2-ая сусветная вайна

Другая сусветная вайна (1939-1945)

Калі ў верасні 1939 г. Германія напала на Польшчу, у Тальцы з’явіліся польскія яўрэі. Яны ўцякалі ад фашысцкага генацыду на ўсход.

Успамінае К. М. Навасад: «Гэтыя польскія яўрэі жылі ў Тальцы ў 1939-1941 гады. Калі Гітлер напаў на СССР, яны пайшлі далей на ўсход. Адзін з іх, пажылы ўжо чалавек, казаў, што будзе ісці ад немцаў, пакуль у яго будуць сілы».

Гэты факт гаворыць, што некаторыя людзі разумелі, якую трагедыю нясе фашызм на нашы землі. Гітлераўцы знішчалі яўрэяў, камуністаў, камсамольцаў, савецкіх актывістаў. У Тальцы было шмат яўрэйскіх сем’яў. У першыя ж дні акупацыі фашысты сагналі іх у гета, якое стварылі ў школе. Пазней гета перанеслі ў піянерскі лагер, які знаходзіўся за ракой Таль.

22 верасня 1941 г. фашысты і паліцаі забілі 280 чалавек яўрэйскага насельніцтва: дзяцей, жанчын, старых. Іх агульная магіла знаходзіцца ў лесе, недалёка ад чыгуначнага моста праз раку Таль.

Талькаўскія падпольшчыкі і партызанскі рух

Ужо ў першыя месяцы акупацыі сярод жыхароў нашых вёсак з’яўляюцца людзі, гатовыя паўстаць на барацьбу з фашызмам. Учарашнія вучні Талькаўскай школы Іван Абрамовіч, Аляксандра Пармон, Мікалай Паўловіч, Уладзімір Кушнерчык, Галіна Бірыла, Іван Пятроўскі, Мікалай Кульбіцкі, Мікалай Стока спрабуюць стварыць антыфашысцкую падпольную арганізацыю. Пазней да іх далучыліся Зінаіда Акульчык, Мікалай, Пётр і Васіль Кульбіцкія, Эма Лысакоўская. Маладыя людзі збіралі зброю і боепрыпасы, медыкаменты для партызан. Коратка запісвалі пачутае і распаўсюджвалі ў выглядзе лістовак па вёсках. Перадавалі партызанам звесткі пра фашысцкія гарнізоны ў Тальцы і Блужы, пра сістэму аховы мастоў праз раку Таль. Большасць з патрыётаў былі закатаваныя немцамі ці загінулі ў партызанах.

У раёне ракі Балачанкі дзейнічала партызанская брыгада «Полымя». Яе камандзірам быўЯўгеній Фёдаравіч Філіпскіх.

Віктар Гіліцкі, Анастасія Уладзіміраўна Баешка, Міхаіл Конанавіч Ліннік, Антон Фёдаравіч Філановіч — гэтыя і іншыя жыхары Талькі, Насыцка, Арэшкавічаў былі партызанамі брыгады «Полымя».

У нашым раёне дзейнічалі таксама 2-я Мінская брыгада ля вёскі Гарэлец, камандзір Сяргей Мікалаевіч Іваноў, 1-я Мінская брыгада ля вёскі Турын, брыгада «Буравеснік» ля вёскі Шацк, камандзір Міхаіл Мармулёў.

На франтах вайны і ў партызанах загінулі 199 жыхароў Талькаўскага сельскага Савета.

Талька была вызвалена ад нямецкіх акупантаў 2 ліпеня 1944 г. войскамі 1-га Беларускага фронту ў ходзе аперацыі «Баграціён». Ля Талькі быў вялікі бой. Ад снарадаў згарэла Слабодка, загінула шмат вайскоўцаў.

