на галоўную    фотагалерэя   гасцёўня                   краязнаўчы сайт
 
 

Выступленне ў касцёле св. Антонія ў Мар'інай Горцы

Па запрашэнні пробашча Мар'інагорскага касцёла айца Уладыслава фальклорна-краязнаўчы гурток Талькаўскай школы 27 снежня выступіў перад вернікамі. Пасля нядзельнай імшы дзеці павіншавалі прысутных з Божым Нараджэннем, праспявалі кант "Неба і зямля", песні "Учора з вячора", "Ціхая ноч", а таксама паказалі калядны абрад з Мядзведзем і Казою. Прыемна было бачыць радасць на тварах прысутных ад нашых песень. Усе дзеці атрымалі падарункі ад настаяцеля.

Айцец Уладыслаў расказаў нам, што храм быў створаны з былой сінагогі, якая ў савецкія часы была зачынена, а будынак выкарыстоўваўся як электрастанцыя для ваеннай часці, што знаходзілася непадалёку. Велічны будынак з чырвонай цэглы нядаўна рэканструяваны на грошы каталікоў і цяпер стаў адным з асяродкаў культуры ў нашым раёне. Трэба думаць, невыпадкова, храм асвечаны ў імя святога Антонія - гэтага ж патрона меў каталіцкі касцёл на Сарафінавай гары недалёка ад Талькі, што быў заснаваны ўладальнікамі Мацеевічаў Янішэўскімі ў 1762 годзе, а разбураны камуністычнымі ўладамі ў 1939 г.. Цяперашні храм у Мар'інай Горцы - пераемнік Сарафінскага касцёла.

уверх