Зялёны маршрут “Талькаўскія скарбы”

Што такое зялёныя маршруты?

Гэта шляхі прыроднай і культурнай спадчыны, пракладзеныя ўздоўж «зялёных калідораў» — рэк, гістарычных гандлёвых шляхоў, прыродных калідораў. Такія маршруты аб’ядноўваюць турысцкія аб’екты і мясцовыя ініцыятывы, прапагандуюць здаровы спосаб жыцця і нематарызаваныя формы руху — пешшу, на веласіпедах, верхам на конях, на байдарках і плытах. Яны ствараюць магчымасці для павышэння ўзроўню жыцця, ажыўлення мясцовай эканомікі і развіцця прадпрымальніцтва сярод мясцовых жыхароў, а таксама захавання ўнікальных прыродных і культурных каштоўнасцей.

Зялёны маршрут «Талькаўскія скарбы» уключае найбольш цікавыя прыродныя і культурныя аб’екты нашага краю, складаецца з трох петляў-частак. Найлепш ажыццяўляць гэты маршрут на веласіпедах. У сельскай турыстычнай сядзібе «Талькаўская» вы можаце ўзяць на час вандроўкі веласіпеды, намёты, рукзакі, спальныя мяшкі, кацялкі, атрымаць кансультацыю, як не заблукаць на нашых лясных і балотных сцежках. Лагатып: блакітная рэчка, на беражку зялёны ўзгорачак, на ім 2 грыбочкі.

  1. Спіс аб’ектаў

1-ая вандроўка на поўдзень: мястэчка Талька — рака Таль — возера Грымячае — экасядзіба «Талькаўская». Працягласць 18 км.

  1. Экскурсія «Мястэчка Талька».Краязнаўчы музейТалькаўскай школы (археалогія, этнаграфія, гісторыя краю). Коласавы мясціны ў Тальцы — Стража, Загібелька, хата Яўсейчыкаў. Яўрэйскія могілкі. Талькаўскі Халакост.
  2. Рака Таль:рыбная лоўля, купанне, бабровыя хаткі на беразе. У Талі ловіцца ўклейка, ёрш, окунь, пяскар, плотка, лешч, падлешчык, сазан, налім, язь, сом, лінь, уюн.
  3. Возера Грымячае. 8 км па прыгожаму сасноваму лесу да возера могуць суправаджацца зборам ягад і грыбоў. Месца адпачынку ля возера. Вакол гэтага дзіўнага вадаёма можна збіраць усякія ягады: у чэрвені — суніцы, у ліпені — чарніцы, у жніўні — буякі, брусніцы, а ў верасні-кастрычніку — журавіны. Далей на поўдзень аж да Асіповічаў працягнулася дзікае балота. Шкуцішына Грэбля, Баршчоўка, Галіны, Рэпішча — усё гэта ўрочышчы у гэты бясконцым балотным масіве, адкуль мяхамі цягаюць грыбы і журавіны.
  4. Вяртанне ў Тальку.Вясковая турыстычная сядзіба «Талькаўскія скарбы». Тут вам прапануюць начлег, стравы беларускай кухні, сыры, масла, малако ад уласнай каровы, гародніну і фрукты са свайго сада і агарода, лазню.

2-ая вандроўка на захад: Сарафінава гара — Суцін — Замачак — Мацеевічы -Каменка — Мурашава балота — Талька. Працягласць 25 км.

  1. Сарафінава Гара. Да 1939 г. тут стаяў драўляны касцёл св. Антонія, заснаваны Янішэўскімі, уладальнікамі Мацеевічаў ў 1762 г..Цяпер на месцы разбуранай святыні маленькая каплічка, а вакол каталіцкія могілкі.
  2. Суцін. Гэтая вёска цікавая тым, што тут жыла дробная шляхта, што ў часы Рэчы Паспалітай дзеля атрымання польскіх шляхецкіх вольнасцей прыняла каталіцтва, і польскую мову, а таму насельнікі яе і да сёння лічаць сябе палякамі. За ўдзел ў паўстанні 1863 г. супраць расійскага цара 22 сям’і з Суціна былі сасланыя ў Томскую губерню. У жыхаркі Суціна Яніны Варажбіт можна запісаць народныя песні, танцы, замовы.
  3. Замачакці Гарадок — гарадзішча ранняга жалезнага веку — знаходзіцца на правым беразе Талі. Ад маста праз Таль уздоўж рэчкі трэба праехаць лясной пясчанай дарогай кіламетраў 7. Каля 2000 год таму назад, яшчэ да прыходу славян, тут жылі плямёны штрыхаванай керамікі — балты. Гарадзішча акружана двума радамі высачэзных валоў, усё зарасло лесам, добра захавалася. Каля замачка можна разбіць намёты, палавіць рыбу ў Талі.
  4. Мацеевічы. Старажытная, некалі вялікая вёска, у 18-19 ст. культурны, духоўны і эканамічны цэнтр краю, цяпер ў заняпадзе. Але тут захаваліся рэшткі маёнтка паноў Булгакаў, якім належалі ўсе навакольныя землі да 1917 г. і маленькая драўляна капліца імя Іллі Прарока на вясковых могілках. Акрамя таго, у хатах можна ўбачыць прадметы ручнога ткацтва, вышыванкі.
  5. Каменка.Тут жыве славуты пчаляр Мікалай Шамак, можна наведаць яго пасеку, пакаштаваць мёду, пазнаёміцца з гэтым старадаўнім промыслам.
  6. Мурашава балота- журавінавы заказнік — цягнецца на некалькі кіламетраў да Талькі і Блужы. У верасні-кастрычніку тут можна назбіраць журавін. На правы бок ад дарог цягнецца лес Барсукі, а далей — Слаўчанка. У гэтых мясцінах поўна ягад, грыбоў. У нашай мясцовасці жывуць барсукі, з птушак — глушцы, цецярукі, чорны бусел, белая чапля, белая курапатка.