Успаміны Таццяны Антонаўны Славінскай

 

Успамінае жыхарка Талькі Таццяна Антонаўна Славінская, 1924 года нараджэння: «Наша сям’я пераехала з Шацка ў 1930 г. у Суцін. Тата мой — Славінскі Антон Іванавіч быў камуніст, у Суціне яго паставілі старшынёй сельсавета. Тады якраз была калектывізацыя, бацька ўдзельнічаў у ёй: раскулачваў суцінскіх багацеяў. Кулакі яго не любілі, нават пабілі там. У 1933 г. з Суціна пераехалі ў Тальку, бацьку паставілі загадчыкам сельпо і абралі народным суддзёй.

Мама мая — Аляксандра Ануфрыеўна Шацілоўская асірацела ў 4 гады, дык выхавала і выгадавала яе ў Шацку яўрэйка Рахіль Сямёнаўна Коган. Таму матуля мая ўмела гаварыць на мове ідыш, у Тальцы лёгка сышлася, падружылася з яўрэямі. Многія тут нават думалі, што яна яўрэйка. З яўрэямі мы ўсе сябравалі. Памятаю, як на іх свята пейсах частавалі яны нас, беларускіх дзяцей, мацой. Гэта такія вялікія прэсныя бліны.

Немцы, як толькі прыйшлі, спачатку нікога не чапалі, у клубе зрабілі царкву, дазволілі маліцца людзям. А здзекі і глумленне пачаліся пазней, і першымі ахвярамі сталі яўрэі.

Яўрэяў сагналі ў піянерскі лагер за Таллю, адтуль іх ганялі на работы. Суседзі, знаёмыя насілі ім у гета ежу. Уцёк з гета толькі адзін — Ара Дрэйзін. 22 верасня немцы і паліцаі павялі іх у лес за Таль, заставілі рыць яму. Потым у гэтую яму іх укладвалі тварам уніз і расстрэльвалі. Так фашысты і паліцаі расстралялі 280 чалавек.

Бацьку майго спачатку абралі старастам у Тальцы. Калі яўрэяў гналі на работу, то яго бралі ў заложнікі, каб ніхто з яўрэяў не ўцёк. Памочнікам бацькі быў Пятроў, немец з Паволжа. Гэты Пятроў потым яго і выдаў — расказаў немцам, што ён камуніст і дапамагае людзям.

Немцы шукалі ў Тальцы радыёкропкі. Знайшлі ў Шуркі Захарава, хацелі яго расстраляць, дык бацька абараніў, паручыўся за яго. Ваеннапалонным бацька выпісваў пропускі — гэта такія паперы, якія давалі ім магчымасць жыць у вёсцы. Многіх так выратаваў. Шмат хто з ваеннапалонных пайшоў у лес, да партызан, за Шэлехаў.

У паліцыю ў Тальцы пайшлі Іван Кароткі, Пётра Кульбіцкі, Маланка. Тату майго Пётр Кульбіцкі арыштаваў і павёз у Асіповічы ў СС, а потым і маму арыштаваў. Паліцаі напісалі, што мама яўрэйка. Мы, дзеці, паехалі ў Асіповічы да мамы, павезлі ёй буханку хлеба, а ў ёй запіску: «Мамачка, чым мы можам табе дапамагчы?» І тату, і мамачку нашых расстралялі ў Асіповічах, мы нават не ведаем, дзе яны пахаваныя.

Мы засталіся ўпяцёх сіротамі: Таня 17 год, Валя 15, Клара 13, Толя 11, Валодзя 8. Як жыць? Павесілі торбы і пайшлі жабраваць. Хто дасць бульбіну, хто кавалак хлеба, хто костку якую. Часта галадалі. Школа ў Тальцы працавала ў вайну, але мы не хадзілі, бо не было чаго есці і апрануць. Дапамагалі ежаю Мігуцкія, фельчар Лявонцій Кароткі, настаўніца Серафіма Аляксееўна.

