![]() |
|||||
| |||||
![]() Суцін Сарафінава гара і касцёл св. Антонія Першая пісьмовая згадка пра Суцін Хто жыў у Суціне |
Хто жыў у СуцінеЛегенду пра Суцін расказаў нам жыхар Суціна Ян Віктаравіч Корзюк. Некалі тут шумелі старадаўнія пушчы, цяклі чыстыя ручаі, спакойныя рэкі. Купец-яўрэй Шлёмка Суцін пачаў церабіць лес для продажу. Вось на гэтым месцы, выцерабленым Суціным, вырасла вёска з гэткай жа назвай. Такім чынам, заснаваў вёску купец-яўрэй. У вёсцы Суцін жылі прыгонныя сяляне, а на аколіцы Суцін - дробная шляхта. Прыгонныя суцінскія сяляне ў 1844 г. належалі блужскаму маёнтку і працавалі на зямлі блужскай памешчыцы Тэафіліі Завадскай. У інвентары маёнтка Блужа, складзеным 20 снежня 1844 г., гаворыцца, што пасля смерці Пятра Завадскага маёнтак Блужа перайшоў яго жонцы Тэафіліі і належаць да маёнтка сяло Падосава, вёскі Берлеж, Бабы, Арэшкавічы, Слабодка, Суцін. У Суціне жыло 15 сем'яў прыгонных сялян (Каліновічы, Палазнікі, Панкратовічы, Гайдучонкі) на 12 валоках панскай зямлі. Гэтыя 15 двароў маюць 13 коней, 43 валы, 24 каровы, 7 быкоў, 15 цялят, 60 авечак, 35 свіней, 70 курэй. За карыстанне зямлёй (кожны двор абрабляў каля 20 га) двор мусіў адпрацоўваць паншчыну па 2 дні мужчынскіх і 2 дні жаночых штотыдзень, 12 дзён згонаў у год у летні час. Акрамя таго, сяляне будавалі і рамантавалі масты, дарогі, плаціны, вартавалі маёнтак, давалі падводы, неслі даніну ў гаспадарчы двор (яйкі, грыбы, ягады, жалуды, арэхі). Грашовы чынш з двара быў невялікі - 45 кап. серабром у год. Суцінская шляхта жыла на ўласнай зямлі, прыгонных не мела і ўласнаручна апрацоўвала гэтую зямлю. У 1863 г. у Суціне было 43 шляхецкія двары. Акрамя таго, у гэты час у Суціне жылі яўрэі - 14 сем'яў (у іншых дакументах - 17), што займаліся рамёствамі і гандлем, - валодаць зямлёю і працаваць на ёй яўрэям у Расійскай імперыі было забаронена. уверх |
||||