на галоўную    фотагалерэя   гасцёўня                    краязнаўчы сайт
 




Блужа

Мацеевічы

Арэшкавічы

Суцін

Гісторыя

Сарафінава гара і касцёл св. Антонія

Адкуль у Суціне палякі

Мост цераз рэчку Талька

Замачак

Першая пісьмовая згадка пра Суцін

Хто жыў у Суціне

Панятоўскія

Суцінскія недасекі

     Суцін у паўстанні 1863 г.

Падзеі

Спіс сасланых суцінцаў

     Вяртанне з Сібіры

Засценкі

























Тэафілія Фларыянаўна
Вернікаўская - унучка паўстанца
1863г. Вінцэса Татура, фота 2000г.

 

Вяртанне з Сібіры

Ці вярнуўся хто з суцінцаў, высланых у Томскую губерню, назад на радзіму? Сёння мы можам дакладна адказаць на гэта пытанне - так, некаторыя вярнуліся. У 2000 г., праз 137 гадоў пасля паўстання, мы з вучнямі Талькаўскай школы наведалі Суцін, каб пашукаць тут нейкіх слядоў, згадак пра даўнія падзеі. Трэба сказаць, што гэта была не першая вандроўка ў Суцін, але тыя аказаліся безвыніковымі. Цяпер жа нам пашанцавала. Тэафілія Фларыянаўна Вернікоўская, 1903 года нараджэння, знайшла ў спісе сасланых сям'ю свайго дзеда і бабулі - Вінцэся і Агаты Татураў. У спісе гэта сям'я стаіць пад нумарам 6. Маці Тэафіліі і Юзэфа нарадзіліся ўжо ў Сібіры, а калі ёй было гадоў 14-15, сям'я Татураў вярнулася ў Суцін. Хаця нашай субяседніцы ўжо 97 гадоў, жыццё яе было вельмі цяжкім - яна страціла ў трагічных выпадках сваіх дзяцей, памёр муж, але яна мае добрую памяць і светлы розум. Унучка паўстанца Вінцэся Татура ўспомніла рассказы маці аб тым, якім цяжкім і небяспечным было жыццё іх сям'і ў Сібіры, як хацелі бацькі вярнуцца на радзіму. Дзед Вінцэсь спяшаўся ў Суцін, каб хаця дочкі не павыходзілі замуж у Сібіры, бо тады прыйшлося б пакінуць іх там, а вяртацца адным дамоў. Як толькі быў атрыманы дазвол ад уладаў, Татуры вярнуліся ў Суцін. Юзэфа - маці Тэафіліі - выйшла замуж ужо ў Суціне за Фларыяна Вернікоўскага, і ў 1903 г. у іх нарадзілася Тэафілія, якой Бог даў пражыць такое доўгае жыццё ў ХХ ст. і пабачыць ХХІ ст. Ужо ў 2001 г. мы сустрэлі Тэафілію Фларыянаўну на фэсце на Сарафіне. Яна была энергічнай і бадзёрай, хадзіла да споведзі.

Ян Віктаравіч Корзюк з жонкай Станіславай Адольфаўнай і унукамі.
Фота 1980-ыя гг.

Ёсць і іншыя сведчанні аб тых, хто вярнуўся. Так, ужо згаданы намі Ян Віктаравіч Корзюк знайшоў у спісе сасланых сям'ю Казіміра Скіндэра пад нумарам 15. У гэтай сям'і згадваецца хлопчык Уладзіслаў 5 гадоў, гэта дзед першага мужа яго маці - Мальвіны Вярыгі. Маці Яна Віктаравіча Мальвіна родам з Рэпішча, выйшла замуж у Суцін за Яна, сына Уладзіслава Скіндэра. У 1920 г. яго расстралялі бальшавікі ў Ігумені - бо ў час савецка-польскай вайны 1919-1920 гг. некалькі маладых мужчын з Суціна аказаліся ў польскім войску. Яна Скіндэра абгаварылі, што ён, маўляў, хоча стварыць польскую партыю, тады бальшавікі арыштавалі яго і ў ігуменскім астрозе расстралялі. Другі раз маці выйшла замуж за Корзюка Віктара Францавіча, будучага бацьку нашага суразмоўцы. Які пакручасты лёс быў у гэтай сям'і ў ХХ стагоддзі! Як у гэтым лёсе яскрава адбілася гісторыя Беларусі - крывавая і трагічная.

Ян Віктаравіч Корзюк, 1925 года нараджэння, успамінае, што ў іхняй хаце, калі ён быў хлопчыкам, быў рукапіс нейкага Шпакоўскага, напісаны выразным прыгожым почыркам. Шпакоўскі (можа, гэта той самы Фама Шпакоўскі, у спісе № 19, што пісаў скаргу на казакоў, якія разрабавалі аколіцу Суцін у красавіку 1863 г.?) апісаў у тым рукапісе, як суцінцаў высылалі ў Сібір, як яны там пакутавалі, як вярталіся ў Суцін. Яны чыталі вечарамі той рукапіс і плакалі. Паперы гэтыя ў іх сям'і засталіся ад Яна Скіндэра, сына Уладзіслава. Дзе падзеўся той рукапіс, Ян Віктаравіч не памятае. Такім чынам, гэтая гісторыя пацвярджае, што з Сібіры таксама вярнулася сям'я Казіміра Скіндэра, што ў спісе сасланых пазначана пад нумарам 15, ва ўсякім разе вярнуўся сын Казіміра Уладзіслаў, якому ў 1863г. было 5 гадоў.

Ян Віктаравіч памятае, як у Суцін прыехаў з Сібіры адзін з нашчадкаў сасланых - Вернікоўскі. Ён расказаў двум суцінскім хлопцам, што прыехаў шукаць скарб - золата паўстанцаў. Яно схаванае быццам бы на Шандронавай паляне на Пцічы. На гэтай паляне ёсць дуб, ад яго 10 метраў на ўсход трэба капаць зямлю.

Гэты сібірскі Вернікоўскі мог быць авантурыстам-адзіночкам або проста жартаўніком... А калі не? Я ўяўляю, як з пакалення ў пакаленне на працягу 100 гадоў у гэтай сям'і перадавалася гісторыя пра суцінскую зямлю ў далёкай Беларусі, пра паўстанне, ссылку і пра закапаны на Шандронавай паляне скарб паўстанцаў. Золата хлопцы не знайшлі. Гэтая гісторыя стала сюжэтам для п'есы, якую мы прыдумалі з дзецьмі і паставілі ў Талькаўскай школе. У фінале героі не знаходзяць золата паўстанцаў, затое ў выніку доўгіх пошукаў да іх прыходзіць разуменне, што сапраўдны скарб - гэта радзіма, родная суцінская зямля, якую ні за якія грошы не купіш.

У жыцці, праўда, было трохі інакш. Шукальнік скарбу з Сібіры знайшоў у Суціне сваё каханне - ажаніўся з суцінскай дзяўчынай Анцяй Скіндаранкай і забраў яе ў Сібір. Гэта быў сапраўдны скарб, бо жылі яны вельмі добра, нарадзілі 11 дзяцей.

уверх