![]() |
|||||
| |||||
![]() Суцін Сарафінава гара і касцёл св. Антонія Адкуль у Суціне палякі |
Адкуль у Суціне палякі?
Суцінцы. Фота даваеннае. Сем'і Ігната Панятоўскага і Юльяна Скіндэра. Могілкі на Сарафінавай гары называюць польскімі, частка жыхароў Суціна і сёння называюцца палякамі. Адкуль жа тут, у цэнтры Беларусі, палякі? Тут, як і ў Весалове, Арэшкавічах і іншых мясцінах Беларусі жыла беларуская шляхта каталіцкага веравызнання. Адбываецца памылковае атаясамленне веры з нацыянальнай прыналежнасцю: католік - значыць, паляк, праваслаўны - значыць, рускі. Суцінскія палякі - гэта нашчадкі той беларускай шляхты, што ў пэўных гістарычных умовах акаталічылася, прыняла польскую культуру і мову. Шляхта - гэта саслоўе воінаў. На Беларусі гэтае саслоўе было вельмі шматлікім - 10-12% ад усяго насельніцтва ( для параўнання, у Расіі дваране складалі 1% насельніцтва). Такая шматлікасць беларускай шляхты тлумачыцца асаблівым геапалітычным становішчам нашай краіны, якая знаходзіцца на шляхах - з захаду на ўсход, з поўначы на поўдзень. Гэтае становішча патрабавала шмат воінаў для абароны ад ваяўнічых суседзяў. Шляхта - гэта вольныя людзі з пачуццём уласнай годнасці, незалежным характарам. Гэтае ваяўнічае свабодалюбівае саслоўе ў сярэднявечнай беларускай дзяржаве Вялікім княстве Літоўскім удзельнічала ў сеймах, сейміках, нават выбірала караля. Так гістарычна склалася, што паступова, калі ВКЛ утварыла з Польшчай агульную дзяржаву Рэч Паспалітую, беларуская шляхта пераняла польскую веру - каталіцкую, а таксама мову і культуру. Так беларускі народ як бы раскалоўся на дзве часткі - "простыя" людзі засталіся праваслаўнымі (у XVII-XVIII стст. уніятамі), а шляхта - стала каталіцкай. Калі Беларусь была захоплена Расійскай імперыяй у канцы XVIII ст., шляхта стала галаўным болем для расійскага цара. У 1794, 1831, 1863 гг. на Беларусі і ў Польшчы выбухнулі паўстанні супраць Расійскай імперыі. Ва ўсіх гэтых выступленнях галоўнай сілай была шляхта. Царызм пачаў вайну з гэтым саслоўем: пазбаўленне шляхецтва, высылка ў Сібір, нарэшце, "разбор шляхты". Гэта быў указ цара, каб шляхціцы даказалі сваё шляхецтва, прадаставіўшы прывілеі і граматы вялікіх князёў літоўскіх. У выніку гэтага разбору колькасць шляхты скарацілася да 3%, астатніх перавялі ў "аднадворцы", "недоказанные дворяне", "внесословные". Суцінская шляхта даказала сваё шляхецтва, але па свайму маёмаснаму становішчу яна набліжалася да сялян. Прыгонных такая шляхта не мела, абраблялі шляхціцы сваю зямлю самі, ды і зямлі той было няшмат. Так, у архіўным дакуменце "Выписка из свода сведений о землях Игуменского уезда на трёхлетие с 1875 года" знаходзім спіс суцінскай шляхты - 37 двароў. З іх большасць гаспадароў маюць зямлі 15-20 дзесяцін. Самыя багатыя Дашкевіч Іван - 40 дзес., Захарэвіч Язэп - 35 дзес., Панятоўскі Адам - 33 дзес. А вось беднякі: Булгак Феліцыян - 5 дзес., Гансеўскі Ян - 3 дзес. З гэтай зямлі немагчыма пражыць. Таму суцінская шляхта мусіла арандаваць зямлю ў блужскіх памешчыкаў. Вось такая дробная шляхта жыла ў Суціне ў ХІХ ст. Называлася яна таксама засцянковай, ці ваколічнай, бо сялілася ў асобных паселішчах - аколіцах, засценках - на вольных землях. У Расійскай імперыі ўлады пазбавілі аколічную шляхту прывілеяў, абклалі грашовым падаткам і рэкруцкай павіннасцю. Вось чаму менавіта шляхта пайшла ў паўстанне супраць расійскага цара, вось чаму шляхецкая аколіца Суцін дала сваіх хлопцаў у атрад Ляскоўскага і ўсяляк дапамагала паўстанню. уверх |
||||