![]() |
|||||
| |||||
![]() Талькаўскія яўрэі высновы |
ВысновыСпачатку мы назвалі гэты матэрыял "Талькаўскія яўрэі: зніклая цывілізацыя?". Як збіралася і сістэматызавалася інфармацыя, у нас узнікла сумненне ў гэтым сцвярджэнні. Так шмат звязана ў нашым краі з яўрэямі! Нават узнікненне нашага мястэчка абавязана яўрэям. У ХІХ ст. у мястэчку жыло толькі іудзейскае насельніцтва, а хрысціяне - у Слабодцы і Рудні. Першая вядомая нам архіўная згадка пра Тальку таксама звязана з яўрэем-купцом Іоселем Іоселевічам. Гэты талькаўскі купец прыехаў у 1833 г. у Смілавічы на торг, дзе прадавалася маёмасць ліквідаванага ўладамі каталіцкага кляштара. Побач з Талькай ёсць вёска Суцін. Расказваюць леганду, што заснаваў яе купец Шлёмка Суцін, што церабіў тут лес на продаж. А на выцерабленым Суціным месцы ўзнікла вёска Суцін. У 1863 г. суцінская шляхта ўдзельнічала ў паўстанні супраць расійскага цара. За гэта 22 сям'і шляхты былі сасланыя ў Томскую губерню. 14 сем'яў суцінскіх яўрэяў таксама за дапамогу мяцежнікам улады меркавалі выселіць у Сібір. Потым высяленне ім замянілі на штраф - па 25 рублёў серабром з кожнага двара і каб грошы гэтыя былі выплачаны ў 7-дзённы тэрмін. Вось так - нават за свабоду беларусаў (і сваю ўласную, канечне ж) пазмагаліся суцінскія яўрэі. У Талькаўскай школе ў 70-я гг. працаваўнастаўнікам замежных моваў Саламон Кац - таленавіты, цікавы, экстравагантны. Ажаніўся з талькаўскай дзяўчынай. Цесць нешта незалюбіў зяця і за вочы некаму з суседзяў сказаў пра яго: "Жыд пархаты". Зяцю пераказалі. Паставіўся ён да такога выказвання цесця па-філасофску: "І што б гэта значыла? Што такое жыд, я ведаю - жыхар Іарданскай даліны. А вось што значыць пархаты - хоць забі, не ведаю". З таго часу Саламон Кац сапраўды стаў жыхаром Іарданскай даліны, з жонкай яны разышліся, у яе другая сям'я, але ад іх шлюбу засталіся два сыны - таксама разумныя, харошыя хлопцы. Бацька, нават жывучы ў Ізраілі, прыязджаючы сюды, на Беларусь, дапамагаў іх адукацыі і выхаванню. Прозвішча ў іх беларускае, па маці, іншыя могуць і не ведаць, што гэтыя хлопцы - таксама прадстаўнікі і яўрэйскай цывілізацыі. Дык ці зніклая яна? Сёння ў Тальцы няма ніводнага яўрэя, але показкі пра іх расказваюць талькаўцы і сёння. І без гэтых гісторый Талька, напэўна, не была б тым, чым яна ёсць. Вось адна з такіх гісторый. Недалёка ад пошты стаіць хата, дзе жылі Абрам Рашал і яго жонка Цыля. У ліхую гадзіну яго продкі закапалі ў сваім свірне золата. Праз некаторы час сталі шукаць той скарб, ды не знайшлі. Усё перакапалі - няма золата, і усё. Прайшлі гады, свіран раскідаўся, і стала тое месца агародам. Капалі неяк Рашалы бульбу, а дапамагала ім дзяўчынка, не зусім здаровая на галаву. Раптам гэта дзяўчынка закрычала: "Гляньце, якія прыгожыя гузічкі я знайшла!" Гэта былі залатыя манеты, што рассыпаліся з закапанага збанка. Шчаслівыя гаспадары рашылі, што будзе справядліва пакінуць сямейны скарб сабе. Але дзяўчынка-памочніца расказала яшчэ некаму пра прыгожыя гузічкі, што знайшла на Рашалавай сядзібе, вестка разышлася па мястэчку. Дайшло да ўлад, так усё знойдзенае было канфіскавана на карысць дзяржавы. Марыя Кульбіцкая, якую мы распытвалі пра Нохема Фрумкіна (Міхаіла Давыдава), што прыязджаў да іх у госці, гаварыла нам: "Яўрэі - харошыя людзі. Я не ведала ніводнага з іх брыдкаслова ці хулігана, злодзея ці манюку. Усе прыгожыя, разумныя, добрыя. Такі быў дзяцька Міша, такая яго жонка Галя і іх дзеці. У нас і ў сваяках яўрэі - мужава сястра замужам за яўрэем з Рэчыцы. І ён такі ж харошы. Шкада толькі, што іх мала цяпер засталося на Беларусі". Хай іх будзе болей! уверх |
||||