![]() |
|||||
| |||||
![]() Арэшкавічы Зямельная спрэчка |
Зямельная спрэчка з блужскай уладальніцайУ 1866 г. разгарэлася зямельная спрэчка арэшкаўскіх сялян з Соф'яй Свентаржэцкай, уладальніцай блужскага маёнтка. У 1861 г. было адменена прыгоннае права, сяляне сталі вольнымі. А ў 1866 г. землямер праводзіў размежаванне з блужскімі ўладаннямі. Спачатку сялянам нарэзалі добрай зямлі, бо землямер, "увлекаясь чрезмерным желанием облагодетельствовать крестьян,. не стеснялся ничем для достижения этой цели и т. к. со стороны вотчинника при этом никого не было". Справа ў тым, што ўладальніцай Блужы ў 1866 г. была маленькая дзяўчынка Соф'я Свентаржэцкая. Бацька яе - паўстанцкі камісар Мінскага ваяводства - у 1863 г. пасля разгрому паўстання эміграваў за мяжу, а маці памерла. Апекуном пры малой быў шляхціц Сцыпіян Быліновіч з Мінскага павета, а потым уладальнік Мацеевіч Юльян Булгак. Апякун пасля першага размежавання запатрабаваў перагледзець межы сялянскіх і панскіх земляў, бо самыя лепшыя землі маёнтка Блужа аддадзены сялянам несправядліва. Гэта прынесла вялікую шкоду малалетняй і маёнтку - лічыў апякун. У 1868 г. землі перадзялілі наноў. Цяпер ужо незадаволенымі засталіся сяляне. 23 ліпеня 1870 г. сяляне Арэшкавіч (што раней былі прыгоннымі Завадскіх-Свентаржэцкіх) пішуць прашэнне ў "Минское по крестьянским делам присутствие". Яны скардзяцца, што: - камісія павысіла штогадовыя выкупныя плацяжы з 7 рублёў 14 капеек да 10 рублёў; - землі ім выдзелілі зусім бедныя, пясчаныя, усяго 1 зярнятка прыросту на пасеянае зярнятка; - знаходзяцца выдзеленыя ім землі на адлегласці 5 вёрст ад вёскі; - землі іх знаходзяцца ў вялікай цераспалосіцы з дробнымі памешчыкамі Арэшкавіч і пусткамі Свентаржэцкай, таму яны церпяць страты з-за патраў; - ім забаронена сячы дровы ў зарасніках на сваіх надзелах, "так што нават не маем хворасту на мётлы"; - ад іх запатрабавалі заплаціць нейкую нядоімку - па 120 рублёў з кожнага двара. Адкуль узялася раптам гэта нядоімка? Гаспадары з Арэшкавіч просяць абароны начальства і распараджэння аб тым, каб засталася ранейшая ацэнка зямлі, аддаць ва ўладанне памешчыцы частку іхніх палёў, якія не прыносяць ніякай карысці. А наконт нядоімкі, то яны згодны яе плаціць, толькі малымі часткамі. Пад прашэннем падпісаліся: Канстанцін Астроўскі, Фама Прановіч, Сцяпан Траццякоў, Язэп Траццяковіч і шмат Марцінчыкаў. Нарэшце ў 1870 г. было ажыццёўлена трэцяе размежаванне, якое, здаецца, задаволіла абодва бакі. уверх |
||||