Талькаўскія яўрэі

Талькаўскія яўрэі: зніклая цывілізацыя?

Чакаюць, прыйдзе светлы год

І голас кожны будзе ўчуты.

Яўрэі — праведны народ,

Абраны Богам на пакуты.

Рыгор Барадулін

 

Сёння ў Тальцы няма ніводнага яўрэя…

Ужо ссівелі людзі, што не бачылі іх, не чулі іх мовы. Але ж ёсць неш­та ў абліччы нашай вёскі, што нагадвае нам: Талька — яўрэйскае мястэчка.

Мы шукалі яе абрысы, тое, што засталося ад талькаўскай яўрэй­скай цывілізацыі. З радасцю і здзіўленнем мы зразумелі, што ў Тальцы яшчэ жывуць людзі, якія помняць яўрэяў, помняць мову ідыш, нават могуць прапяяць на ёй песні, згадваюць пра іх святы, стравы, звычкі, показкі — іх і пра іх.

Мы паспрабавалі сабраць тое, што засталося. Няхай гэта будзе нашым маленькім унёскам у справу ўшанавання гэтага народа.

Спачатку пройдзем па мястэчку (гл. план Талькі). Так сёння называецца частка вёскі Талька, яе цэнтр, дзе раней жылі яўрэі. Вось тут, дзе сёння стаіць магазін спажывецкай кааперацыі, была хата Зубаравых і Левіных, а за імі Цукерманаў. Насупраць — малочная і вяндлярня, каля яе жыў Абрам Рашал. Там, дзе сучасны сельсавет, жылі Розі­ны, каля іх — Прусы, а за імі Ліўшыцы.

Насупраць стаялі хаты Стронгіных і Серманаў, хаты захаваліся да сённяшняга дня.

Насупраць цяперашняй аптэкі стаяла сінагога, а насупраць цяперашняга магазіна-бара «Талька» (тады гэта быў магазін Цывіна, будынак той жа) была ваўначоска, якую трымаў Шніпер.

Рухаемся далей у бок Слабодкі. На правы бок хата на дзве пала­віны, тут жылі Пейсаховічы і Гершманы, а за імі Ахейла. Насупраць гэтых хат — Шынгель, Лейба Цывін, Ара Дрэйзін, Тома, а ў самым канцы — кузня. Тут у 30-я гг. працаваў Лёкум Стронгін. У гады нэпа
(20-я гг. ХХ ст.) у Тальцы працавала шмат прамысловых прадпрыемстваў: ваўна­чоска, шапачная майстэрня, пякарня, кузня, млын, грыбаварня, вінны заводзік, вяндлярня, малочная, цырульня. Быў вялікі магазін і некалькі крамак. Усё гэта заснавалі і трымалі сваёй працай руплівыя яўрэі. У 30-я гг., калі нэп быў згорнуты, усе гэтыя прадпрыемствы былі нацыяналізаваны, а іх уладальнікі пазбаўлены выбарчых правоў як «эксплуататарскія элементы». Некаторым «літасцівыя» ўлады дазволілі наняцца працаваць на імі ж створаных прадпрыемствах. У «Спісе па­збаўленых выбарчага права па Талькаўскаму сельскаму Савету»11  за 1933 г. знаходзім прозвішчы:

Рашал Гершун, 1885 года нараджэння, служачы,

Хава — на ўтрыманні;

Пейсаховіч Борка, 1880 года нараджэння, служачы,

Этка — на ўтрыманні;

Зубараў Абрам Беркавіч, 1898 года нараджэння, служачы,

Дося Абрамаўна, 1900 года нараджэння — на ўтрыманні;

Герцовіч Лейзер, 1890 года нараджэння — працуе ізвозам,

Тайга — на ўтрыманні.

 

На цэнтральнай вуліцы быў зроблены драўляны тратуар.

У цэнтры мястэчка быў рынак. Кожную нядзелю тут яўрэі прадавалі свае вырабы, а сяляне з навакольных вёсак прывозілі сельскагаспадарчыя прадукты: яйкі, ягады, гародніну, гусей, курэй, парасят, мёд. Хаты стаялі ў мястэчку цесна. Напэўна, з-за таго, што зямлі было мала, бо вакол балота, і трэба ўсім умясціцца на гэтай невялікай пясчанай выспачцы. Усе яўрэйскія хаты былі драўляныя, крытыя дошкамі ці гонтай.

