Талька і наваколлі

Велаэкскурсія на Грымячае

Велаэкскурсія на Грымячае

Наша мястэчка Талька знаходзіцца ў цэнтры Беларусі, на левым беразе ракі Таль, недалёка ад яе ўпадзення ў Свіслач. Карта 

Мясцовасць тут лясная, балоцістая, глебы нядужа ўрадлівыя. Таму нашы людзі, што церабілі тут дрымучыя лясы, абраблялі гэту бедную зямлю, — працавітыя, цягавітыя, спакойныя.

Узнікла наша паселішча як яўрэйскае мястэчка каля 1830 года. Пасля антырасейскага паўстання 1830-31 гг. царскія ўлады забралі землі Сарафінскага каталіцкага кляштара (гэта было пакаранне за ўдзел каталіцкіх святароў у паўстанні) і пасялілі на гэтых ужо дзяржаўных землях яўрэяў. Першая згадка пра Тальку 

Іншыя вёскі нашага краю — Арэшкавічы, Блужа, Мацеевічы, Суцін — нашмат старажытнейшыя за Тальку, згадваюцца ў пісьмовых крыніцах у ХVІ ст.. Археалагічныя помнікі — тры гарадзішчы, селішчы (не палічыць!), шмат курганаў, быццам рассыпаных па берагах Талі і Свіслачы, апрацаваныя крамянёвыя прылады працы, што пазносілі дзеці ў школьны музей са сваіх агародаў — сведчаць, што людзі ў гэтай мясцовасці ўжо жылі ў каменным веку. Археалагічныя помнікі 

Калі ў 1873 годзе праз Тальку прайшла Лібава-Роменская чыгунка, мястэчка стала хутка расці. Адсюль вывозілі лясныя грузы, тут стаў рамесны і гандлёвы цэнтр мясцовасці. Ніводная з падзей, што адбываліся на Беларусі ў мінулым стагоддзі — рэвалюцыі, акупацыі, грамадзянскія войны, НЭП, беларусізацыя, індустрыялізацыя, калектывізацыя, культурная рэвалюцыя — не абмінулі наш край.
ХХ ст. 

Самым цяжкім выпрабаваннем у ХХ ст. стала Другая сусветная вайна. У Тальцы стаяў нямецкі гарнізон (каля 300 немцаў), паліцэйскі гарнізон (каля 30 чал.), іх задача была ў тым, каб ахоўваць ад партызанаў чыгунку і мост. У лясах, балотах вакол Талькі ўзнікла некалькі партызанскіх атрадаў. Стваралі іх чырвонаармейцы-акружэнцы, а таксама спецгрупы, што закідваліся з Масквы. Мясцовы ж люд апынуўся паміж гэтымі дзвюма сіламі — паміж молатам і кавадлам — і з усіх сіл імкнуўся выжыць. 2-я сусветная вайна 

У верасні 1941 г. Талька перастала быць тым, чым яна была, — яўрэйскім мястэчкам. 280 талькаўскіх і суцінскіх яўрэяў былі расстраляныя і пахаваныя ў адной магіле ў лесе за рэчкаю. Талькаўскія яўрэі 

Да 2009 года Талька была цэнтрам Талькаўскага сельсавета, а цяпер уваходзіць у склад Блужскага. На 1 студзеня 2007 г. у Талькаўскім сельсавеце жылі 887 чалавек у 17 вёсках:

Арэшкавічы — 190, Блужскі Бор — 2, Весалоў — 21, Дзям’янаўка — 39, Калінаўка — 4, Каляюгі — 4, Ленінск — 19, Лявонаўка — 28, Малінаўка — 9, Насыцк — 16, Рудня — 14, Слабодка — 83, Талька — 403, Церабуты — 28, Чароты — 10, Яноўка — 14, Вялікае Поле — 3.

Людзі пенсійнага ўзросту складаюць каля 60 %. За 2007 год на тэрыторыі Талькаўскага сельсавета нарадзілася 8 дзяцей, памерла 34 чал.. Такім чынам, натуральны прырост адмоўны, лічба гэтая — 26 наводзіць на сумныя высновы. Талька сёння 

Прырода нашага краю прыгожая, яшчэ не вельмі сапсаваная індустрыяльным развіццём. Да нас прыязджаюць адпачываць з Мінска і іншых гарадоў. Можна збіраць грыбы і ягады, лавіць рыбу, купацца ў Талі і Свіслачы. Недалёка ад Арэшкавічаў з-пад высокага берага Свіслачы б’е крынічка — Кіпячка. Вада яе чыстая, халодная, лекавая. Кіпячка 

У лесе за Рудняю знаходзіцца возера Грымячае ці Чортава. Яно абсалютна круглае — быццам хто гіганцкім цыркулем вычарціў правільнай формы акружнасць і выбраў адтуль зямлю на велічэзную глыбіню. Там не ловяць рыбы і не купаюцца, затое расказваюць пра яго ўсякія неверагодныя гісторыі. Нават Якуб Колас узгадаў Грымячае ў сваім вершы, назваўшы дзікім. Возера Грымячае 

