на галоўную    фотагалерэя   гасцёўня                   краязнаўчы сайт
 
 

Экскурсія ў Мір і Нясвіж


Доўгачаканая вандроўка адбылася 16 мая 2010 г. 25 чалавек - вучняў і настаўнікаў Талькаўскай і Суцінскай школ - забраў у назначаны час экскурсійны мар'інагорскі аўтобус проста з Суціна і Талькі. Вось гэта сервіс! Цудоўная майская раніца, сонца, цяпло, яркая сакавітая зеляніна навакольных палёў і лясоў радуе вока, спрыяе добраму настрою.

Едзем праз Мінск, тут да нас далучаецца наш экскурсавод Аляксей Эдуардавіч Галіч. А вось і лыжка дзёгцю: толькі цяпер высвятляецца, што ў аўтобусе няма мікрафона. Канечне ж, кіраўніцтва аўтапарка №19 з Мар'інай Горкі не папярэдзіла нас пра тое. Аказваецца, той аўтобус, што павінен быў везці нашу экскурсію, не паспелі парамантаваць, таму замянілі яго вось гэтым, без мікрафона. Дрэнна чуваць тым, хто сядзіць у канцы салона ды і экскурсаводу намнога цяжэй працаваць у такіх умовах. Але што ж цяпер зробіш? Наш гід на лёс не наракае і пасля невялікай паўзы пачынае свой аповед. За вокнамі аўтобуса мы бачым Шчомысліцы, Строчыцы, Фаніпаль, Койданава, Негарэлае, чуем расказ пра графаў Чапскіх, Якуба Коласа, Казіміра Кастравіцкага, Фелікса Дзяржынскага, хана Койдана, Браніслава Тарашкевіча, Радзівілаў - асоб, чыё жыццё і дзейнасць звязаныя з гэтымі мясцінамі.


Пасля рэканструкцыі Мірскі замак выглядае надзвычай прыгожа


А вось і панарама Міра ... Велічны замак, возера, само мястэчка - усё выглядае вельмі прыгожа. Хто быў тут некалькі год таму, заўважаюць, што замак, капліца Святаполк-Мірскіх, парк адрэстаўраваныя, папрыгажэла і мястэчка.

Перад уваходнай брамай бачым вялікую чаргу, але рухаецца яна вельмі хутка - і вось мы ўжо ў двары замка. Наша гід - карэнная жыхарка Міра Алена - надзвычай абазнаная ў гісторыі замка і яго жыхароў. Вось толькі аповед свой яна робіць на рускай мове, а на маю просьбу зрабіць гэта па-беларуску выбачаецца і адказвае, што не можа. Вось так! Ну што ж зробіш.


Экскурсія ў Мірскім замку


Большасць з нас тут першы раз у жыцці, таму з цікавасцю слухаем расказ пра тое, як беларускі магнат Юрый Ільлініч у пачатку 16 ст. пабудаваў гэты замак, а яго бяздзетны ўнук таксама Юрый перадаў яго свайму сваяку Мікалаю Крыштафу Радзівілу (Сіротку). Ільлінічы, Радзівілы, Вітгенштэйны, Святаполк-Мірскія - розны ўнёсак зрабілі гэтыя ўладары ў стварэнне і заняпад замка. Уразіла гісторыя мірскіх яўрэяў. Аказваецца, менавіта тут, у мурах замка ў гады ІІ сусветнай вайны немцы зрабілі яўрэйскае гета. Алена расказала нам гісторыю пра Освальда Руфайзена. Яўрэйскі юнак з Польшчы выдаў сябе за польскага немца, паступіў на службу ў гестапа Міра перакладчыкам, у 1942 годзе дапамог уцячы з Мірскага гета некалькім сотням яго вязняў. А вось у нашай Тальцы не знайшлося такога чалавека, які б выратаваў талькаўскіх яўрэяў, - прыходзіць у маю галаву такая думка. Праўда, сёння ні ў Міры ні ў Тальцы няма ніводнага яўрэя, у гэтым лёсы мястэчак падобныя... Камяні Міра могуць расказаць не толькі пра часы велічы чалавека, майстэрства, творчасць нашых продкаў, але і пра пакуты, слёзы тых, хто гінуў, гераізм, мужнасць і высакародства тых, хто змагаўся і ратаваў няшчасных.


Стаміліся ад доўгай дарогі


Дзецям найбольш спадабалася бегаць уверх-уніз па вінтавой лесвіцы ўнутры паўднёва-заходняй вежы. Асабіста я тут не першы раз, таму маю з чым параўнаць: адзначаю, што музейная экспазіцыя, размешчаная на 5 узроўнях замкавай вежы, стала больш багатай і разнастайнай. Заўважаю новую выставу рыцарскіх даспехаў, зброі, каменных ядраў, камін апошняга ўладара Міхаіла Святаполк-Мірскага з выбітым на лаціне шматзначным надпісам "Тут мая Італія".