Пасля Кастрычніцкага перавароту 1917 г. бальшавікі адмянілі рысу аседласці, дазволілі ствараць яўрэйскія школы, выдаваць кнігі і газеты. У Тальцы ў 1921 г. было ажно 3 школы — руская ў Слабодцы, польская і яўрэйская ў мястэчку.

У Талькаўскай яўрэйскай у 3-х класах вучылася 33 чалавекі, а настаўнікам працаваў шкраб (так тады называлі настаўнікаў — школьны работнік) Абрам Кантаровіч, ураджэнец мястэчка Лапічы12.  Але, відаць, нядоўга гэта школа праіснавала, бо ўжо ў дакументах 1924 г. не згадваюцца ні яўрэйская, ні польская школы. Усе дзеці вучыліся разам ў Слабодска-Талькаўскай школе, а потым яна стала называцца Талькаўскай.

Магіла

Знікла ўсё, як імгла,

Няма славы тваёй,

Злая доля змагла

І мой край, і людзей.

Янка Купала

У першыя дні акупацыі фашысты сагналі ўсё яўрэйскае насельніцтва ў гета — летнія пабудовы піянерскага лагера за ракой Таллю. Адсюль іх ганялі на прымусовыя работы. Суседзі прыносілі ім есці. 22 верасня 1941 г. фашысты і паліцаі ўсіх іх расстралялі.

Расказвае жыхарка Талькі Таццяна Антонаўна Славінская, 1924 года нараджэння: «Немцы і паліцаі пагналі іх у лес, заставілі рыць яму. Потым жывых (!) застаўлялі класціся ў гэтую яму тварам уніз — і стралялі».

Як гэта магло быць? Чалавек не можа гэтага ўявіць, а яго розум — зразумець. Пад гэтым грудком у адной магіле ляжаць 280 чалавек.

Савецкая ўлада не ўшанавала іх хоць якім-небудзь знакам, не тое што помнікам. Чаму? Напэўна, памерлі не па-савецку, не па-геройску. Толькі ўжо ў 70—80-я гг. прыватным чынам, ціха, без помпы і гучных лозунгаў («ніхто не забыты, нішто не забыта!») з’яўвіліся адзін за адным 4 сціплыя помнічкі. Вось надпісы на іх:

 

«Вечная память

семье Меламед, Розин,

Кац, убитых фашистами

22 сентября 1941 года».

«Зубаревы

Исаак Беркович, Бася Юделевна,

Елизавета Исааковна

и всем родственникам, расстрелянным

фашистами 20.ІХ.41 г.

От сына, брата и его семьи».

«Вечная память

280 жителям д.Тальки,

в том числе моим братьям

М. Х. Прусс и Л. Б. Цивину

и их семьям, расстрелянным

немецкими захватчиками

в сентябре 41 года.

От генерала Прусс».

«Семье Фрумкиных,

убитых фашистами

22.ІХ.1941 года.

Вечная память».

 

Мы не змаглі знайсці поўнага спісу тых, хто ляжыць пад гэтым грудком. Няма яго ні ў сельсавеце, ні ў раённым краязнаўчым музеі. Па­трэбны пошукі ў архівах, мы спадзяемся, што яшчэ ўзновім гэты поў­ны спіс. У Талькаўскім школьным краязнаўчым музеі ёсць спіс част­ковы. У ім толькі старэйшыя сем’яў, ды і то не ўсе — 148 чалавек са 280-ці пахаваных. Акрамя талькаўскіх у гэтай магіле ляжаць яшчэ і суцінскія яўрэі.

Спіс яўрэйскіх грамадзян мястэчка Талька,
расстраляных фашыстамі ў верасні 1941 года:

