Возера Грымячае

 

Возера Грымячае

Возера Грымячае

Гэтая таямнічая мясціна знаходзіцца на поўдзень ад Рудні ў лесе на адлегласці 7-8 кіламетраў. Нялёгкі быў шлях да яго. Мы з дзецьмі нават заблудзіліся на лясных сцежках і, мабыць, не знайшлі б гэтае возера, калі б нам не дапамог Павел Ільіч Малькоў, жыхар Талькі. Ён правёў нас да жаданай мэты. І вось нарэшце мы маглі закрычаць словамі паэта:

«А вось і возера-акно,

Якога мала дзе пабачыш,

Такое дзікае яно,

Сярод балоцішча адно, -

Завуць яго чамусь Грымячым.»

Сапраўды — адкуль такая назва? Дзед Павел патлумачыў нам, што так назвалі гэтае возера з-за таго, што яно знаходзіцца ў балоце, пад ім пласты торфу, ідзе працэс торфаўтварэння. Пры гэтым выдзяляюцца бурбалкі сярністага газу. Вось вам і гром. Яшчэ пра Грымячае расказваюць такую легенду.

У Руднянскім лесе ёсць балота, а пасярод яго возера. Падысці да яго немагчыма — берагі вагаюцца. Кажуць старыя людзі, што раней на гэтым месцы замак стаяў. У замку тым жыў багаты і дужа ганарлівы шляхціц. Нядобрая слава ішла ў наваколлі пра гэтага чалавека — быў ён жорсткі і скнарлівы. У пана таго была прыгажуня дачка, якую ён вельмі любіў.

Аднойчы разгулялася непагадзь — холад, вецер, дождж. Прыйшоў да замка нейкі здарожаны чалавек і папрасіўся пераначаваць. Жыў той прышлы ў замку два дні і дзве ночы. За гэты час ён заўважыў, як пан здзекуецца над сваімі слугамі. Тады падарожны заступіўся за слуг пана. Пану гэта не спадабалася, і ён прагнаў прыйшлага. Адыходзячы, вандроўнік сказаў шляхціцу: «Калі твая дачка будзе гатаваць ежу і ў яе выпадзе з рук і разаб’ецца яйка, тады твой замак праваліцца пад зямлю».

Праз тры дні так і адбылося. Дачка ўпусціла яйка, і яно разбілася. У той жа час-момант загрымеў гром, пачаўся страшэнны лівень. Апоўначы замак праваліўся — утварылася возера. Часам яно грыміць, калі прыслухацца. Нібыта злуецца, гырчыць той жорсткі пан.Ад таго возера і завуць Грымячым.

 


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>