![]() |
|||||
| |||||
![]() Абрадавыя святы Юр'я Юр'я сцэнарый ![]() ![]() ![]() |
Сцэнарый свята Юр'яГучыць свісцёлка. Знахарка: Сябры, мы сёння сабраліся на свята Юр'я. То можа скажаце, што гэта за свята такое? 1. Гэта свята першага выгану кароў у поле. 2. А святы Юр'я - гэта бог, што сёння ў белым адзенні на белым кані праязджае па нівах - і ўсё пачынае расці-зелянець. 3. Юр'я адмыкае зямлю пасля зімняй спячкі, выпускае расу, якая вельмі карысная для глебы і травы. На кані пад'язджае Юр'я. Знахарка ўсім: А вось і наш Юр'я пад'ехаў! Святы Юр'я, дзе ж ты бываў? Юр'я: Па палях хадзіў, жыта радзіў, Жыта-пшаніцу, усякую пашніцу. Знахарка: Давайце прывітаем нашага Юр'ю песняй. Песня "Юр'я, ўстань рана" Знахарка: А што рабіць трэба на Юр'ю? 4. У гэты дзень гаспадыні першы раз пасля доўгай зімы выганяюць кароў у поле. Пры гэтым яны выконваюць магічны абрад. Знахарка: Так. 5. На выгане моладзь паліць вогнішча, на якім пякуць абрадавую страву - яечню. 6. У полі трэба прынесці ахвяру зямлі, а яшчэ спяваць юраўскія і вясновыя песні, гуляць у любоўныя гульні, карагоды вадзіць. Знахарка: Усё вы ведаеце! А зараз мы спяваючы накіроўваемся да выгану. А па дарозе паглядзім, як выганяюць карову. У двары Гаспадыня выганяе карову ў поле, пры гэтым выконвае магічны абрад. Яна качае па спіне каровы свянцоным велікодным яйкам і гаворыць: Выганяю я сваю кароўку На шырокую вуліцу, На шаўковую травіцу, У глыбокую крыніцу, Па светлу вадзіцу. Шаўковай травіцы наядайся, У глыбокай крыніцы напівайся, Карысці набірайся, Сурокаў не пужайся, Ведзьме не паддавайся. Пасля гэтага гаспадыня выганяе карову, пасцёбваючы асвечанымі на Вербніцу галінкамі вярбы. На выгане Абрад ахвяравання зямлі. Усе становяцца ў кола. Адна з дзяўчат трымае каравай. Другая закопвае рэшткі ежы з велікоднага стала ў зямлю - каб быў добры ўраджай і не расло пустазелле - , потым чытаюць малітву "Ойча наш". Песня "Вол бушуе" Пасля гэтага каравай ставяць у рунь. Калі ён схаваецца ў жыце - значыць хлеб у гэтым годзе добра ўродзіць. Асвячоную вербачку ўторкваюць у зямлю - каб абараніць ніву ад граду. Песні: "Падай Юр'ю да(й) ключы з неба", "У чыстым полі пад яваром". Карагоды: "Мядуніца", "Харашо вясной". Удзельнікі абрада частуюцца яечняй, якую спяклі на вогнішчы. Знахарка: У мяне тут цукеркі ёсць, але ўсім не хопіць. Можа хто ведае якія прыкметы, звязаныя з Юр'ем? 1. Трэба, каб да Юр'я было сена і ў дурня. 2. На Юр'я наесца вол травіцы. 3. Юр'я без снегу і дажджу - будзе неўрадлівы год. 4. Як на Юр'я раса - хопіць коням аўса. 5. На Юр'я дождж - скаціне лёгкі год, а на грэчку недарод. 6. Калі на Юр'я мароз - то будуць добрыя проса і авёс. 7. Ад Юр'я пачынае куваць зязюля. Пасля пачастунку працягваюцца песні, карагоды, гульні, танцы.. Песні: "Даўно, даўно тое было"ці Балада пра Юр'я","Чырвоная вішня", "Ой сівы конь бяжыць". Карагоды: "Ой у полі, у полі пава летала", "Ой у полі, у полі дый на раздоллі", "За рэчкаю за ракой". Гульні: "Баяры", "Явар", "Цяцерка", "Яшчур". уверх |
||||