  1. Цукерман Залман Ільічоў 1880 г. н. (душ у сям’і — 4),
  2. Рашал Гершун Вольфавіч 1890 г. н. (4),
  3. Слуцкін Шолам Беньямінавіч 1885 г. н. (5),
  4. Рашал Леў Абрамавіч 1882 г. н. (2),
  5. Серман Рахіль Барысаўна 1882 г. н. (5),
  6. Турэцкі Хая 1885 г. н. (1),
  7. Кацман Абрам Саламонавіч 1899 г. н. (4),
  8. Шапіра Залман Ісаакавіч 1890 г. н. (2),
  9. Дрэйзін Абрам Барысавіч 1891 г. н. (5),
  10. Турэцкая Лея Аронаўна 1890 г. н. (1),
  11. Кацнельсон Якаў Барысавіч 1892 г. н. (3),
  12. Цывін Леў Якаўлевіч 1892 г. н. (3),
  13. Дрэйзін Арон Барысавіч 1898 г. н. (3),
  14. Пінхасік Майсей Рабінавіч 1890 г. н. (2),
  15. Пейсаховіч Барыс Барысавіч 1888 г. н. (3),
  16. Шніпер Якаў Барысавіч 1895 г. н. (2),
  17. Шніпер Соф’я Іршаўна 1888 г. н. (3),
  18. Слуцкін Леў Беньямінавіч 1892 г. н. (3),
  19. Левін Самуіл Абрамавіч 1889 г. н. (4),
  20. Рашал Эля Абрамавіч 1887 г. н. (4),
  21. Прус Меер Львовіч 1893 г. н. (4),
  22. Кац Абрам Абрамавіч 1895 г. н. (2),
  23. Ліфшыц Міра Давыдаўна 1882 г. н. (1),
  24. Розін Барыс Абрамавіч 1898 г. н. (4),
  25. Кабахоў Ізраіль Аронавіч 1891 г. н. (5),
  26. Кабахова Броха Аронаўна 1891 г. н. (1),
  27. Зубараў Лазар Абрамавіч 1892 г. н. (3),
  28. Зубараў Саламон Абрамавіч 1887 г. н. (4),
  29. Шмідт Яхнэн Майсеевіч 1894 г. н. (7),
  30. Зубараў Абрам Барысавіч 1897 г. н. (4),
  31. Зубараў Ісаак Барысавіч 1886 г. н. (3),
  32. [?] Ісаак Абрамовіч 1892 г. н. (4),
  33. Розін Лева Абрамавіч 1895 г. н. (4),
  34. Левін Арон Саламонавіч 1887 г. н. (6),
  35. Ліфшыц Саламон Барысавіч 1894 г. н. (4),
  36. Пердыман Якаў Ільіч 1896 г. н. (2),
  37. Ліпман Меер Ісаакавіч 1893 г. н. (4),
  38. Розін Айзен Барысавіч 1892 г. н. (1),
  39. Марошык Абрам Ісаакавіч 1889 г. н. (5),
  40. Капілевіч Якаў Аронавіч 1894 г. н. (4),
  41. Цукерман Ілья Залманавіч 1893 г. н. (4),
  42. Эльперын Беньямін Якаўлевіч 1892 г. н. (4),
  43. Старкштэйн Сямён Іосіфавіч 1890 г. н. (4),
  44. Шніпер Ісаак Ізрфілавіч 1872 г. н. (2).

Хто выратаваўся

Усе сведкі тых страшных падзей, каго мы распытвалі пра талькаўскі халакост, адзначалі, што ахвяры зусім не супраціўляліся і нават не ўцякалі. Чаму? Мы можам толькі меркаваць аб гэтым.

Ці яны не маглі паверыць, што такое магчыма?

Ці жыццё іх зрабіла такімі пакорнымі лёсу, што яны і не спрабавалі ратавацца?

А можа, ім не было куды ўцякаць, не было ад каго чакаць дапамогі-паратунку?

Як вядома, тым, хто хаваў яўрэяў, пагражала смяротнае пакаранне, прычым усёй сям’і. Нездарма такіх людзей называюць Праведнікамі. Гэта больш чым гераізм. Ці магло такіх людзей быць шмат? Ці можна людзей папракаць, што яны не героі, не Праведнікі? А ў партызаны, аказваецца, прымалі толькі тых, хто меў зброю. Ці была такая зброя ў гета ў талькаўскіх яўрэяў?

Расказвае жыхарка Талькі Ларыса Аляксандраўна Тужык, 1938 года нараджэння: «Мой бацька Аляксандр Доўнар гаварыў, што гета не вельмі ўжо моцна ахоўвалася, можна было ўцячы. Казаў, што прапаноўваў сваім знаёмым мужчынам-яўрэям уцякаць у лес, да партызан. На гэта адзін з іх адказаў, што ён баіцца партызан, яны яго заб’юць, сам жа ён ваяваяць, страляць не ўмее. Уцёк у лес толькі адзін чалавек — Арачка, Ара Дрэйзін. Некалькі месяцаў ён хаваўся ў лесе, але потым усё ж яго злавілі паліцаі і забілі. Я памятаю, як яго параненага везлі на падводзе па мястэчку, і з рота ў яго ішла крывавая пена. Пахавалі яго, кажуць, на ўскрайку Церабутаў».