Аднойчы, калі хадзілі пабірацца па вёсках, ля Блужы ў ляску ўбачылі кажух. Падышлі бліжэй, ажно гэта не кажух, а авечка здохлая ляжыць. Дзеці дужа ўзрадваліся — во колькі ежы адразу знайшлося! З’елі гэту авечку.

31 мая 1943 г. мяне вывезлі на работы ў Германію. Спачатку працавала ў Франкфурце-на-Майне на чыгунцы. Там у лагерах нас кармілі нядрэнна. Пасля павезлі нас на біржу, і мяне набыла пані Эльза. У яе я працавала на гаспадарцы і ў доме. Пані Эльза трымала 18 кароў, каб сыр, масла, смятану прадаваць, пасылаць для нямецкіх салдат на фронт, а мне давала піць перагон.

Эльза вадзіла мяне ў кіно. Памятаю, што рускіх сялян у тым кіно паказвалі ў лапцях, селянін рэжа хлеб касой і есць. Маўляў, во якія адсталыя і дзікія гэтыя рускія. А калі паказвалі хроніку пра бітву на Курскай дузе, дык я стала плакаць, не вытрымала, — Эльза выгнала мяне з кіназалы і больш у кіно ніколі не брала.

Муж пані Эльзы ваяваў на Усходнім фронце і загінуў на Беларусі — ля Барысава ці ля Бабруйска, не памятаю дакладна.

Калі вайна скончылася, я вырашыла вярнуцца дамоў. На мосце нас абменьвалі: 100 савецкіх — на 100 немцаў. Ехалі дамоў праз Польшчу, Украіну. Везлі ў цялячых вагонах, зусім не кармілі. Прывезлі ў Пухавічы, адтуль пешшу прыйшла ў Тальку. Дома мяне чакала яшчэ адна страшная вестка: наш брацік Толя падарваўся на снарадзе і памёр. Тры хлапцы з ім у лузе разбіралі снарад і загінулі. Яшчэ 7 чалавек у Тальцы падарваліся на міне, што знайшлі ў рацэ.

Пасля вайны таксама мае браты і сёстры яшчэ жабравалі, хадзілі збіраць каласкі на палях за Весяловым. Каласкі запарвалі, таўклі і елі».

Успаміны Ганны Браніславаўны Сухоцкай

 

Успамінае Ганна Браніславаўна Сухоцкая (з дому Вернікоўскіх), 1910 года нараджэння, жыхарка вёскі Рудня: «У вайну мы жылі ў Загібельцы. Гэта была вёсачка з 8 хат, справа ад моста за Таллю. Там жылі Сухоцкія, Малішэўскія, Рабцэвічы. Родам я з Максімавіцкіх хутароў, гэта ў Асіповіцкім раёне, іх у вайну спалілі партызаны. У 1928 годзе выйшла замуж у Загібельку за Браніслава Сухоцкага. У іх у гаспадарцы было 4 каровы, і яшчэ адну я прывяла ў пасаг. Багатыя лічыліся гаспадары. Калі пачалася калектывізацыя, дык 4 гаспадаркі ў Загібельцы раскулачылі, вывезлі ў Сібір. У той жа дзень пад вечар загарэліся хаты гэтых раскулачаных — і поўнасцю згарэлі. Астатнія 4 хаты згарэлі ў вайну. Іх спалілі немцы ўжо перад адступленнем, бо партызаны забілі нейкага важнага немца. Яны хацелі ўсіх людзей са Слабодкі забіць, але не паспелі. Людзі схаваліся ў Ваяціне (балота, дзе Таль упадае ў Свіслач), там і пераседзелі адступленне немцаў і прыход Чырвонай Арміі. Калі нашы ішлі з боку Лапіч, Цэлі, то ад выстралаў загарэлася Слабодка і ўся згарэла. Людзі пасля вайны пабудавалі новыя хаты, а некаторыя пасяліліся ў Тальцы ў пустых яўрэйскіх дамах.

У вайну галадалі. Два разы хадзілі ў Любанскі раён за тытунём, каб потым выменяць яго на бульбу ў Мацеевічах.

