![]() |
|||||
| |||||
![]() Талькаўскія яўрэі хто выратаваўся
Чыгуначнік Ігнат Мурач
Заслужаны ўрач Беларусі Таццяна |
Хто выратаваўсяУсе сведкі тых страшных падзей, каго мы распытвалі пра талькаўскі халакост, адзначалі, што ахвяры зусім не супраціўляліся і нават не ўцякалі. Чаму? Мы можам толькі меркаваць аб гэтым. Ці яны не маглі паверыць, што такое магчыма? Ці жыццё іх зрабіла такімі пакорнымі лёсу, што яны і не спрабавалі ратавацца? А можа, ім не было куды ўцякаць, не было ад каго чакаць дапамогі-паратунку? Як вядома, тым, хто хаваў яўрэяў, пагражала смяротнае пакаранне, прычым усёй сям'і. Нездарма такіх людзей называюць Праведнікамі. Гэта больш чым гераізм. Ці магло такіх людзей быць шмат? Ці можна людзей папракаць, што яны не героі, не Праведнікі? А ў партызаны, аказваецца, прымалі толькі тых, хто меў зброю. Ці была такая зброя ў гета ў талькаўскіх яўрэяў? Расказвае жыхарка Талькі Ларыса Аляксандраўна Тужык, 1938 года нараджэння: "Мой бацька Аляксандр Доўнар гаварыў, што гета не вельмі ўжо моцна ахоўвалася, можна было ўцячы. Казаў, што прапаноўваў сваім знаёмым мужчынам-яўрэям уцякаць у лес, да партызан. На гэта адзін з іх адказаў, што ён баіцца партызан, яны яго заб'юць, сам жа ён ваяваяць, страляць не ўмее. Уцёк у лес толькі адзін чалавек - Арачка, Ара Дрэйзін. Некалькі месяцаў ён хаваўся ў лесе, але потым усё ж яго злавілі паліцаі і забілі. Я памятаю, як яго параненага везлі на падводзе па мястэчку, і з рота ў яго ішла крывавая пена. Пахавалі яго, кажуць, на ўскрайку Церабутаў". З успамінаў Станіслава Паўлавіча Аляшкевіча, 1922 года нараджэння, жыхара в. Рудня: "На Рудні жылі Беня Фрумкін са сваёй жонкай Златай. У іх было 11 дзетак і смалакурня. З гэтай смалакурні і жылі. Вось тут стаяла вялізная печ з катлом. Прывозілі з лесу сасновыя карчы, закідалі ў кацёл, варылі смалу і шкіпінар. Бедна жылі. Дачка Фрумкіных Хана ўцякла з гета, дык яе ў Асіповічах немцы злавілі і забілі. А вось хлопчык Нохім выратаваўся - уцёк да партызанаў, потым жыў на Украіне, потым у Мінску. Прыязджаў на Рудню з жонкай Галяй, з дзецьмі ў госці да Мікалая Кульбіцкага, свайго сябра дзяцінства. Змяніў сваё імя і прозвішча - стаў Міхаілам Кульбіцкім". На жаль, няма ўжо жывым ні Нохіма-Міхаіла, ні Мікалая Кульбіцкага, каб удакладніць гэту гісторыю. Нявестка Кульбіцкіх Марыя памятае дзядзьку Мішу, як ён прыязджаў да свёкра, але сцвярджае, што прозвішча ў яго было Давыдаў, а не Кульбіцкі. Гэтая гісторыя са зменай прозвішча і імя - падстава для роздуму. Чаму Шлёмы станавіліся Сямёнамі, Малкі - Марыямі, а Лейбы - Львамі? Адказ вядомы: была дыскрымінацыя яўрэяў у савецкім грамадстве, таму і вымушаны былі яны хаваць сваё паходжанне, станавіцца "сваімі", савецкімі. На шчасце, не ўсе так зрабілі, некаторыя здолелі захаваць сябе. У Тальцы жылі беларусы з яўрэямі мірна. Яўрэі сталі беларусам сваімі. Шмат хто з беларусаў жаніліся з яўрэйкамі, перамяшаўся побыт, нараджаліся дзеці ад змяшаных шлюбаў - мяшанцы. Многія з іх загінулі тады, а некаторых выратавалі. Так, чыгуначнік Ігнат Мурач выкупіў у паліцаяў унука Валодзю за залатую царскую манету, а нявестку Раю забілі. Усе ведалі ў Тальцы доктара Таццяну Аляксандраўну Ждановіч (з дому Яўсейчык). Яе брат быў жанаты з Соняй Гурман. Соня загінула, а дваіх яе дзетак - Шуру і Мішу - Таццяна Аляксандраўна здолела выратаваць - і выгадавала. Нават малаком сваім карміла. Гэтыя дзеці жывуць цяпер у Мінску. Вось так перапляліся лёсы яўрэяў і беларусаў у Тальцы. У суцінскіх лясах дзейнічаў яўрэйскі партызанскі атрад пад кіраўніцтвам Лапідуса пад назваю "Гоп са смыкам". Пра гэты факт нам гаварыў С. П. Аляшкевіч з Рудні і Ганна Нічыпараўна Казлоўская з Суціна. На жаль, больш звестак пра гэты атрад мы пакуль не знайшлі. Тое, што