З успамінаў Станіслава Паўлавіча Аляшкевіча, 1922 года нараджэння, жыхара в. Рудня: «На Рудні жылі Беня Фрумкін са сваёй жонкай Златай. У іх было 11 дзетак і смалакурня. З гэтай смалакурні і жылі. Вось тут стаяла вялізная печ з катлом. Прывозілі з лесу сасновыя карчы, закідалі ў кацёл, варылі смалу і шкіпінар. Бедна жылі. Дачка Фрумкіных Хана ўцякла з гета, дык яе ў Асіповічах немцы злавілі і забілі. А вось хлопчык Нохім выратаваўся — уцёк да партызанаў, потым жыў на Украіне, потым у Мінску. Прыязджаў на Рудню з жонкай Галяй, з дзецьмі ў госці да Мікалая Кульбіцкага, свайго сябра дзяцінства. Змяніў сваё імя і прозвішча — стаў Міхаілам Кульбіцкім».

На жаль, няма ўжо жывым ні Нохіма-Міхаіла, ні Мікалая Кульбіцкага, каб удакладніць гэту гісторыю. Нявестка Кульбіцкіх Марыя памятае дзядзьку Мішу, як ён прыязджаў да свёкра, але сцвярджае, што прозвішча ў яго было Давыдаў, а не Кульбіцкі. Гэтая гісторыя са зменай прозвішча і імя — падстава для роздуму. Чаму Шлёмы станавіліся Сямёнамі, Малкі — Марыямі, а Лейбы — Львамі? Адказ вядомы: была дыскрымінацыя яўрэяў у савецкім грамадстве, таму і вымушаны былі яны хаваць сваё паходжанне, станавіцца «сваімі», савецкімі. На шчасце, не ўсе так зрабілі, некаторыя здолелі захаваць сябе.

У Тальцы жылі беларусы з яўрэямі мірна. Яўрэі сталі беларусам сваімі. Шмат хто з беларусаў жаніліся з яўрэйкамі, перамяшаўся побыт, нараджаліся дзеці ад змяшаных шлюбаў — мяшанцы. Многія з іх загінулі тады, а некаторых выратавалі. Так, чыгуначнік Ігнат Мурач выкупіў у паліцаяў унука Валодзю за залатую царскую манету, а нявест­ку Раю забілі.

Усе ведалі ў Тальцы доктара Таццяну Аляксандраўну Ждановіч (з дому Яўсейчык). Яе брат быў жанаты з Соняй Гурман. Соня загінула, а дваіх яе дзетак — Шуру і Мішу — Таццяна Аляксандраўна здолела выратаваць — і выгадавала. Нават малаком сваім карміла. Гэтыя дзеці жывуць цяпер у Мінску. Вось так перапляліся лёсы яўрэяў і беларусаў у Тальцы.

У суцінскіх лясах дзейнічаў яўрэйскі партызанскі атрад пад кіраўніцтвам Лапідуса пад назваю «Гоп са смыкам». Пра гэты факт нам гаварыў С. П. Аляшкевіч з Рудні і Ганна Нічыпараўна Казлоўская з Суціна. На жаль, больш звестак пра гэты атрад мы пакуль не знайшлі. Тое, што такі атрад быў, разбурае міф пра тое, што яўрэі не змагаліся, пакорліва прымаючы смерць. Мо ў атрадзе Лапідуса быў хто-небудзь з Талькі?

Выратаваліся з нашых землякоў тыя, хто здолеў эвакуіравацца ў савецкі тыл. Так, Бэла Фрумкіна ў гады вайны эвакуіравалася ў Расію, бо перад вайной жыла ў Мінску, працавала ў доме ўрада. Пасля вайны Бэла з’ехала ў ЗША і цяпер там жыве.

Вялікай радасцю для нас была сустрэча з чалавекам, чыя сям’я цалкам выратавалася ў гады вайны. Гэта Сямён Лёкумавіч Стронгін.

Ён жыве сёння са сваёй жонкай Зінаідай Васільеўнай у Мар’інай Горцы, у невялічкім драўляным дамку. Мы наведалі іх і вось пра што даведаліся. Аповед С. Л. Стронгіна: «Нарадзіўся я ў 1925 годзе ў вёсцы Берлеж. Бацькі пераехалі ў Тальку ў 1936 годзе. Бацька мой Лёкум быў добры каваль, працаваў у калгаснай кузні. Маці мая Марыя Ісакаўна Шніпер 1896 года нараджэння. Бацька яе родам з Лапіч, а ў 20—30-я гады жыў у Тальцы і трымаў там ваўначоску. Вучыўся я ў Талькаўскай школе, да вайны скончыў 7 класаў. Як мы выратаваліся?