Жылі ў нашым краі вернікі трох канфесій — праваслаўныя, каталікі, іудзеі. Усе яны мелі свае храмы. Сёння ніводнай з гэтых святыняў не захавалася, усе былі разбураны ў гады лютага атэізму. Толькі дрэва і адноўлены крыж убачым мы на месцы Блужскай Успенскай царквы. Блужская Успенская царква 

Мацеевіцкая царква ацалела у часы вандалізму, але сёння яе разбурае час, бо памірае вёска, і няма каму парамантаваць храм. Мацеевіцкая царква 

Каталікі нашага краю збіраюцца на Сарафінавай гары. У сярэдзіне 18 ст. уладальнікі Мацеевічаў Бенядзікта і Казімір Янішэўскія зрабілі фундуш на заснаванне кляштара і касцёла св. Антонія. Разбурылі яго бальшавікі ў 1939 г., але і сёння гэтае месца — святое для каталікоў краю. Тут могілкі, штогод 13 чэрвеня праходзіць шматлюдны фэст. Сарафінава гара і касцёл св. Антонія 

Талькаўская сінагога стаяла насупраць аптэкі. Пасля халакоста патрэба ў ёй знікла.

Зусім не ўпасці ў адчай ад такіх звестак нам дапаможа той факт, што ў Тальцы ў пачатку ХХІ ст. створаны праваслаўны храм і асвечаны ў гонар Пакрова Багародзіцы. Знаходзіцца царква ў будынку былога прамтаварнага магазіна непадалёку ад могілак. Вяскоўцы сабралі грошы, выкупілі(!) гэтую закінутую будыніну ў райспажыўсаюза (!), адрамантавалі самі і сёння мы маем праваслаўны храм. Звонку ён выглядае не лепшым чынам, але ўнутры — усё зрабілі вельмі добра. На вялікія святы службу тут праводзіць бацюшка з мястэчка Пухавічы.

У нашым краі нарадзіліся ці жылі славутыя асобы, якія сваёй дзейнасцю ўзвышалі Беларусь. Гэта выдатны музыка-цымбаліст Іосіф Жыновіч , акцёр Купалаўскага тэатра Іван Шаціла  — родам з нашай мясцовасці. Якуб Колас  летаваў у нашай Тальцы і Загібельцы ў 1930-ыя гады, апеў наш край ў сваіх вершах. Літаратуразнаўцы Алесь Макарэвіч  і Ларыса Кароткая , паэт-байкапісец Міхась Скрыпка  ў розны час працавалі настаўнікамі ў нашай Талькаўскай школе.

У Талькаўскай школе ўжо шмат год працуе краязнаўчы гурток. Некалькі пакаленняў вучняў-краязнаўцаў і настаўнікаў стварылі школьны краязнаўчы музей . Штогод у Тальцы мы ладзім абрадавыя святы: Каляды Гуканне вясны Юр’я ,Купалле . Традыцыйным ўжо стаў Талькаўскі фэст , на які прыяжджаюць фальклорныя калектывы, барды і паэты з ўсёй Беларусі.

Шмат што пра гісторыю, прыроду, заняткі людзей могуць расказаць назвы вёсак і ўрочышчаў. Некаторыя з іх — Слаўчанкаў лес, Лысая Гара, Крутавіца — вельмі старажытныя, згадваюцца ў гістарычных дакументах 16 стагоддзя. Паходжанне большасці з іх можна лёгка растлумачыць, але ёсць і такія, што цяжка зразумець іх сэнс — Курлясы, Ваяціна, Нусаў, Жадын Калодзеж, Падкабэрда. Гэта нейкія коды, знакі ад продкаў, якія яшчэ нам трэба разгадаць. Спрадвечныя назвы нашай зямлі 

У часы ВКЛ Талькі яшчэ не было. Затое Арэшкавічы, Суцін, Мацеевічы, Блужа ўжо былі вялікімі паселішчамі. Самая старажытная з вёсак нашага краю — Арэшкавічы. У НГАБ захавалася некалькі дакументаў пра яе. У 1560 годзе быў складзены інвентар Свіслацкага княства-воласці,у якім Арэшкавічы згадваюцца як памежная (з Менскім княствам) вёска Свіслацкай воласці, што належала шляхціцу Мікалаю Служку. Арэшкавічы славіліся сваімі бабровымі гонамі і мядовымі борцямі. Мясцовыя жыхары за год з 25 аселых валок збіралі свайму ўладару толькі аднаго мёду 600 кг! Арэшкавічы 

Суцін — не вёска, а шляхецкая аколіца. Тут жыла дробная шляхта — акаталічаная і апалячаная — якая і да сённяшняга дня лічыць сябе палякамі. Суцінская шляхта прыняла актыўны ўдзел у паўстанні 1863 г.. За гэта з Суціна 22 сям’і, каля 200 чалавек, (гэта была самая вялікая высылка з адной вёскі на Беларусі!) саслалі ў Сібір, у Томскую губерню. Суцін 