Пасля вайны працавала свінаркай у калгасе. За добрую працу пасылалі ў Маскву на 10 дзён».

 

Успаміны Вольгі Мікітаўны Барысенка

 

Успамінае Вольга Мікітаўна Барысенка (з дому Матусевічаў), 1921 года нараджэння: «У вайну я жыла ў Суціне ў сваіх бацькоў. Цяжка было вельмі выжыць. Раніцаю прачнешся і глядзіш, калі ідзе ў суседзяў дым з коміна — значыць, жывыя. Бо ноччу ў вёсцы гаспадарылі партызаны. Днём жа немцы прыязджаюць — караюць тых, чые сваякі ў партызанах. У пачатку Суціна немцы спалілі некалькі хатаў».

Успаміны Уладзіміра Аляксандравіча Корзуна

 

Успаміны Уладзіміра Аляксандравіча Корзуна, 1910 года нараджэння. Ён перад вайной жыў у в. Стараселле і працаваў настаўнікам у Хідранскай школе. Восенню 1942 г. карны нямецкі атрад спаліў вёскі Балоча і Чырвоны Маяк за тое, што партызаны зрабілі на немцаў засаду каля Балочы. Быў забіты брат Уладзіміра Іван, пазней немцы забілі бацьку і спалілі ў в. Арэхаўка маці. Сам жа Уладзімір Аляксандравіч, яго жонка Кацярына і чацвёра дзяцей цудам выратаваліся. Хату іх спалілі немцы ў Чырвоным Маяку, і яны гаравалі па сваяках. У чэрвені 1943 г. Корзун пайшоў у партызаны — ваяваў у атрадзе № 212 на Асіповіччыне і ў атрадзе Тарасава на Пухавіччыне. Свае ўспаміны Уладзімір Корзун запісаў у 1976 г., а ў 2004 г. яны былі надрукаваны асобнай кніжкай у г. Маладзечна пад назваю «Успаміны і роздум».

«Заканчвалася восень 1942 года. Пачынаўся перыяд найбольш масавага знішчэння насельніцтва на акупаванай немцамі тэрыторыі Беларусі. Немцы забівалі людзей за сувязь з партызанамі, партызаны знішчалі людзей за сувязь з немцамі. Ратуючыся ад немцаў, людзі ўцякалі ў лясы, ішлі да партызан. Ратуючыся ад партызан, людзі ўцякалі пад ахову нямецкіх гарнізонаў. Але там іх не хацелі дарэмна карміць, а прымушалі ісці ў паліцыю і браць зброю. За лета 1942 года з’явілася шмат новых партызанскіх атрадаў. Усё, што патрэбна было партызанам — прадукты, адзенне, — яны бралі ў насельніцтва, забіраючы часта апошняе. Асабліва праявіў сябе прыхільнікам садысцкіх здзекаў над людзьмі нейкі Ціхаміраў. Гісторыя атрада Ціхамірава такая. Вясной 1942 года Ціхаміраў быў пасланы старшым групы партызан для дыверсіі на чыгунцы з атрада, які вырас за ракой Беразіной у Клічаўскіх лясах. Ціхаміраў вырашыў не варочацца ў свой атрад, дзе ён быў усяго камандзірам аддзялення і вымушаны быў выконваць указанні іншых, а арганізаваць свой атрад, дзе ўся ўлада будзе належаць яму. У гэты час кожны сельсавет быў перайменаваны ў воласць. У кожнай воласці на сходзе сялян быў выбраны старшыня і сакратар воласці. Нямецкія ўлады дазволілі мець пры кожнай воласці некалькі паліцэйскіх, якім выдалі зброю і боепрыпасы. Паліцэйскія ніякай аховы спярша не неслі. Яны спалі ў сваіх хатах, як і старшыня і сакратар воласці, а будынак воласці нанач замыкалі, і ніхто яго не ахоўваў. Днём на работу, дакладней, пасядзець і памянціць языкамі, прыходзілі старшыня і сакратар, а таксама адзін паліцэйскі «на дзяжурства». Такі распарадак быў у нашай Балоцкай воласці, такія парадкі былі і ў іншых глыбінных воласцях. Ціхаміраў рабіў начныя вылазкі ў вёскі, дзе былі воласці, распытваў, дзе жывуць паліцэйскія, заходзіў са сваімі партызанамі, адзетымі ў нямецкую вайсковую форму, і арыштоўваў паліцэйскіх.

