, Пейсаховіч Борка і Этка, Зубараў Абрам і Дося, Івінскі Андрэй, Булавацкая Люба, Герцовіч Лейзер (Талька), Грамыка Тамаш, Гаша, Кастусь, Арына (Насыцк), Гаўрык Язэп і Аўгіння, Жыдовіч Язэп (аколіца), Пятроўскі Янка і Наста (Насыцк), Гіліцкі Баніфацый (Яноўка), Татур Франц, Вайцэховіч Алесь (аколіца)9 (Тамсама, спр. 180).

Сярод асоб, пазбаўленых выбарчых правоў як «прадстаўнікоў эксплуататарскага класа», была сям’я Язэпа Жыдовіча. Гэта бацька вядомага музыканта, стваральніка Дзяржаўнага аркестра народных інструментаў Іосіфа Жыновіча. Хутка сям’я Жыдовічаў была раскулачана і саслана ў аддаленыя раёны СССР.

У 1929 г. пачалася масавая калектывізацыя. У кожнай з вёсак былі створаны сельскагаспадарчыя арцелі.

У 1929 г. у Суціне быў створаны саўгас «Залог пяцігодкі».

У 1930-я гг. у сувязі з калектывізацыяй пагоршылася становішча з харчаваннем. Былі ўведзены харчовыя карткі для служачых. На пры­кладзе харчовай карткі настаўніка Арэшкаўскай школы Мікалая Лявонавіча Ярмака можна ўбачыць устаноўленыя ў 1933 г. нормы харчавання настаўнікаў:

хлеб — 400 гр у дзень на настаўніка, 200 гр (пазней — 150 гр) на ўтрыманца;

крупы — 800 гр у месяц на настаўніка, 400 гр на ўтрыманца;

цукар — 0,2 кг на месяц на настаўніка.

А вось спіс № 1, устаноўлены для рабочых мар’інагорскіх прад­прыемстваў:

хлеб — 600 гр рабочаму, 300 гр утрыманцу;

цукар — 0,8 кг рабочаму, 0,2 кг утрыманцу.

Гэта быў супярэчлівы час. Мільёны паверылі ў лозунгі на чырвоных сцягах рэвалюцыі, лічылі вялікім шчасцем быць сучаснікамі яе здзяйсненняў.

З другога боку — раскулачванні, арышты невінаватых, голад з-за калектывізацыі, хлебныя карткі.

У 1936 г. быў арыштаваны настаўнік рускай мовы Нічыпар Лаўрэнцьевіч Байчык. За ім прыехалі ноччу на «чорным воране», дамоў ён так і не вярнуўся.

Успамінае Іван Леапольдавіч Лысакоўскі, выпускнік Талькаўскай СШ 1939 г., генерал-маёр у адстаўцы: «У 1936 г. дырэктарам школы быў прызначаны Вайлевіч. Гэта быў яшчэ даволі малады чалавек, вельмі інтэлігентны. Выкладаў ён гісторыю, вучні лічылі яго добрым настаў­нікам. Але нядоўга ён папрацаваў у Тальцы. У канцы 1937 г. ці ў пачатку 1938 г. ён быў арыштаваны органамі НКУС. Як і ўсе, даведаўшыся з газет пра судовыя працэсы над удзельнікамі праватрацкісцкага блока і іншымі «ворагамі народа», мы былі абураны і кляймілі «ворагаў» і «шпіёнаў» на мітынгах, пасылалі гнеўныя тэлеграмы. Нашымі песнямі ў той час былі: «Смело мы в бой пойдём», «Если враг нападёт», «Всё выше и выше» і інш».

 


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>