3-я вандроўка на ўсход: прафілакторый «Чыгуначнік» — вусце Талі — гарадзішча Церабуты — в. Арэшкавічы — крыніца Кіпячка. Працягласць 10 км.

  1. Дом адпачынку чыгуначнікаў «Талька»прапануе свае паслугі для ўсіх жадаючых: ванны, масаж, лазню, лекавыя працэдуры, пакоі для пражывання, харчаванне. Знаходзіцца гэта ўстанова ў прыгожым сасновым лесе, недалёка ад вусця Талі. Побач штучнае возера з абсталяваным пляжам.
  2. Гарадзішча Церабутызнаходзіцца на высокім правым беразе Свіслачы, справа ад дарогі Талька — Арэшкавічы. На жаль, для археалогіі гэты помнік страчаны — тут у 70-ыя гг. пабудавалі турбазу. Якое прыгожае месца выбралі для свайго Гардазішча нашы продкі! Аж дух захоплівае ад прастору і вышыні на гэтым крутым беразе ракі. А ўнізе — магутная Свіслач, а вакол азёрцы-старыкі, поўныя рыбы.
  3. Арэшкавічы. Адразу як пераедзем мост праз Свіслач, то трапім у прыгожую вёску — Арэшкавічы. У даўнія часы яна славілася бабровымі гонамі і пчалярствам. У 1907 годзе тут у сям’і дробнага шляхціца Язэпа Жыдовіча нарадзіўся хлопчык, што стаў славутым беларускім музыкам, стваральнікам і кіраўнікам аркестра беларускіх народных інструментаў — Іосіф Жыновіч. Дом Жыдовічаў не захаваўся, бо сям’я была раскулачаная ў 1930 г., бацька памёр у мінскай турме. Славуты музыка прыязджаў на радзіму да свайго сябра Казакевіча Вячаслава Ігнатавіча, пра гэта можа расказаць яго ўдава Антаніна Феліксаўна, што жыве і да сёння ў тым доміку, які памятае Іосіфа Жыновіча.
  4. Крыніца Кіпячкаб’е з-пад высокага берага Свіслачы. Вада яе лічыцца лекавай, абсалютна празрыстая, сцюдзёная. Арэшкаўцы расказваюць пра гэта месца легенду, быццам бы раней тут стаяла царква, а потым яна з-за людскіх грахоў правалілася пад зямлю і на тым месцы узніклі два ключыкі гаючай вады.

Недалёка ад крыніцы знаходзіцца курган, а за вёсачкай Вялікае Поле яшчэ адзін археалагічны помнік — селішча Здаравец, абодва датуюцца 9 -12ст., гэта час Полацкага княства.

Ля Кіпячкі абсталяванае месца для адпачынку. Арэшкаўцы ганарацца гэтым дзівосным помнікам прыроды, падтрымліваюць парадак і чысціню навакол. Тут добра лавіць рыбу, плаваць на лодках.

  1. Інфраструктура (месцы для адпачынку і начлега)

1) Сельская турыстычная сядзіба «Талькаўскія скарбы». Тут вам прапануюць начлег, стравы беларускай кухні, сыры, масла, малако ад уласнай каровы, гародніну і фрукты са свайго сада і агарода, лазню.

2) Дом адпачынку чыгуначнікаў «Талька» прапануе свае паслугі для ўсіх жадаючых: ванны, масаж, лазню, лекавыя працэдуры, пакоі для пражывання, харчаванне.

З) Месцы для намётаў ёсць каля возера Грымячае, на месцы Стражы ( тут стаяла леснічоўка Волеся Бранавіцкага, дзе ў 1930-ыя гг. з сям’ёй жыў Якуб Колас) — за Таллю метраў 150 па дарозе ўлева ад Руднянскага маста, ля Замачка, ля крыніцы Кіпячка.

 


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>