на галоўную    фотагалерэя   гасцёўня                    краязнаўчы сайт
 


Блужа

Мацеевічы

Арэшкавічы

Суцін

Гісторыя

Сарафінава гара і касцёл св. Антонія

Адкуль у Суціне палякі

Мост цераз рэчку Талька

     Замачак

Першая пісьмовая згадка пра Суцін

Хто жыў у Суціне

Панятоўскія

Суцінскія недасекі

Суцін у паўстанні 1863 г.

Засценкі

 

Замачак


Замачак, ці Гарадок - так называюць суцінцы старажытнае гарадзішча на правым беразе Талі. Пераедзем мост, ля якога паўстанцы зрабілі ўмацаванне ў красавіку 1863 г., павернем управа і рушым уздоўж Талі па грунтавой дарозе. Хутка мы мінем урочышча Руды - яшчэ адно сведчанне таго, што ў даліне Талі былі месцы, дзе здабывалі балотную жалезную руду. Тут яшчэ ў 60-70-я гг. ХХ ст. была вёсачка Руды, а цяпер ад яе нічога не засталося, апрача некалькіх здзічэлых яблынь і груш.

Праязджаем паварот на яшчэ адну знікаючую вёску - Шэлехаў - і праз 5-6 км па пясчанай дарозе пад'едзем да валоў гарадзішча Замачак. Усе нашы субяседнікі з Суціна, каго мы распытвалі пра Замачак, упэўнівалі нас, што гэта былі ўмацаванні ў вайну з французамі ці шведамі - гэта значыць XVIII-XIX стст. Канечне ж, гэта не так. Часта курганы і гарадзішчы на Беларусі называюць французскімі ці шведскімі магіламі - гэта такая памылковая традыцыя. На самой справе, і курганы, і гарадзішчы - гэта помнікі нашмат даўнейшых часоў. Павярхоўны агляд Замачка, знаходкі проста на паверхні кавалкаў керамікі, крыцы, 2 абломкаў глінянага праселка ля ямы (відаць, тут ужо пабывалі шукальнікі скарбаў - на гарадзішчы вырыта неглыбокая яма) пераканалі нас, што гэта археалагічны помнік культуры штрыхаванай керамікі. Гэта археалагічная культура балцкіх плямён, што жылі ў сярэдняй Беларусі ў VII-VI стст. да н.э. - IV-V стст. н. э. Іх гліняны посуд з тоўстымі сценкамі пакрыты характэрнымі штрыхамі, таму па ім лёгка вызначыць прыналежнасць гэтых археалагічных помнікаў.

Выгляд Замачка ўражвае. З трох бакоў гарадзішча абкружана двума валамі і равамі глыбінёй 2-3 м, а з боку ракі - высокім абрывістым берагам. Памер яго 59 метраў у шырыню і 92 метры ў даўжыню. Такія гарадзішчы нашыя продкі будавалі ў раннім жалезным веку, калі з'явілася маёмасная няроўнасць. Значыць, гэтаму археалагічнаму помніку 2 тысячы гадоў. З тых часоў, як "штрыхавікі" пакінулі гэтае месца, тут ніхто не жыў. Мы паспрабуем уявіць, як выглядала гэтае месца 2 тысячы гадоў назад. Людзі будавалі на такім гарадзішчы доўгія дамы слупавой канструкцыі, падзеленыя на некалькі жылых памяшканняў. Унутры кожнага размяшчаўся ачаг. Людзі гэтыя займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, палявалі, лавілі рыбу, збіралі мёд дзікіх пчол, ягады і грыбы па лясах, з балотнай руды рабілі жалезныя прылады працы.

Гарадзішча добра захавалася як археалагічны помнік па некалькіх прычынах. Па-першае таму, што пасля таго, як тыя людзі пакінулі гэтае месца недзе ў сярэдзіне 1 тысячагоддзя н. э, тут ніхто не жыў. Па-другое, лес пакрыў усю паверхню і сваімі каранямі надзейна схаваў таямніцы гісторыі для нашчадкаў. Па-трэцяе, месца гэтае глухое, размешчана далёка ад цяперашніх дарог. Нават вандалы-шукальнікі скарбаў рэдка даходяць сюды.

Чаму менавіта тут, у гэтай балоцістай глухмені, людзі пабудавалі такія велічныя сховы? Ад каго яны так адгароджваліся?

Чаму пакінулі гэтае месца?

Вось такія пытанні пра Замачак узніклі ў нас пасля наведвання гэтай мясціны.

уверх