Да вайны ля вёскі Цэль (некалькі кіламетраў ад Талькі, Асіповіцкі раён) быў ваенны палігон. Начальнік гэтага палігона даў машыну і сказаў: «Ратуйцеся, а то заўтра ўжо можа быць позна». Паехалі 3 сям’і з Талькі — Стронгіны, Ліўшыцы і Шніперы. Даехалі на гэтай машыне мы да Магілёва, а там пераселі на чыгуначны эшалон».

Мы перапыняем нашага субяседніка, каб спытаць, хто ж быў гэты добры начальнік палігона ў Цэлі, чаму менавіта гэтыя тры сям’і з Талькі аказаліся абранцамі лёсу?

Ён не ведае. Памятае толькі, што быў у іх выратавальніка знак адрознення — адна шпала. Тады ў ваенных не было пагонаў, а вось такія шпалкі. Чаму іншыя не трапілі ў тую машыну? Невядома. «Можа, багацці свае баяліся страціць, маёмасць… Мой жа бацька сказаў: «Маё ўсё багацце ў кузні».

Эшалон бамбілі некалькі разоў, цудам выратаваліся. Паехалі ў Казахстан, жылі ў Гвардзейскім раёне ў сяле Тучанзі. Бацька і там працаваў кавалём. У 1942 годзе мяне забралі ў армію. Спачатку быў 3 месяцы ў запасным палку, потым ваяваў на Цэнтральным фронце пад кіраўніцтвам маршала Мерацкова. Пасля гэтага мяне перакінулі на Далёкі Усход, удзельнічаў у вайне з Японіяй, дайшоў аж да Порт-Артура. 5 год яшчэ служыў там пасля вайны, даслужыўся да яфрэйтара. Дамоў, у Тальку, вярнуўся толькі ў 1950 годзе.

Бацькі прыехалі з эвакуацыі ў Тальку ў 1945 годзе, жылі ў сваёй хаце. Яна і цяпер стаіць насупраць сельсавета.

Брат Міхаіл, 1918 года нараджэння, юрыст, у вайну працаваў у ваенным трыбунале. Пасля вайны жыў у Мар’інай Горцы, працаваў следчым. Цяпер яго ўжо няма. Другі брат, Сяргей, 1927 года нараджэння, ваяваў, вярнуўшыся, працаваў у Тальцы загадчыкам сельпо. Быў беспартыйны, дык хутка прыслалі на яго месца камуніста, а яго перавялі ў Мар’іну Горку ў райсаюз загадчыкам гаспадарчай часткі. Пасля ажаніўся, жыў у Мінску. Адтуль Сяргей выехаў у Ізраіль, але там клімат яму не падышоў, то пераехалі ў Канаду. Цяпер там жывуць дзве яго дачкі, а самога брата ўжо няма.

Сам я працаваў усё жыццё тынкоўшчыкам, да самай пенсіі. У першым шлюбе ў мяне было два сыны — Алік і Саша. З Зінаідай Васільеўнай мы пабраліся ў 1960 годзе. З таго часу разам. Маем дачку, двух сыноў, унукаў. Усе жывуць у Мар’інай Горцы, побач».

Пытаем, дзе хавалі сваіх нябожчыкаў талькаўскія яўрэі. Сямён Лёкумавіч адказвае, што вазілі хаваць на Папову горку, гэта ўрочышча злева ад дарогі, як ехаць з Мар’інай Горкі на мястэчка Пухавічы. Але ягоныя бацькі — Лёкум і Малка — пахаваныя на агульных могілках у Мар’інай Горцы, што ля тэхнікума. Ходзяць туды Стронгіны на Радаўні­цу, як праваслаўныя. Пытаем, чаму ж на Радаўніцу, а не па іудзейскіх звычаях? «Мы ж жывём сярод гэтых людзей, то і трэба быць, як яны», — адказвае гаспадар.

Высновы

Спачатку мы назвалі гэты матэрыял «Талькаўскія яўрэі: зніклая цывілізацыя?». Як збіралася і сістэматызавалася інфармацыя, у нас узнікла сумненне ў гэтым сцвярджэнні. Так шмат звязана ў нашым краі з яўрэямі! Нават узнікненне нашага мястэчка абавязана яўрэям.

