на галоўную    фотагалерэя   гасцёўня                    краязнаўчы сайт
 

Першая згадка пра Тальку

Пісьмовыя згадкі

ХХ стагоддзе

Другая сусветная вайна

Талькаўскія яўрэі

    зніклая цывілізацыя?

магіла

хто выратаваўся

высновы

Талька сёння

Талькаўскае лясніцтва

Прадпрыемства

 

Талькаўскія яўрэі: зніклая цывілізацыя?


Чакаюць, прыйдзе светлы год

І голас кожны будзе ўчуты.

Яўрэі - праведны народ,

Абраны Богам

На пакуты.

Рыгор Барадулін



Сёння ў Тальцы няма ніводнага яўрэя...

Ужо ссівелі людзі, што не бачылі іх, не чулі іх мовы. Але ж ёсць нешта ў абліччы нашай вёскі, што нагадвае нам: Талька - яўрэйскае мястэчка.

Мы шукалі яе абрысы, тое, што засталося ад талькаўскай яўрэйскай цывілізацыі. З радасцю і здзіўленнем мы зразумелі, што ў Тальцы яшчэ жывуць людзі, якія помняць яўрэяў, помняць мову ідыш, нават могуць прапяяць на ёй песні, згадваюць пра іх святы, стравы, звычкі, показкі - іх і пра іх.

Мы паспрабавалі сабраць тое, што засталося. Няхай гэта будзе нашым маленькім унёскам у справу ўшанавання гэтага народа.

Спачатку пройдзем па мястэчку (гл.план Талькі). Так сёння называецца частка вёскі Талька, яе цэнтр, дзе раней жылі яўрэі. Вось тут, дзе сёння стаіць магазін спажывецкай кааперацыі, была хата Зубаравых і Левіных, а за імі Цукерманаў. Насупраць - малочная і вяндлярня, каля яе жыў Абрам Рашал. Там, дзе сучасны сельсавет, жылі Розіны, каля іх - Прусы, а за імі Ліўшыцы.

Насупраць стаялі хаты Стронгіных і Серманаў, хаты захаваліся да сённяшняга дня.

Насупраць цяперашняй аптэкі стаяла сінагога, а насупраць цяперашняга магазіна-бара "Талька" (тады гэта быў магазін Цывіна, будынак той жа) была ваўначоска, якую трымаў Шніпер.

Рухаемся далей у бок Слабодкі. На правы бок хата на дзве палавіны, тут жылі Пейсаховічы і Гершманы, а за імі Ахейла. Насупраць гэтых хат - Шынгель, Лейба Цывін, Ара Дрэйзін, Тома, а ў самым канцы - кузня. Тут у 30-я гг. працаваў Лёкум Стронгін.

У гады нэпа (20-я гг. ХХ ст.) у Тальцы працавала шмат прамысловых прадпрыемстваў: ваўначоска, шапачная майстэрня, пякарня, кузня, млын, грыбаварня, вінны заводзік, вяндлярня, малочная, цырульня. Быў вялікі магазін і некалькі крамак. Усё гэта заснавалі і трымалі сваёй працай руплівыя яўрэі. У 30-я гг., калі нэп быў згорнуты, усе гэтыя прадпрыемствы былі нацыяналізаваны, а іх уладальнікі пазбаўлены выбарчых правоў як "эксплуататарскія элементы". Некаторым "літасцівыя" ўлады дазволілі наняцца працаваць на імі ж створаных прадпрыемствах.

У "Спісе пазбаўленых выбарчага права па Талькаўскаму сельскаму Савету" за 1933 г. знаходзім прозвішчы:

Рашал Гершун, 1885 года нараджэння, служачы;

Хава - на ўтрыманні;

Пейсаховіч Борка, 1880 года нараджэння, служачы;

Этка - на ўтрыманні;

Зубараў Абрам Беркавіч, 1898 года нараджэння, служачы;

Дося Абрамаўна, 1900 года нараджэння - на ўтрыманні;

Герцовіч Лейзер, 1890 года нараджэння - працуе ізвозам;

Тайга - на ўтрыманні.


На цэнтральнай вуліцы быў зроблены драўляны тратуар. У цэнтры мястэчка быў рынак. Кожную нядзелю тут яўрэі прадавалі свае вырабы, а сяляне з навакольных вёсак прывозілі сельскагаспадарчыя прадукты: яйкі, ягады, гародніну, гусей, курэй, парасят, мёд. Хаты стаялі ў мястэчку цесна. Напэўна, з-за таго, што зямлі было мала, бо вакол балота, і трэба ўсім умясціцца на гэтай невялікай пясчанай выспачцы. Усе яўрэйскія хаты былі драўляныя, крытыя дошкамі ці гонтай.

Пасля Кастрычніцкага перавароту 1917 г. бальшавікі адмянілі рысу аседласці, дазволілі ствараць яўрэйскія школы, выдаваць кнігі і газеты.

У Тальцы ў 1921 г. было ажно 3 школы - руская ў Слабодцы, польская і яўрэйская ў мястэчку.

У Талькаўскай яўрэйскай у 3-х класах вучылася 33 чалавекі, а настаўнікам працаваў шкраб (так тады называлі настаўнікаў - школьны работнік) Абрам Кантаровіч, ураджэнец мястэчка Лапічы. Але, відаць, нядоўга гэта школа праіснавала, бо ўжо ў дакументах 1924 г. не згадваюцца ні яўрэйская, ні польская школы. Усе дзеці вучыліся разам ў Слабодска-Талькаўскай школе, а потым яна стала называцца Талькаўскай.

уверх