Паліцэйскія супраціўлення не аказвалі, спадзеючыся, што гэта нейкае непаразуменне. Ціхаміраў забіраў зброю, боепрыпасы, а паліцэйскіх расстрэльваў. Забіваў таксама і старшыню воласці. Па меры накаплення зброі і боепрыпасаў ён набіраў людзей у свой атрад. Атрад яго хутка рос. Па вёсках было шмат так званых прыпіснікоў. Гэта былі былыя ваеннапалонныя, якія прыпісаліся ў чужую сям’ю ў якасці сваякоў. Некаторыя прыставалі ў прымы, жаніліся. Ціхаміраў забіраў іх, пагражаючы расстрэлам за тое, што яны здрадзілі радзіме -парушылі воінскую прысягу і не вядуць барацьбы з немцамі. Потым, добра напалохаўшы, дароўваў прыпісніку жыццё, папярэджваючы, што свой учынак перад радзімай ён павінен змыць сваёй крывёй у барацьбе са здраднікамі і ворагамі, даваў зброю і залічваў у атрад. Стварыўшы такім чынам атрад, ён пачаў аперацыю супраць здраднікаў радзімы. Каго ён лічыў здраднікам радзімы? Усіх камуністаў, якія жылі дома, хоць і не служылі немцам. Усіх былых савецкіх служачых. А таксама тых, хто пайшоў на працу да немцаў на прадпрыемствы, установы. Карацей кажучы, усіх, хто не браў зброі і не забіваў фашыстаў. Многія з іх былі пасланы падпольнымі арганізацыямі на работу да гітлераўцаў, каб атрымліваць неабходныя звесткі аб планах і задумах немцаў. За кароткі час усе гэтыя людзі былі знішчаны, у выніку чаго партызанскія атрады і падпольныя групы засталіся без сувязных. Тады Магілёўскі падпольны абком партыі даў заданне кіраўніку Асіповіцкага партызанскага атрада Каралёву Мікалаю Піліпавічу арыштаваць Ціхамірава і расстраляць. Але гэта аказалася не так проста зрабіць, бо на неаднаразовыя выклікі Ціхаміраў не адгукаўся. Перабіўшы не адну сотню людзей, Ціхаміраў убачыў, што вельмі многіх ён прымусіў уцякаць у нямецкі гарнізон. Да таго ж, некаторыя з прыпіснікоў уцяклі з яго атрада ў паліцыю, бачачы зусім беспадстаўнае знішчэнне людзей. І Ціхаміраў уціхамірыўся, пацішэў. Ён падпарадкаваўся рашэнню перабазіравацца са сваім атрадам у Заходнюю Беларусь. Яму даравалі ранейшае, а к канцу вайны прысвоілі званне палкоўніка і Героя Савецкага Саюза.

Колькі было такіх, як Ціхаміраў, сярод партызан Беларусі, я не ведаю. Ведаю, што аднаго камандзіра атрада па прозвішчу Шарава расстралялі партызаны за тое, што ён дзейнічаў ціхаміраўскімі метадамі — забіваў невінаватых не толькі дарослых, а і дзяцей. У вёсцы Пагарэлае Асіповіцкага раёна ён расстраляў дырэктара школы, звязанага з партызанамі, яго жонку і іх дваіх малых дзяцей.