Экспазіцыя ў вежы Мірскага замка стала нашмат багацей


Выходзім з замкавага двара ў парк, да возера, да капліцы Святаполк-Мірскіх. Усё заліта майскім сонцам, дагледжанае, адноўленае, прыгожае. Хацелася б наведаць адрэстаўраваную капліцу, якая нядаўна адчынілася для турыстаў, але трэба спяшацца, бо не паспеем агледзець Нясвіж.

Нясвіжскія славутасці - замак Радзівілаў з паркам, езуіцкі касцёл, помнік Сымону Буднаму, ратуша, слуцкая брама.


Адноўлены вежы Нясвіжскага палаца, а ўнутры адчынены некалькі залаў для турыстаў


У замку даведваемся, што адрэстаўраваныя і адчыніліся для турыстаў некалькі залаў палаца. Замовілі экскурсію па замку, толькі ўвайшлі ў першую залу - пачаўся моцны дождж з бурай. Добра, што паспелі! У залах прадстаўлена гісторыя замка, як мянялася яго аблічча ў розныя эпохі, як складваўся лёс яго ўладароў. Здаецца, нічога аўтэнтычнага няма, усё разрабавана ўсходнімі і заходнімі суседзямі. Уражвае бібліятэка, архіў, як ставіліся Радзівілы да захавання сваёй спадчыны. Дзякуючы экспанатам і вобразнаму аповеду нашага экскурсавода перад намі праходзяць уладары замка - кальвініст, лідэр Рэфармацыі ў ВКЛ Мікалай Радзівіл Чорны, яго сын - апякун каталіцтва Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка, Рыбанька са сваёй таленавітай жонкай Уршуляй, дзівак Пане Каханку, саюзнік Напалеона Дамінік Радзівіл. У гісторыі замка і роду Радзівілаў, як у кроплі вады, адбілася ўся гісторыя Беларусі - слаўная і трагічная. Тут гэта адчуваецца.

На вуліцы дождж, спрабуем перачакаць яго ў кафэ побач з палацам, заадно трохі перакусілі, спадзеючыся схадзіць у парк, калі дождж скончыцца. Але дождж працягваецца, вяртаемся ў горад - да езуіцкага касцёла.


Фарны касцёл у Нясвіжы - першы твор барока ва Ўсходняй Еўропе


Можна зайсці, ўнутры аглядаем славутыя фрэскі Гескі, звонку - твор італьянца Яна Марыя Бернардоні, першы помнік барока ва Ўсходняй Еўропе і другі ў свеце. Уражвае аповед пра сямейную пахавальню Радзівілаў, што месціцца пад касцёлам. Аказваецца, Радзівілаўскі некропаль адзіны на тэрыторыі Беларусі, што ацалеў і пазбег разрабавання ў савецкія часы.


Ля Сымона Буднага


Дзейнасць Сымона Буднага - плённая і ў той жа час трагічная... Фатаграфуемся ля помніка філосафа, ля Слуцкай брамы, выходзім на гандлёвую плошчу, каб убачыць славутую нясвіжскую ратушу. Успамінаецца: "У Нясвіжы, як у Парыжы".


"У Нясвіжы як у Парыжы"


Дарэчы, у нашай Талькаўскай школе сёння працуюць тры настаўніцы, што скончылі Нясвіжскае педвучылішча, а ў школьным краязнаўчым музеі ёсць фатаграфія выпуску Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі 1903-1906 гг.. Сярод выпускнікоў гэтага года Мікалай Ярмак - першы настаўнік у нашым краі. У пачатку ХХ ст. ён са сваёй маці Наталляй Ярмак працаваў спачатку ў Суцінскай школе, а потым у 1920-30-ыя гг. у Арэшкавічах . На фота таго выпуску напісаны выраз, што надзвычай кранае мяне: "Будьте светочами среди тёмнаго народа". На пару год раней за Ярмака Нясвіжскую семінарыю скончыў Кастусь Міцкевіч, будучы паэт Якуб Колас. У 1930-ыя гады ён з сям'ёй летаваў у Тальцы і апеў яе ў сваёй паэме "Міхасёвы прыгоды". Вось такія сувязі паміж Талькай і Нясвіжам усплываюць у маёй памяці. Легенду пра Чорную панну Нясвіжа - Барбару Радзівіл, яе нешчаслівае каханне з Жыгімонтам Аўгустам ІІ і заўчасную смерць - выслухоўваем ужо ў аўтобусе.

Усю дарогу за вокнамі ліло як з вядра, толькі талькаўскія вуліцы сустрэлі нас а 8-ай гадзіне вечара нязвыклай цішынёю і спакоем. Тут дажджу быццам бы і не было.

- Як вам экскурсія? - пытаю я ў сваіх спадарожнікаў. У адказ чую: "Усё спадабалася, завіце ў наступны раз, калі збярэцеся куды ехаць. Мы - з вамі".

уверх