такі атрад быў, разбурае міф пра тое, што яўрэі не змагаліся, пакорліва прымаючы смерць. Мо ў атрадзе Лапідуса быў хто-небудзь з Талькі? Выратаваліся з нашых землякоў тыя, хто здолеў эвакуіравацца ў савецкі тыл. Так, Бэла Фрумкіна ў гады вайны эвакуіравалася ў Расію, бо перад вайной жыла ў Мінску, працавала ў доме ўрада. Пасля вайны Бэла з'ехала ў ЗША і цяпер там жыве. Вялікай радасцю для нас была сустрэча з чалавекам, чыя сям'я цалкам выратавалася ў гады вайны. Гэта Сямён Лёкумавіч Стронгін. Ён жыве сёння са сваёй жонкай Зінаідай Васільеўнай у Мар'інай Горцы, у невялічкім драўляным дамку. Мы наведалі іх і вось пра што даведаліся. Аповед С. Л. Стронгіна: "Нарадзіўся я ў 1925 годзе ў вёсцы Берлеж. Бацькі пераехалі ў Тальку ў 1936 годзе. Бацька мой Лёкум быў добры каваль, працаваў у калгаснай кузні. Маці мая Марыя Ісакаўна Шніпер 1896 года нараджэння. Бацька яе родам з Лапіч, а ў 20-30-я гады жыў у Тальцы і трымаў там ваўначоску. Вучыўся я ў Талькаўскай школе, да вайны скончыў 7 класаў. Як мы выратаваліся? Да вайны ля вёскі Цэль (некалькі кіламетраў ад Талькі, Асіповіцкі раён) быў ваенны палігон. Начальнік гэтага палігона даў машыну і сказаў: "Ратуйцеся, а то заўтра ўжо можа быць позна". Паехалі 3 сям'і з Талькі - Стронгіны, Ліўшыцы і Шніперы. Даехалі на гэтай машыне мы да Магілёва, а там пераселі на чыгуначны эшалон". Мы перапыняем нашага субяседніка, каб спытаць, хто ж быў гэты добры начальнік палігона ў Цэлі, чаму менавіта гэтыя тры сям'і з Талькі аказаліся абранцамі лёсу? Ён не ведае. Памятае толькі, што быў у іх выратавальніка знак адрознення - адна шпала. Тады ў ваенных не было пагонаў, а вось такія шпалкі. Чаму іншыя не трапілі ў тую машыну? Невядома. "Можа, багацці свае баяліся страціць, маёмасць... Мой жа бацька сказаў: "Маё ўсё багацце ў кузні". Эшалон бамбілі некалькі разоў, цудам выратаваліся. Паехалі ў Казахстан, жылі ў Гвардзейскім раёне ў сяле Тучанзі. Бацька і там працаваў кавалём. У 1942 годзе мяне забралі ў армію. Спачатку быў 3 месяцы ў запасным палку, потым ваяваў на Цэнтральным фронце пад кіраўніцтвам маршала Мерацкова. Пасля гэтага мяне перакінулі на Далёкі Усход, удзельнічаў у вайне з Японіяй, дайшоў аж да Порт-Артура. 5 год яшчэ служыў там пасля вайны, даслужыўся да яфрэйтара. Дамоў, у Тальку, вярнуўся толькі ў 1950 годзе. Бацькі прыехалі з эвакуацыі ў Тальку ў 1945 годзе, жылі ў сваёй хаце. Яна і цяпер стаіць насупраць сельсавета. Брат Міхаіл, 1918 года нараджэння, юрыст, у вайну працаваў у ваенным трыбунале. Пасля вайны жыў у Мар'інай Горцы, працаваў следчым. Цяпер яго ўжо няма. Другі брат, Сяргей, 1927 года нараджэння, ваяваў, вярнуўшыся, працаваў у Тальцы загадчыкам сельпо. Быў беспартыйны, дык хутка прыслалі на яго месца камуніста, а яго перавялі ў Мар'іну Горку ў райсаюз загадчыкам гаспадарчай часткі. Пасля ажаніўся, жыў у Мінску. Адтуль Сяргей выехаў у Ізраіль, але там клімат яму не падышоў, то пераехалі ў Канаду. Цяпер там жывуць дзве яго дачкі, а самога брата ўжо няма. Сам я працаваў усё жыццё тынкоўшчыкам, да самай пенсіі. У першым шлюбе ў мяне было два сыны - Алік і Саша. З Зінаідай Васільеўнай мы пабраліся ў 1960 годзе. З таго часу разам. Маем дачку, двух сыноў, унукаў. Усе жывуць у Мар'інай Горцы, побач". Пытаем, дзе хавалі сваіх нябожчыкаў талькаўскія яўрэі. Сямён Лёкумавіч адказвае, што вазілі хаваць на Папову горку, гэта ўрочышча злева ад дарогі, як ехаць з Мар'інай Горкі на мястэчка Пухавічы. Але ягоныя бацькі - Лёкум і Малка - пахаваныя на агульных могілках у Мар'інай Горцы, што ля тэхнікума. Ходзяць туды Стронгіны на Радаўніцу, як праваслаўныя. Пытаем, чаму ж на Радаўніцу, а не па іудзейскіх звычаях? "Мы ж жывём сярод гэтых людзей, то і трэба быць, як яны", - адказвае гаспадар. уверх |
||||