У ХІХ ст. у мястэчку жыло толькі іудзейскае насельніцтва, а хрысці­яне — у Слабодцы і Рудні. Першая вядомая нам архіўная згадка пра Тальку таксама звязана з яўрэем-купцом Іоселем Іоселевічам. Гэты талькаўскі купец прыехаў у 1833 г. у Смілавічы на торг, дзе прадавалася маёмасць ліквідаванага ўладамі каталіцкага кляштара.

Побач з Талькай ёсць вёска Суцін. Расказваюць леганду, што за­снаваў яе купец Шлёмка Суцін, што церабіў тут лес на продаж. А на выцерабленым Суціным месцы ўзнікла вёска Суцін. У 1863 г. суцін­ская шляхта ўдзельнічала ў паўстанні супраць расійскага цара. За гэта 22 сям’і шляхты былі сасланыя ў Томскую губерню. 14 сем’яў суцінскіх яўрэяў таксама за дапамогу мяцежнікам улады меркавалі выселіць у Сібір. Потым высяленне ім замянілі на штраф — па 25 рублёў серабром з кожнага двара і каб грошы гэтыя былі выплачаны ў 7-дзённы тэрмін. Вось так — нават за свабоду беларусаў (і сваю ўласную, канечне ж) пазмагаліся суцінскія яўрэі.

У Талькаўскай школе ў 70-я гг. працаваў настаўнікам замежных моваў Саламон Кац — таленавіты, цікавы, экстравагантны. Ажаніўся з талькаўскай дзяўчынай. Цесць нешта незалюбіў зяця і за вочы некаму з суседзяў сказаў пра яго: «Жыд пархаты». Зяцю пераказалі. Паставіўся ён да такога выказвання цесця па-філасофску: «І што б гэта значыла? Што такое жыд, я ведаю — жыхар Іарданскай даліны. А вось што значыць пархаты — хоць забі, не ведаю». З таго часу Саламон Кац сапраўды стаў жыхаром Іарданскай даліны, з жонкай яны разышліся, у яе другая сям’я, але ад іх шлюбу засталіся два сыны — таксама разумныя, харошыя хлопцы. Бацька, нават жывучы ў Ізраілі, прыязджаючы сюды, на Беларусь, дапамагаў іх адукацыі і выхаванню. Прозвішча ў іх беларускае, па маці, іншыя могуць і не ведаць, што гэтыя хлопцы — таксама прадстаўнікі і яўрэйскай цывілізацыі. Дык ці зніклая яна?

Сёння ў Тальцы няма ніводнага яўрэя, але показкі пра іх расказваюць талькаўцы і сёння. І без гэтых гісторый Талька, напэўна, не была б тым, чым яна ёсць. Вось адна з такіх гісторый.

Недалёка ад пошты стаіць хата, дзе жылі Абрам Рашал і яго жонка Цыля. У ліхую гадзіну яго продкі закапалі ў сваім свірне золата. Праз некаторы час сталі шукаць той скарб, ды не знайшлі. Усё перакапалі — няма золата, і усё. Прайшлі гады, свіран раскідаўся, і стала тое месца агародам. Капалі неяк Рашалы бульбу, а дапамагала ім дзяўчынка, не зусім здаровая на галаву. Раптам гэта дзяўчынка закрычала: «Гляньце, якія прыгожыя гузічкі я знайшла!» Гэта былі залатыя манеты, што рассыпаліся з закапанага збанка. Шчаслівыя гаспадары рашылі, што бу­дзе справядліва пакінуць сямейны скарб сабе. Але дзяўчынка-памочніца расказала яшчэ некаму пра прыгожыя гузічкі, што знайшла на Рашалавай сядзібе, вестка разышлася па мястэчку. Дайшло да ўлад, так усё знойдзенае было канфіскавана на карысць дзяржавы.

Марыя Кульбіцкая, якую мы распытвалі пра Нохема Фрумкіна (Міхаіла Давыдава), што прыязджаў да іх у госці, гаварыла нам: «Яўрэі — харошыя людзі. Я не ведала ніводнага з іх брыдкаслова ці хулігана, злодзея ці манюку. Усе прыгожыя, разумныя, добрыя. Такі быў дзяцька Міша, такая яго жонка Галя і іх дзеці. У нас і ў сваяках яўрэі — мужава сястра замужам за яўрэем з Рэчыцы. І ён такі ж харошы. Шкада толькі, што іх мала цяпер засталося на Беларусі».

Хай іх будзе болей!


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>