У кнігах ніхто не прачытае пра падобныя злачынствы, а толькі пра станоўчае і гераічныя подзвігі. Такая ўжо наша савецкая літаратура сацыялістычнага рэалізму. Каб скончыць пра тое, што рэкламуецца з партызанскай дзейнасці, апішу два выпадкі з дзейнасці ціхаміраўцаў. У вёсцы Балоча Пухавіцкага раёна была аднакамплектная пачатковая школа. У ёй працаваў настаўнік па прозвішчу Лейчык. Усяго правіннасці было ў яго, што працягваў, як раней, пры савецкай уладзе, так і пры немцах, рабіць настаўнікам. Працаваў ён, карыстаючыся савецкімі падручнікамі. Наконт падручнікаў было такое ўказанне нямецкіх улад: выкрасліць тыя месцы ў кнігах, дзе расхвальваецца Сталін. Што гаварыў настаўнік на ўроках пра Сталіна і Гітлера, я не ведаю. А пакаралі яго як здрадніка радзімы такім спосабам: вывелі на мост праз раку Балачанку, завязалі яму дротам рукі і ногі, аблілі газай і падпалілі. Лейчык жывым згарэў разам з мостам.

Другі выпадак. У пасёлку Новая Балоча жыў малады хлопец па прозвішчу Кашагуба. Ён перад вайной скончыў тры курсы Бабруйскага медыцынскага тэхнікума. Калі прыйшлі немцы, ён жыў у сваіх бацькоў і працаваў на гаспадарцы. Быў камсамольцам. Ціхаміраўцы арыштавалі яго па падазрэнню ў сувязі з немцамі. (У Новай Балочы яшчэ з дарэвалюцыйных часоў жыла адна сям’я — па нацыянальнасці немцы. Кашагуба як быццам бы даносіў пра мясцовае жыццё праз іх нямецкім акупантам. Сям’ю гэту савецкіх немцаў таксама расстралялі.) Дапытваў Кашагубу партызан Іваноў Васіль Іванавіч, былы настаўнік Градзянскай сярэдняй школы. Дапытваючы, Іваноў калоў Кашагубу шомпалам, пранізваючы наскрозь. Той так і памёр, замучаны, але ні ў чым не прызнаўшыся, бо яму не было ў чым прызнавацца: ніякай сувязі з немцамі ён не меў. Потым гэта было ўстаноўлена партызанамі праз сувязных. Аб гэтым мне распавёў сам Іваноў пасля вайны ў 1946 годзе, калі ён быў інспектарам Асіповіцкага РАНА. […]

Зіму пражылі мы ў Новай Балочы ў сястры. Цесна было там. Хатка невялікая. Свае чатыры душы. Пасля пажару прыбавіліся бацька і маці ды нас шэсць чалавек — двое дарослых і чацвёра дзяцей. Але неяк зіму прагаравалі. А потым перабраліся на сваю сядзібу ў Маяку ў склеп, які застаўся пасля пажару. Я ўставіў у дзвярах невялікую шыбу, і тут мы сталі жыць. Пракарміць дзяцей было вельмі цяжка, хоць сваякі дапамагалі, чым маглі, дзелячыся апошнім. Хадзіў я на сякія-такія заробкі. У Новай Балочы Гурскім зрабіў грубку, у Такавішчы — ляжанку. Але даходы былі вельмі мізэрныя. Ісці працаваць да немцаў я не мог. Яны — ворагі, якія зрабілі шмат злачынстваў супраць маіх блізкіх, маёй сям’і, майго народа. Забыць усё гэта было нельга. Я лічыў, што і Гітлер, і Сталін заслугоўваюць таго, каб іх на адной асіне павесіць. Але я быў маленькай пылінкай у гэтай сатанінскай машыне, якая ламала, калечыла і забівала людзей. І думкі мае былі скіраваны толькі на адно, каб пракарміць сям’ю. Вясной стала крыху лепш: нарасло шчаўя, у рацэ лавілася сяды-тады рыба…

Яшчэ зімой партызаны пачалі пагражаць мне:

— Ты чаго сядзіш? Хочаш, каб іншыя вызвалялі радзіму, а ты… Не хочаш ісці ў партызаны, то ідзі ў паліцыю. А то даседзішся да таго, што расстраляем.