Удзельнічала ў гэтым паўстанні і аколічная шляхта з Арэшкавічаў. Гэты чын — удзел суцінцаў і арэшкаўцаў у паўстанні Кастуся Каліноўскага — наш гонар. Наша памяць пра іх дае спадзяванне, што іх пакуты не былі дарэмнымі…

Сёння ў в. Мацеевічы не засталося ніводнай сям’і, у якой бы былі дзеці школьнага ўзросту, засталіся адны пенсіянеры. Разбураецца былы маёнтак пана Юльяна Булгака, капліца Ільлі Прарока. А вось у 17-18 стст. менавіта гэта вёска была самая развітая. Уладары маёнтка Янішэўскія «з чыстага імкнення да Хвалы Божай» аддалі ўсю сваю маёмасць, землі і грошы на духоўную справу. Гэта быў сапраўдны подзвіг — сярод дрымучых лясоў і балот узнік асяродак культуры, духоўнасці. Мацеевічы 

Калі ехаць з Мар’інай Горкі да Талькі, не абмінеш Блужу. Адметная яна тым, што тут была прыходская царква нашага краю — Блужская Прачысценская. Пры ёй з 1869 года стала працаваць першая ў нашым краі школка. У ХІХ ст. амаль усе землі нашага краю належалі блужскаму маёнтку Завадскіх, Свентаржэцкіх, Прозараў, Булгакаў. Блужа 

Будучыня краю

Мяркуем, што яна цудоўная. Якія падставы для гэтага сёння? Шыкоўная прырода, чыгунка, а галоўнае, — моладзь, якая любіць свой край і хоча жыць тут. Мы мяркуем, што адраджэнне нашага краю адбудзецца на аснове развіцця тут сферы адпачынку і турызму. Ужо ёсць ў нас санаторый-прафілакторый «Чыгуначны», які прапануе розныя формы адпачынку для ўсіх жадаючых. Але сапраўдны росквіт Талькі , Арэшкавічаў адбудзецца тады, калі прадпрымальныя сем’і створаць уласныя агратурыстычныя сядзібы. Гэта пацягне за сабою развіццё ўсяго мястэчка. Для адпачываючых, турыстаў патрэбны будуць рэстараны, кавярні, цырульні, пасека, конная ферма, лодачная станцыя, лазні, кемпінгі, інтэрнэт-клуб, аўтазаправачная і рамонтная станцыі, магазіны. Каб усё гэта стварыць, трэба будаўнічыя брыгады, а каб карміць жыхароў і адпачываючых — фермы па вытворчасці экалагічна чыстых прадуктаў — малака, мяса, гародніны, фруктаў. Трэба пякарня, якая будзе пячы самы смачны хлеб. І тады ўжо не талькаўцы будуць шукаць «мінскі хлеб», а прыезджыя менчукі будуць старацца купляць наш фірменны талькаўскі хлеб. Такое, кажуць талькаўскія людзі, некалі было.

Мы спынім такую інтэнсіўную высечку нашага лесу. Лясніцтва будзе працаваць над тым, каб найперш памнажаць лясы, ахоўваць іх, акультурваць, а не па-драпежніцку высякаць іх, як гэта робіцца цяпер. Пільня перастане вывозіць неапрацаваныя дошкі і брус, бо гэта нявыгадна,  а стане вырабляць прыгожую мэблю, вокны, дзверы, паркет. У Тальцы з’явіцца шмат кваліфікаванай, добрааплачваемай працы — і сюды прыедуць маладыя сем’і з Мінска, Мар’інай Горкі, якія там гадамі пакутуюць без уласнага жылля. У Тальцы, Арэшкавічах, Суціне, Мацеевічах старыя дамы будуць рэканструяваныя ў адпаведнасці з самымі сучаснымі тэхналогіямі, стануць з усімі патрэбнымі выгодамі, а наяўнасць аўтамабіляў, маршрутак зробяць адлегласці да суседніх вёсак незаўважнымі.

Тады ў Талькаўскай школе колькасць дзяцей будзе штогод павялічвацца, а не памяншацца.

Каталікі адродзяць касцёл св. Антонія на Сарафіне, а праваслаўныя Блужскую Прачысценскую царкву.

Пачуўшы пра такі небывалы росквіт Талькі, з Ізраіля вернуцца нашчадкі талькаўскіх яўрэяў. Яны ведаюць, што іх розум, творчасць і прадпрымальніцтва прыдадуцца ў нашым мястэчку.

Усюды будзе квітнець беларушчына, уся праца і адпачынак будзе грунтавацца на беларускіх традыцыях і … на сусветных тэхналогіях.

А ўлады не будуць забараняць Талькаўскі фэст, а самі прыйдуць на свята і разам з намі праспяваюць «Магутны Божа», станчаць падыспань і пагуляюць у баяроў.

Вось такой будзе наша Талька — духоўнай, працавітай, свабоднай, прыгожай, багатай, беларускай — сапраўднай Еўропай. Еўрапейская традыцыя, перарваная ў канцы 18 ст., адновіцца.

 

рака Таль

рака Таль


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>