на галоўную    фотагалерэя   гасцёўня                    краязнаўчы сайт
 


Экскурсіі

Краязнаўчы музей

Абрадавыя святы

   Гуканне вясны

    Гуканне вясны сцэнарый

Гуканне вясны песнi

Гуканне вясны 2008


Каляды

Юр'я

Купалле

Беларускія народныя гульні

Паходы па краю

Талькаўскі фэст

Працы вучняў пра край

Краязнаўчая канферэнцыя

Cвята "Наш край"

 

Сцэнарый свята "Гуканне вясны"


Падрыхтоўка.

1. Развучванне вяснянак.

2. Выраб папяровых птушак і птушак-сувеніраў з мукі і солі. Соль і мука (суадносіны 1:1) замешваюцца ў невялікай колькасці вады да стану пластыліну, з гэтага "цеста" робім маленькіх птушак, можна іх расфарбаваць, калі высахнуць. Птушак робім у час развучвання вяснянак. Папяровыя птушкі ў дзень свята развешваюцца на дрэвы, а цясцяныя мы будзем раздорваць як сувеніры сустрэчным, віншуючы іх з надыходам вясны.

3. За тыдзень трэба наламаць галінкі вярбы і паставіць іх у пакоі ў ваду, каб яны да свята распусціліся.

4. Робім Марэну - ляльку , якая увасабляе смерць, зло. Робім яе з дрэва, саломы, старых ануч.

5. Напярэдадні ці ў дзень свята пячом булкі ў выглядзе птушак.

6. Вырабляем і вешаем абвесткі пра свята ў школе і ў вёсцы.

7. Рыхтуем вогнішча - дзе-небудзь на ўзвышаным месцы. Мы гэта робім у школьным садзе ці ля клуба.

Кожная з гэтых спраў даручаецца каму-небудзь з дзяцей.


Правядзенне свята.

1 этап. Абход вёскі.

Удзельнікі свята, апранутыя у народныя касцюмы з галінкамі вярбы і навешанымі на іх папяровымі птушкамі, з кошыкам булак-птушак, з птушкамі-сувенірамі ідуць па вуліцы. Сустрэўшы людзей ці зайшоўшы ў двор, віншуем іх з прыходам вясны, адорваем булкамі, птушачкамі-сувенірамі. Пры гэтым спяваем вяснянкі, водзім карагоды, гаворым пажаданні здароўя, добрага ўраджаю, дабрабыту.

Пажаданні:

1. На доўгі век, на добры быт!

2. Жыці-быці, жыта звазіці,

Дачок аддаваці, сынкоў жаніці!

3. Быць Вам здаровымі,

Як зімой вада,

Вясёлымі, як вясна-красна,

Багатымі, як восень!

4. Дай табе, Божа, пане-гаспадару і ў каморы і ў аборы!

5. Багаславі, Божа, на жытачка род, на статачка плод,

Людзям на здароўе!

6. Будзь, Ваша, здаровы,

Як рыжык баровы,

Майце торбу грошай,

Жывіце ў раскошы,

Усяго даволі, а бяды - ніколі!


2 этап. Ля вогнішча.

Абышоўшы вёску , дзяўчаты і хлопцы, прыходзяць да вогнішча.

Песня "Вол бушуе"

Вядучая:

Гэй, народ!

Збірайся ў карагод!

Гэй, народ!

Вясна ля варот!

Дзяўчаты-маладзіцы,

Прачынайцеся, падымайцеся,

У святочнае адзенне апранайцеся,

Будзем разам спяваці,

Вясну-красну гукаці!

Песня"Ой, чырачка-пташачка"

1-я дзяўчынка:

Свята песенькай сустракаем,

Вясну весела мы гукаем!

Усе разам: Жавароначкі, прыляціце,

Цёпла лецейка прынясіце!

2-я дзяўчынка:

А зімачку прыбярыце,

Бо зімачка надаела -

Усе хлебчыкі пераела.

Усе разам: Жавароначкі, прыляціце,

Цёпла лецейка прынясіце!

3-я дзяўчынка:

Шчасце-долечку мы гукаем,

Мы зямлю сваю адмыкаем!

Усе разам: Жавароначкі, прыляціце,

Цёпла лецейка прынясіце!

4-я дзяўчынка:

Жыта-жыцейка хай рунуе,

Кветкі-красачкі хай квітнеюць!

Усе разам: Жавароначкі, прыляціце,

Цёпла лецейка прынясіце!

Песня "Вясна-вясна на калочку"

Вядучая:

Абяцала да нас завітаць Вясна - маладзенькая ды прыгожая. Ходзіць яна па праталінах, будзіць зямлю. Дзе яна ступіць - зялёная травіца, весялосць.

Уваходзіць Вясна ў зялёным вянку, вітае ўсіх.

Адна з дзяўчат звяртаецца да Вясны: Памажы, Маці, нам вясну гукаці, зарадзі, Божа, лета цёплае!

Песня "Пумажы, Маці, нам вясну гукаці"

Вясна:

Гэй, народ!

Збірайся ў карагод!

Гэй, народ!

Вясна ля варот!

Дзяўчаты-маладзіцы,

Прачынайцеся, падымайцеся,

У святочнае адзенне апранайцеся,

Будзем разам спяваці,

Вясну-красну гукаці!

Ясь:

Вясна-красна, што ты нам прынесла?

Вясна:

Малым дзеткам - па яечку!

Старым бабкам - па кіёчку,

Маладым жонкам - па сыночку,

Красным дзеўкам - па вяночку,

Маладым хлопцам - па канёчку!

Песня "Дзякуй Богу, што вясна прыйшла"

Вядучы да Вясны:

Вясна-красна, а ці памятаеш, як цябе раней сустракалі?

Вясна:

Ой і весела было! Усе жыхары вёскі выходзілі на высокае месца, раскладвалі вогнішча, спявалі песні, вадзілі карагоды, у гульні гулялі. А на вогнішчы спальвалі Марэну, каб не было сярод нас смерці і зла.

Вядучы:

Давайце і мы вогнішча распалім ды Марэну спалім, а разам з ёй усе хваробы і ўсё нядобрае.

Запальванне вогнішча.

Гарыць Марэна.

Усе разам у карагодзе гавораць рэчытатывам:

Гары, агонь, ты ясна,

Каб Сонца не пагасла,

Каб траўка зелянела,

Каб хутка жыта спела!

Песня: "Багаславі, Божа, Прачыстая Маці"

Пасля гэтага свята працягваецца ля вогнішча гульнямі, карагодамі, скокамі праз агонь.

Карагоды:

"Харашо вясной",

"Ой, у полі-полі пава летала",

"У полі-у полі, гэй, на раздоллі",

"Мядуніца" і інш.

Гульні:

"Грушка", "Цяцерка", "Баяры", "Явар", "Яшчур" і іншыя.

уверх