Кожны дзень маглі прыйсці немцы і расстраляць мяне як уцекача з-пад расстрэлу. Кожны дзень маглі прыйсці партызаны і расстраляць мяне за тое, што я — былы савецкі настаўнік — не іду ваяваць з немцамі. Штосьці трэба было выбіраць. Вырашылі мы з жонкай, што я пайду ў партызаны. […]

Хачу расказаць адну гісторыю, пачутую ад партызан атрада Тарасава.

Разведчыкі гэтага атрада забралі ў партызаны ў адным невялікім пасёлку дзесьці паміж Талькай і Мар’інай Горкай былога ваеннапалоннага (прыпісніка). Гэты ваеннапалонны ажаніўся з маладой настаўніцай і працаваў на сельскай гаспадарцы. Яго забралі ў патрызаны, калі жонка толькі што нарадзіла дзіця. Крыху паправіўшыся, гэта жанчына, не маючы сіл больш трэсціся ад страху, пайшла да нямецкага каменданта і стала расказваць, у якое цяжкае становішча яна трапіла: партызаны прыйшлі і забралі мужа, а цяпер, ведаючы нямецкія законы аб адказнасці за сувязь з партызанамі, яна кожны дзень памірае ад страху, што прыйдуць нямецкія салдаты, заб’юць яе і дзіця. Лепш бы ўжо хутчэй забілі, а то так жыць далей няма сіл…

Камендант падумаў і сказаў:

— Забіваць мы вас не будзем. Жывіце, гадуйце дзіця. Але калі ваш муж будзе прыходзіць да вас, каб атрымаць звесткі пра размяшчэнне нашых пастоў і іншае, то мы вымушаны будзем у інтарэсах нашай бяспекі прыняць адпаведныя меры. Таму лепш за ўсё перабірайцеся ў Мар’іну Горку, праца знойдзецца, і будзеце спакойна жыць. А яшчэ лепш, калі прыйдзе і ваш муж, пагаварыце з ім пра гэта. Праца знойдзецца і яму.

І адпусціў камендант жанчыну дадому. Жанчына была рада, што так паварочваецца справа і, не дачакаўшыся, калі муж прыйдзе наведаць яе, сама накіравалася шукаць партызан. Ёй удалося іх знайсці. На заставе ў пасёлку Падкамень яна сказала, што прыйшла сустрэцца з мужам і папрасіла паклікаць яго з атрада. Выклікалі. Адзін партызан ці то па заданню, ці то па ўласнай ініцыятыве прымайстраваўся падслухоўваць, аб чым яны будуць гутарыць пры сустрэчы. І падслухаў, што жанчына расказала пра візіт да каменданта і прасіла, каб муж уцёк з атрада. Тады яны пераедуць жыць у Мар’іну Горку. Муж не згаджаўся ўцякаць з атрада і тлумачыў:

— Немцы мяне ў спакоі не пакінуць. Яны загадаюць весці паказаць, дзе знаходзіцца партызанскі атрад. А гэтага я зрабіць не магу. Не магу прадаць людзей на згубу. Таму нічога не абяцаю.

Доўга ён не згаджаўся на ўгаворы жонкі і на развітанне сказаў:

— Ідзі дадому, а там пабачым…

Гэта «там пабачым» каштавала яму жыцця. Што ён укладваў у тыя словы, які сэнс? Ці проста сказаў, каб адчапіцца ад неразумнай прапановы жанчыны, ці, можа, і на самай справе лічыў, што патрэбна абдумаць, як лепш паступіць. Філіпскі, калі яму перадалі аб падслуханай размове, загадаў яго расстраляць. Знішчылі і жанчыну. Забіў яе партызан, што падслухаў размову, і закапаў ва ўрочышчы Варшаўка, што знаходзіцца недалёка ад Маяка.

Так двухтыднёвае дзіця адразу стала круглай сіратой — і без бацькі, і без маці…

Хто ж паступіў больш дальнабачна, больш хітра, больш разумна — нямецкі камендант ці Філіпскі?»

Успаміны Яна Віктаравіча Корзюка

Ян Віктаравіч Корзюк з жонкай Станіславай Адольфаўнай і унукамі.  Фота 1980-ыя гг.

Ян Віктаравіч Корзюк з жонкай Станіславай Адольфаўнай і унукамі.
Фота 1980-ыя гг.

Успамінае Ян Віктаравіч Корзюк, 1926 года нараджэння, жыхар в. Суцін: «Калі прыйшлі немцы, то загадалі выбраць старасту. Сабраўся сход, на ім абралі старастам майго бацьку Віктара Францавіча Корзюка.

Бацька нават на тым сходзе не быў, і для яго гэта абранне было зусім нечаканае і непажаданае. А абралі бацьку, маўляў, з-за таго, што ён ведаў нямецкую мову, бо яшчэ ў Першую сусветную вайну трапіў у нямецкі палон і аж 6 год прабыў у Германіі. Цэлы год мой бацька быў старастам у Суціне. Цяжкая гэта была справа. Днём немцы, а ноччу партызаны — як ім дагадзіць? Бацька прыпісаў сюды 120 чалавек акружэнцаў, стараўся суцінскім людзям зрабіць як лепш. У сакавіку 1942 г. гэтых прыпіснікоў сазвалі ў камендатуру і адправілі ў лагер для ваеннапалонных. Бацька некаторым падказаў, каб яны не ішлі, то тыя выратаваліся. Вясною гэтыя акружэнцы арганізавалі партызанскі атрад імя Суворава.

Аднойчы да нас прыйшоў з асобага аддзела партызанскага атрада чалавек — Весялоў — і сказаў, каб бацька тэрмінова адмовіўся ад пасады старасты. «Мы цябе ведаем, што ты наш чалавек, але ўсім жа гэта не раскажаш. Цяпер партызанаў шмат у лесе. Прыдуць ноччу, расстраляюць усю сям’ю і хату спаляць». Бацька напісаў заяву і ўсе справы Суцінскай воласці перадаў у Тальку.

Сапраўды, у Суціне партызаны расстралялі 22 чалавекі. Бацькавага брата Адвэрта і яго жонку забілі за тое, што ён неяк назваў партызанаў бандытамі, сказаўшы, што, маўляў, куды гэтыя ўлады глядзяць, што не могуць палавіць гэтых бандытаў.

Каля 30 чалавек з Суціна пайшлі супрацоўнічаць з немцамі. Бывала, у адной сям’і людзі аказваліся па розныя бакі барыкадаў. Памятаю Альбіну Скіндэр. Прыгожая дзяўчына, іграла на гармоніку, спявала, танцавала. Два яе браты пайшлі ў паліцыю, а яна выйшла замуж за Захарэвіча Стася, які быў у партызанах. Малодшы брат Захарэвіча служыў у РВА генерала Уласава, потым і Стась перайшоў з партызан да немцаў у РВА. Хто з іх выжыў, выехалі ў Аўстралію і цяпер там жывуць.

Бацьку майго, хоць і не зрабіў ён нічога дрэннага людзям, саслалі пасля вайны ў Мардовію. 10 год там адпрацаваў у лагеры, памёр у 1980 годзе».

Глядзіце  таксама працы вучняў па гэтай  тэме:

Станіслаў Паўлавіч Аляшкевіч — ветэран Вялікай Айчыннай вайны, настаўнік Талькаўскай школы

Талькаўскі край у гады вайны

Наша зямлячка Алена Мазанік


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>